Вы тут

Аляксандр Лук'янаў: У моладзі павінен быць унутраны стрыжань


2 красавіка, у Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі, грамадскае аб'яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і Усерасійская грамадская арганізацыя «Маладая гвардыя Адзінай Расіі» заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Адзін з яго ключавых напрамкаў  захаванне гістарычнай памяці. Менавіта таму візіт расійскіх гасцей распачаўся ў Мінску з ускладання кветак да манумента ў гонар Перамогі, а працягнуліся мерапрыемствы ўжо ў горадзе над Бугам, у Музеі абароны Брэсцкай крэпасці.

Ва ўмовах глабальнага перадзелу сфер уплыву ў свеце пытанне захавання гістарычнай памяці абазначана надзвычай востра. Гісторыю нельга перапісаць, але спробы такія здзяйсняюцца. Што сёння робіць для грамадзянска-патрыятычнага выхавання новага пакалення самая ўплывовая ў нашай краіне маладзёжная грамадская арганізацыя, мы гутарым з першым сакратаром ЦК БРСМ Аляксандрам ЛУК'ЯНАВЫМ:


У Музеі камсамолу і маладзёжнага руху. Для студатрадаўцаў вялікае значэнне мае атрыбутыка: курткі байцоў, шаўроны, значкі, песні...

— Падпісанне пагаднення паміж нашымі арганізацыямі працягвае развіццё маладзёжнага ўзаемадзеяння Расіі і Беларусі. Грамадская арганізацыя «Маладая гвардыя Адзінай Расіі» — гэта маладзёжнае крыло найбуйнейшай палітычнай партыі ў Расійскай Федэрацыі. Мы адчуваем, што сёння існуе запыт маладзёжнай аўдыторыі на актывізацыю міждзяржаўнага маладзёжнага супрацоўніцтва. Наша задача — забяспечыць умовы для таго, каб беларуская і расійская моладзь магла камунікаваць, каб захоўваўся курс пераемнасці і стабільнасці ў нашых рэгіёнах. У рамках рэалізацыі дарожнай карты пагаднення мы плануем узаемадзейнічаць па самых розных кірунках: у развіцці маладзёжнага парламентарызму, валанцёрства, укараненні сацыяльных і бізнес-праектаў у галіне навукі, адукацыі і прадпрымальніцтва, рэалізоўваць сумесныя праекты ў сферах інфармацыйных тэхналогій, культуры і спорту. Ну і, канешне, адзін з прыярытэтных кірункаў — захаванне гістарычнай памяці.

Нельга забыць!

Падчас адкрытага дыялогу «Хатынь — святыня народнай памяці», прымеркаванага да Года гістарычнай памяці, былі анансаваныя новыя праекты Саюза моладзі...

— Трагедыя Хатыні — не адзінкавы эпізод вайны, а адзін з тысяч фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да мірнага насельніцтва Беларусі. Страшны лёс знішчэння разам з Хатынню падзялілі больш за дзевяць тысяч населеных пунктаў у нашай краіне, 628 вёсак былі знішчаны разам з жыхарамі, 188 вёсак ужо не змаглі адрадзіцца. Мемарыял стаў трагічным сімвалам шматпакутнай Беларусі, які ўвасобіў у сябе боль і смутак загінулых.

Удзельнікі адкрытага дыялогу ў Рэспубліканскім доме моладзі прапанавалі шэраг новых патрыятычных праектаў, сярод якіх «Хатынь у сямейных альбомах», а таксама стварэнне памятнага знака на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу як цэнтра еўрапейскага генацыду.

Адкрыты дыялог даў старт рэалізацыі ініцыятывы БРСМ аб стварэнні на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу паўнацэннага музея і аб'яўленні яго будаўніцтва Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Прапанову моладзі мне пашчасціла агучыць падчас Паслання Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і парламенту. І кіраўнік дзяржавы падтрымаў нашу ініцыятыву.

Аўтарамі мемарыяльнага комплексу ў Хатыні з'яўляюцца архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў. Юрый Градаў і дачка Леаніда Левіна, архітэктар Галіна Левіна, прысутнічалі на сустрэчы з моладдзю падчас адкрытага дыялогу. Яны расказалі маладым людзям пра гісторыю стварэння і сімвалізм кожнага з элементаў мемарыялу, а таксама падзяліліся сваім бачаннем рэалізацыі нашай ініцыятывы. Юрый Градаў лічыць, што моладзі трэба максімальна ўважліва паставіцца да стварэння новага музея ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». На яго думку, гэта цудоўна, што маладыя — неабыякавыя да гісторыі сваёй краіны. Ён расказаў, што раней у Хатыні праводзіліся суботнікі, падчас аднаго з іх быў пасаджаны гай. Можна было б працягнуць гэту традыцыю...

Галіна Левіна распавяла, што аўтарам «Хатыні» было па 30 гадоў. І яны былі першымі ў асэнсаванні трагедыі мірнага насельніцтва, у прыватнасці, жыхароў спаленых вёсак. Таму важна, каб гэты парыў, які ёсць у моладзі, быў усвядомлены і заснаваны на глыбокім веданні гісторыі, і тады можна будзе разлічваць і на годны вынік, і на тое, што свету будзе адкрыта новая старонка ў гісторыі вайны.

Мы лічым важным заключэнне ў Год гістарычнай памяці мемарандума паміж Цэнтральным камітэтам БРСМ і Дзяржаўным мемарыяльным комплексам «Хатынь». Будзем развіваць разам супрацоўніцтва па папулярызацыі грамадзянскіх каштоўнасцяў, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні моладзі праз гістарычную памяць, уцягваць юнакоў і дзяўчат у валанцёрскія праекты. Валанцёрскі рух — вельмі моцны напрамак у дзейнасці нашай арганізацыі.

Гаспадар на сваёй зямлі

Аляксандр, пры ўсёй значнасці для нашай краіны даты 9 Мая і памяці аб вайне, якая закранула літаральна кожную сям'ю, патрыятызм не можа абапірацца толькі на адну гэту падзею. Ёсць жа яшчэ і дасягненні ў навуцы, творчасці, спорце, мастацтве — гэта спадчына краіны, якую таксама трэба ведаць, якой можна ганарыцца і якую трэба папулярызаваць...

— А мы гэта і робім. Беларускія спартсмены з-за адхілення ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах апынуліся сёння ў няпростай сітуацыі, але мы заўсёды можам разлічваць на іх падтрымку. У пачатку красавіка ва ўсіх рэгіёнах Беларусі прайшоў маладзёжны праект «Тыдзень здароўя». У «Народнай зарадцы», з якой, уласна кажучы, праект і стартаваў, прыняў удзел бронзавы прызёр ХХХІІ летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа Максім Недасекаў. Славуты спартсмен выступіў
для хлопцаў і дзяўчат у якасці трэнера. Сваім шчырым сябрам і партнёрам мы лічым і Аляксея Талая — члена нацыянальнай паралімпійскай зборнай, шматразовага рэкардсмена свету і Еўропы, заснавальніка дабрачыннага фонду, матывацыйнага спікера і грамадскага дзеяча. Нягледзячы на сваю загружанасць Аляксей ніколі не адмаўляецца ад удзелу ў нашых мерапрыемствах.

Так выглядаў «Інстаграм» будаўнікаў БАМа да інтэрнэту і сацыяльных сетак...

Літаральна паўтара месяца таму адбыўся фінал рэспубліканскага конкурсу «100 ідэй для Беларусі». З аднаго боку, конкурс — адзін з самых дзейсных інструментаў па выяўленні таленавітай моладзі, а з іншага — ён дазваляе пагрузіць моладзь у навуковую тэматыку, знаёміць з дасягненнямі і перспектыўнымі напрамкамі ў айчыннай навуцы. Тым больш экспертамі ў фіналістаў выступаюць знакамітыя беларускія вучоныя. За 11 гадоў правядзення конкурсу ўдзел у ім узялі больш за 18 тысяч адораных юнакоў і дзяўчат.

Цяпер у краіне праходзіць пасяўная. Пасля майго абрання на з'ездзе БРСМ першым сакратаром свой першы рабочы дзень на новай пасадзе я правёў у палях — у жніўні якраз ішла ўборка ўраджаю. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі не першы год ладзіць праект «Моладзь — за ўраджай!». Лічу, што нашым хлебаробам, якія пры любых умовах надвор'я працуюць дзеля ўмацавання харчовай бяспекі, важна бачыць, што яны не адны ў полі — іх падтрымлівае ўся краіна. Такая ўвага ўмацоўвае і матывуе на далейшую добрасумленную працу. Упэўнены, што малады чалавек, які шчыруе на зямлі, мае ўласную гаспадарку, моцную сям'ю, дзяцей, — гэта тая мадэль, якую трэба трансляваць моладзі.

Адзін са знакавых і паспяховых праектаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі — «Уладар вёскі». Больш малады праект — міжнародная бізнес-гульня «Пачынаючы фермер». У кастрычніку адбудзецца Рэспубліканскі форум сельскай моладзі. Для нас важна пачуць, а што адбываецца па-за нашымі гарадскімі кабінетамі. Што хвалюе людзей, якія працуюць на зямлі?

Шыфр, перададзены продкамі

А як вы лічыце, у беларускай моладзі сфарміравана нацыянальная ідэнтычнасць? Патрыятызм — гэта не захапленне знешнімі рэчамі, не тэатралізаваныя пастаноўкі. За ім павінна стаяць глыбокае веданне сваёй гісторыі, традыцый і культуры свайго народа...

— Мы з хлопцамі і дзяўчатамі абмяркоўвалі, што для іх значыць Радзіма. Усе кажуць, што гэта месца, дзе яны нарадзіліся, іх бацькі, сям'я. Патрыятызм — гэта любоў да малой радзімы, да сям'і, а найвышэйшая форма патрыятызму — гэта гатоўнасць аддаць жыццё за Радзіму. Выхоўваць можна не толькі на гераічнай спадчыне мінулага. Героі жывуць побач з намі, толькі да крытычнага моманту мы пра іх не ведаем. У маі мінулага года лётчыкі 116-й штурмавой авіябазы маёр Андрэй Нічыпарчык і лейтэнант Мікіта Куканенка коштам сваіх жыццяў выратавалі жыцці жыхароў Баранавіч. З-за адмовы сістэмы кіравання самалёт пачаў падаць на горад, яго пачало круціць. І калі б пілоты прынялі рашэнне катапультавацца, ахвяр магло б быць вельмі шмат. Але яны выбралі невялікі пятачок паміж дамамі і накіравалі машыну ў зямлю. Пакінулі самалёт толькі, калі гэта было ўжо позна рабіць: з-за недахопу вышыні яны загінулі. Іх подзвіг і гатоўнасць да самаахвяравання — таксама прыклад для маладых людзей. Дарэчы, Мікіце Куканенку было ўсяго 22 гады.

Цяпер што датычыцца фарміравання грамадзянскасці і нацыянальнай самасвядомасці моладзі. Несумненна, чалавек, які не ведае свае карані, — маральны бедны. З кожным годам узрастае цікавасць моладзі да беларускай нацыянальнай культуры, традыцый, абрадаў, народных рамёстваў. Менавіта таму і ў нашай арганізацыі быў ініцыяваны і паспяхова рэалізуецца рэспубліканскі маладзёжны праект «Беларусь — крыніца натхнення», скіраваны на пашырэнне культурнага асяроддзя і духоўнай свядомасці беларусаў, захаванне злучнай ніткі пакаленняў. Усе мерапрыемствы ў рамках праекта аб'яднаныя ідэяй пра тое, што крыніцай
натхнення для творчасці і развіцця сучасных беларусаў з'яўляюцца найбагацейшыя традыцыі і гісторыя Беларусі, яе культурная спадчына, любоў і павага да Радзімы.

Праект спрыяе творчай, навукова-пазнавальнай, даследчай дзейнасці ў сферы нацыянальнай гісторыі і культуры. Яго ўдзельнікі — навукоўцы, даследчыкі, вядомыя пісьменнікі, паэты,
кампазітары, музыканты, мастакі, творчая моладзь... Ён прадугледжвае, у першую чаргу, рэалізацыю інавацыйных ідэй па захаванні і прымнажэнні навуковай, гістарычнай і творчай спадчыны. Нам трэба ўлавіць тое, што цікава для моладзі, падтрымаць ініцыятыву ў гэтым кірунку і даць пэўную свабоду ў рэалізацыі. Часта менавіта так нараджаюцца новыя крэатыўныя формы работы, з'яўляюцца ноу-хау, якія становяцца адметнасцю любога праекта.

Вялікую папулярнасць напярэдадні Дня Незалежнасці заслужылі праекты Саюза моладзі — фотаконкурс «Сэлфі & фота з вышыванкай» і акцыя «Падары немаўляці вышыванку». Цэнтральным мерапрыемствам «Беларусь — крыніца натхнення» з'яўляецца штогадовае святкаванне Дня вышыванкі. Вышыванка — сапраўдная візітная картка беларусаў, якая адлюстроўвае эстэтычны густ народа. Разам з тым вышыты нацыянальны арнамент — гэта не проста ўпрыгажэнне, стыльны аксесуар, а своеасаблівы шыфр, перададзены нам праз стагоддзі продкамі. Кожны ўзор у арнаменце — сімвал, які валодае магутнай энергетыкай і нясе пэўны пасыл. І ха-
целася, каб усе зразумелі сакральны сэнс, зразумелі сваю сувязь з продкамі, каб не было выключна вонкавага захаплення модным адзеннем.

Дзень вышыванкі з поспехам і вельмі ярка праходзіць у сталіцы, збіраючы вялікую колькасць удзельнікаў і гледачоў: тут і «Горад майстроў», і «Фолк-кірмаш», і паказ мадэляў адзення, і рыцарскія турніры, і канцэртная праграма «Арт-Фол», і маладзёжная дыскатэка «Вышыванка.by». Гэта свята палюбілася як моладзі, так і людзям розных пакаленняў. Спадзяёмся, што яно ахопіць і іншыя гарады, а ініцыятарамі стануць структуры Саюза моладзі.

Між іншым, гэтым летам мы збіраемся рэалізаваць валанцёрскі археалагічны праект. Хочам выехаць з хлопцамі і дзяўчатамі на раскопы ў Навагрудскі замак, бо адна справа — пачуць, прачытаць у падручніку па гісторыі, і зусім іншая — дакрануцца да гісторыі і артэфактаў уласнымі рукамі. Такое ніколі не забываецца…

А ці можна навучыць любіць Радзіму?

— Пытанне дыскусійнае. Хтосьці кажа, што немагчыма. Можна, канешне, не ставіць такую мэту. Але дастаткова зайсці ў сацыяльныя сеткі і паглядзець іх кантэнт, палітычны парадак дня, які там транслюецца, каштоўнасці, якія там навязваюцца, каб такія пытанні адразу зніклі. У сеціве маладых людзей прывучаюць быць кіруемымі людзьмі. А 80 працэнтаў свайго вольнага часу моладзь бавіць менавіта там. Таму мы не можам ігнараваць інтэрнэт. Трэба напаўняць сацыяльныя сеткі пазітыўнай інфармацыяй, фактамі, якія будуць ненавязліва выхоўваць, якія дапамогуць расказаць пра нашых спартсменаў, алімпійскіх чэмпіёнаў, ІТ-шнікаў, акадэмікаў, бізнесменаў, і моладзь будзе з гонарам казаць пра сваю радзіму.

Сёння ёсць магчымасць з'ехаць за мяжу, але ўзнікае пытанне: а ці патрэбен ты там? Магчымасць вандраваць па свеце дазваляе паглядзець на нашу краіну збоку і аб'ектыўна ацаніць тое, што маем. Мы павінны паказваць маладым людзям, чым наша краіна выгадна адрозніваецца ад іншых, што было зроблена нашымі людзьмі. Важна, каб моладзь зразумела, што трэба самім, уласнымі рукамі развіваць краіну, дзе жылі нашы продкі. Маладыя не павінны быць інфантыльнымі, у іх павінен быць унутраны стрыжань.

«Едзем на цаліну»

У пачатку сакавіка ў краіне стартаваў промапраект «Выбіраем студатрад!». Не сакрэт, што моладзь сёння хоча зарабляць, новае пакаленне дастаткова прагматычнае, але студатрад — гэта, найперш, калектывісцкія каштоўнасці. Я — але ўнутры калектыву... Асвойваць цалінные землі ці скараць тайгу сёння ўжо не трэба. Гэта зрабілі папярэднікі за савецкім часам. Адным словам, ніякай рамантыкі. Не баіцеся, што з цягам часу знікнуць філасофія і каштоўнасці студатрадаўскага руху?

— А вы ведаеце, што сёння кажуць байцы студатрадаў? «Мы едзем на цаліну». Так яны называюць месца работы і пражывання атрада, працу ў складзе будатрада на аб'ектах АЭС і не толькі. Савецкая тэрміналогія прыжылася і актыўна выкарыстоўваецца. Увогуле ў студатрадаўцаў ёсць свой слоўнік, які ўключае як сучасныя паняцці (хто такі камандзір, камісар, якія існуюць віды студатрадаў і г. д.), так і словы з гісторыі студатрадаўскага руху. Напрыклад, хто такі «поварёшка»? Кухар атрада. «Главхуд» — галоўны мастак атрада. «Летописец» — той, хто вядзе летапіс спраў атрада. «Целинка» — і параднае, і рабочае адзенне (куртка) членаў атрада, прадмет асаблівага гонару кожнага байца, у яе ёсць яшчэ і іншыя назвы: «строевка», «бойцовка», «зелёнка». «Старик» — баец атрада, які прарабіў тры гады (тры цаліны) і больш.

Хачу заўважыць, што калектывісцкія каштоўнасці знаходзяць водгук у сучасных маладых людзей. У многія студатрады нават утвараецца конкурс. Мы імкнёмся выхоўваць у маладых людзей камандны дух. Вельмі важная роля адводзіцца лідарам — камандзірам і камісарам атрадаў. Многае залежыць ад іх здольнасці кіраваць калектывам, вырашаць агульныя праблемы, арганізоўваць вольны час сваіх байцоў, мерапрыемствы, якія спрыяюць іх аб'яднанню... І да гэтай работы мы рыхтуем маладых людзей мэтанакіравана. У нас праводзяцца спецыяльныя навучальныя семінары для кіраўнікоў штабоў студэнцкіх атрадаў, для камандзіраў і камісараў, Рэспубліканскі конкурс на лепшы студэнцкі атрад, Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў, Рэспубліканскі форум «Моладзь. Праца. Адзінства», Усебеларускі злёт студэнцкіх атрадаў, Рэспубліканскі конкурс атраднай творчасці, у нас запланаваны конкурс на лепшае брэндавае мерапрыемства сярод студатрадаў.

Увогуле, для ідэалогіі студатрадаўскага руху значэнне мае ўсё, у тым ліку і атрыбутыка: пераходны сцяг, які атрымлівае лепшы студатрад па выніках трэцяга працоўнага семестра, курткі байцоў, шаўроны, значкі, песні, вызначэнне на дзяржаўным узроўні аб'ектаў, якія абвяшчаюцца рэспубліканскай, гарадской ці абласной маладзёжнымі будоўлямі.

У наступным годзе беларускі студатрадаўскі рух будзе адзначыць сваё 60-годдзе. Але справа, якую распачалі ветэраны будаўнічых атрадаў, працягваецца і сёння. Штогод студэнты выязджаюць на розныя аб'екты не толькі ў межах нашай краіны, але і блізкага замежжа. Летась мы рэалізавалі шэраг рэспубліканскіх маладзёжных працоўных праектаў, сярод якіх будаўнічы — «Горад маладосці» (Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы), сельскагаспадарчы — «Талачын» на базе Талачынскага кансервавага завода, вытворчы — «Атлант-2021».

Уцягванне моладзі ў студатрады мы лічым важным складнікам патрыятычнай работы. Таму што маладыя людзі, якія працавалі на аб'ектах БелАЭС і сацыяльнай інфраструктуры ў Астраўцы, узводзілі Нацыянальную бібліятэку, а цяпер задзейнічаны ў будаўніцтве музея на тэрыторыі мемарыльнага комплексу «Хатынь», заўсёды будуць ганарыцца гэтым фактам у сваёй біяграфіі.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.