Вы тут

На дачу і ў лес — з асцярогай. Наступіў перыяд актыўнасці кляшчоў


Многія ўпэўненыя, што для таго каб сустрэцца з кляшчом, трэба апынуцца ў глыбокім лясным гушчары. Але гэта зусім не так — крывасмокі могуць насяляць нават гарадскія паркі. Верагоднасць сутыкнення з імі існуе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. З пачатку гэтага года зарэгістравана больш за 80 выпадкаў хваробы Лайма — адной з інфекцый, якую пераносяць кляшчы. У цэлым жа штогод у нашай краіне рэгіструецца больш за 2 тысячы выпадкаў хваробы Лайма і каля 100 выпадкаў кляшчавога энцэфаліту. Як засцерагчы сябе ад гэтых крывасмокаў і інфекцый, якія яны перадаюць, расказала ўрач-энтамолаг Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана Яшкова.


Фота: pexels.com

Перыяд актыўнасці — з лютага да лістапада

Калі раней актыўнасць кляшчоў фіксавалася з сакавіка да кастрычніка, то цяпер дадзены перыяд павялічыўся да 10 месяцаў — з лютага да лістапада. Спецыялісты звязваюць гэта з пацяпленнем клімату. Напрыклад, сёлета кляшчы з'явіліся ўжо ў канцы лютага на поўдні краіны — у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Таму з канца зімы да позняй восені трэба мець на ўвазе, што існуе імавернасць заражэння кляшчовымі інфекцыямі.

Адкуль чакаць небяспеку?

Іксодавы клешч адносіцца да класа павукападобных. Гэта маленькая істота — усяго 2-3 мм у даўжыню ў галодным стане (насмактаўшыся крыві, ён можа дасягаць памераў вішнёвай костачкі) з плоскім целам, пакрытым мармуровым малюнкам ці чорным шчытком. Месцамі пражывання кляшча з'яўляюцца змяшаныя лясы, найчасцей яны канцэнтруюцца на прасеках, у старых высечках, на сцяжынках, а таксама ў іншых месцах з высокай расліннасцю і кустоўем. Кляшчы нярэдка сустракаюцца ў лесапаркавых зонах горада, на дачных і агародных участках.

— Нападзенне кляшчоў найчасцей адбываецца ў лясной зоне і на тэрыторыі дачных участкаў і сельскай мясцовасці — больш за 70 % ад усіх зафіксаваных летась укусаў, — прыводзіць статыстыку Святлана Яшкова.

Чым можна заразіцца?

Кляшчы на тэрыторыі Беларусі заражаны 9 відамі ўзбуджальнікаў, але часцей за ўсё рэгіструюцца толькі дзве інфекцыі, якія яны перадаюць людзям. Гэта хвароба Лайма, або лайм-барэліёз, і кляшчовы энцэфаліт.

— Лайм-барэліёзам заражана ад 28 да 36 % кляшчоў, і ад 9 да 15 % — кляшчовым энцэфалітам. Таму нельга казаць, што ад укусу любога кляшча ў вас з'явіцца клініка, — адзначае спецыяліст.

Сярод тых, хто заразіўся хваробай Лайма, пераважае гарадское насельніцтва. А вось на кляшчовы энцэфаліт найчасцей хварэюць сельскія жыхары.

Кляшчовы энцэфаліт — вострае віруснае захворванне з пераважным пашкоджаннем нервовай сістэмы, якое перадаецца праз укусы кляшчоў і сырое, найчасцей казінае, малако хворых жывёл. Таму перад ужываннем яго варта 2-3 хвіліны пракіпяціць.

Хвароба Лайма — вострае бактэрыяльнае захворванне, якое пераходзіць у хранічнае. Для яго характэрныя скурныя высыпкі тыпу міграцыйнай эрытэмы, серозныя менінгіты, міякардыты, хранічныя артрыты. Заражэнне адбываецца толькі праз укус кляшча.

Калі выявілі кляшча...

Каб папярэдзіць прысмоктванне кляшчоў, варта прытрымлівацца некалькі простых правілаў. Паколькі кляшчы чакаюць сваіх ахвяр, седзячы на траве, то, збіраючыся ў лес ці на дачны ўчастак, неабходна апранацца такім чынам, каб мінімізаваць магчымасць пранікнення крывасмокаў пад адзенне і максімальна прыкрыць адкрытыя ўчасткі цела. Можна выкарыстоўваць для адпужвання кляшчоў рэпеленты. Праз кожную гадзіну знаходжання ў лесе ці работы на прысядзібным участку пажадана праводзіць агляд вопраткі, у тым ліку і швоў, галаўных убораў, а таксама адкрытых участкаў цела. З асаблівай пільнасцю варта падысці да гэтага пасля выхаду з лесу і пасля работы на прысядзібным участку. Памятайце, што укус кляшча адбываецца бязбольна. Трымацца на целе чалавека ён можа да тыдня, а на жывёлінах і увогуле да 10 дзён — і ўвесь гэты час смактаць кроў. Таму менавіта своечасовы візуальны агляд адзення і цела надзвычай важны.

Калі клешч прысмактаўся, варта звярнуцца ў найбліжэйшую медустанову. Калі гэта немагчыма з-за вялікай адлегласці, трэба пастарацца дастаць яго самастойна. Рэкамендуюцца тры спосабы іх выцягвання: спецыялізаваным прыстасаваннем, якое прадаецца ў аптэках, з дапамогай пятлі з баваўнянай ніткі, а таксама тонкім пінцэтам. Месца прысмоктвання варта апрацаваць спіртазмяшчальным растворам.

Народныя сродкі накшталт заліць крывасмока алеем і чакаць, пакуль ён сам адваліцца, спецыялісты не рэкамендуюць. Гэта патрабуе доўгага часу, а чым даўжэй заражаны клешч знаходзіцца на скуры, тым большая колькасць узбуджальніка трапіць у кроў.

Ці трэба несці кляшча на даследаванне?

Пасля выдалення кляшча абавязкова варта звярнуцца да ўчастковага ўрача, які прызначыць прафілактычнае лячэнне. Максімальны яго эфект дасягаецца на працягу 72 гадзін, пасля трох сутак прафілактыка ўжо бессэнсоўная.

— Выпадкі развіцця хваробы Лайма ў людзей, якія прымалі прафілактычнае лячэнне, надзвычай рэдкія. З усіх захварэлых на хваробу Лайма летась 97 % пацыентаў не прымалі неабходныя прэпараты, — адзначае Святлана Яшкова.

Калі вы дасталі кляшча, несці яго на даследаванне не трэба, галоўнае — своечасова звярнуцца па прафілактычнае лячэнне.

— Пакуль вы будзеце насіць яго на даследаванне і чакаць вынік, вы страціце час — 72 гадзіны, падчас якіх якраз і магчымае прафілактычнае лячэнне, — аргументуе ўрач.

Аднак пры жаданні гэта можна зрабіць на платнай аснове.

Каму паказана вакцынацыя

Засцерагчы сябе ад кляшчовага энцэфаліту можна з дапамогай прышчэпак, а вось супраць хваробы Лайма вакцыны няма. Вакцынацыя робіцца людзям, прафесійная дзейнасць якіх звязаная са знаходжаннем у лесе, а таксама тым, хто выязджае на сезонныя работы ў высокаактыўныя прыродныя ачагі кляшчовага энцэфаліту. У Беларусі гэта Нацыянальны парк «Белавежская пушча», Бярэзінскі біясферны запаведнік, у Расіі — лясныя зоны Прыўралля, Сібір і Далёкі Усход. Па кансультацыю аб правядзенні такіх прышчэпак варта звяртацца ў медустанову па месцы жыхарства. Робіцца дзве прышчэпкі з інтэрвалам у 5-7 месяцаў, затым праз год рэвакцынацыя, праз тры гады вакцынацыю можна паўтарыць.

Зоны адпачынку абясшкоджваюцца

Штогод з наступленнем сезона актыўнасці кляшчоў эпідслужба абследуе паркі, скверы, усе зоны адпачынку. Пры выяўленні крывасмокаў праводзяцца як экалагічныя мерапрыемствы накшталт прыборкі тэрыторыі ад зарасніку, так і санітарныя апрацоўкі. Пасля такіх апрацовак некалькі дзён іх лепш не наведваць.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.