Вы тут

Тэлевядучая Кацярына Цішкевіч: Голас і поспех заўсёды крочаць побач!


16 красавіка адзначаецца Сусветны дзень голасу. Свята, якое прысвечана фенамену чалавечага голасу і яго ролі ў нашым жыцці. Што такое голас? Перш за ўсё, гэта — інструмент. Унікальны, музычны. У яго ёсць гук, аб’ём, адценне. Голас можа выклікаць давер і экспертызу, а можа раздражняць і адштурхоўваць. На жаль, 80% людзей ставяцца да свайго голасу, як дадзенасці, якая была, ёсць і будзе. І толькі нямногія працуюць над ім, удасканальваюць гучанне і засцерагаюць ад хвароб. Гэтыя людзі ведаюць сакрэт: Голас і поспех крочаць побач!


Разам з тэлевядучай, аўтарам і трэнерам курса па аратарскаму майстэрству «PROкачай свой голас!» Кацярынай Цішкевіч разважаем на тэму, у чым сіла голасу і навошта сучаснаму чалавеку вучыцца ім кіраваць?

— Што такое голас і чаму яго пастаноўкай трэба займацца, нягледзячы на род дзейнасці?

— Перад тым, як пачаць выступаць, трэба навучыцца гаварыць. Што значыць навучыцца гаварыць? Мы ж і так усё жыццё размаўляем. Перш за ўсё, трэба задумацца, як вы гэта робіце? Як доўга вы можаце гаварыць, што вы адчуваеце пасля гэтага. Як гучна можаце выказаць думку, тараторыце вы ці наадварот, расцягваеце склады, ці ёсць у вашай гаворцы словы-паразіты... 

Пастаноўка голасу і тэхніка маўлення — гэта тыя асновы, без якіх нельга стаць сапраўдным аратарам. Пачынаючы з засвойвання моўнага дыхання, і далей, па плану: работа з рэзанатарамі, артыкуляцыяй, выманнем і пасылам гука, інтанацыяй... Гэтыя і іншыя параметры дапамагаюць надаць голасу сілу, выразнасць, меладычнасць і прыгажосць.

— Ёсць меркаванне, што сёння мэсэнджэры замянілі рэальныя зносіны паміж людзьмі. Наколькі зараз актуальная тэма работы над голасам? 

— Чалавек — істота сацыяльная. Можна колькі заўгодна сядзець у мэсэнджарах ці на каранціне, жывое слова было, ёсць і будзе. І поспеху ў жыцці дасягнуць тыя людзі, хто не паддаўся «модным тэндэнцыям» і не развучыўся гаварыць. Валодаць голасам — гэта ўплываць на людзей падчас публічных выступленняў і дасягаць сваёй мэты ў працэсе камунікацыі. А яшчэ быць выбітным і цікавым сярод родных і сяброў: умець расказаць цікавую гісторыю, анекдот ці вымавіць тост — усё гэта таксама мастацтва!

— Як уменне гаварыць прыгожа ўплывае на кар’еру чалавека? 

— Кар’ера і голас — гэта другасны ўзровень узаемаадносін. Я бы сказала, уздым кар’еры — гэта следства работы над голасам. Перш за ўсё, у цэнтры ўвагі трэнера асоба чалавека, яго жыццёвая гісторыя. Тут многа псіхалагізму. Голас адлюстроўвае ўсе нашыя табу і эмацыянальныя перажыванні, якія мы атрымліваем, пачынаючы з ранняга дзяцінства і на працягу жыцця. Нявыказаная думка, нявыплаканая крыўда, крык, які захраснуў у горле... Працуючы з голасам, вы, па-першае, прапрацоўваеце псіхалагічныя і фізіялагічныя зажымы, якія перашкаджаюць вашаму голасу гучаць ярка і на поўную моц. Калі чалавек пачынае гучаць, адбываецца неверагодная трансфармацыя, у выніку якой чалавек атрымлівае новы подых не толькі ў асабістым жыцці, але і канкурэнтную перавагу ў кар’еры!

— Навошта кіраўніку ўмець прыгожа гаварыць? 

— Кіраўнік — гэта, перш за ўсё, лідар калектыва. Чалавек, які вядзе за сабой. Каб аб’ядноўваць людзей у эфектыўную каманду, патрэбен пастаўлены голас і ўменне ім кіраваць. Па-другое, кіраўнік — асоба публічная. Выбітныя галасавыя дадзеныя, якія абавязкова павінны быць у такога чалавека, дапамогуць яму эфектыўна ўступаць у камунікацыю, ажыццяўляць дзейсныя перагаворы, яркія прэзентацыі, уздзейнічаць на партнёраў і апанентаў. 

— Як пазбавіцца ад хвалявання да і падчас выступлення? 

— Хваляванне — гэта нармальная рэакцыя арганізма на стрэс. Калі мы адчуваем небяспеку, у арганізме пачынаюць выпрацоўвацца адпаведныя гармоны: картызол, адрэналін і норадрэналін. І не мае сэнса, якая прырода ў стрэса, сустрэча з дзікам у лесе ці публічнае выступленне. Рэакцыя арганізма аднолькавая. Насамрэч, хваляванне для аратара — гэта добра: яно надае энергію, паляпшае работу галаўнога мозга, вызывае бляск у вачах, выклікае экспрэсію. Другая справа, МОЦНАЕ хваляванне, якое аніяк не спрыяе добраму выступленню. Трасуцца рукі, ходзіць хадуном ніжняя чэлюсць, перасыхае ў роце, блытаюцца думкі... Пераадолець такое празмернае хваляванне дамогуць спецыяльныя практыкаванні на расслабленне і мабілізацыю. Дзякуючы ім, вы навучыцеся кантраляваць хваляванне і пачнеце не толькі добра выступаць, але і атрымліваць асалоду ад гэтага працэса. 

— Ці існуюць для ўсіх абавязковыя аратарскія звычкі? Ці трэба імкнуцца да ідэала альбо развіваць індывідуальныя асаблівасці? 

— Усе мы — індывідуальныя. Зыходзячы з гэтага, можна канстатаваць, што і аратарскія звычкі ва ўсіх нас розныя. Тое, што добра працуе ў маім выпадку, можа не падыходзіць вам. І наадварот. Што датычыцца ідэала, то тут пытанне цікавае. Калі вы пачынаючы аратар і знаходзіцеся на старце свайго шляху ў публічных выступах, то, безумоўна, у якасці прыклада вы павінны мець той голас, інтанацыю і падачу інфармацыі, якія падабаюцца вам. У якасці ідэала можа быць тэлевядучы, спікер, коўч, акцёр ці голас вашай любімай аудыякнігі. Арыентуючыся на свой ідэал, працуючы над сваім голасам, я ўпэўнена, вы здабудзеце свой непаўторны голас і стыль маўлення. 

— Парайце рэсурсы для тых, хто хоча развіваць свой голас? Што пачытаць, паглядзець? 

— Перш за ўсё, трэба разумець сваю псіхалагічную прыроду і мэту, да якой вы імкнецеся. У адпаведнасці з гэтым выбіраць фармат набыцця інфармацыі і развіцця аратарскіх навыкаў: індывідуальныя заняткі з выкладчыкам альбо работа ў групе. Калі вы высокаматываваны чалавек, якому не патрэбны кантроль прафесіянала, можаце чэрпаць карысную інфармацыю ў інтэрнэце, набыць анлайн курс ці скачаць мабільны дадатак па рабоце з голасам. Такія таксама ёсць. Нельга забываць, што ў аснове работы над голасам і маўленнем ляжыць практыка, практыка і яшчэ раз практыка. Хочаш навучыцца прыгожа гаварыць, як мінімум, прыйдзецца адкрыць рот.

Фота з асабістага архіва Кацярыны Цішкевіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».