У свае 95 Антон Зубоўскі выглядае гадоў на дваццаць маладзейшым. Даволі незвычайны для такога ўзросту і яго лад жыцця: Антон Сцяпанавіч сам ходзіць у краму па прадукты, гатуе ежу, сочыць за парадкам у хаце, шмат гуляе на вуліцы. З памяццю, дзякуй богу, таксама ўсё добра: і пра дзяцінства раскажа, і пра жыццё ў акупацыі, і пра тое, як ваяваў на фронце, а затым уладкоўваў сваю будучыню ўжо пад мірным небам.
Нарадзіўся Антон Зубоўскі ў вёсцы Крупка, што на Пухавіччыне, у сям'і калгаснікаў. Бацькі выхоўвалі траіх дзяцей. Ён быў яшчэ малы, калі ад сухотаў памерла маці. Бацька ажаніўся другі раз — на свет з'явілася яшчэ трое дзетак. У роднай вёсцы Антон скончыў чатыры класы беларускамоўнай школы. З пятага да сёмага класа вучыўся ў Мар'інай Горцы. Працягнуць адукацыю не давялося — пачалася Вялікая Айчынная вайна.
— Гэты дзень я добра памятаю, — расказвае Антон Сцяпанавіч. — Ад калгаса працаваў на кані: вазіў пясок на аэрадром, які знаходзіўся непадалёк ад Мар'інай Горкі, дзе базіраваўся полк далёкай авіяцыі, — насыпалі дарогу. Дзесьці ў сярэдзіне дня пайшлі грузавыя машыны, загружаныя зялёнымі скрынямі. Стала зразумела: бомбы да самалётаў. Потым на палутарцы пад'ехаў чалавек і абвясціў, што пачалася вайна. Усе, вядома, пакідалі працу — і па хатах. Я прыехаў у сваю Крупку, распрог каня, і тут жа брыгадзір мне дае даручэнне — адвезці ў суседнюю Скобраўку павесткі ў ваенкамат.
А тым часам у палку, які перабазіравалі на запасны аэрадром, ішла падрыхтоўка да вылетаў. Антон Зубоўскі дагэтуль памятае, як з вайкоўцамі развітваліся маці, жонкі і сёстры. У ноч на 24 чэрвеня полк пакінуў аэрадром. Назад не вярнуўся. Як мяркуе сведка тых падзей, або атрымаў указанне перабазіравацца ў глыбіню краіны, або ўсе загінулі.
Дагэтуль перад вачыма ветэрана стаіць дарога Мінск — Бабруйск, уся загружаная бежанцамі. «Я ў гэтыя дні пасвіў калгасную скаціну, — гаворыць Антон Сцяпанавіч. — Помню, як з неба на палеткі, на жывёлу падалі гарэлыя паперкі — гарэў Мінск». Праз тыдзень з'явіліся фашысты і ў іх вёсцы.
Тры гады Антон Зубоўскі пражыў у акупацыі. Увесь гэты час — у цяжкай працы, на якую пастаянна адпраўлялі акупанты. Першай справай нацысты забралі ў людзей буйную рагатую жывёлу. Добра, што не лютавалі, як гэта было ў многіх населеных пунктах, — у той жа суседняй Скобраўцы, дзе гітлераўцы бралі ў дзяцей кроў. Праўда, у гады вайны мясцовыя жыхары аб гэтым нават не здагадваліся.
Партызаны, па словах ветэрана, у іх мясцовасці з'явіліся не адразу. Мясцовыя жыхары чым маглі дапамагалі. У асноўным прадуктамі, начлегам. Як прызнаецца Антон Сцяпанавіч, каб і хацеў нечым большым дапамагчы, то не мог — увесь час хварэў: то на ангіну з ускладненнем на сэрца, то на сыпны тыф.
— Без памяці, напэўна, дзён дзесяць ляжаў, — кажа ён. — Хворых ізалявала нямецкая адміністрацыя, ніхто нас не лячыў. Жудасная хвароба. Ад яе ў нашай сям'і памерлі бацька, цётка і бабуля. Калі я прыйшоў у прытомнасць, у мяне пачаліся галюцынацыі. Хацеў падняцца і падысці да акенца — не было сіл. Неяк выжыў.
Затым было яшчэ адно выпрабаванне. Чырвоная Армія была ўжо блізка. Немцы лютавалі яшчэ мацней. Партызанаў акружылі з усіх бакоў, працаздольную моладзь з навакольных вёсак адпраўлялі на прымусовыя работы ў Германію. Каб не трапіць у адзін з такіх вагонаў, якія трымалі шлях на Захад, Антон Зубоўскі разам з малодшым братам зрабілі на сенакосе шалаш. Там і жылі. Такіх шалашоў было шмат: людзі хаваліся цэлымі сем'ямі, бралі з сабой нават кароў.
«У адну з начэй прыляцелі бамбардзіроўшчыкі, — успамінае ветэран. — Мы спалі з братам. Я прачнуўся, разбудзіў яго, і мы выскачылі. Шалаш праз лічаныя хвіліны пасекла аскепкамі і закідала зямлёй. Нас цудам не зачапіла толькі таму, што мы своечасова выбеглі і заселі каля куста ў балоце. Вядома, моцна спалохаліся».
Раніцай на сенакос нехта прыбег з вёскі. Паведаміў радасную вестку: прыйшла Чырвоная Армія. Усе кінуліся дахаты. Мужчын прызыўнога ўзросту адразу пачалі накіроўваць на фронт. Літаральна праз трэція-чацвёртыя суткі ў вёску прыйшлі пахаванкі...
Антона Зубоўскага мабілізавалі 14 ліпеня 1944 года. Атрымалі ў Мар'інай Горцы сутачны сухі паёк і пешшу пайшлі ў Тальку, што таксама на Пухавіччыне. Там маладых людзей пагрузілі ў вагоны. Ехалі нядоўга. Высадзіліся ў Кіраўскім раёне. Тут для іх ужо былі пабудаваны зямлянкі. Пачаліся ваенныя будні: страявая падрыхтоўка, вывучэнне статута, зброі, у тым ліку асвойвалі кулямёт «Максім».
Кармілі дрэнна. Салдаты пастаянна былі галодныя. А нагрузка — вялізная: увесь час на нагах. Стомленыя за дзень, вайскоўцы не маглі добра адпачыць нават ноччу — даймалі блохі. Перад самай адпраўкай на фронт Антон Зубоўскі захварэў на малярыю. «Спачатку думалі, што я прыкідваюся, пакуль не прыйшоў нават на гэтую бедную вячэру і не ўпаў на нары», — успамінае Антон Сцяпанавіч.
Калі паправіўся, вайскоўца пасадзілі ў цяплушку і адправілі ў Мінск. Ветэран і сёння памятае, як добра там сустракалі салдат. Галоўнае — гарачай ежай накарамілі. Антона Зубоўскага накіравалі ў 31-ю армію 3-га Беларускага фронту. Служба пачалася ў 62-й дывізіі, 306-м стралковым палку, які на той момант дыслацыраваўся ў раёне горада Сувалкі на мяжы Польшчы, Усходняй Прусіі і Літвы. Менавіта там адбылося першае баявое хрышчэнне яфрэйтара Зубоўскага.
— Мне вельмі запомнілася выступленне палітсупрацоўніка, калі ён звярнуўся да нас перад першым боем, — згадвае Антон Зубоўскі. — Я не памятаю ні яго імя, ні звання, але дагэтуль у памяці яго словы. Гэтая прамова так уразіла мяне, 18-гадовага хлопца, што не было ніякага страху. Толькі адно жаданне — ісці ў бой і перамагчы. Так і падчас баявых дзеянняў: панёсся наперад, як на спаборніцтвах, нічога не баяўся. Проста здзіўляюся, як магло такое быць.
Падчас першага бою ён быў паранены ў плячо. Няцяжка. Да эвакашпіталя дайшоў на сваіх нагах. Аперацыі там, па яго словах, ішлі канвеерам. Паколькі ён быў не моцна паранены, Антона Зубоўскага накіравалі ў каманду пры шпіталі: дапамагаў медыцынскай сястры даглядаць хворых.
Пасля выпіскі са шпіталя Антон Зубоўскі трапіў у 199 вучэбны батальён. У пачатку 1945 года ваяваў на тэрыторыі Усходняй Прусіі. «Нашы войскі ішлі так хутка, што трафейныя каманды нават не паспявалі навесці парадак, — успамінае ўдзельнік тых падзей. — Вялікія страты былі. Асабіста я не ўдзельнічаў ні ў штурме дотаў, ні іх фартоў. Напэўна, таму і жывы застаўся».
У сакавіку 1945-га вайсковае злучэнне, у якім ён служыў, перакінулі на 1-ы Украінскі фронт, у Сілезію, праз якую нашы войскі іншлі на Чэхаславакію і Берлін. Там вайскоўцу прысвоілі званне малодшага сяржанта. Антон Зубоўскі з'яўляўся памочнікам камандзіра ўзвода. У яго падначаленні аказаліся грамадзяне з Заходняй Украіны.
— Гэта былі людзі, прасякнутыя духам бандэраўшчыны, — расказвае ветэран вайны. — Толькі цяпер гэта разумею. Тады ж не ведаў ні бандэраўцаў, ні таго, чым дыхае Заходняя Украіна. Як гэта праяўлялася? На ўзбраенні ўзвода знаходзіўся кулямёт Дзегцярова, а ніхто з салдат не можа яго абслугоўваць: хрысцяцца, што не ўмеюць. Прыходзіцца мне самому дзяжурыць каля яго, у тым ліку і ноччу. Раздаю падначаленым ручныя гранаты — зноў хрысцяцца, што не ведаюць, як імі карыстацца. Ніхто з іх нават спяваць не ўмеў або не хацеў — песні ж былі савецкія.
Антон Зубоўскі мог загінуць за некалькі дзён да Перамогі. «Ужо паў Берлін, адчуваецца набліжэнне канца вайны, — успамінае ён. — Я знаходжуся каля кулямёта. Нейкі фашыст, мала яму было чатырох гадоў вайны, заўважыў мяне, і давай абстрэльваць. Адразу не зразумеў: думаў, чмялі лётаюць, а тут куля прасвісцела. Тады я зразумеў: на мяне вялося паляванне».
У лічаныя дні да аб'яўлення Германіяй аб капітуляцыі ў падраздзяленні здарылася бяда. 7 мая вайскоўцам было загадана зняцца з раёна абароны, ісці маршам у бок Чэхаславакіі. У лесе экіпаж, які вёз артылерыйскую зброю, падарваўся на фугасе. Хлопцы загінулі. Заставаліся суткі да Перамогі...
У адной з вёсак, якую падраздзяленню трэба было штурмаваць, ад мясцовай жыхаркі даведаліся, што вайна скончылася. «Ніхто з камандзіраў нам пра гэта не гаварыў, — заўважае Антон Сцяпанавіч. — Паснедалі — і на Чэхаславакію. Гэта было 8 мая. Вясна, квітнеюць сады (фруктовыя дрэвы былі пасаджаны ўздоўж дарог), крыніцы дагледжаныя, вада ў іх — мінеральная. Мы жывыя! Чэхі нас сустракаюць з кветкамі, з песнямі».
Затым былі армейскія працоўныя будні ў Сілезіі. Там Антона Зубоўскага ўзнагародзілі ордэнам Славы ІІІ-й ступені. Пасля накіравалі разам з іншымі вайскоўцамі ў Дрэздэн — паступаць у ваеннае вучылішча. Паспяхова прайшоў некалькі камісій, але ў выніку не прынялі. «Потым я зразумеў, чаму: скончыў сем класаў, знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі, але я ж у гэтым быў не вінаваты!» — кажа ветэран.
Вярнуўся назад у падраздзяленне. Войскаў там ужо не было. Антон Зубоўскі прыехаў у Кіеў, на перасыльны пункт. Накіравалі ў батарэю аэрадромнага абслугоўвання. З тых часоў ён быў звязаны з авіяцыяй.
Пакуль праходзіў у Кіеве тэрміновую службу, паралельна, у вячэрняй школе, скончыў 8, 9 і 10 класы. Атрымаўшы залаты медаль і завяршыўшы службу ў арміі, у 1951 годзе Антон Зубоўскі паступіў у Кіеўскае вышэйшае ваеннае авіяцыйнае інжынернае вучылішча на радыётэхнічны факультэт. Служыў у Ліпецку, Кубінцы. У 1967 годзе ён — старшы выкладчык Курганскага вышэйшага ваенна-палітычнага авіяцыйнага вучылішча. Там і скончыў службу. У арміі — 33 гады. Палкоўнікам запасу вярнуўся на Радзіму.
— Наш савецкі народ сваёй крывёй заліў зямлю ад Курыл да Ламанша: колькі загінула людзей, колькі засталося калек, удоў, сірот! — гаворыць франтавік. — Успамінаецца Кіеў. Каля сталовай, куды мы хадзілі, знаходзіўся дзіцячы садок. Дзеці-сіроты, як пчолы на мёд, чапляліся за нас і крычалі: «Мой бацька!». Слёзы наварочваліся... Здавалася б, чалавецтва павінна калі-небудзь усвядоміць, што вайна — гэта гора. Аднак пасля Другой сусветнай не спыняюцца! Гебельс ужо ні ў якія рамкі не ўпісваецца са сваімі падыходамі. Я жадаю моладзі не паддавацца ні на якія спакусы, не весціся на лёгкія грошы. Трэба вучыцца, працаваць, а самае галоўнае — любіць Радзіму.
Вераніка КАНЮТА
Фота аўтара
Напярэдадні прафесійнага свята педагогаў у Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі імідж настаўніка, усебаковае развіццё студэнтаў педагагічных ВНУ і новыя праекты.
Укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі ў практыку работы дзіцячых садкоў.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.