Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


А раніцой яны ўсталі…

Гэта было два з гакам гады таму, калі ковід толькі пачынаў сваё страшнае шэсце і настрой у людзей быў часам панічны, асабліва ў пажылых ды адзінокіх. Ну яшчэ б! Тэлевізар кажа, каб «за плот» ні нагой, дзеці амаль не прыязджаюць, на сяло не сходзіш... А без гэтага што за жыццё? Сацработніца забяжыць, нешта прынясе, а каб пагаварыць, дык ёй жа часу няма: іншыя людзі чакаюць.


Фота: pexels.com

На Вялікдзень баба Люба не вытрымала, патэлефанавала сяброўцы:

— Хрыстос уваскрос, Манечка!..

— Сапраўды…

— А мы з табой — як тыя краты, па норах сядзім. Давай — ногі ў рукі — і да мяне. Адсвяткуем — дзеці столькі гасцінцаў прыслалі!

— Дык жа вірус, Люба, — нясмела запярэчыла Мар’я.

— А гары ён гарам!.. Калі і памром... Пажылі ж, дзякуй богу! І яшчэ пажывём: я лекі маю!

— Ну, калі так, то…

Кату (ён, гуляка, спаў яшчэ!) баба Маня падсунула кавалак каўбасы (трэба ж, каб і ў яго было свята!), наклала ў сумку прысмакаў, начапіла маску і рушыла да сяброўкі. Абняліся з ёй, пацалаваліся, разам накрылі стол. У цэнтр яго — перад тым як сесці — баба Люба паставіла бутэльку з нечым мутнаватым.

— Можа, лепей віна? — усумнілася госця. — Я прынесла... Хавай самагонку…

— Гэта пяршак! Стапрацэнтны забойца віруса! — з форсам удакладніла гаспадыня. — Я па навуцы — на праполісе і часнаку настаяла. Казалі, вып’еш — у арганізм ніякая зараза не прарвецца! Так што здымай сваю маску!

...І палілася ў кілішкі настойка... І пачалася гутарка. Маладосць жанчыны ўспомнілі, унукамі пахваліліся, нявестак-зяцёў паганілі, «Шумяць вербы...», «Рэчаньку» праспявалі... Баба Маня нават дамоў не пайшла — засталася ў сяброўкі. Сярод ночы, праўда, уставала: смага адолела. Ціхутка, навобмацак пасунулася ў кухню да вядра з вадой.

— Там на шафцы морс у слоіку, — прачнуўшыся, падказала Люба. — І мне падай, а то ў роце як у пустыні.

Баба Маня святла не ўключала — намацала слоік, прылажылася да яго сама, падала сяброўцы. Напіліся і зноў паснулі. А раніцай…

— Ой, Любачка, а што ў цябе губы сінія? — жахнулася Маня.

— І ў цябе…

— Такі ж падхапілі вірус! — забедавала Маня. — А ў мяне ж праўнучка хутка будзе... Я што — яе не ўба-ач-у?..

— Пачакай. Без панікі! — спыніла сяброўку Люба. — Кажуць, вірус нюх адымае. Давай праверым.

Жанчыны па чарзе панюхалі воцат, чорны перац у слоічку, герань на падаконніку і рэшткі ўчарашняй настойкі з часнаком ды праполісам, — пахі чуваць…

І нервы гараць!

— Мы ж варэнне з чарніц не елі?

— Не…

— Можа, кампот з іх пілі?

— Не! — закруціла галавой баба Люба. А потым шмыганула ў кухню і вярнулася адтуль са слоікам:

— Бабачкі, гэта ж я ў пятніцу фарбу для яек разводзіла — чырвоную, зялёную і сінюю. Вось яе мы, вароны старыя, ноччу і выпілі.

...На раніцу і сапраўды ў сябровак застаўся морс, адведаўшы якога, баба Маня рушыла дамоў: можна сказаць, на крылах паляцела — з прыгаворам: «Пажыву яшчэ! Пагушкаю праўнучку!».

З той радасці вусны ўвесь час расплываліся ў шчаслівай усмешцы. І добра, што колеру іх пад маскай ніхто не бачыў.

Алена НЕСЦЯРОНАК

г. Докшыцы


Яшчэ раз пра торт

Чытаючы нейчыя праўдзівыя гісторыі, міжволі ўспамінаеш свае.

У тыя, яшчэ даперабудовачныя, гады наш энергічны калектыў — сплаў вопыту і маладосці, — займаўся навукай і будаўніцтвам новага прадпрыемства, а пакуль, што называецца, арандаваў некалькі цеснаватых пакойчыкаў у розных месцах, за межамі сталіцы. Магчымасць улезці (так-так, бо праз горы будаўнічага смецця...) у свой будынак з’явілася далёка не адразу і якраз жа на згон зімы. Так што жаночае свята мы збіраліся адзначаць разам і на новым месцы. Праўда, сталовая ў нас яшчэ не працавала, але ж сталы з крэсламі ўжо стаялі. Было дзе сесці, было што з’есці і выпіць: начальства расстаралася, прычым не толькі на добрую выпіўку — нават на садавіну і з дзясятак тартоў.

Тады мы файна пасядзелі: бліжэй пазнаёміліся адзін з адным, пагаварылі, паспявалі, патанцавалі, палюбаваліся на нашых дзяўчат. І на «хлопцаў» таксама.

Віктару было гадоў пад 40: добры эканаміст, інтэлігент і сама абаяльнасць. Не дзіва, што мне, куды маладзейшаму, карцела быць бліжэй да яго, нешта мо нават пераняць.

Калега, як выглядала, быў не супраць, і ў той вечар мы шмат размаўлялі. Я, напрыклад, даведаўся, што жонка Віктара (ну бывае ж?!) працуе... у нашым універсаме, што жывём мы зусім непадалёк адзін ад аднаго…

А народ тым часам ужо стаў збірацца ды раз’язджацца па дамах. Нехта з цвярозых, «набіўшы» салоны п’янымі і п’янаватымі, садзіўся ў свае машыны, нехта выклікаў таксі, астатнія з песнямі шыбавалі на прыпынак грамадскага транспарту. Мы з Віктарам затрымаліся, яшчэ раз выпілі не тое аглаблёвую, не тое ліфтавую, па-джэнтльменску дапамаглі жанчынам з прыборкай сталоў, Віктар на правах гаспадара (яго жонка, працуючы ў краме, даставала ўсе прадукты) раздаў ахвотным «лішняе» з закусак... Торт — некрануты, перавязаны крамным шпагатам, даставаўся мне — бацьку малалетніх дзяцей. Я спачатку аднекваўся (маўляў, не такія ў мяне бедныя дзеці — перападае часам салодкае), але ж потым махнуў рукой: даюць — значыць, вазьму. Героем дамоў з’яўлюся: жонка спытае, чаму так позна. А я ёй з-за спіны торт — цэлы!

...Як мы з Віктарам дабіраліся дадому, шчыра скажу, не помню.

Помню, што назаўтра на рабоце сустрэліся, і ён стаў расказваць, які допыт учыніла жонка: маўляў, дзе ты быў, з кім гуляў, чаму гэтак позна... «Табе з гасцінцам, відаць, прасцей было?» — спытаўся ў мяне.

Прыйшлося прызнацца, што торт па дарозе, а найбольш на лесвічных прыступках (кватэра на трэцім паверсе) стаў... «ездзіць» па каробцы, ажываць, варушыцца, што я ўвесь час стараўся «паставіць» яго на месца. Спачатку (мяркуючы па бела-ружовай дарожцы на сцяне пад’езда) — пальцамі, потым — усёй пяцярнёй ці нават кулаком, ад чаго дзверы і ў тамбур, і ў кватэру аказаліся ў крэмавай грунтоўцы.

Не лепшым быў я і тады, калі ўваліўся ў вітальню, працягнуў жонцы парваную, скамечаную каробку і загадаў: «Стаў чайнік — я торт прынёс!»

...Даўно гэта было, але не забылася: да сёння, калі іду недзе ў госці адзін, жонка просіць: «Толькі торт не прынось!».

Іван ГАРАЛЬЧУК

г. Мінск


Сон у руку, альбо Што той Барыс, што гэты…

Кажуць, жарты нічога не варты, але часам праўдзяцца. Вы не верыце? Тады слухайце. Ці чытайце.

Лена, Надзя і Наташа сябравалі з дзяцінства. І потым былі неразлучнымі, калі падраслі, калі сталі з хлопцамі сустракацца, замуж выходзіць, дзяцей нараджаць...
Зрэшты, «замуж» і «дзеці» — словы пра дзвюх сябровак, пра Лену ды Наташу. Трэцяя, Надзя, што называецца, у дзеўках сядзела — з Боркам сустракалася. А ён — як цяпер гэта ў модзе — і не жаніўся з ёй, і не адпускаў: цягнуў ката за хвост, нечага чакаў…

І хоць бы ж прынц нейкі быў, а то, як казала гумарыстка Ражкова, ну чыста кабаняка: твар вялікі, вочкі на ім маленькія... Усяго і талентаў, што на гітары дрынкае: «Гоп-стоп, мы подошли из-за угла...». Такія вось песні! А Надзя, што крыўдна, слухае іх ды млее: найлепшыя гады кладзе на непатрэбнае, на пустое... Сяброўкі ёй пра гэта казаць стаміліся! Ды тут…

Лена кабана падгадавала (і, трэба сказаць, не слабага — пудоў на дзесяць), у выхадны сабрала талаку: мужы (яе і Наташын) парсюка завалілі, саломкай (у найлепшых традыцыях!) абсмалілі, дасталі вантробы, адрэзалі ладны кавалак падбрушша…

Жанчыны скварак ды пячонкі з цыбулькай насмажылі. Добранька пасядзелі — падсілкаваліся.

А потым — трэба ж за справу. Мужчыны пайшлі мяса парадкаваць, жанчыны — кішкі перабіраць. Справа гэта малапрыемная... А да ўсяго Надзя была стомленая (працавала ў начную)... Ды і глынула крыху... «Пайду, — кажа, — трошкі драману, бо вечарам мой Борка прыйдзе».

Прылягла яна і заснула. А ў хаце ж рух, работа... Гаспадар галаву свіную прынёс, на табурэтку паставіў: яна на дзяўчат адтуль «пазірае» і нібы ўсміхаецца. «Ну якраз, як Борка з яго ўсмешачкай!» — прызналі кабеткі. Трохі пахіхікалі.

Потым — для паўнаты карціны — цыгарэту ў пашчу ўваткнулі: «Дык ягоная ж копія!»

А далей — болей: разам з табурэткай падставілі тую галаву да Надзінага твару — зноў пахіхікалі — падзівіліся, якая парачка! Нават «сфоткалі» на тэлефон. І тады ўжо так разрагаталіся, што Надзя прачнулася — твар у твар, можна сказаць, са сваім «Барысам».

І не, яна зусім не спужалася, а... спрасоння ўсміхнулася, быццам не разабралася, бо што гэты «Борка», што той…

А сяброўкі яшчэ і фотку пад нос.

...Надзя на яе, казалі, даўгавата дзівілася: нібы разглядала, які «яе» Бора і як яна з ім глядзіцца ў пары.

А потым нібы перамкнула яе. Кажа: «Усё, досыць лынды біць! Давайце за работу!».

І сапраўды, згадзіліся жанчынкі. Ім нават няёмка стала — знайшлі чым жартаваць.

І дарма! Бо Надзя ў той самы вечар «адшыла» Бору, стала сустракацца з Паўлікам. Ён, бедны, аж тры гады свайго шчасця чакаў!

Праз месяц маладыя вяселле згулялі, праз два гады пасля якога ў пары ўжо былі «хлопчык і хлопчык» — як у тога кінагероя.

...А свіней цяпер Лена не гадуе: «Борка» ў яе апошні быў і лёсавызначальны, можна сказаць, бо калі б не тая галава…

Невядома, як склалася б жыццё ў Надзеі.

Соф’я ВАРОНІНА

Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».