Вы тут

Дзяржава плюс бізнес = экалогія плюс эканоміка


Гэта падзея адбылася ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства, калі дзяржава і бізнес, разумеючы праблему негатыўнага ўздзеяння палімераў на стан навакольнага асяроддзя, аб’ядналіся ў справе яго захавання і аховы. «Еўраопт» — першая гандлёвая сетка краіны, якая заключыла экалагічнае пагадненне з Мінпрыроды.


Дакумент у галаўным офісе кампаніі падпісалі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык і старшыня Савета дырэктараў ТАА «Еўраторг» Аляксандр Літвін.

Для рэалізацыі палажэнняў пагаднення плануецца выканаць шэраг практычных і арганізацыйных мер, накіраваных на зніжэнне выкарыстання пластыку, у тым ліку пластыкавай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную (са шкла, паперы і іншых матэрыялаў), абмяжоўваць выкарыстанне аднаразовага пластыкавага посуду. Акрамя таго, Мінпрыроды і «Еўраопт» аб’яднаюць намаганні ў інфармацыйнай рабоце з грамадскасцю пра шкодны ўплыў пластыку на навакольнае асяроддзе і прапагандзе экалагічна дружалюбнага ладу жыцця.

Пластыкавая праблема востра стаіць ва ўсім свеце. Штогод утвараецца больш за 300 млн тон пластыкавых адходаў. Каля паловы з іх прыходзіцца на ўпакоўку. Ужо колькі гадоў запар міжнароднае супольніцтва прымае меры, каб папярэдзіць і скараціць уздзеянне пластыкавай упакоўкі на наваколле.

Беларусь не застаецца ў баку ад сусветных тэндэнцый. З 2020 года ў рэспубліцы рэалізуецца План мерапрыемстваў, накіраваных на паэтапнае зніжэнне выкарыстання палімернай упакоўкі з яе замяшчэннем на экалагічна бяспечную. Каардынацыю плана ажыццяўляе Мінпрыроды.

— Міжнародны досвед і практыка рэалізацыі нашага плана паказваюць, што важная роля ў зніжэнні выкарыстання пластыку, пластыкавай упакоўкі належыць гандлёвым сеткам. Менавіта яны фарміруюць попыт на экалагічна бяспечную ўпакоўку, а таксама непасрэдна працуюць як з пастаўшчыкамі, так і з пакупнікамі. Акрамя таго, вытворчасць бяспечнай і біяраскладальнай упакоўкі з мясцовай сыравіны — гэта стварэнне новых працоўных месцаў, а значыць, далейшае развіццё нашай эканомікі«, — падкрэсліў Андрэй Худык.

Ён адзначыў, што адным з механізмаў удзелу бізнесу ў прыродаахоўнай дзейнасці з’яўляецца добраахвотнае прыняцце яго прадстаўнікамі пэўных абавязацельстваў. І падпісанае пагадненне — прыклад эфектыўнага дзяржаўна-прыватнага партнёрства, сацыяльнай адказнасці і экалагізацыі бізнесу ў кантэксце ўстойлівага развіцця і «зялёнай» эканомікі.

Кіраўнік МАРГа Аляксей Багданаў, які таксама прысутнічаў на цырымоніі падпісання, высока ацаніў пагадненне, назваўшы яго ўдалым прыкладам развіцця гандлёвай галіны ў экалагічным ключы. «Экалогія — гэта наша будучае і будучае наступных пакаленняў. І тое, што гандлёвая сетка „Еўраопт“ першай падпісала пагадненне і развівае дадзены кірунак — вельмі важна», — падкрэсліў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Паводле слоў старшыні Савета дырэктараў ТАА «Еўраторг» Аляксандра Літвіна, у сваёй дзейнасці гандлёвая сетка «Еўраопт» заўсёды адданая інавацыйным ідэям і практыкам, у тым ліку ў экалагічнай сферы: «Некалькі гадоў таму наша кампанія адмовілася ад бясплатных „вялікіх“ пакетаў з ручкамі для пакупнікоў. І гэта адбылося не таму, што мы хацелі зэканоміць. Разлікі паказалі, што нават сімвалічная плата дазволіць рэзка зменшыць іх спажыванне — у выніку пакупнікі перасталі фасаваць у асобныя пакеты літаральна кожны тавар. У маштабах краіны нам атрымалася істотна скараціць нематываванае выкарыстанне пластыкавай упакоўкі, а гандлёвая сетка „Еўраопт“, як вядома, працуе ва ўсіх рэгіёнах Беларусі».

Ён нагадаў, што кампанія адной з першых прапанавала пакупнікам шматразовыя торбы з тканіны і раскладаемых палімераў. У крамах «Еўраопта» сёння таксама ёсць папяровыя пакеты рознай формы для ўпакоўкі хлебабулачных вырабаў.

Акрамя таго, адзін з топ-менеджараў кампаніі некалькі гадоў таму вывучаў у Германіі досвед супрацоўніцтва гандлёвых сетак і вытворцаў напояў па другасным звароце шкляной тары. Як сказаў Аляксандр Літвін, цалкам магчыма, што гэты досвед стане запатрабаваным у Беларусі ўжо ў найбліжэйшы час. «Мы поўнасцю падтрымліваем намаганні дзяржавы ў сямейнай палітыцы, прапагандзе здаровага ладу жыцця і спорту. Чысціня навакольнага асяроддзя, экалагічнасць бізнесу — гэта трэнд часу ў маштабах усёй планеты, і „Еўраопт“ гатовы актыўна дзейнічаць у гэтым кірунку ў інтарэсах нашых пакупнікоў», — падкрэсліў ён.

Падчас сустрэчы Андрэй Худык таксама пазнаёміўся з работай, якую праводзіць «Еўраопт» у экалагічным кірунку, і запрасіў іншыя гандлёвыя сеткі да супрацоўніцтва і аб’яднанню намаганняў у прыняцці мер па зніжэнні выкарыстання пластыку.

Вераніка КОЛАСАВА

Фота аўтара і прэс-службы ТАА «Еўраторг»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».