Вы тут

Чорная вясна Каломба. Што адбываецца на Шры-Ланцы?


Шры-Ланка абвясціла дэфолт па знешніх абавязацельствах. Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай днямі пастанове Міністэрства фінансаў астраўной краіны, паведаміла ТАСС. «Палітыкай міністэрства стане замарожванне выплат па ўсіх [знешніх] даўгах на пэўны перыяд часу для правільнай рэструктурызацыі гэтых абавязацельстваў у адпаведнасці з падтрыманай МВФ праграмай эканамічных пераўтварэнняў», — адзначаецца ў дакуменце. Мінфін заўважыў, што «дадзеныя меры з'яўляюцца надзвычайнымі, гэта апошні спосаб прадухіліць далейшае пагаршэнне фінансавага становішча ў краіне». «Комплексная рэструктурызацыя доўгу зараз бачыцца непазбежнай. Далейшая затрымка можа прывесці да незваротных наступстваў для эканомікі Шры-Ланкі і нанесці патэнцыйна непапраўную шкоду трымальнікам знешніх даўгавых папер дзяржавы», — адзначаецца ў дакуменце. Эксперты заўважаюць, што астраўная краіна перажывае найгоршы эканамічны крызіс з моманту набыцця незалежнасці ў 1948 годзе. Што адбываецца на Шры-Ланцы?


Прынада ад МВФ

Пасля здабыцця ў 1948 годзе незалежнасці ад Вялікабрытаніі сельская гаспадарка Шры-Ланкі была арыентавана на экспарт такіх тавараў, як чай, кава, каўчук і спецыі. Большая частка ВУП забяспечвалася за кошт валюты, атрыманай ад экспарту гэтых тавараў. Заробленыя грошы траціліся на набыццё прадуктаў харчавання першай неабходнасці. З часам краіна пачала экспартаваць адзенне, а таксама атрымліваць важкі прыбытак ад турызму і грашовых пераводаў з-за мяжы. У такой сістэме каардынат любое падзенне экспарту прыводзіла да эканамічнага шоку і скарачала валютныя рэзервы краіны.

З гэтай прычыны Шры-Ланка пастаянна перажывала крызісы плацёжнага балансу. З 1965 года і па сёння дзяржава атрымала 16 крэдытаў ад Міжнароднага валютнага фонду. Кожны з іх быў прадастаўлены на пэўных, даволі жорсткіх умовах, сярод якіх — скарачэнне бюджэтнага дэфіцыту, падтрыманне жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, а таксама згортванне дзяржаўных субсідый на ежу для жыхароў Шры-Ланкі, а таксама абясцэньванне валюты з тым, каб экспарт быў больш прыбытковы.

Аднак у перыяды эканамічных спадаў узважаная грашова-крэдытная палітыка нацэлена на тое, што ўрады павінны выдаткаваць больш сродкаў на стымуляванне эканомікі, а гэта немагчыма на ўмовах, якія вылучае МВФ. Тым не менш крэдыты ад гэтай міжнароднай фінансавай арганізацыі працягвалі паступаць, а шматпакутная эканоміка астраўной дзяржавы працягвала назапашваць даўгі.

Апошні крэдыт МВФ быў дадзены Шры-Ланцы ў 2016-м. Краіна атрымала 1,5 мільярда долараў на тры гады. Умовы былі тыя ж, таму нядзіўна, што ў выніку эканамічнае становішча значна пагоршылася за гэты перыяд. Эканамічны рост запаволіўся, інвестыцыі згарнуліся, назапашванні і даходы насельніцтва ўпалі, а даўгавы цяжар павялічыўся.

За апошняе дзесяцігоддзе ўлады Шры-Ланкі запазычылі велізарныя сумы грошай у замежных крэдытораў для фінансавання дзяржаўных паслуг, заўважыў Муртаза Джаферджы, старшыня аналітычнага цэнтра Advocata Іnstіtute, які базіруецца ў Каломба. Як патлумачылі эканамісты, урады, якія змянялі адзін аднаго з 2007 года, выпускалі суверэнныя аблігацыі, не задумваючыся аб тым, як будуць пагашаць крэдыты. Рэзервы былі створаны за кошт запазычання сродкаў у замежнай валюце, а не павелічэння даходаў ад экспарту тавараў і паслуг. Гэта зрабіла Шры-Ланку моцна схільнай да знешніх узрушэнняў.

Тэракты і пандэмія

Негатыўныя ўзрушэнні паглыбілі трагічныя падзеі 2019-га. Першая — серыя з дзевяці красавіцкіх выбухаў у трох касцёлах і чатырох дарагіх гатэлях у Каломба, у выніку якіх загінула больш чым 250 чалавек, каля паўтысячы былі паранены. Тэракты прывялі да значнага падзення турыстычнага патоку (па некаторых ацэнках, колькасць турыстаў знізілася на 80 працэнтаў) і ў выніку да сур'ёзнага скарачэння валютных рэзерваў. Другім значным эканамічным узрушэннем стала ірацыянальнае зніжэнне падаткаў новым урадам прэзідэнта Гатабаі Раджапаксы, які прыйшоў да ўлады пасля тэрактаў. Ён колішні кадравы вайсковец, многія жыхары вострава лічаць Раджапаксу героем працяглай грамадзянскай вайны, якая скончылася ў 2009 годзе і забрала звыш 100 тысяч жыццяў, згадаў еxpert.ru.

Яго цывільная кар'ера не такая паспяховая. Многія дзеянні новага кіраўніка дзяржавы аказаліся няўдалымі і толькі паглыбілі эканамічны крызіс. Па яго ініцыятыве ПДВ быў зніжаны з 15 да 8 працэнтаў. Іншыя ўскосныя падаткі, у прыватнасці, на дзяржаўнае будаўніцтва, падаходны падатак, а таксама плата за аказанне эканамічных паслуг былі адменены. Падаткі для прадпрыемстваў былі скарочаныя з 28 да 24 працэнтаў. У выніку зніжэння падаткаў адбылося двухпрацэнтнае падзенне ВУП. А ў сакавіку 2020-га краіну захліснула пандэмія COVІD-19. Летась Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody's паведаміла, што Шры-Ланка стала адной з найбольш пацярпелых ад каранавіруснага крызісу краінай у свеце.

Яшчэ адным недальнабачным крокам стала забарона ў мінулым годзе імпарту хімічных угнаенняў, што стала адным з хрэстаматыйных прыкладаў таго, што ў бедных краінах зялёны парадак дня трэба прасоўваць вельмі асцярожна. Улады марылі зрабіць краіну сусветным цэнтрам арганічнага земляробства, а ў выніку завялі гэта самае земляробства ў глыбокі крызіс: знізілася вытворчасць знакамітага цэйлонскага чаю (нагадаем, Цэйлон — ранейшая назва Шры-Ланкі), які не мае патрэбы ў прадстаўленні, а таксама рысу. Рашэнне было перагледжана, але субсідзіраванне закупак угнаенняў так і не было адбылося.

Яшчэ адзін моцны ўдар эканоміка Шры-Ланкі атрымала ад рэзкага росту цэн на нафту і іншыя энерганосьбіты. Яна і раней развівалася вельмі павольна, цяпер жа рост пад уздзеяннем знешніх прычын і высокай інфляцыі і зусім спыніўся. Урад падняў ключавую стаўку і дэвальваваў шры-ланкійскую рупію, а таксама забараніў імпарт усяго, акрамя прадметаў першай неабходнасці. Аднак усе гэтыя меры не дапамаглі.

Падзенне ўраджаю чаю і вытворчасці каўчуку ў сувязі з забаронай на ўгнаенні прывяло да зніжэння экспартных даходаў. Грошай на імпарт прадуктаў харчавання стала менш, паўстаў дэфіцыт. Паколькі імпарт харчавання і іншых тавараў знізіўся, але попыт пры гэтым не змяніўся, спажывецкія цэны растуць. У мінулым месяцы яны павялічыліся на 19 працэнтаў у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года, што з'яўляецца найвышэйшым ростам у Азіі. І гэта пры тым, што ў лютым рост цэн быў не нашмат меншы — 15 працэнтаў. The Conversatіon паведамляе, што цана кілаграма рысу вырас да 500 шры-ланкійскіх рупій ($2,1), хоць раней ён каштаваў усяго 80 рупій ($0,34). На фоне дэфіцыту 400-грамовая ўпакоўка сухога малака каштуе цяпер 250 рупій ($1,05), а не 60 ($0,25), як да крызісу.

Жыццё па картках

Паводле ацэнак Сусветнага банка, з моманту пачатку пандэміі больш за паўмільёна жыхароў Шры-Ланкі ўжо апынуліся за рысай беднасці. Для жыхароў вострава крызіс ператварыў іх паўсядзённае жыццё ў бясконцае чаканне ў чэргах па тавары першай неабходнасці, многія з якіх прадаюцца толькі па картках. У апошнія тыдні крамы былі вымушаны зачыніцца, таму што ў іх не працуюць халадзільнікі, кандыцыянеры або вентылятары. Салдаты размешчаны на заправачных станцыях, каб папярэдзіць сутыкненні кліентаў, якія гадзінамі стаяць у чарзе на спякоце, каб заправіць свае аўто. Некаторыя людзі нават памерлі ў чаканні.

Жыхарка Каломба распавяла CNN, што чакае прапан, каб прыгатаваць ежу для сваёй сям'і. Іншыя кажуць, што цана на хлеб вырасла больш чым удвая, у той час а кіроўцы матарыкш і таксі заяўляюць, што пазбавіліся ўсялякай магчымасці зарабляць на жыццё. Дворнічыха, маці двух маленькіх сыноў, распавяла CNN, што яна непрыкметна сыходзіць з працы, каб стаць у чаргу за ежай, перш чым паспяшацца назад.

Недахоп прадметаў першай неабходнасці, такіх як прадукты харчавання, медыкаменты і паліва, змушае бедных жыхароў бегчы з краіны. Найперш яны накіроўваюцца ў суседнюю Індыю. Штат Тамілнад, які аддзелены ад паўночнай Шры-Ланкі ўсяго некалькімі мілямі мора, мае цесныя этнічныя, моўныя і культурныя сувязі з астраўной дзяржавай.

Нават нешматлікія прадстаўнікі сярэдняга класа, у якіх ёсць зберажэнні, засмучаны, паколькі не без падстаў асцерагаюцца, што ў іх могуць скончыцца прадметы першай неабходнасці, такія як лекі або газ. А жыццё ўскладняецца частымі адключэннямі электраэнергіі, якія апускаюць Каломба ў цемру, часам больш чым на 13 гадзін у суткі. Ураду нават прыйшлося адмяніць школьныя экзамены з-за вострага недахопу паперы.

Увозяцца на востраў не толькі паліва, цэмент і аўтазапчасткі, але таксама і лекі і прадукты: рыс, пшанічная мука, бабовыя, цукар. Пры гэтым заняць сродкі на знешніх рынках краіна таксама не можа: яе знешні доўг ужо складае $35 млрд пры ВУП $80,7 млрд у 2020 годзе, а таксама пастаянным дэфіцыце бюджэту і плацежнага балансу. Валютныя рэзервы імкліва скарачаюцца і цяпер складаюць каля двух мільярдаў долараў. Пры гэтым меркавалася, што да канца года Шры-Ланка павінна выплаціць крэдыторам $3,9 млрд, паведаміла ТАСС.

Кітай выдзеліў Шры-Ланцы мільярд долараў на выплату доўгу і накіраваў 2 тысячы тон рысу ў якасці бязвыплатнай харчовай дапамогі. Ідуць перамовы з Індыяй аб крэдыце $1 млрд на закупку харчавання (з пачатку года Нью-Дэлі ўжо выдзеліў востраву $2,4 млрд на закупку паліва і тавараў першай неабходнасці), краіне накіравана 40 тысяч тон дызельнага паліва і столькі ж рысу. Аднак гэтая падтрымка пераламаць сітуацыю на Шры-Ланцы не можа: краіна ўжо заявіла аб няздольнасці ўтрымліваць шэраг дыпмісій за мяжой.

Дэфолтная хваля

На гэтым фоне ў ноч на 1 красавіка адбылася найбольш заўважная з пратэсных акцый, якія адбываліся апошнім часам. Ланкійцы пратэстуюць супраць высокай інфляцыі і працяглых адключэнняў электраэнергіі. Каля
5 тысяч жыхароў Каломба сабраліся на марш пратэсту і, дайшоўшы да адміністрацыі прэзідэнта, запатрабавалі адстаўкі кіраўніка дзяржавы. Каля рэзідэнцыі пратэст перарос у спробу штурму і сутыкнення з паліцыяй, прысутныя падпалілі некалькі паліцэйскіх і вайсковых аўтамабіляў і матацыклаў. Для разгону акцыі спатрэбіўся спецназ. У выніку не менш за пяць паліцэйскіх і дзясяткі пратэстоўцаў былі параненыя. У Каломба да 4 красавіка ўвялі каменданцкую гадзіну, увесь востраў з 22-мільённым насельніцтвам перайшоў у рэжым надзвычайнага становішча. З 3 красавіка ў краіне заблакіраваны сэрвісы Іnstagram, Facebook і WhatsApp, а таксама Twіtter і YouTube.

Два тыдні таму ўрад краіны на чале з братам прэзідэнта Махіндай Раджапакса падаў у адстаўку. Яму на змену павінен быў прыйсці часовы кабінет з удзелам прадстаўнікоў апазіцыі, які, меркавалася, стабілізуе абстаноўку ў краіне. Ужо 4 красавіка прэзідэнт зрабіў першыя прызначэнні, зацвердзіўшы кіраўнікоў Мінфіна, МЗС, Мінадукацыі, Міністэрства шашэйных дарог. Аднак апазіцыя ініцыятыву не ацаніла і ўдзельнічаць у часовым урадзе «сям'і Раджапакса» адмовілася. Альянс «Самагі Яна Балавегая», Тамільскі нацыянальны альянс і Народны фронт вызвалення ахарактарызавалі прапанову ўлад як абсурдную. Адначасова з гэтым кіруючую кааліцыю, матываваўшы гэта пераходам «на бок народа», пакінула Партыя свабоды Шры-Ланкі, якая валодае 41 мандатам у парламенце. Страта гэтых месцаў пазбавіла кіруючыя партыі неабходных дзвюх трацін у заканадаўчым сходзе і яшчэ больш аддаліла ад кампрамісу палітычныя сілы краіны.

Тым часам стала вядома, што ўлады Шры-Ланкі плануюць пачаць перагаворы з Міжнародным валютным фондам (МВФ) 18 красавіка, каб атрымаць да канца года $3-4 млрд эканамічнай дапамогі. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу Bloomberg заявіў ланкійскі міністр фінансаў Алі Сабры. Ён таксама выказаў аптымізм адносна магчымасці атрымаць фінансавую падтрымку ад Кітая і Індыі.

Заходнія санкцыі рызыкуюць абярнуцца вялікімі праблемамі для бедных краін з малой колькасцю рэзерваў, заўважаюць эксперты. «Шры-Ланка — першы такі прыклад. Напэўна, складанасці будуць і ў іншых краін, цалкам магчыма — у Бангладэш. Заходнія краіны самі руйнуюць глабальную эканоміку, імі ж створаную», — заўважыў ng.ru кіраўнік аддзела Паўднёва-Усходняй Азіі Інстытута ўсходазнаўства РАН Дзмітрый Масякоў. Эксперты мяркуюць, што дэфолт Шры-Ланкі можа выклікаць ланцуговую рэакцыю на рынках, якія развіваюцца. Так што пад ударам апынуўся значны па тэрыторыі і насельніцтве рэгіён.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

«Чуткі пра „смерць“ наяўных моцна перабольшаны»

Банкамат становіцца па-сапраўднаму шматфункцыянальнай прыладай.

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.