Вы тут

Трывеж, Храм сонца і юдоль. Выдуманыя мясціны ў творах беларускіх пісьменнікаў


Наколькі б праўдзіва ні выказваў у словах пісьменнік тое, што бачыць, — усё роўна атрымліваецца толькі варыянт рэальнасці, прапушчаны праз «магічны крышталь» таленту. І наадварот, самая бурлівая фантазія ў спалучэнні з літаратурным талентам стварае такі аб'ект, у рэальным існаванні якога чытач не сумняваецца. Давайце пагартаем старонкі беларускіх кніг, каб скласці маршрут па адметных выдуманых мясцінах, якія, дзякуючы аўтарам, мы ўяўляем так яскрава.


Курган з прывідам

Калі да беларусаў у 1942 годзе дайшла трагічная вестка пра гібель Янкі Купалы ў лесвічным пралёце атэля «Масква», малады архітэктар Забораў лячыўся ў шпіталі пасля ранення. Адной, здаровай, рукой ён накідаў эскіз будучага помніка народнаму паэту, асновай якога мусіў стаць курган.

Помнік у рэальнасці не здзейсніўся, а вобраз кургана як нематэрыяльнага помніка Купалы застаўся ў вечнасці. Улюбёны ягоны вобраз: магіла героя, паэта, званара, нацыянальнага правадыра, якая ўзвышае народны дух, захоўвае і абуджае гістарычную памяць. «Курганы шмат чаго нам гавораць»

Зразумела, найперш успамінаюцца радкі паэмы «Курган»:

«Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,

Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт

уцяклі,

Ўдзірванелы курган векавечны.

 

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,

Сухазелле у грудзі ўпілося;

Вецер стогне над ім уздыханнем

глухім,

Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

 

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,

У Піліпаўку воўк нема вые;

Сонца днём распускае там косы свае,

Ночкай зоры глядзяць залатыя».

У тым кургане калісь жыўцом пахавалі Гусляра, які адмовіўся ўслаўляць жорсткага князя, і цяпер ягоны прывід выходзіць на вяршыню і спявае для тых, хто здольны зразумець.

На кургане начуе і бачыць мроі герой паэмы «Сон на кургане» Сам: «Паміж трох адвечных дубоў — мохам і галлём усланы ўзгорак-курган; над ім, зачапіўшыся валасамі за галіны дубоў, вісяць тры русалкі і калышуцца. З усёй мясціны вее бязлюддзем, чарам і жудою».

«Паўстань з народу нашага, пясняр, былых і будучых вякоў баян,» — заклікае Купала.—»Над курганамі перуном зайграй! Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр!»

Храм сонца

Герой рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», юны княжыч Алесь Загорскі, едзе ўпершыню знаёміцца са сваім суровым дзедам, старым князем Данілам Вежам. Сярод іншых дзівосаў у маёнтку дзеда Алесь напаткаў вось што...

«У невялікі разрыў лістоты Алесь убачыў над паркам — і вышэй за ўсё вакол — узгорак з голай верхавінай, а на ім нешта ружова-аранжавае, узнесенае проста ў неба сваімі каланадамі.

Храм сонца, — сказаў дзед. — Ён даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Але туды мы не пойдзем. Там магіла майго лепшага каня. Звалі яго — Эол. Ды толькі ўсе яго дзеці і ўнукі не тое. Быццам ён усю смеласць за адзін свой век пражыў».

Гэты Храм сонца адыграе пасля важную ролю ў жыцці Алеся Загорскага... Юнак, разлучаны з каханай, захворвае на таямнічую радавую хваробу, ляжыць і трызніць. Каб вырашыць, як ратаваць Алеся, на нараду закліканыя Вежам старэйшыя шляхціцы.

«— Ява, — сказаў сівы аж да прозелені стары Вітахмовіч. — Памяць продкаў. Ён памрэ.

Усе маўчалі. Потым Вежа нясмела сказаў:

То што? Неба?

Відаць, — сказаў Барысевіч-Кальчуга. — Больш нічога не зробіш.

Дзе? — спытаў Сіпайла.

Вежа кашлянуў:

Храм сонца!

Юллян падумаў.

Бадай, праўда. Самае высокае, самае блізкае да неба месца. Даўжэй за ўсё наваколле бачыць сонца. Музыка, трубы гэтыя, не пашкодзяць?

А што яны пашкодзяць, — сказаў Вежа. — На ўсходзе сонца радасны спеў, на захадзе — сумны».

Так што Алеся Загорскага, які пражывае ва ўяўленні жыцці ўсіх сваіх продкаў, прыносяць у Храм сонца.

«Ложа стаяла пасярэдзіне альтанкі. Людзі прынеслі яго сюды і пакінулі аднаго, нагога, сам-насам з небам. Вакол былі ружова-аранжавыя калоны, узнесеныя ў неба. Ён нічога не бачыў, акрамя іх і неба».

Ды яшчэ ігралі трубы... Маецца на ўвазе эолава арфа —- такія любілі ладзіць у сядзібах, гэта сістэма труб, на якіх іграе вецер. Увечары «срэбныя трубы пачыналі звінець. Ціха-ціха, нібы ў іх лілася крыштальная і звонкая вада. І сумна-сумна, нібы сама зямля развітвалася з сонцам». Удзень — «трубы пачыналі награвацца і звінець радасна. І яму, які саграваўся разам з імі, пачало праз некалькі дзён здавацца, што гэта ў ім самім звініць цеплыня і вецер, і тое, што вярталася аднекуль, поўнячы свежае цела».

Вось так у Храме сонца і ачуняў Алесь Загорскі, каб змагацца за сваё каханне і волю роднай зямлі.

Месяцавы горад Трывеж

Адметную асобу — Язэпа Драздовіча — найчасцей успрымаюць як мастака. Але ён мае і літаратарскі плён: напрыклад, аповесць «Вялікая шышка», паэма «Трызна мінуўшчыны». А яшчэ ён шмат напісаў па выніках сваіх «самнамбулічных візій». Справа ў тым, што ў сваіх марэннях-візіях Драздовіч падарожнічаў па іншых планетах і быў упэўнены, што ягоныя астральныя вандроўкі цалкам рэальныя. Найчасцей бываў ён на Месяцы, дзе знайшоў горад, які назваў Трывеж. У дзённіках мастака знаходзім дзівоснае спалучэнне — голад, нястача, беспрытульнасць у быце, і касмічныя ўзнёслыя падарожжы. Напрыклад, вось запіс ад 4 студзеня 1933 года, калі мастак пачаў пісаць апавяданне пра жыццё на Месяцы: «У лабірынтах Чорнай лопаўкі « дапісаў аж да сям'і пяшчорных лунідаў. Грошы пазастаецца ўсяго як схадзіць у сталоўку на два абеды, прыходзіцца перайсці на хлеб з вадою».

Апісанні Драздовіча надзвычай выразныя і падрабязныя, вось урывак з ягонага эсэ «У мурох Трывежу»:

«Перада мною распрасцёрлася ў начной цемнаце глыбокая і прасторная надазёрная даліна вялікага загадкавага луннага гораду Трывежу.

Горад спаў. Не відалася на ім аніякага блеску агнянога святла. Толькі на выпнутым у возера тупым накале невысокага гладка абмурованага берагу свяцілася нейкае невыразнае серабрыстага колеру святло, асвятляючы сіваватае надузберажжа чарнаводнага возера.

А зблізіўшыся да гэтага святла, — аказалася, што на беразе возера над самаю вадой стаяў круглы ценкі і не надта высокі стоўп, а на гэтым стаўпе ўгарэ, з лейкавастым расшыраным да нізу рэфлектарам, — звісаў і свяціў электрычнага тыпу ліхтар.

А па-за гэтым ліхтаром, непадалёку, стаялі тры невялічкага росту шэранькія чалавечыя фігуркі жывых людзей, якія былі апрануты ў нейкую караткавую сівую вопратку. На галовах іхных відаліся касматааколушыстыя, з пэрамідальнымі верхамі, круглыя шапкі. А на нагах нешта ў родзе касматых панчох. З адобы ж, наколькі відзілася, былі цьмянатварымі і круглалікімі...

Задаўшыся думкаю цікавасці, што прадстаўлялі і што сабою завершавалі тыя высачэзныя вастраверхія тры вежы, якія я бачыў раней над нейкай не разгледжанай мною добра будоўляй, — і я зараз жа апынуўся ў нейкіх старадаўнейшых сьмяных катакомбах, дзе каля сцен на нейкіх прымурках ляжалі ў парадку разложанымі парудзелыя напаўстлелыя чарапы галоў чалавечых, а пад імі і ля іх рэшта іншых недатлелых касцей галёнак, плечавіц, кульшавіц і г. д...

І на жаданне маё пабачыць самую найбольшую і найпрыгажэйшую будоўліну з будоўлі гораду Трывежу я ўбачыў даўгі раўнасценны нейкі дом з велічэзнаю чырвонаю готыцкага выгляду брамаю ў сцяне. А асобныя сцены гэтага дому былі ашалёваны ў лажмавым парадку бліскучымі бледна-жоўтымі і з зеленаватымі штрыхамі паліванымі, глазураванымі кафлямі — з выглядам аднолькавамернай дробнакалібэрнай цэглы.

На гэтым і закончылася мая пазапрасторная вандроўка на чужасветны таямніча-загадкавы лунны горад Трывеж».

А дзякуючы таму, што Драздовіч мастак, мы можам не толькі ўявіць, але і ўбачыць месяцавы горад Трывеж. Бо майстар намаляваў і планы горада, і палатно з ягонай панарамай, і нават зарысаваў флору ваколіцаў Трывежа.

Юдоля з сараканожкамі

У аповесці Івана Сяркова «Мы — хлопцы жывучыя», здаецца, нічога выдуманага няма... Наадварот — горкая праўда жыцця. Беларуская вёска, вызваленая ад нямецкіх акупантаў, два падлеткі, занятыя цяжкай працай, голад, нястача... Але і тут ёсць месца дзіўнаму і таямнічаму. Аднойчы, позна ўвечары, каля хаты мясцовай багамоліцы, героі падслухоўваюць загадкавую размову. Нехта скардзіцца хрыплым голасам, маўляў, сіл мне няма, сястра Маўра, несці крыж у гэтай зямной юдолі. Сыра, сараканожкі бегаюць. А багамоліца тая заклікае суразмоўцу, якога называе братам Яўсеем, пасціцца, маліцца ды цярпець, і ўвогуле, падыхаў — і ідзі назад.

Хлопцы пачынаюць разважаць, што ж гэта за юдоль ці юдоля такая, у якой сыра і сараканожкі? Дзе той брат Яўсей жыве і чаму? Уяўляюць нейкае таямнічае сутарэнне... Якая ж яна, тая юдоля, гадае разам з героямі чытач.

Але разгадка аказваецца празаічнай. Брат Яўсей — гэта былы паліцай Афонька, які хаваецца ў яміне пад печкай. Вось табе і «юдоля»... Сапраўды, сыра і сараканожкі бегаюць.

Востраў жоўтых кветкагрыбоў

У аповесці Алеся Адамовіча «Апошняя пастараль» абмаляваны свет постапакаліпсісу. Пасля ядзернай вайны жанчына і мужчына, якія страцілі памяць, выжываюць на маленькім востраве. Але тут зусім не Эдэм: прырода страшна муціравала. То з'яўляюцца трохгаловыя пацукі, то велічэзныя павукі, то вычварныя медузы, падобныя да бяспанцырных чарапах...

І ўвесь востраў запоўнены жоўтымі гібрыдамі кветак і грыбоў.

«Возьмеш у руку капялюшык кветкі-грыба, сціснеш — клейкае, ліпкае, белае пальецца па пальцах. І цёплае, як жывое з жывога цела».

Герой выкошвае тыя расліны індускай касой, але да раніцы зноў — жоўты шчыльны дыван з кветак.

«Не, не кветкі гэта. Яна першая выявіла. Калі пабегла да іх у нечакана расцвілыя ранішнія лугі-травы, але паслізнулася на жоўтай слізі, паднялася і пакрыўджана павярнулася ў мой бок: што гэта? за што?! Цяпер Яна баіцца набліжацца да кветак, запэўніваючы, што нясе ад іх падаллю. Нудзіць Яе, усю выварочвае. Але гэта ўжо яе фантазіі. Ніякага такога паху, хіба што вільгаць грыбная. Я таксама ведаю: гэта не кветкі! Велізарныя волкія драконавыя галовы гнеўна ўздрыгваюць пад маімі ўдарамі, а наступіш — свідруюць, папіскваюць. Насычаныя волкасцю велізарныя слізкія грыбы, якія маскіруюцца пад кветкі... Звыродліва пышныя і яркія, знешне падобныя на гэтыя, рабілі і прадавалі калісьці каля гарадскіх могілак — паралонавыя, замацаваныя на дроце. Калі зірнуць на нашу выспу са скалы — велізарны жоўты кветнік».

Зрэшты, кожны чытач складае для сябе сваю карту гэткіх літаратурных дзівосаў... Галоўнае — чытайце творы, дзе іх можна адшукаць.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».