Вы тут

«Да» і «пасля» цуду


З-за фіранкі лашчылася святло, слізганула па падушцы, імкнучыся знайсці твар і зазірнуць у вочы: ну, ці ведаеш, навошта табе гэты дзень? Кожная новая раніца багатая на навіны, самыя розныя. Але кожную з іх сустракаю з асабліва вострым адчуваннем жыцця. Бывае так, што яно падзяляецца на «да» і «пасля» — ці то ў асобных людзей, ці то ў сем'яў і так далей. У сваім «да» я не разумела, што «пасля» буду з удзячнасцю радавацца драбніцам, якія ўмацоўваюць перакананне: сэнс жыцця — найперш у самім жыцці.


Фота: pixabay.com

— ... Ай, жыць не хочацца, — махнула рукой сяброўка дзяцінства, якую я не бачыла больш за дзесяць гадоў. Пайшла па прадукты для бацькоў, а Святлана рушыла насустрач — ужо затарылася тым, што было неабходна ёй, каб заахвоціцца да жыцця. Спрабую яе падтрымаць: сапраўды, няпроста, столькі ўсяго адбываецца навокал, у кожнага свае стрэсы.

— Душа гарыць... — спрабавала апраўдацца яна ці то перада мной, ці то перад хлопчыкам, які стаяў побач з ёй і трымаў торбу.

Мы выраслі ў адным двары, нашы бацькі працавалі ў адной арганізацыі, мамы сябравалі ды па-суседску спакойна адчынялі дзверы з кватэры ў кватэру, калі была неабходнасць душэўных размоў. У нашым утульным дворыку мы гулялі ў хованкі. Пазней — у ціхіх кутках пад пах вясновага бэзу ахвотна абмяркоўвалі прачытаныя кнігі: мне катэгарычна не падабалася Наташа Растова, і я шкадавала няўклюду П'ера Бязухава, а Света захаплялася героямі, такімі як Андрэй Балконскі, але апраўдвала яго нявесту, бо кожны чалавек мае права адчуваць сябе шчаслівым. Мы абедзьве марылі пра шчасце і разумелі, што дзеля яго трэба вучыцца далей. Мне больш пашчасціла. А Святлане пасля школы маці «арганізавала» жаніха — хутка і дзіўна для ўсіх. А праз колькі месяцаў мае бацькі дапамаглі пахаваць яе маці. Пасля — пахавалі і яе бацьку. Усе ў двары зразумелі, нашто было тое хуткае замужжа: каб Света не засталася адна. Муж — просты хлопец, «без пантоў». Не пра такога марыла дзяўчына. Яна марыла не столькі пра мужа, колькі пра каханне. Таму пайшла шукаць яго, як толькі нарадзіла дзяўчынку. Быў складаны развод, на дачку прэтэндаваў муж, але сваю Сонечку (названую ў гонар мамы) яна адстаяла. Без гэтай дзяўчынкі ёй было б складана, бо, фактычна, яна дапамагла гадаваць сястрычку, якую Святлана нарадзіла, а потым вельмі хутка расчаравалася ў сваім каханым. Усё змянілася, калі яна зноў выйшла замуж. Нарадзіўся Ромка, якому цяпер дванаццаць гадоў.

— ...А ён усё перакрэсліў. Жыццё спынілася... — і яна распавяла, як ужо спрабавала вырашыць праблему ўласнага жыцця. Дзеці ўратавалі, а цяпер паўсюль кантралююць. — Але ты не зразумееш...

Так, у мяне няма траіх дзяцей, якія б утрымлівалі ў жыцці. Але я не разумею, як можна не думаць пра іх, пра тых, хто побач і залежыць ад цябе. Жыць, калі ёсць дзеля каго, — матывацыя больш істотная ў любых варунках, чым неабходнасць выжыць у сітуацыі, калі гэта здаецца наогул немагчымым. Але разумею, што ў кожнага з нас свая барацьба за жыццё, часам адкрытая і прынцыповая, а часам ціхая, зусім невідавочная. Дакладна ведаю: само жыццё нам працягвае трысцінку, за якую можна ўхапіцца і выбрацца з багны. Чалавек здольны выкарасквацца з найскладанейшых сітуацый, нават калі здаецца, што ўсё супраць яго. Бо асабліва адчуваем каштоўнасць жыцця менавіта тыды, калі яму ёсць рэальная пагроза... Света крыва ўсміхнулася, прытым, што па характары была жыццялюбкай, у той час як я заўсёды была схільная да іпахондрыі. Але мы сябе не надта добра ведаем.

...Аднойчы я адчула, што са мной адбываецца нешта не тое. Пайшла да ўрачоў, але ніхто нічога небяспечнага не бачыў. Прайшло паўгода настойлівых паходаў па медыцынскіх установах, перш чым падцвердзіўся самы жахлівы дыягназ: рак. Магчыма, за паўгода ўжо мінуў час, калі б я злякалася гэтага слова. Было роўна наадварот: нейкая палёгка, бо нарэшце ўсё высветлілася, і я цяпер ведаю, з чым давядзецца змагацца. Больш трывожным быў стан няпэўнасці. А калі разумееш, што ёсць праблема (інакш я гэта імкнулася не называць), то шукаеш спосабы яе ліквідаваць як мага больш эфектыўна — і знойдзеш тых, хто табе ў гэтым дапаможа. Абцяжарвала хіба што адна акалічнасць: у сваім змаганні я аказалася зусім адна. Сястра з сям'ёй далека, а бацькі ўжо немаладыя, лепш было ім нічога не казаць — яны б нерваваліся, я б перажывала з-за іх, гэта толькі падрывала б сілы. Цяжка растлумачыць, што дапамагло не скласці рукі, не расклеіцца, не напалохаць бацькоў. Магчыма, вера ў спагаду нябёсаў, у руках якіх апынуўся мой лёс: як трэба, так і будзе. Заставалася зразумець: які ва ўсім гэтым сэнс?

За некалькі гадоў да таго ў маёй свядомасці адбыўся злом: што магла, я ўжо зрабіла, існую нібыта на аўтапілоце. Знік азарт жыцця. І вось яно перастала быць млосным: не, будзе так, як трэба мне, нават калі наперадзе няпросты і далёкі шлях. У кожным з нас насамрэч нашмат больш сілы і рэсурсу, чым здаецца. Нашы рэзервы бяздонныя і могуць пастаянна папаўняцца. Крыніцы сілкавання бываюць розныя.

Першая крыніца ў маім выпадку — катэгарычная ўнутраная нязгода з тым, што гэта прысуд. Як і любая хвароба, гэтая можа быць пераможана. Гэта дыягназ, з якім у сучасным свеце навучыліся змагацца. «Усё будзе добра, таму што своечасова,» — сказала я сабе. І першае, што зрабіла: выключыла любую мітусню, якая б перашкаджала лавіць радасць жыцця. Кожнае імгненне набыло важкасць.

Сонца за акном пераконвала: вось жыццё, цані яго нават самую малую пяшчоту. Крок, яшчэ крок — так прыемна адчуваць пад нагамі жывую зямлю. Няхай пасля снегу яна недзе вільготная, няхай не такая цёплая, як хацелася б адчуваць яе вясной. Але штуршкі ветру ў спіну імкнуліся збіць з ног, не дазваляючы наталіцца радасцю ад уласных крокаў па сакавіцкім святле. Зноў штуршок — прыспешыла хаду, каб збегчы ад трывогі, навязанай звонку. У тую вясну здарылася сітуацыя з каранавірусам. «Як вы несвоечасова...» — заўважыла лекарка, разглядаючы мае паперы. І як бы між іншым: аперацыю зрабіць ужо не змогуць. Першую стадыю раптам перакваліфікавалі ў ІІІ В. Ды ну, не...

Бываюць моманты, калі немагчыма не думаць пра тое, што і так абавязкова здарыцца, — мы да гэтага ідзём, як толькі нараджаемся. А смерць — натуральны працяг жыцця. Падчысціла справы, склала і аформіла завяшчанне, упісаўшы туды ўсіх, каго любіла. І бацькоў... Як можна дапусціць, каб ім давялося хаваць дзіця? Паспрабавала гэта ўявіць — і не змагла. Бо гэта ненатуральна... Чарговы штуршок ветру ў спіну ледзь не збіў з ног. Што? Чаму я павінна табе падпарадкоўвацца, я ж не ветразь?!.. Ступаю па зямлі сваімі нагамі, а гэта значыць, магу зламаць маршрут, магу павярнуцца і пайсці ў адваротны бок, калі вецер у твар. «Жыць!» — сказала я сабе насуперак чарговаму доктару, які павінен быў даць надзею, але адводзіў позірк...

Сястра знайшла хірурга за мяжой, які ўзяўся зрабіць аперацыю. А тут якраз закрылі граніцы на каранцін, немагчыма было выехаць, каб не марнаваць такі дарагі час — пухліна была агрэсіўная. У такіх сітуацыях кожны дзень адсутнасці змагання здаецца асобным паражэннем на полі бітвы і недаравальнай стратай. Узнятыя ўсе кантакты, ніхто не можа дапамагчы з выездам. Калі ўсе варыянты былі вычарпаныя і застаўся адзін — прыняць план лячэння, які прапанавалі дома, — наступіў спакой. Прыняцце сітуацыі — гэта не адступленне. Проста лінія фронту мяняе абрысы.

Тады ўключылася яшчэ адна крыніца — дараванне. Я не думала, што мяне гэта датычыцца, таму што даўно ведала пра боскія запаветы. Але так бывае, што нейкія дробныя крыўды ды непаразуменні, «неператраўленыя» своечасова, застаюцца на донцы сэрца. Такая дрэнь, што калі тлее нават маленечкі ачаг, атрутныя рэчывы так ці інакш распаўсюджваюцца па целе. Цяпер, застаўшыся сам-насам, разумеючы складанасць лячэння, якое прапанавалі нашы ўрачы, я пільна пераглядала ўсю сябе, вызваляючы кожную клетку свайго цела ад рознага роду шалупіння — каб не было лішняга цяжару. Памяць падкідвала карцінкі з «мірнага» жыцця — арганізм падказваў сам, каму патэлефанаваць, з кім сустрэцца. І тое, што здавалася складаным і нерэальным, цяпер склалася проста і натуральна — неабходнасць размаўляць і сустракацца. Цені з мінулага жыцця матэрыялізаваліся — і аказаліся людзьмі, якія рады таму, што я ёсць.

Калі разумееш, наколькі нетрывалае жыццё, то ў людзях, падзеях, з'явах лепш бачыш іх сутнасць, значнасць для твайго лёсу. І аказваецца, што ён зусім не проста так стварыў табе гэтую праблему: яна дапамагла вырашыць асабістыя сітуацыі, якія гадамі здаваліся невырашальнымі. Таму што кожны з нас прыходзіць у свет, каб навучыцца любіць людзей — так проста, але няма нічога больш складанага...

Як жа дзіўна працуе гэтая мудрасць! Ты проста робіш крок насустрач людзям, з якімі былі непаразуменні, — і неяк нябачна пачынае мяняцца твая сітуацыя. Людзі — блізкія і далёкія, якія зноў сталі блізкімі, — дапамаглі набыць сілы і правільна іх размеркаваць.

На чарговы прыем я ішла з пачуццём палёгкі і адчувала, што не адна. Быў сонечны дзень, свята Дабравечшання прасвятой Багародзіцы. І быў цуд! Добрая вестка: урач, замест таго каб прызначыць апраменьванне па радыкальнай праграме, сабрала кансіліум. Калі я была маральна гатовая да любога развіцця, неспадзявана ўсё ж прапанавалі аперацыю — яна значна павышала шанцы на добры вынік... Са мной была галоўная крыніца сілы! «Не бойцеся», — вельмі дзейсны хрысціянскі наказ. Чаго можа баяцца чалавек, які верыць у бессмяротнасць, адпаведна, і нязломнасць душы?

...Вярнуцца пасля наркозу дапамог гучны храп суседак па палаце. Засмяяцца ўслых не дазволіў хіба што свежы разрэз — ох, як жа ўсе хацелі жыць у гэтым аддзяленні, адна назва якога палохала многіх... Красавіцкая раніца зазірала ў акно, паступова адкрываючы кавалак бясконцага неба — так выглядаў мір у душы. Пры тым, што адбылася толькі першая бітва. Але была ўпэўненасць, што пераломная.

Усё, што было далей, суправаджалася адзінай думкай: ну, гэта я дакладна перажыву! Ускладненні, ковід адразу пасля выпіскі, далейшае лячэнне ўспрымалася як неабходная плата за добрыя навіны: пухліна аказалася не такой агрэсіўнай, як меркавалі першапачаткова, не падцвердзіліся метастазы, зменшылася стадыя, цяпер патрэбны толькі кантроль. Жыццё — гэта цуд, які адбываецца з намі штодня, ды не заўсёды мы ставімся да яго як да цуду — і крыўдзім вышэйшыя сілы сваёй абыякавасцю.

«А што бацькі?..» — перапытала Святлана. — «Дагэтуль усяго не ведаюць». Мне здаецца, што чужога жыцця не берагуць тыя, хто не зразумеў нешта галоўнае пра сваё. Колішняя сяброўка паглядзела на сына і прыкрыла змесціва пакета, пачырванела.

Вядома, у кожнага з нас свая бітва: з побытам, нястачамі, з нелюбоўю і некаханнем, са смяротнымі хваробамі і нечаканымі фатальнымі падзеямі. Часам аб'ектыўная сітуацыя пераконвае, што немагчыма перамагчы ў бітве за жыццё (ці з ім), але чалавек сам прыцягвае цуд, калі раскрывае ўсе магчымыя рэзервы ўнутраных сіл, таму што нельга прайграць. І тады магчыма ўсё.

Валерыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхоўваць дзяўчынку і як хлопчыка? У чым розніца? Адказвае псіхолаг

Як выхоўваць дзяўчынку і як хлопчыка? У чым розніца? Адказвае псіхолаг

Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.