Вы тут

Галерэя Тызенгаўза рыхтуецца прыняць удзельнікаў ІХ Форуму Беларусі і Расіі


Старажытны будынак нядаўна поўнасцю адноўлены. Работы па яго рэканструкцыі вяліся амаль год. Цяпер сюды завозіцца мэбля, вядзецца ўстаноўка мультымедыйнага абсталявання.


Двухпавярховы асабняк знаходзіцца ў самым цэнтры гістарычнай часткі Гродна. Перыяд яго будаўніцтва адносіцца да 1750-х гадоў і звязаны з імем тагачаснага гродзенскага старасты і рэфарматара Антонія Тызенгаўза. Праектам займаўся італьянскі архітэктар Джузепэ дэ Сака, а сам будынак на старых картах значыўся як «Гасціна афіцына». Нешта накшталт каралеўскай гасцініцы. Таму і рэканструкцыя вялася з улікам былой пышнасці і велічнасці.

У розныя часы тут знаходзіліся падатковае ведамства, паштовая кантора, а з 1921 года — цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў. Новы імідж гарадской ратушы гістарычны аб'ект пачаў набываць два гады таму. І вось нарэшце з аварыйнага ператварыўся ў раскошны асабняк, варты самых высокіх гасцей.

Праўда, перад тым як надаць яму новы выгляд, давялося шмат папрацаваць. Як расказаў адзін з кіраўнікоў трансгранічнага праекта з беларускага боку Сяргей Каляда, ад будынка засталіся толькі сцены. Але сучасныя тэхналогіі дапамаглі захаваць яго аўтэнтычнасць.

У двухпавярховай пабудове некалькі зал для прыёму. Адна з іх — сенатарская, з масіўнымі калонамі, якія ўстаноўлены да самага даху. З-за таго, што пакой займае адразу два паверхі, ён выглядае асабліва велічным. Мяркуецца, што тут будуць праходзіць сустрэчы, канферэнцыі, весціся перагаворы.

Што датычыць інтэр'еру, ён таксама адпавядае агульнаму стылю аб'екта. Праўда, ніякіх эскізаў, якія б пралілі святло на былое ўбранне, не знайшлося. Таму арыентаваліся на аналагі каралеўскіх зал. Напрыклад, арнамент-меандр перанесены са Старога замка. Тое самае і з дызайнам саміх пакояў. Барэльефы, балконы, калонны, лесвіцы, столь, сцены — усё гэта сабрана з розных элементаў шляхецкіх сядзіб.

Значны ўнёсак зроблены гродзенскім гісторыкам архітэктуры Ігарам Трусавым. Праектны тэндар выйграла ААТ «Брэстрэстаўрацыя». У канчатковым варыянце быў прадстаўлены праект з апісаннем кожнай дэталі адстройвання. «Было паўметра папяровых папак», — заўважыў субяседнік.

Вельмі прыгожую мэблю — крэслы, канапы, сталы — зрабіла гродзенская прыватная фірма. Па стылі яе можна аднесці да барока з элементамі антычнасці. Па словах Сяргея Каляды, удала спрацавалі прадстаўнікі будаўнічага прадпрыемства з Мінска: было відаць, што ім цікавы гэты праект. Вельмі прыгожая падлога ў чорна-белым арнаменце. Дарэчы, гэты праект на міжнародным конкурсе дызайнераў у Маскве заняў сёлета трэцяе месца.

Будынак будзе прыдатны як для афіцыйных сустрэч, так і для культурных падзей. У прыватнасці, будзе працаваць музычны салон. Для правядзення мерапрыемстваў закуплены мультымедыйны цэнтр, акустычная сістэма.

— Частку мэблі мы ўжо расставілі, напрыклад, у музычным салоне стаяць канапы, стол і крэслы, абсталявана і сенатарская зала, некалькі дзясяткаў крэслаў пакуль стаіць на другім паверсе запакаванымі. Яны будуць выстаўлены перад правядзеннем форуму. Для выстаўкі будзе падрыхтавана спецыяльная зала, — запэўніў каардынатар праекта.

Па прыгожай мармуровай лесвіцы падымаемся на другі паверх. Тут удзельнікі форуму змогуць азнаёміцца з карціннай галерэяй. Яна стваралася беларускімі мастакамі падчас пленэру. Перад імі стаяла задача — паказаць на палотнах тыя старажытныя будынкі, якія маюць дачыненне да эпохі Тызенгаўза. Аказалася, што такіх аб'ектаў дайшло да нашых часоў нямала. Частка сцяны выканана ў выглядзе фрэсак з узорамі гродзенскіх паясоў. Іх ткалі залатымі ніткамі, а мануфактура была створана графам Тызенгаўзам. У гродзенскіх музеях захоўваюцца арыгіналы паясоў. Таксам нямала іншых цікавых карцін, якія адлюстроўваюць эпоху Антонія Тызенгаўза, імем якога названы адноўлены аб'ект.

Дарэчы, старажытны будынак праходзіў рэканструкцыю з акцэнтам менавіта на гарадскую ратушу, дзе будуць весціся перагаворы, праходзіць мерапрыемствы самага высокага ўзроўню. Разам з тым, гэта будзе і турыстычны аб'ект.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.