Вы тут

Эксперты расказалі, як у Беларусі зберагаюцца энергарэсурсы


Павышэнне энергетычнай незалежнасці Беларусі шляхам адмаўлення ад вугляродаў,. будаўніцтва 91 энергакрыніцы на мясцовых энергарэсурсах магутнасцю 540 МВт (да 2025 года), укараненне сістэмы аўтаматычнага кіравання асвятленнем, выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі, лічбавізацыя вытворчых і ўпраўленчых працэсаў… Пра гэтыя і іншыя падыходы да энерга- і рэсурсазберажэння і эфектыўнасці расказалі эксперты.


Менш вугляродаў, больш — уласных рэсурсаў

Стрымліванне валавога ўжывання паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР), збліжэнне энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту (ВУП) Беларусі з сярэднесусветным значэннем, а таксама максімальнае ўцягванне ў паліўна-энергетычны баланс уласных энергарэсурсаў — такія задачы стаяць перад энергетыкамі краіны. А асноўны інструмент па іх выкананні — рэспубліканская праграма па энергазберажэнні. Згодна з праграмай на 2021—2025 гады, плануецца знізіць энергаёмістасць ВУП на 7 %, долю мясцовых энергарэсурсаў у кацельна-пячным паліве давесці да 16 %, а долю аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) — да 8 %, расказаў Віталь Крэцкі, дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці:

— Паспяховасць работы па энергаэфектыўнасці ў Беларусі пацвярджаецца ў тым ліку і на міжнародным узроўні. Па выніках работы за 2019-ты, энергаёмістасць ВУП знізілася да ўзроўню 2000-га ў 2,1 раза. А ў такіх краінах, як Швецыя ці Канада, тэмп зніжэння энергаёмістасці значна больш марудны. Гэта абумоўлена тым, што першапачаткова ў нас былі значныя рэзервы па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання энергарэсурсаў.

З 2010-га тэмп крыху знізіўся, бо неабходна было ўкараняць капіталаёмістыя мерапрыемствы, у тым ліку ў сферы энергетыкі. Аднак яны паспрыялі павышэнню якасці прадукцыі, што выпускаецца, вытворчасці працы і энергаэфектыўнасці краіны ў цэлым. Сёння паказчык па энергаёмістасці ВУП у Беларусі складае 0,146 тоны нафтавага эквіваленту на тысячу долараў ЗША (у 1990-м гэты паказчык быў 0,69 т. н. э. на 1000 $), аднак краіна на 27 % адстае ад сярэднесусветнага значэння. Таму неабходна і далей падтрымліваць абраны курс па павышэнні энергаэфектыўнасці, дадаў эксперт.

Беларусь павышае энергетычную незалежнасць, у прыватнасці, шляхам адмаўлення ад вугляродаў. Доля мясцовых энергарэсурсаў у кацельным і пячным паліве дасягнула па выніках 2021-га 16,1 % і вырасла на 290 тысяч тон, што дазволіла сэканоміць на імпартаваным паліве 36 млн долараў. Сабекошт адной гігакалорыі, што ствараецца на мясцовых энергарэсурсах, на 20-25 % меншы, чым на прыродным газе. У Шчучыне, напрыклад, адкрытая ў канцы 2021-га аўтаматызаваная кацельная з двума катламі па 6 МВт ужо дазволіла знізіць сабекошт энергіі са 105 рублёў за гігакалорыю да 75 рублёў (сэканомлена 300 тысяч долараў). Віталь Крэцкі падкрэсліў, што падобныя кацельныя як прыклад інтэлектуальнай энергаэфектыўнасці садзейнічаюць стварэнню новых рабочых месцаў (у тым ліку і для вырабу адпаведнага абсталявання для іх) і патрабуюць ад аператараў большай кваліфікацыі, хоць абсталяванне кацельнай само сочыць за тэмпературай звонку і настройвае адпаведную магутнасць, а таксама папярэджвае пра магчымыя праблемы ў рабоце.

— Тым не менш, нікога не прымушаюць эканоміць — энергарэсурсаў у краіне дастаткова, але іх трэба правільна выкарыстоўваць, — мяркуе дырэктар дэпартамента. — Звычайныя лямпы, замененыя святлодыёднымі, ужо далі адчувальны эфект, а сёння мы ўкараняем аўтаматычнае кіраванне асвятленнем, якое працуе ў залежнасці ад часу сутак і неабходнасці ў ім. Дзесяць раёнаў краіны са 118 на 90 % забяспечваюць сябе за кошт уласных энергарэсурсаў. А ў больш як 75 раёнах доля мясцовых рэсурсаў у энергабалансе — звыш за 50 %. Яшчэ ў 40 раёнах гэтая лічба складае 75 %.

Плануй — рабі — правярай

Дасягненне энергаэфектыўнасці ўплывае ў выніку і на зніжэнне сабекошту, і на павышэнне канкурэнтаздольнасці. Энергетычны менеджмент дазваляе пастаянна і цыклічна ўдасканальваць работу на прадпрыемствах па прынцыпе «плануй, рабі, правярай, дзейнічай», лічыць Віталь Крэцкі.

— Вельмі важную ролю ў стварэнні ўсіх энергаэфектыўных распрацовак іграе і інтэлектуальны складнік, дзякуючы якому ствараюцца новыя распрацоўкі, — упэўнены Аляксандр Патуцін, дырэктар цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва «Дзелавыя медыя», намеснік старшыні аргкамітэта конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці». — Летась было 45 пераможцаў, а сёлета мы чакаем іх яшчэ больш. Прычым 25 % праектаў летась былі звязаны з інтэлектуальным складнікам ці ўтрымлівалі інтэлектуальныя рашэнні і тэхналогіі. Сёлета, пэўна, не менш як траціна праектаў будзе звязана з лічбавізацыяй і аўтаматызацыяй.

Штогод на конкурс трапляюць найбольш значныя і адметныя дасягненні галіны энергазберажэння і эфектаўнасці. Конкурс у 2015-м пачынаўся з трох намінацый. Цяпер жа ў ім дзевяць катэгорый па пяць-шэсць намінацый у кожнай, якія ахопліваюць фактычна ўсе галіны вытворчасці. Сёлета конкурс адбудзецца ў восьмы раз і набывае яшчэ адну намінацыю — «Лідар энергаэфектыўнасці канкрэтнай галіны», каб вызначыць найлепшых па развіцці ў пэўных сферах.

Па выніках мінулага года галоўную ўзнагароду — Гран-пры конкурсу — атрымала Віцебскае камунальнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства кацельных і цеплавых сетак, якое займаецца ўтылізацыяй цяпла ад дымавых газаў кацельных.

— На конкурс мы прадставілі ўтылізатар для работы з газавымі катламі магутнасцю ад 0,8 да 2 МВт (для аб'ектаў малой энергетыкі), які дазваляе павысіць ККД катлоў на 3-6 %. Такія ўтылізатары ўкаранілі ўжо на пяці кацельных, — расказаў Пётр Бараноўскі, дырэктар ДП «ВВКіЦС». — Для яго работы не патрэбнае будаўніцтва новых памяшканняў, а таксама рэгламентныя работы і дадатковае абслугоўванне.

Сістэма бяспекі разумнага дома

Прызёрам чатырох намінацый конкурсу летась стала і прадпрыемства «Мінгаз», якое прадставіла шэсць прадуктаў. Адна з цяперашніх задач газавікоў — стварэнне інтэлектуальнага комплексу кіравання сістэмай газазабеспячэння, што дазволіць палепшыць газаразмеркаванне праз аўтаматызаванае кіраванне і кантроль у розных рэжымах работы і забяспечыць магчымасць дыстанцыйнага кіравання прыладамі, расказаў Андрэй Вірачкін, першы намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер УП «Мінгаз»:

— На прадпрыемстве дзейнічае інтэлектуальны кантрольна-вымяральны пункт з функцыяй дыстанцыйнай перадачы значэнняў на рабочае месца аператара. Працягваецца работа і па ўдасканаленні сістэмы дыспетчарызацыі аб'ектаў. Летась закончылі маштабную мадэрнізацыю торфабрыкетнага завода «Сяргеевіцкае». Аўтаматызаваны цыкл вытворчасці брыкету і ўсе працэсы кацельнай, якая працуе на торфе. У выніку эканомія па заводзе склала амаль 500 т. у. п. Сёлета на конкурс мы прадставім новыя распрацоўкі.

Важная сфера для выкарыстання інтэлектуальных тэхналогій — жыллёва-камунальная гаспадарка. Сярод прадпрыемстваў ЖКГ летась таксама было шмат пераможцаў конкурсу. Пра інфарматызацыю працэсаў у камунальных сістэмах расказаў Вадзім КІЦІКАЎ, дырэктар Інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН.

Трэба адзначыць, што інфарматызаваны будынак дазваляе значна знізіць затраты энергіі, а гэта адзін з крытэрыяў разумнага дома. Адзін з найважнейшых момантаў пры гэтым — сістэма бяспекі.

— У НАН распрацоўваюцца спецыяльныя датчыкі — газавыя сэнсары, якія здольныя рэагаваць не на адкрытае полымя ці задымленне, а могуць па наяўнасці малекул чаднага газу ці вадароду вызначыць узгаранне на пачатковай стадыі або нават да яго, калі толькі пачынаецца акісленне будаўнічых матэрыялаў, — паведаміў эксперт.

Важным у разумным доме з'яўляецца таксама падамовы ўлік, які дазваляе кіраваць рэсурсамі і планаваць іх расход. Ён пераводзіць на новы ўзровень усе службы эксплуатацыі.

Адна з задач павышэння эфектыўнасці цеплазабеспячэння аб'ектаў ЖКГ — мадэрнізацыя ўсіх сістэм з пераходам на выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. Яшчэ на стадыі праектавання трэба задзейнічаць энергію сонца і цеплавыя помпы. А самы разумны дом — які імкнецца да нулявога ўжывання энергіі.

Ірына СІДАРОК

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?