Вы тут

Замаразкі — галоўны вораг ураджаю вясной. Якія адметнасці гэтай прыроднай з'явы ў Беларусі?


Пад пагрозай — лагчыны і схілы

Замаразак — гэта кароткачасовае паніжэнне тэмпературы паветра або паверхні глебы да 0 °С і ніжэй у вегетацыйны перыяд на фоне дадатных сярэднясутачных тэмператур паветра. Ён абмяжоўвае выкарыстанне рэсурсаў цяпла, парушае жыццёвыя функцыі раслін, а таксама зніжае якасць ураджаю і аб’ём атрыманай з яго прадукцыі. Асабліва небяспечныя для сельскагаспадарчых культур — познія веснавыя замаразкі, якія назіраюцца пасля ўсталявання сярэднясутачнай тэмпературы паветра вышэй за +10 °С, калі ў раслін ідзе актыўная вегетацыя.


Майскія замаразкі.

Нягледзячы на пацяпленне клімату ў апошнія дзесяцігоддзі, у нашых шыротах замаразкі здараюцца па-ранейшаму штогод. Пры гэтым небяспечнасць гэтай прыроднай з’явы вясной для сельскагаспадарчых культур нават узрасла. Яны могуць не спраўдзіць надзеі на добры ўраджай не толькі аграрыяў, але і вяскоўцаў і дачнікаў.

Па інтэнсіўнасці адрозніваюць слабыя, сярэднія і моцныя замаразкі. Слабымі лічацца такія, калі тэмпература на паверхні глебы складае не ніжэй за −2 °С, а тэмпература паветра — каля 0 °С. Падчас сярэдніх замаразкаў тэмпература на паверхні глебы паніжаецца да −3 −4 °С, пры моцных — да −5 °С, пры гэтым адмоўныя тэмпературы ахопліваюць прыземны слой паветра да 1,5-2 метраў. Небяспечнасць замаразкаў для раслін вызначаецца не толькі іх сілай, але і працягласцю. Кароткачасовыя паніжэнні тэмпературы расліны пераносяць з меншымі пашкоджаннямі, чым працяглыя (звыш пяці гадзін).

Верагоднасць узнікнення замаразкаў шмат у чым залежыць ад асаблівасцяў мясцовасці. Халоднае паветра сцякае ў нізіны і застойваецца там. Таму замаразкі часцей адзначаюцца ў ніжняй частцы схілаў, ярах і лагчынах. Акрамя рэльефу істотна ўплываюць на іх узнікненне тып і стан глебы, прысутнасць паблізу вялікіх вадаёмаў, лясных масіваў і іншыя фактары. Замаразкі на мінеральных глебах назіраюцца радзей, чым на тарфяных.

Замаразкі падчас актыўнай вегетацыі раслін.

Што шкодзіць агуркам, бяспечна для гароху

Узровень крытычнай тэмпературы (калі наступае гібель расліны) неаднолькавы для розных культур. Вялікую небяспеку замаразкі ўяўляюць для цеплалюбівых культур. Асабліва адчувальныя агуркі, таматы, фасоля, грэчка — іх усходы гінуць ужо пры 0, −1 °С. Пры непрацяглым паніжэнні тэмпературы да −2-3 °С пашкоджваюцца ўсходы кукурузы, ранняй бульбы. Для ўсходаў ільну, цукровых буракоў небяспечным з’яўляецца паніжэнне тэмпературы да −5 −7 °С. Пры −7 −8 °С пачынаюць гінуць больш холадаўстойлівыя культуры: ячмень, гарох. Для пладовых (яблыня, груша, вішня, сліва) і ягадных (маліны, клубніцы) культур замаразкі асабліва небяспечныя ў перыяд цвіцення і ўтварэння завязі: кветкі пашкоджваюцца ўжо пры −2 °С, а пладовая завязь — пры −1 °С. Так, напрыклад, калі тэмпература паветра паніжаецца да −2 °С, за чатыры гадзіны гіне каля 10-15 % кветак пладовых культур, а пры −4 °С за гэты ж час — большасць кветак. Варта адзначыць, што вышэйназваныя крытычныя тэмпературы могуць адхіляцца ў бок павышэння ці паніжэння ў залежнасці ад сорту, а таксама ад стану раслін і ўмоў надвор’я ў перыяд, які папярэднічае замаразкам.

Марозны май

Перыяд паміж датамі самых позніх веснавых і самых ранніх восеньскіх замаразкаў называецца беззамаразкавым. У апошнія дзесяцігоддзі назіраецца яго павелічэнне ў сярэднім на 5-10 дзён, а паводле даных асобных метэаралагічных станцый, — больш, чым на 10 дзён. Прычым найбольш істотнае павелічэнне характэрна для паўночнай часткі Беларусі. Сярэдняя працягласць беззамаразкавага перыяду ў паветры (на вышыні 2 м) на тэрыторыі краіны вагаецца ў асноўным ад 140 да 170 дзён, на глебе — на 10-20 дзён менш. Больш кароткі беззамаразкавы перыяд на глебе тлумачыцца тым, што замаразкі на яе паверхні заканчваюцца вясной пазней, а восенню пачынаюцца раней, чым у паветры. Самы кароткі беззамаразкавы перыяд уласцівы тарфянікам Палесся — у Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці сярэдняя працягласць беззамаразкавага перыяду складае каля 100 дзён. Замаразкі на тарфяніках з-за іх цеплафізічных уласцівасцяў больш інтэнсіўныя і працяглыя, а паўтаральнасць іх вышэй.

Сярэдняя дата апошняга веснавога замаразку ў паветры (1989-2018 гады).

За апошні трыццацігадовы перыяд сакавік і красавік значна «пацяплелі». Пераход сярэднясутачнай тэмпературы паветра праз +10 °С часцей за ўсё адбываецца ў трэцяй дэкадзе красавіка, у найбольш раннія вёсны — у сярэдзіне месяца. Гэта прывяло да больш ранняга пачатку актыўнай вегетацыі культур, раней пачынаюць цвісці пладовыя насаджэнні, адбываецца сяўба яравых, у тым ліку цеплалюбівых культур. Часта ў паўднёвым рэгіёне Беларусі цвіценне алычы, слівы, вішні можна назіраць у другой палове красавіка, калі магчымасць узнікнення замаразкаў у паветры яшчэ вельмі высокая. У маі яна зніжаецца.

Паводле сярэдніх шматгадовых даных, замаразкі ў паветры вясной спыняюцца ў трэцяй дэкадзе красавіка — першай дэкадзе мая, а на глебе — у першай палове мая. Змяненні тэмпературнага рэжыму з усіх веснавых месяцаў найменш закранулі май, ён па-ранейшаму застаецца замаразканебяспечным месяцам. Пры гэтым у гады, калі красавік выдаецца анамальна цёплым, небяспечнасць майскіх замаразкаў істотна ўзрастае.

Найбольшая паўтаральнасць гадоў з паніжэннямі тэмпературы ў маі ўласціва для Віцебскай і Магілёўскай абласцей, а таксама для Палесся. Частата замаразкаў у першай дэкадзе мая — адзін раз у 2-3 гады, у другой — у 4-7 гадоў. На большай частцы тэрыторыі Беларусі захоўваецца магчымасць узнікнення замаразкаў і ў апошняй дэкадзе мая — адзін раз у 10-20 гадоў. У асобныя гады замаразкі могуць адзначацца ў чэрвені: яны характэрныя для асушаных тарфянікаў, сканцэнтраваных у асноўным у паўднёвай частцы краіны. Напрыклад, на балотнай станцыі Палеская такія з’явы ў чэрвені здараюцца раз у шэсць гадоў. Пазней за ўсё апошні замаразак вясной (на глебе) за апошнія 30 гадоў тут зарэгістравалі 1 ліпеня 2000 года.

У параўнанні з перыядам да пацяплення паўтаральнасць гадоў з веснавымі замаразкамі ў сярэднім некалькі паменшылася. Аднак у паўднёвай зоне рэспублікі на тарфяніках адзначаецца адваротнае — частата майскіх замаразкаў павялічылася. Хутчэй за ўсё гэта звязана з наступствамі асушальных мерапрыемстваў.

Сярэдняя дата апошняга веснавога замаразку на глебе (1989-2018 гады).

Як дапамагчы раслінам

Для аховы сельскагаспадарчых культур ад замаразкаў выкарыстоўваюцца розныя метады: дымленне, укрыццё раслін, абагрэў, паліў, дажджаванне і інш. Апошняе — дастаткова эфектыўны і хуткі спосаб: дажджаванне здольна абараніць расліны ад замаразкаў да −5 −7 °С. На жаль, на вялікіх плошчах выкарыстоўваць падобныя спосабы аховы праблематычна.

Найбольш распаўсюджанымі метадамі аховы пасеваў і садоў з’яўляюцца стварэнне дымавых заслон (акурванне) і адкрыты абагрэў спецыяльнымі ўстаноўкамі. У барацьбе з замаразкамі аграномы таксама выкарыстоўваюць комплекс агратэхнічных мерапрыемстваў: высаджванне скараспелых і марозаўстойлівых сартоў, калійныя ўгнаенні, а таксама строгі ўлік мікрарэльефу, выкананне тэрмінаў сяўбы.

Магчымасць узнікнення замаразкаў неабходна ўлічваць падчас ранняй сяўбы, асабліва цеплалюбівых культур.

Паводле сярэдніх шматгадовых даных, замаразкі ў паветры вясной спыняюцца ў трэцяй дэкадзе красавіка — першай дэкадзе мая, а на глебе — у першай палове мая.

Вікторыя БЛЕЦЬКО, вядучы інжынер-аграметэаролаг аддзела аграметэаралогіі службы гідралогіі і аграметэаралогіі,

Надзея МЕЛЬЧАКОВА, начальнік аддзела аграметэарологіі службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.