Вы тут

Асвейская трагедыя: Не забыць, не дараваць


У гады Другой сусветнай вайны на тэрыторыі нашай краіны акупанты здзейснілі безліч злачынстваў, якія па сваёй масавасці і жорсткасці — ні дагэтуль, ні пасля — больш ніколі не мелі аналагаў. Сёння мы адкрыта заяўляем: гэта быў генацыд беларускага народа. Ужо не хаваем, як рабілі доўгія гады, і таго, што ў злачынствах супраць мірных людзей актыўна ўдзельнічалі нашы суседзі. Асабліва лютавалі на беларускай зямлі латышы. Менавіта на іх руках — кроў жыхароў Расонскага, Дрысенскага і Асвейскага (цяпер Верхнядзвінскага) раёнаў. Апошні за паўтара месяца быў ператвораны ў пустыню...


Асвейская трагедыя ўвайшла ў гісторыю Беларусі як адна з самых жудасных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Карная аперацыя, якую фашысты прыгожа назвалі «Зімовае чараўніцтва», па сваёй жорсткасці пераўзышла ўсе іншыя акцыі па знішчэнні мірных жыхароў. У лютым — сакавіку 1943 года на тэрыторыі Асвейскага, Дрысенскага і Расонскага раёнаў, што на Віцебшчыне, а таксама Себежскага раёна Расіі гітлераўцамі і іх памагатымі было спалена звыш 430 вёсак, знішчаны тысячы мірных жыхароў. Дагэтуль даследчыкі не могуць устанавіць дакладную лічбу забітых. Іх колькасць, па некаторых даных, даходзіць да 12 тысяч чалавек.

Толькі ў адным Верхнядзвінскім раёне (Асвейскім і Дрысенскім да вайны) карнікі спалілі 426 вёсак, жыхароў якіх расстралялі або спалілі жывымі. Астатніх, амаль 15 тысяч мірных грамадзян, вывезлі ў рабства. 203 вёскі так ніколі і не паўсталі з попелу, а тысячы іх жыхароў, каму ўдалося выжыць, не вярнуліся на радзіму...

Стаўка на латышоў

Доўгі час аб гэтым жудасным злачынстве фашыстаў і іх памагатых на нашай зямлі мала хто ведаў. Амаль не цікавіліся тэмай і гісторыкі. Наша беларуская талерантнасць, дыпламатычнасць не дазвалялі псаваць адносіны з суседзямі. Справа ў тым, што асноўнай ударнай сілай карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва», у адрозненне ад іншых акцый, накіраваных на вынішчэнне беларускага народа, з'яўляліся не нямецкія падраздзяленні, а латышскія паліцэйскія батальёны.

Расправу над людзьмі грамадзяне Латвіі здзяйснялі і ў іншых рэгіёнах краіны. У злачынствах супраць беларускага насельніцтва брало ўдзел звыш 20 латышскіх паліцэйскіх батальёнаў, а таксама «каманда Арайса» (падраздзяленне латышскай дапаможнай паліцыі бяспекі), якая ў канцы студзеня 1943 года налічвала каля 1 200 карнікаў. Здзекавацца з людзей ім дапамагалі салдаты 15-й латышскай дывізіі Вафен-СС, пагранічныя палкі і латгальскія будаўнічыя батальёны.

Праўда, латышскія гісторыкі сцвярджаюць, што легіянеры «Вафен-СС» ваявалі выключна супраць бальшавізму на лініі фронту і не мелі ніякіх дачыненняў да таго, што адбывалася ў тыле і прыфрантавой зоне. Аднак з дакументамі, якія з'яўляюцца самым дакладным аргументам, цяжка паспрачацца — яны сведчаць, што калабарацыяністы з Латышскага легіёна СС праходзілі падрыхтоўку пад кіраўніцтвам інструктараў з паліцэйскіх батальёнаў. Усе легіянеры давалі прысягу на вернасць Гітлеру. Для немцаў латышскія калабарацыяністы з'яўляліся тымі фарміраваннямі, якіх можна было накіраваць усюды і даручыць любую, нават зусім ужо брудную справу.

— Латышы заўсёды былі па-антысавецку настроеныя, — адзначае вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаслаў Селяменеў. — Савецкая ўлада ўсталявалася ў Латвіі толькі ў 1940 годзе, таму там не настолькі ўсё было прасякнута савецкім духам, як у іншых краінах. Невыпадкова так лёгка латышы пайшлі на супрацоўніцтва з фашыстамі, нават праяўлялі ініцыятыву ў стварэнні разнастайных антысавецкіх фарміраванняў.

Карная аперацыя «Зімовае чараўніцтва», якая пачалася 16 лютага 1943 года, праводзілася пад кіраўніцтвам вышэйшага кіраўніка СС і паліцыі «Остланд» і «Расія — Поўнач» Фрыдрыха Ёкельна. Менавіта па яго рашэнні аснову карнай групоўкі склалі восем латышскіх паліцэйскіх батальёнаў. Агульная колькасць карнікаў, задзейнічаных у аперацыі, у выяўленых нямецкіх дакументах не ўказваецца. Па падліках расійскіх і беларускіх гісторыкаў, супраць мірных жыхароў паўсталі пяць — пяць з паловай тысяч акупантаў і іх памагатых. Амаль чатыры тысячы з іх з'яўляліся ваеннаслужачымі латышскіх паліцэйскіх батальёнаў. Акрамя таго, у карнай аперацыі ўдзельнічала неўстаноўленая колькасць латышоў з «каманды Арайса».

— Стаўка на латышоў рабілася яшчэ і таму, што карная аперацыя праводзілася ў раёне латвійска-беларускай граніцы, — заўважае Вячаслаў Селяменеў. — Натуральна, што немцы прыцягвалі калабарацыянісцкія фарміраванні менавіта з гэтага раёна. Латвійскія калабарацыйныя ўлады таксама былі зацікаўленыя ў гэтай аперацыі: на іх думку, бяспецы Латвіі пагражалі беларускія партызаны.

Забівалі ўсіх без разбору

Забойствы мірных жыхароў пачаліся з першага дня «Зімовага чараўніцтва». Трагічны лёс напаткаў вёску Росіца. Памылка нямецкай разведкі каштавала мірным жыхарам жыцця: з-за лжывай інфармацыі аб тым, што Росіца з'яўлялася апорным пунктам партызанаў, група СД знішчыла 206 сялян. Акрамя таго, на працягу некалькіх дзён сюды прыганялі жыхароў навакольных вёсак: адных адбіралі для вывазу ў канцлагер «Саласпілс», іншых разам з двума святарамі зажыва спалілі ў мясцовым касцёле. Па некаторых звестках, усяго ў Росіцы было знішчана больш за 1200 чалавек.

У адносінах да сваіх ахвяр латвійскія калабарацыяністы вызначаліся асаблівай жорсткасцю: не глядзелі, хто перад імі — дарослыя ці дзеці. Па ўспамінах генеральнага камісара Латвіі Дрэхслера, украінская паліцэйская рота, якая брала ўдзел у аперацыі «Зімовае чараўніцтва», з жахам назірала за тым, як латышы здзекаваліся з мужчын, якія галасілі як дзеці. Калабарантаў, што асабліва «вызначыліся», чакала добрая кар'ера пры новай уладзе — вось і выслужваліся, як маглі. Вядомыя выпадкі, калі латышы адкрыта кіраваліся ў сваёй дзейнасці русафобскімі і антысемісцкімі матывамі.

Вось што казаў камандзір 321-га латышскага паліцэйскага батальёна Фрыцыс Межгравіс: «Я спаліў больш за 200 сёлаў і вёсак, спальвалі таксама дзяцей і старых, бо з імі не было калі важдацца. Палягло іх тут тысяч дзесяць, а можа быць, і больш, усяго і не ўспомніш. За гэта я атрымаў Жалезны крыж. Спальваў і вырабляў гэта я ў 1943 годзе, а цяпер на зваротным маршы няма дзе спыніцца на адпачынак. Тут нашы батальёны і атрады папрацавалі нядрэнна, рускія доўга будуць згадваць Прыбалтыку».

«Бабулю прымусілі ўзяць на рукі ўнука і ісці ў агонь»

Сапраўды, гэтага зверства і рускія, і мы, беларусы, якіх таксама называлі рускімі, не забудзем ніколі. Захавалася вялікая колькасць сведчанняў людзей — відавочцаў тых жахаў, да якіх прыклалі рукі латышскія калабарацыяністы. Успаміны жыхароў Асвейшчыны, якія засталіся ў жывых, у свой час былі сабраныя ў кнізе «Асвейская трагедыя», аўтарам якой стаў Сяргей Панізнік. Прыводзім некаторыя з іх.

«Памятаю, як нас вывелі ў поле і паставілі на калені, — успамінала Ларыса Пліскіна, якая пасля вайны жыла ў Рызе. — Карнікі-латышы паставілі кулямёт акурат насупраць нас. Мама сказала мне, каб я папрасіла дзядзьку не страляць. Я стала прасіць яго. І яшчэ адна дзяўчынка, Зіна, стала маліць. І дарослыя заплакалі... У кагосьці з карнікаў здрыганулася сэрца, і нас не расстралялі. Хоць іншым жыхарам нашай вёскі такога шчасця не выпала: загналі ў хлеў, пусцілі чаргу з аўтамата і затым спалілі».

Па словах Аляксандра Саўлука з вёскі Канчаны, у пачатку лютага 1943 года людзі, якія траплялі на вочы акупантам, усе знішчаліся: дзяцей жывымі кідалі ў палонкі на рацэ, старых і жанчын цягнулі ў полымя падпаленых хат. «Была я сведкай і падзей у Мілавідах, як там спальвалі зажыва маіх аднавяскоўцаў, — згадвала пасля вайны Юзэфа Харытонава з Рыгі. — Маладых і здаровых адабралі ў адзін бок, пажылых, хворых і дзяцей да сямі гадоў — у другі. Маю бабулю прымусілі ўзяць на рукі ўнука і ісці ў агонь».

Тыя, каму пашчасціла выжыць, былі адпраўлены на прымусовыя работы, у тым ліку ў Латвію. Асноўная частка людзей апынулася ў канцлагеры «Саласпілс». Людзей прадавалі як скаціну. Мужоў аддзялялі ад жонак, дзяцей адбіралі ў бацькоў. Малалетнія былі настолькі знясіленыя, што многія з іх паміралі з голаду. Астатнія дзеці ўтрымліваліся ў жудасных умовах.

«Жанчыны станавіліся чорнымі ад гора і пакут за сваіх дзяцей, — расказваў Пётр Усялёнак. — І ў маёй маці вырвалі з рук брата Іосіфа. Мы яго знайшлі толькі праз васямнаццаць гадоў пасля вайны. Сам бачыў і запомніў жудаснае відовішча. Дзіця плача і крычыць: «Мама! Мамачка, міленькая...» Здаецца, у гэтае імгненне сэрца разарвецца ад пакут».

Як сведчаць дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, пачынаючы з груднога ўзросту, дзеці ўтрымліваліся ў канцлагеры асобна і ізалявана, былі пазбаўлены нават прымітыўнага догляду. За немаўлятамі глядзелі пяці-сямігадовыя дзяўчынкі. Штодзённа ахова выносіла з дзіцячага барака вялікія кашы з трупамі загінулых. Іх скідвалі ў памыйныя ямы, спальвалі за агароджай лагера або закопвалі непадалёк у лесе.

Некаторых дзяцей забівалі наўмысна. Як адзначае латвійскі гісторык Улад Богаў, адміністрацыя Саласпілскага лагера ўсімі сіламі спрабавала пазбавіцца ад непрацаздольных вязняў. Дзеля гэтай мэты выкарыстоўваліся абсалютна антыгуманныя метады: адмова ў медыцынскай дапамозе, адсутнасць харчавання і належнага адзення. Над дзецьмі праводзіліся эксперыменты. Адзіным шанцам пазбегнуць смерці было трапіць у дзіцячы прытулак на тэрыторыі Латвіі. Мясцовыя жыхары бралі дзяцей сабе ў парабкі, толькі дзеля таго, каб захаваць малым жыцці.

Урач, якая аказвала медыцынскую дапамогу малалетнім вязням, прывезеным з «Саласпілса» ў манастыр у Рызе, так апісвала вызваленых: «Упершыню я ўбачыла дзяцей прыкладна праз два тыдні пасля прыбыцця іх у абшчыну, ужо пасля таго як іх больш або менш прывялі ў парадак і падкармілі. Маё першае ўражанне ад дзяцей было жудаснае. Калі я прыбыла ў прытулак, некалькі дзяцей памірала. Пры гэтым мяне ўразіла наступнае: целы гэтых дзяцей былі адутлаватыя і сіняй празрыстасці, жываты ў іх былі сінія і ўспухлыя. Іх выратаваць было немагчыма. Астатныя дзеці былі прышчаватыя, з каростай, пакрытыя ўсялякімі высыпкамі. Амаль усе яны былі з высокай тэмпературай... У мяне склалася меркаванне, што дзеці былі чымсьці атручаныя».

Адраджэнне з попелу

Асвейскі раён найбольш моцна пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Калі людзі вярнуліся на папялішча, на ўсю тэрыторыю раёна засталася толькі адна лазня, і тая падбітая на адзін вугал, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея Антон Бубала. — У самой Асвеі захаваўся каменны будынак, але без даху. У ім размясціўся райкам партыі. У развалінах былога палаца накрылі дах і стварылі там пошту, сельскі Савет, клуб, а ў цокальным паверсе жыла сям'я старшыні сельскага Савета. Зямлянкі ў раёне і ў самой Асвеі існавалі на працягу амаль дзесяці гадоў пасля вайны. Раён аднавіўся да папярэдніх граніц, але праіснаваў толькі да 1959 года. Пры сваім бязлюддзі ён ужо не мог пацягнуць эканоміку. Таму далучылі да Дрысенскага раёна.

Пра трагедыю Верхнядзвіншчыны ў гады акупацыі Антон Бубала, напэўна, ведае больш чым хто. І не толькі таму, што ён як краязнавец дасканала даследаваў тут кожную мясціну. Справа ў тым, што Антон Францавіч адсюль паходзіць, нарадзіўся падчас акупацыі, у пяцімесячным узросце трапіў у «Саласпілс».

— Члены маёй сям'і былі схоплены паасобку, — сведчыць ён. — Бацька, паранены яшчэ падчас фінскай вайны, хаваўся з мужыкамі ў балоце. Бабулю з хлапчанятамі хацелі расстраляць, але тая стала маліцца. Спачатку па-польску, потым па-руску, а калі пачала па-латышску, латышскія паліцэйскія яе не забілі, але забралі ў палон. А маці з намі, трыма малымі, злавілі ў лесе. Так мы апынуліся ў канцлагеры «Саласпілс». Гаспадар фабрыкі выкупіў для работы майго бацьку, а на свой хутар забраў маму з трыма дзецьмі. Потым яны збеглі. Бацька трапіў на фронт, вярнуўся параненым. Маці як жонка франтавіка пасля вызвалення адганяла мясцовых паліцэйскіх, якія адбіралі то карову, то парсюка. З кульгавай кабылкай у выніку вярнулася на папялішча.

Перажылі акупацыю ўсе, здолела ацалець нават бабуля. «Старых адразу адпраўлялі ў крэматорый, — заўважае Антон Бубала. — Але, нягледзячы на свае 70 гадоў, мая бабуля была вельмі працаздольная, нават шчокі заўсёды былі ружовыя. Яе забралі на асобны хутар: зласнюшчыя былі гаспадары, здзекаваліся са старой».

Тэма ўшанавання памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Верхнядзвінскім раёне з'яўляецца цэнтральнай на працягу многіх гадоў. На ўліку — 126 пашпартызаваных магіл. Ёсць сціплыя помнікі, буйныя мемарыльяны комплексы, каля якіх некалькі разоў на год праводзяцца памятныя мерапрыемствы. Сюды, незалежна ад дат, водзяць экскурсіі. Да нядаўніх падзей прыязджалі і латышы — сярод прадстаўнікоў гэтага народа вельмі шмат тых, хто спачувае трагедыі, якую зведалі жыхары тутэйшых мясцін некалькі дзесяцігоддзяў таму.

Непакараныя

Пасля развалу Саюза 155 тысяч пастаянных жыхароў Латвіі, якія ў 1942—1943 гадах былі прыгнаныя з акупаваных тэрыторый Беларусі і Расіі, ніколі не мелі грамадзянскіх правоў, а адпаведна, былі пазбаўленыя льгот. Атрымаць статус палітычна рэпрэсаванай асобы, што пацярпела ад камуністычнага рэжыму, было нашмат прасцей, чым стаць прызнанай ахвярай нацыстаў.

Латышы спрабавалі апраўдацца перад сваімі нашчадкамі. Яны сцвярджалі, што карныя аперацыі праводзіліся выключна з мэтай барацьбы супраць узброеных бандытаў, як яны называлі партызанаў. А судовы працэс 1961 года, на якім былі асуджаны дзевяць калабарантаў 18-га паліцэйскага батальёна, вінаватых у тым ліку ў знішчэнні вязняў Слонімскага гета, латвійскія ўлады назвалі «дзікунскім актам рускіх камуністычных імперыялістаў». Большасці ваеннаслужачых латышскіх нацыяналістычных фарміраванняў удалося пазбегнуць пакарання.

Некалькі соцень былых ваеннаслужачых Латышскага легіёна СС, што ў гады вайны ажыццяўлялі злачынствы супраць мірнага беларускага насельніцтва, дагэтуль жывуць у Латвіі, Канадзе, ЗША і іншых краінах. Прозвішчы гэтых людзей ёсць і ў Генеральнай пракуратуры, якая ў межах крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд адправіла ў гэтыя дзяржавы запыты аб прававой дапамозе. Латвія адной з першых адмовіла. Такое рашэнне мала каго здзівіла: у краіне, якая дагэтуль прыкрывае нацысцкіх злачынцаў, не могуць не ведаць аб тым, што ваеннае злачынства не мае тэрміну даўнасці. А гэта значыць, што нават праз дзесяцігоддзі пасля заканчэння вайны вінаватыя павінны паўстаць перад судом. І гэты суд для кожнага х іх абавязкова будзе.

Вераніка КАНЮТА

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Экі­пі­роў­ка» вы­дат­ні­ка. Як сэ­ка­но­міць гро­шы і нер­вы?

Апошні летні месяц (асабліва другая палова жніўня) для бацькоў школьнікаў заўсёды праходзіць пад дэвізам «Збіраемся ў школу!».

Грамадства

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Хлебаробы ў пагонах. Ваеннаслужачыя дапамагаюць ва ўборцы збожжа і ўносяць важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны

Падчас жніва ўсе, хто задзейнічан ва ўборачнай кампаніі, часова становяцца хлебаробамі.