Вы тут

Дзе і чаму з’явіліся кніжныя знакі


Адной з прыкметных навінак кніжнага рынку апошніх месяцаў стала рускамоўнае навукова-папулярнае выданне «Гісторыя беларускіх кніжных знакаў XVI–XX стст.», якое нядаўна пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда». Падрабязнае гістарычнае даследаванне, здзейсненае вядомым бібліяфілам, калекцыянерам гравюр і экслібрысаў Алегам Судлянковым, азнаменавала сабой заснаванне новай серыі — «История книги. Гісторыя кнігі».


Міжнародны рэдакцыйны савет новаўтворанай серыі склалі масцітыя даследчыкі, мастакі, філолагі, збіральнікі рэдкіх выданняў, кнігаі мастацтвазнаўцы. Пачэснае месца сярод іх займае Міхаіл Баразна, прафесар, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, які выступіў рэцэнзентам першай кнігі. У савет таксама ўвайшлі Ганна Ціханава-Йарданова (Балгарыя), Святлана Ананьева (Казахстан), Алег Ласунскі (Расія), Алесь Суша, Алег Судлянкоў, Наталля Шаранговіч, Ганна Запартыка і Алесь Карлюкевіч.

Тэма экслібрысаў — сведчанняў прыналежнасці фаліянта таму ці іншаму ўладальніку — у якасці заявачнай абрана зусім не выпадкова. У рэшце рэшт, знаёмства з кніжным знакам апярэджвае ўласна працэс чытання, а самі экслібрысы, як даводзіць Алег Судлянкоў, — з’ява, не нашмат маладзейшая за кнігу. Адны з першых падобных знакаў былі знойдзены ажно на гліняных дошчачках у бібліятэцы асірыйскага цара Ашурбаніпала, што месцілася ў яго палацы ў горадзе Ніневіі. Знаходкі адносяцца да VII ст. да нашай эры.

Экслібрыс бібліятэкі Іераніма Фларыяна Радзівіла

Навукова-папулярнае выданне «Гісторыя беларускіх кніжных знакаў XVI–XX стст.» адрасавана шырокаму колу чытачоў. Яно спадабаецца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй беларускай кнігі і мастацтвам гравюры, дзякуючы якому на працягу вякоў ствараліся экслібрысы. «Як часта, узяўшы ў рукі старадаўнюю кнігу, мы не звяртаем увагу на адціснуты на вокладцы герб альбо не заўважаем прыклеенага з унутранага боку лістка з лацінскім надпісам “Ex libris...”, то-бок “З кніг...”, а яны могуць расказаць аб многім», — запэўнівае анатацыя.

Экслібрыс Мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Антонія

Навінка Выдавецкага дома «Звязда» аформлена адпаведна заяўленай тэме. Вокладку выдання ўпрыгожвае своеасаблівы суперэкслібрыс, ролю якога выконвае кніжны знак беларускага вучонага Мікалая Каспяровіча, зроблены мастаком Яфімам Мініным у 1925 годзе. Вядома, гаворка не ідзе аб цісненні, з дапамогай якога ствараюцца сапраўдныя суперэкслібрысы, але ідэя счытваецца. Унутраны бок вокладкі аздоблены звычайнымі экслібрысамі — выкарыстаны работы нашых мастакоў Льва Алімава (1997) і Юрыя Якавенкі (2006).

Экслібрыс В.Ф. Шматава.

З кнігі мы даведваемся аб тым, дзе і чаму з’явіліся кніжныя знакі, наколькі паспяхова яны спраўляліся з абаронай маёмасці ад крадзяжу, у каго з беларускіх палітычных дзеячаў мінулага на ўтрыманні была найбуйнейшая прыватная бібліятэка, з якіх крыніц папаўняліся яе фонды ды шмат іншых цікавых рэчаў. Ілюстрацыі, што суправаджаюць выданне, дазволяць прасачыць гісторыю развіцця графічнага мастацтва на працягу некалькіх стагоддзяў: «ад цяжкага і строгага барока» першых радзівілаўскіх знакаў да сучаснай гравюры.

Паводле даследчыка Алега Судлянкова, экслібрысы, зыходзячы з іх зместу, падзяляюцца на пяць разнавіднасцей: геральдычныя, сюжэтныя, вензелевыя, шрыфтавыя і змяшаныя. Адпаведна, гісторыя беларускіх кніжных знакаў павінна «разводзіцца» па некалькіх асноўных напрамках: геральдычныя экслібрысы збораў беларускай знаці і шляхты, уласніцкія знакі бібліятэк мяшчан і абывацеляў, знакі збораў навучальных устаноў і розных грамадскіх арганізацый, а таксама экслібрысы рэлігійных аб’яднанняў і служыцеляў культу.

Пералічаныя тэмы вынесены ў змест асобнымі раздзеламі. Дадаткова разглядаюцца традыцыі кніжных знакаў некаторых найбольш праслаўленых княжацкіх родаў, рукапісныя экслібрысы і экслібрысы XX стагоддзя. Па меркаванні Алеся Карлюкевіча, выданне Алега Судлянкова можна лічыць новым этапам у развіцці айчыннай экслібрысістыкі, дастойным працягам кнігі Аляксандра Шлюбскага «Exlibris’ы А. Тычыны», якая выйшла амаль сто гадоў таму (1928) і засведчыла зараджэнне цікавасці да кніжнага знака.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.