Вы тут

Чым даўжэйшы тэрмін крэдыту — тым меншы штомесячны плацеж і больш сума пераплаты


Крэдыт — зручны фінансавы інструмент, калі ведаць, як ім правільна карыстацца. Аднак пазыковыя грошы патрабуюць адказнасці, дысцыпліны і правільнага падыходу да выбару крэдыту.


Перш чым узяць крэдыт, зрабіце паўзу і падумайце, наколькі вам патрэбныя гэтыя грошы, ці можна абысціся без іх і як вы будзеце вяртаць атрыманую суму. Улічвайце не толькі сваю зарплату або пенсію, але і магчымыя складаныя абставіны. Звальненне, хвароба або крызіс могуць парушыць самы старанна прадуманы план. Падумалі, рашыліся? Ідзем далей.

Складаная эканамічная сітуацыя, у якую трапіла наша краіна, прывяла да таго, што многія віды жыллёвага крэдытавання цяпер часова недаступныя. У многіх банках краіны ў цяперашні час можна аформіць толькі крэдыт на будаўніцтва пад заклад маёмасці з дзяржаўнай падтрымкай, а ў асобных фінансавых установах — ільготныя крэдыты і крэдыты пад спецыяльныя будаўнічыя праграмы.

Самыя «смачныя» ўмовы. Але...

Мара рэальная, толькі пры ўмове, што вы жывяце ў невялікім сельскім населеным пункце, дзе і працуеце. Там і цяпер можна атрымаць у доўг суму да 100 тысяч рублёў па льготным крэдыце па Указе № 75. Гэты дакумент прадугледжвае стаўку па крэдыце 3 % гадавых на тэрмін ад 3 месяцаў да 10 гадоў.

Ільготны крэдыт у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Беларусі № 75 «Аб прадастаўленні грамадзянам, якія пастаянна пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек, ільготных крэдытаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылых памяшканняў, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў».

Максімальны памер ільготнага крэдыту — 90 % кошту выдаткаў на капітальны рамонт і рэканструкцыю жылога памяшкання, будаўніцтва інжынерных сетак, узвядзенне гаспадарчых памяшканняў і пабудоў, вызначаных праектна-каштарыснай дакументацыяй, але не павінен перавышаць 300-разовага памеру базавай велічыні, якая дзейнічае на дзень уключэння грамадзяніна ва ўстаноўленым парадку ў спіс для льготнага крэдытавання. Банк працягвае выдаваць ільготныя крэдыты ў рамках дзяржпадтрымкі, але рашэнне па кожнай заяўцы прымае кропкава.

Таксама «Беларусбанк» размяркоўвае і льготныя крэдыты па Указе № 13, дзе стаўка таксама невялікая, але крыху большая. Формула яе залежыць ад некалькіх прычын, таму яе стаўка і мае назву «Па ўзгадненні». Выдаецца ад 100 рублёў да 100 тысяч рублёў на тэрмін ад 3 месяцаў да 20 гадоў.

Найбуйнейшы банк краіны захаваў выдачу крэдытаў на будаўніцтва жылля, але толькі па некаторых праграмах. Працягвае сваё функцыянаванне спецыяльная рэспубліканская праграма «Будаўнічыя зберажэнні», дзе крэдытаванне даступнае толькі тым, хто ўжо назапасіў не менш за 25 % ад кошту запланаванага жылля на банкаўскім рахунку «Беларусбанка». Крэдыт даступны на 20 гадоў са стаўкай 15 %.

Таксама на 20 гадоў са стаўкай 23 % гадавых выдаюць крэдыт «Іпатэка Экспрэс» на набыццё жылога памяшкання, але рашэнне па кожнай заяўцы прымаюць індывідуальна. Такі крэдыт магчымы толькі пад заклад набытага з прыцягненнем крэдыту жылога памяшкання, не абцяжаранага правамі трэціх асоб і арыштамі, а таксама з паручыцельствам фізічных асоб.

Дзейнічае тут і праграма «Час будаваць» на ўзвядзенне жылых памяшканняў у шматкватэрных жылых дамах забудоўшчыка ДП «Віцебскі ДБК» і ААТ «Магілёўскі ДБК». Тэрмін крэдытавання — да 20 гадоў, стаўка — 23 %.

Крэдыты па Указе № 240

Асобныя сістэмныя банкі краіны працягваюць выдачу крэдытаў пад заклад з выкарыстаннем субсідыі. Тут грошы выдаюць на тэрмін 20 гадоў. Памер крэдыту ўстаноўлены ад 12 тысяч рублёў да 450 тысяч рублёў (але не больш за максімальны нармаванага кошт жылога памяшкання для прадастаўлення субсідыі).

Працэнтная стаўка па такіх крэдытах пераменная, яна залежыць ад стаўкі рэфінансавання Нацбанка плюс 3 % гадавых. Гэта значыць, цяпер дадзеная стаўка роўная 12 % + 3 % = 15.0 % гадавых.

Пры штомесячным пагашэнні крэдыту плацяжы памяншаюцца. Акрамя безумоўнага заклад нерухомасці (кватэры), абавязкова прадугледжана паручыцельства жонкі або мужа пры іх наяўнасці. А вось паручыцельства трэціх асоб наогул не патрэбнае.

У чым перавагі згаданага крэдыту? Амаль усе банкі, якія з ім працуюць, пры адкрыцці такой крэдытнай лініі даюць кліенту адтэрміноўку на 1 год. Акрамя таго, пры разліку плацежаздольнасці крэдытаатрымальніка, улічваецца сума субсідыі.

Пры разліку магчымай сумы крэдыту на будаўніцтва жылля фінансавыя інстытуты ўлічваюць даход абаіх — мужа і жонкі. Акрамя таго, могуць улічвацца не толькі заработная плата, але і іншыя крыніцы даходу.

Такія крэдыты на будаўніцтва кватэры можна пагасіць анлайн праз мабільны дадатак банкаў, у інфакіёсках, а таксама ў любым аддзяленні таго банка, у якім афармляўся крэдыт, па ўсёй Беларусі незалежна ад месца атрымання.

Атрымаць прыведзены крэдыт у аддзяленні банка дастаткова проста — трэба выканаць усе патрабаванні да крэдытаатрымальніка і падрыхтаваць патрабаваныя дакументы (для папярэдняга рашэння банка).

Па-першае, кліенту павінна быць ад 18 да 63 гадоў (іншыя банкі — ад 22 да 60 гадоў), аднак на момант заканчэння крэдытнага дагавора ваш узрост не павінен перавышаць 65 гадоў. Такі крэдытаатрымальнік абавязкова працаўладкаваны, а стаж работы павінен быць не менш за 6 месяцаў. Адпаведнасць гэтаму патрабаванню характарызуе кліента як надзейнага і плацежаздольнага крэдытаатрымальніка.

Для папярэдняга рашэння банка ў аддзяленне неабходна прынесці пашпарт або від на жыхарства заяўніка, жонкі/мужа. Не лішняй будзе даведка аб даходах заяўніка, а таксама яго партнёра па шлюбе за апошнія 6 месяцаў.

Для індывідуальных прадпрымальнікаў: дакументы, якія пацвярджаюць выплату падаткаў у якасці ІП. З сабой неабходна прынесці і рашэнне (выпіску з рашэння) раённага, гарадскога выканаўчага і распарадчага органа, мясцовай адміністрацыі аб праве заяўніка на субсідыю.

І яшчэ. Калі заяўнік — малады хлопец, то з яго могуць запатрабаваць ваенны білет ці іншы дакумент, які пацвярджае адтэрміноўку па прызыве ва Узброеныя Сілы для мужчын прызыўнога ўзросту.

Пасля зацвярджэння заяўкі на атрыманне крэдыту неабходна будзе прынесці і дагавор будаўніцтва аб’екта нерухомасці, які крэдытуецца.

Банкі супрацоўнічаюць з забудоўшчыкамі

У другой палове сакавіка «Белінвестбанк» аднавіў свае партнёрскія крэдытныя прадукты ў многіх рэгіёнах краіны. Напрыклад, у Магілёўскай вобласці аднавілася праграма «Кватэра ад партнёра». Адносна «кароткія» грошы, ад 3 месяцаў да 10 гадоў, выдаюцца са стаўкай 14,85 % гадавых. Пры выдачы крэдыту на тэрмін да 20 гадоў стаўка павышаецца да 24 % гадавых.

Амаль галоўная умова атрымання грошай — гэта накіраваць іх на рахункі для будаўніцтва жылога дома, што ўзводзіць прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва горада Магілёва».

У Гомельскай вобласці зноў пачалі выдаваць крэдыты «Нерухомасць ад партнёра» на набыццё жылой (іншай) нерухомасці. Тэрмін прадастаўлення крэдыту — 10, 20 гадоў. Па больш кароткім тэрміне стаўка роўная 16,33 % гадавых, а па доўгім — 24 % гадавых.

Забудоўшчыкам і ўласнікам нерухомасці з’яўляецца ААТ «Гомельскі домабудаўнічы камбінат». Крэдыты «Нерухомасць ад партнёра (Мінск і Мінская вобласць)» і «Нерухомасць ад партнёра (Брэсцкая вобласць) выдаюцца на тэрмін ад 3 месяцаў да 20 гадоў. Стаўкі залежаць ад гэтых умоў і роўныя 19,31 % і 24 % гадавых.

Сталічныя крэдыты ад «Белінвестбанка» выдаюцца людзям, якія будуюць сабе кватэры сумесна з РУП «Галоўнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Упраўлення спраў Прэзідэнта РБ», ААТ «МАПІД», унітарнае прадпрыемства УКБ «Захад» і прадпрыемства «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінскага раёна».

Забудоўшчыкамі Брэсцкай вобласці з’яўляюцца КУП «Брэстжылбуд», ААТ «Будтрэст № 2», унітарнае прадпрыемства «УКБ горада Пінска».

Па крэдыце прадугледжана паніжаная працэнтная стаўка на працягу льготнага перыяду, магчымасць выкарыстання ў якасці спосабу забеспячэння выканання абавязацельстваў іпатэкі крэдытаванага аб’екта. Максімальная сума крэдыту вылічваецца зыходзячы з крэдытаздольнасці, але не больш за 90 % кошту нерухомасці.

На сярэдзіну сакавіка супрацоўнікі банкаў «Белгазпрамбанк», «БелВЭБ», «БТА», «Дабрабыт», «Белаграпрамбанк», «Тэхнабанк», «МТБанк» пацвердзілі, што яны часова прыпынілі выдачу крэдытаў на нерухомасць для фізічных асоб. Як хутка беларускія банкі адновяць выдачу крэдытаў, невядома. Некаторыя прапануюць часова скарыстацца часова спажывецкімі крэдытамі.

Усяго ў трох банках выдаюць крэдыты на спажывецкія патрэбы

Гэта «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і банк «ВТБ» (Беларусь). Астатнія банкі спынілі крэдытаванне на нявызначаны тэрмін.

Рашэнне аб выдачы крэдыту гэтыя банкі прымаюць пасля падачы заяўкі (поўнага пакета дакументаў), зыходзячы з плацежаздольнасці і крэдытнай гісторыі заяўніка. Кожная сітуацыя заяўніка разглядаецца банкам у індывідуальным парадку.

Значна змяніліся і ўмовы крэдытавання. Напрыклад, калі паўгода таму карты растэрміноўкі прапаноўвала каля васьмі банкаў, то цяпер даступны адзін варыянт, пры гэтым зняцце наяўных і аплата гэтай карткай абыдзецца амаль у 40 % гадавых (у два разы даражэй, чым было раней).

Калі не лічыць крэдытаў, якія прадугледжваюць ільготныя ўмовы або, напрыклад, куплю айчынных тавараў, то стаўкі па спажывецкіх крэдытах на агульных падставах таксама наблізіліся да 40 % гадавых. Гэта мінімум на 10 % больш, чым было ў канцы мінулага года. Такім чынам, калі вы возьмеце ў банку 5 тысяч рублёў, то ў канцы тэрміну вернеце на 1,1 тысячу больш з улікам працэнтаў.

У тых банках, дзе крэдытаванне прыпынена, тэрміны аднаўлення невядомыя. Кансультанты раяць сачыць за навінамі на сайтах. А, напрыклад, у «МТБанку» прапанавалі падаць заяўку на крэдыт або картку растэрміноўкі ў аддзяленні (будзе разгледжана на працягу 15 хвілін) або дыстанцыйна (тэрмін разгляду — да 3 дзён). Пры станоўчым рашэнні кліенту прыйдзе смс-паведамленне з пацвярджэннем крэдытавання і сумай, якая можа быць прадастаўлена. Далей прыйдзецца чакаць аднаўлення крэдытавання. Вось так.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.