Вы тут

Вялікая місія бусла


Летась буслы ў нашай буслянцы былі ўжо 27 сакавіка. Цяпер у апошнія выхадныя першага вясновага месяца мы ехалі ў вясковы дом таксама ў спадзяванні ўбачыць нашых белых суседзяў, але гняздо стаяла наверсе слупа тужліва пустое. І толькі ў мінулую суботу, едучы па вясковай вуліцы, здалёк убачылі парачку птахаў, якія ў дажджлівай прахалодзе стаялі, прыгожа тулячыся адно да аднаго.


Фота Анатоля Клешчука.

Сусед сказаў, што прыляцелі некалькі дзён таму і адразу ўзяліся падладжваць гняздо. Яно, скінутае электрыкамі два гады таму пасля кароткага замыкання, было адноўлена птушкамі, але атрымалася ўсё ж трохі нязграбнае і крыху схіленае на бок. Але ім гэта, як выглядае, не перашкаджае: яны падоўгу стаяць вось так разам — відаць, прытаміліся пасля пералёту ў некалькі тысяч кіламетраў, можна і адпачыць на радзіме. Хутка пацяплее, бусліха пакладзе некалькі яек і пачне выседжваць новае патомства, а яе сябар — нястомна здабываць і прыносіць ежу, як рабілі іх папярэднікі, пэўна, не адну тысячу гадоў. Калі год выдасца спрыяльным і ўраджайным, яны выгадуюць усіх буслянят, калі не, то пакінуць самых моцных і здаровых — няўмольныя законы прыроды. Слуп, на якім месціцца гняздо, літаральна за дзесяць метраў ад акна, таму ў любую вольную хвіліну люблю кінуць позірк на іх птушыныя клопаты, а яшчэ прывыкла прачынацца ранкам ад характэрнага гуку шчоўкання дзюбамі.

Вось так раз-пораз пазіраючы на буслоў за вясновай прыборкай хаты, выпадкова дастала з шафкі кнігу 1990 года выдання «Бяздоннае багацце», гэта зборнік беларускіх легендаў, паданняў, сказаў. Кніга выпала, разгарнулася нібы знарок на сотай старонцы — з легендай «Адкуль пайшлі буслы». Прыводжу яе амаль цалкам: «Было гэта вельмі даўно. На зямлі развялося такое мноства гадаў, што не стала ад іх жыцця ні людзям, не жывёле. І парашыў адзін чараўнік знішчыць гадаў, патапіць у якойсьці бяздонніцы. Сабраў ён іх у вялізны скураны мяшок, завязаў, узваліў на плечы аднаму неразумнаму чалавеку і загадаў укінуць у паказанае прадонне. Як толькі чалавек рушыў з месца, то ўсе гады, якія былі ў мяшку, заварушыліся, засіпелі, засвісталі. І ўзяла чалавека цікаўнасць, што ён такое прэ.

Чалавек развязаў торбу ды і аслупянеў ад жаху. Гады ж тым часам вылезлі і распаўзліся ізноў па зямлі.

Разгневаны чараўнік не захацеў другі раз збіраць гэтую дрэнь, і накінуўшы на чалавека парожні мяшок, ператварыў яго ў бусла і загадаў збіраць гадаў-уцекачоў усё яго жыццё да самай смерці.

І ходзіць гэты ператвораны ў бусла чалавек з накінутым на плечы мяшком па лугах, палях, балотах ды збірае гадаў, але да гэтае пары ніяк сабраць не можа. З прычыны сваёй крэўнасці да чалавека гэты пярэварацень не адыходзіць далёка ад людскіх сяліб і мала баіцца людзей».

Вось якімі незвычайнымі якасцямі надзялілі нашы далёкія продкі бусла. Аказваецца, ён не проста птушка, а далёкі сваяк людзей, і ачышчае зямлю ад усялякай погані. Што мала баіцца чалавека, дык гэта праўда. За гады суседства не раз давялося назіраць, як крылаты нахабна адбірае ежу ў бадзяжнага ката, якога мы падкормліваем. Ён не саромеецца спланіраваць у суседскі двор, каб падзяўбці з кармушкі разам з курамі. Летась я пісала, як аднойчы, пэўна, не разлічыўшы траекторыю пасадкі, зачапіўшыся кіпцюрамі за шыфер нашай хаты, бусел бразнуўся вобзем каля самых ног, калі мы сядзелі на лаўцы. Потым, нібы нічога-ніякага, устаў і пачаў важна хадзіць па надворку.

Паверыш тут, што ён нейкі асаблівы з роду птахаў! Перачытваючы гэтую легенду другі раз, падумала: вось бы і ўсім, хто сее нянавісць, варажнечу, не грэбуе ўсяленскай хлуснёй і гвалтам, таксама выпала місія хадзіць і збіраць усё гэта па зямлі да скону, і праз пакаленне, і два, і мноства. Як тая Фрыда, памятаеце ў «Майстры і Маргарыце»? Ёй кожную раніцу прыносілі хустку, якой яна задушыла ўласнае дзіця. Жорстка, але ж, мусіць, справядліва. Бо каб кожны ведаў, што за яго дзеянні наступіць немінучая расплата, то на зямлі было б меней гора і слёз, прыціхлі б, як Багдановіч вучыў, сваркі і звадкі, боль і горыч.

А зборшчык пасеянага зла, нават калі б заставаўся ўвесь белы і прыгожы, не мог вызваліцца ад сваёй місіі, бо спарадзіў яе сам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.