Вы тут

Сеем па правілах


Умовы надвор'я вызначаюць тэрміны сяўбы насення, істотна ўплываюць на выбар спосабу іх сяўбы, каб гарантавана і ў кароткія тэрміны атрымаць дружныя ўсходы агароднінных культур.


Глыбіня

Глыбіня сяўбы насення залежыць ад шматлікіх фактараў: памер, тэрміны прарастання, механічны склад глебы, яе вільготнасць, час і ўмовы сяўбы і некаторыя іншыя. Але вызначальным з'яўляецца правіла — чым буйнейшае насенне, тым глыбей яго трэба сеяць.

  • Насенне базіліку, салаты, рэпы, бручкі, усіх відаў капусты высяваюць на глыбіню 0,5-1 см. Такія неглыбокія баразёнкі лепш праціскаць рабром пасяўной рэйкі.
  • Насенне цыбулі, памідораў, перцу, баклажанаў, шчаўя — на глыбіню 1-1,5 см.
  • Насенне рэдзькі, радыскі, кропу, пастарнаку, пятрушкі, шпінату і морквы — на 1-2 см.
  • Насенне буракоў, агуркоў — на 2-3 см.
  • Насенне рэвеню і гароху — на 3—5 см.
  • Насенне фасолі, кавуноў, патысонаў, гарбузоў — 4-6 см.
  • Насенне бабоў — 6—8 см.
  • Пры падзімняй пасадцы зубкоў часнаку і цыбулі-сеянкі — 5—7 см.
  • Клубні бульбы лепш саджаць неглыбока — 9—12 см.

Пры пасадцы гародніны пад зіму глыбіню сяўбы неабходна павялічыць на 1-2 см. На лёгкіх па механічным складзе глебах сеюць крыху глыбей за звычайныя нарматывы. Перад сяўбой рэкамендуецца праверыць усходжасць насення, а для атрымання дружных усходаў — не лішняй будзе перадпасяўная падрыхтоўка насення.

Пры сяўбе ўсіх агароднінных культур лепш рыхтаваць баразёнкі з ушчыльненым дном (каб насенне не «заплывала»). Таму варта падрыхтаваць сабе некалькі рэек, каб баразёнкі для сяўбы не разграбаць, а выціскаць.

Спосабы і ўмовы

Для эканоміі насення і раўнамернасці яго размеркавання ў баразёнках можна праводзіць сяўбу насення морквы, пятрушкі, шчаўя, папярэдне старанна перамяшаўшы іх з сухім пяском.

Сяўбу насення, якое мае працяглы перыяд прарастання, лепш праводзіць з маячнымі культурамі, выкарыстоўваючы ў якасці такіх насенне радыскі або салаты, якія ўжо на трэці дзень дадуць ўсходы і пазначаць радкі. Такі спосаб сяўбы насення дае магчымасць праводзіць рыхленне міжраддзяў і выдаленне пустазелля да з'яўлення ўсходаў асноўнай культуры.

Калі адразу пасля сяўбы ўсталявалася гарачае і сухое надвор'е, насенне не паспявае прарасці і аказваецца ў сухім пласце. І паліў не заўсёды магчымы, бо пры дробнай закладцы насенне проста «сплывае». Каб пазбегнуць такіх непрыемнасцяў, лепш да ўсходаў пасевы прыкрыць саламянай сечкай або замульчыраваць іншым матэрыялам.

Тэхналогія

Паліў пасля сяўбы да з'яўлення ўсходаў наогул непажаданы. Трэба імкнуцца, каб насенне, якое прарастае, было забяспечана глебавай вільгаццю без дадатковага палівання.

Таму вельмі важна не прапускаць аптымальных тэрмінаў сяўбы. Холадаўстойлівыя культуры рэкамендуецца сеяць у самыя раннія тэрміны, калі запасы вільгаці ў глебе досыць вялікія. Сяўбу цеплалюбівых культур неабходна праводзіць або пасля дажджу, або пасля заправачнага паліву. Паліў, пры яго неабходнасці, павінен папярэднічаць сяўбе, а не наадварот. Праводзіць заправачны паліў лепш загадзя, каб глеба добра ўвабрала вільгаць і камякі верхняга пласта не прыліпалі да рук падчас работы.

Пажадана для сяўбы мець запас перагною і торфу для прысыпкі насення. Спачатку насенне на 0,5 см прысыпаюць сумессю зямлі з перагноем (1:1), рабром далоні ці пасяўной рэйкай злёгку ўшчыльняюць баразёнкі (глебавыя капіляры аднаўляюцца, прыток вільгаці да насення паляпшаецца), а зверху насыпаюць яшчэ 1—2 см таго ж перагною ці торфу без ушчыльнення. Гэты пласт засцерагае глебу і насенне ад перасыхання. Для дробнанасенных культур гэты апошні рыхлы пласт будзе ўжо над баразёнкамі, але ён не стане перашкодай для праросткаў, паколькі, хутка высыхаючы, не ўтворыць скарынкі.

Каляндарныя тэрміны

Каляндарныя тэрміны сяўбы насення залежаць ад умоў надвор'я. Бывае, што ў адным годзе найлепшыя тэрміны сяўбы раннія, а ўжо ў наступным — на некалькі тыдняў ссоўваюцца.

  • У самыя раннія тэрміны трэба сеяць шпінат, пастарнак, цыбулю на сеянку і на «рэпку» з насення, кмен, моркву, кроп, салату, раннюю капусту, пятрушку.
  • Калі глеба на глыбіні 10-12 см прагрэецца да +6 градусаў, неабходна распачаць сяўбу гароху, мангольду, буракоў.
  • Пры праграванні глебы да 10-12 градусаў, гэта значыць пры інтэнсіўным майскім пацяпленні, прыходзіць час сяўбы фасолі, кабачкоў, кукурузы, базіліку. А пры ўмове ўкрывання ў выпадку начных замаразкаў, можна высаджваць расаду баклажанаў, перцу, памідораў.
  • Сяўбу агуркоў, патысонаў, гарбузоў лепш прымеркаваць да заканчэння цвіцення яблыні.
  • Рэдзьку летнюю для ранняга спажывання можна пасеяць рана вясной, адначасова з радыскай, а вось сяўбу рэдзькі зімовай, дайкона лепш правесці ў другой-трэцяй дэкадзе чэрвеня.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.