Вы тут

Марыў быць спеваком, а стаў спецыялістам паштовай сувязі


Падчас навучання ў сярэдняй школе № 8 Салігорска Антон Галай з ахвотай наведваў тэатральны гурток, спрабаваў спяваць. І ўвогуле марыў звязаць жыццё са сцэнай. Але лёс юнака склаўся інакш. За апошнія гады ён цвёрда пераканаўся ў тым, што найлепшая для яго прафесія — гэта прафесія спецыяліста паштовай сувязі.


Пасля заканчэння 11 класаў школы Антон паступіў на завочнае аддзяленне мінскага радыётэхнічнага каледжа, каб вывучыцца на тэхніка-праграміста. У пошуках работы ён у 2017 годзе наведаў у родным Салігорску кірмаш вакансій, які праходзіў у памяшканні гарвыканкама. Там юнаку прапанавалі ўладкавацца ў паштовае аддзяленне ў якасці аператара па дастаўцы паштовых адпраўленняў. І Антон пагадзіўся, вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай ролі.

Перад пачаткам працоўнай дзейнасці з ім сустрэўся начальнік Салігорскага рэгіянальнага вузла сувязі Юрый Скрабуноў. Ён растлумачыў маладому чалавеку ўсе асаблівасці спецыяльнасці, расказаў аб калектыве АПС № 6 Салігорска, дзе Антону трэба было працаваць.

— На маё шчасце, калектыў аказаўся вельмі згуртаваны і дружны, — адзначыў Антон. — Ветліва мяне сустрэла яго кіраўнік Галіна Паўлаўна Канановіч, правяла ў паштальёнскі пакой, прадставіла супрацоўнікам. Паштальёны, якіх у складзе аддзялення было чатыры жанчыны, таксама аднесліся да мяне вельмі прыязна.

Згадзіліся з выбарам і родныя. Мама, якая ўжо была на пенсіі, маё рашэнне падтрымала, а старэйшая сястра, што працуе ў гандлі, з усмешкай казала: вось, у нашай сям'і з'явіўся першы паштальён.

У лік маіх службовых абавязкаў на той час уваходзіла сартаванне газет, складанне кантрольна-сартавальных табліц, вядзенне картатэкі і іншае. У першыя рабочыя дні хваляваўся, каб усё было дакладна, але хутка асвоіўся. Тым больш, дапамагала мне і навучала рабоце Ніла Палікарпаўна Мацукевіч — чалавек, якога я павінны быў на гэтай рабоце змяніць. Ніла Палікарпаўна хутка сыходзіла на заслужаны адпачынак.

Па словах Антона, увесь працоўны калектыў да яго прыходу складаўся з жанчын — паштальёнаў і аператараў. Гэта былі людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту. Але ўсе яны ставіліся да юнака з вялікай увагай і клопатам. Тым больш Антон быў самы малады супрацоўнік і адзіны мужчына ў аддзяленні. Так Антон адпрацаваў год і тры месяцы.

Потым, калі адна з супрацоўніц пайшла у дэкрэтны водпуск, хлопцу прапанавалі перайсці на яе месца — пасаду аператара паштовай сувязі. На той час такіх аператараў у АПС налічвалася чацвёра. Антона замацавалі за вопытным спецыялістам Наталляй Сачко, і дзякуючы ёй ён хутка і ў поўным аб'ёме асвоіў новую дзейнасць. А прынцып работы, дарэчы, значна адрозніваўся.

Больш за ўсё Антону падабалася займацца міжнароднымі паштовымі адпраўленнямі. Такая справа прадугледжвае вялікую ступень адказнасці і ўвагі. Неабходна запаўняць мытныя дэкларацыі, суправаджальныя адрасы. Кожную пасылку трэба ўзважыць, праверыць, каб у ёй не было забароненых рэчаў.

Хутка Антон здаў іспыт і атрымаў пяты разрад па сваёй спецыяльнасці, а літаральна праз год ужо меў шосты разрад, што падкрэслівала: ён сцвердзіўся як сапраўдны спецыяліст. Нядаўна наш герой паспяхова скочыў курсы павышэння кваліфікацыі. Адчувае сябе вельмі ўпэўнена, але на шляху да ведаў спыняцца не збіраецца. Есць у Антона жаданне паступіць у Беларускую дзяржаўную акадэмію сувязі. Дарэчы, летась ён у складзе каманды прадстаўляў Мінскі абласны філіял РУП «Белпошта» на рэспубліканскім конкурсе прафесіянальнага майстэрства, за што быў узнагароджаны спецыяльным дыпломам.

На пытанне, як ён адчувае сябе ў цалкам жаночым калектыве, Антон з усмешкай адзначыў, што тут, у АПС № 6 Салігорска, любы чалавек незалежна ад полу і ўзросту будзе адчуваць сябе вельмі добра. Бо ўсе ставяцца адзін да аднаго выключна паважна. Працаваць у такім калектыве — адно задавальненне!..

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».