Вы тут

Уладзімір Громаў: За ўсё трэба плаціць сваю цану


Нарадзіцца ў сям'і музыкантаў, мабыць, было для Уладзіміра Валер'евіча знакам. Гэтую выснову я раблю пасля размовы з артыстам, бо ён перакананы, што блізкае атачэнне якраз і фарміруе адзін з самых важных выбараў у жыцці. Зрабіўшы свой, ён апынуўся на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета, дзе ўвасобіў дзясяткі роляў, сярод якіх — Фігара, князь Ігар, Макбет, Рыгалета, Яўгеній Анегін і іншыя. Апошнім часам творчае партфоліа папоўнілася спектаклямі «Дзікае паляванне караля Стаха», «Фаўст», «Вілісы. Фатум», і наперадзе, упэўнена, яшчэ многія ролі. Але самае цікавае, які артыст па-за сцэнай, калі ён застаецца ў адзіноце і становіцца самім сабой. Пра галоўнае ў закулісным жыцці і распытала ў народнага артыста Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Громава.


«Адпавядаць і ствараць уражанне»

— Сярод вашых узнагарод ёсць медаль Францыска Скарыны, званне Заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, званне Народнага артыста Беларусі, у 2020 −2021 гадах вы удастоены Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтваў, а ў мінулым годзе сталі лаўрэатам Міждзяржаўнай прэміі «Зоркі садружнасці». Ці маюць гэтыя ўзнагароды для вас асаблівую вагу?

— Мне, як чалавеку творчаму, любая ўхвала значная. Тым больш што гэта дзяржаўная ўзнагарода. Значыць, і цябе, і тое, чым ты займаешся, бачаць. Я ўвогуле для сябе неяк першапачаткова сфармуляваў, што такія адзнакі — сведчанне, што я некалі правільна абраў свой жыццёвы шлях. А любая ўзнагарода — гэта ў тым ліку і дадатковая адказнасць за тое, што робіш на сцэне.

— А калі разглядаць глабальна, то што для вас больш дарагое — узнагароды ці любоў гледача?

— Для артыста на першым месцы тое, што і як ён робіць. Для аўдыторыі, можа, большае значэнне мае тое, каго менавіта ён бачыць на сцэне.

— Думаю, што ўсё ж шараговы глядач перш за ўсё спрабуе адчуць, ці адгукаецца ў ім творчасць артыста, а не глядзіць біяграфію перад прыходам на канцэрт або спектакль...

— Мне здаецца, што гледачы (мы ж першапачаткова дзеці рэкламы) вельмі ласыя на розныя ярлыкі. Яны як дзеці, якія бачаць перад сабой цукерку і думаюць «хачу вось такую». І званні, узнагароды — гэта таксама свайго роду абгортка, каб чалавек разумеў: раз артыст мае такую адзнаку, то гэта добры ўзровень. Таму такога роду «маркеры» даюць аўдыторыі пэўныя падказкі і разуменне, што вартае ўвагі.

— Што для вас больш важна: дасягнуць вышынь у прафесіі ці не страціць гэтых пазіцый?

— Галоўнае — працягваць дасягаць новыя вышыні. Але трэба сувымяраць амбіцыі са сваімі магчымасцямі. Важна мець імкненне да росту. Сам чалавек сталее, мяняюцца яго погляды і адчуванне жыцця. Што датычыцца вакалістаў, мы па новай спасцігаем свой голас. Памятаю, калі я вучыўся граць на гітары, мой бацька казаў, што дзень без заняткаў — і ты ўжо на два крокі адступіў назад. Галасавы апарат не выключэнне. І так усё жыццё. Важна не здаваць пазіцый перш за ўсё перад сабой.

А потым ёсць яшчэ такі момант, як рэпутацыя. Многія людзі творчых прафесій пэўны час ні ад чаго не адмаўляюцца, а пасля пачынаюць выбіраць. Не разумеючы такіх паводзін, іншыя думаюць, што ты задзіраеш нос. Аднак тут трэба глядзець пад іншым ракурсам. Калі артыст адказна ставіцца да сваёй рэпутацыі, то глядзіць на тое, ці зможа ён запрапанаваны матэрыял упрыгожыць, ці асіліць яго. І толькі пасля таго, як прааналізаваў усё і ўзважыў, можна рабіць выбар. Калі артыст дасягае пэўнага ўзроўню спасціжэння сваёй неўсемагутнасці, то тады і пачынае адмаўляцца ад прапаноў. Такая адмова на карысць.

— Ці мае для вас значэнне фінансавы складнік?

— Баюся паказацца камусьці няшчырым, але практычна ўсё жыццё я не задумваўся аб тым, колькі буду зарабляць прафесіяй, якую абраў. Разам з тым я не ўяўляў сябе нікім, акрамя музыканта. Іншая справа, што з дасягненнем пэўнага ўзроўню ў рэалізацыі сябе на сцэне чалавек становіцца заўважным. Пачынаюць паступаць прапановы аб супрацоўніцтве, і яны аплачваюцца. Але ўсё ж не фінансавы складнік у нашай прафесіі галоўны.

«Свой выбар і свая праўда»

— Зразумела, важная самарэалізацыя, але вы — мужчына і адказны за сям'ю...

— У многіх музыкантаў, спевакоў і саміх гледачоў узнікае пытанне: а ці спяваў ён у Ла Скала? Чамусьці ў нас так «мераецца» прафесіяналізм. Але я сам ніколі не адчуваў ніякага піетэту перад нейкімі сур'ёзнымі пляцоўкамі, мне заўсёды было больш важна, з кім мы выступалі на тых сцэнах. І я разважаў: раз спяваю на адной сцэне з такімі майстрамі, то і сам чагосьці варты. Можна сказаць, тут псіхалагічны момант, які цябе стымулюе выступіць на той ці іншай пляцоўцы. Для таго, каб цябе запрасілі спяваць у Метраполітэн Опера, праводзіцца вялікая падрыхтоўчая праца. Праслухоўванні, кастынгі, у што таксама трэба ўкладацца фінансава. І вось мы падыходзім да пытання сацыяльнай адказнасці, улічваючы, што ты чалавек сямейны. Я ажаніўся яшчэ ў студэнцкія гады і заўсёды ведаў, што пры неабходнасці знайду магчымасць зарабіць грошы. Жылі мы не шыкоўна, але я разумеў, што калі пачну раз'язджаць па праслухоўваннях, то не абыдзецца без выдаткаў. А значыць, патрэбна будзе выводзіць пэўныя сумы з сямейнага бюджэту. Плюс за ўсё ў жыцці трэба плаціць сваю цану. Што адбываецца, калі чалавек працуе за мяжой? Яго няма ў сям'і. І ў мяне перад вачыма было шмат прыкладаў, калі саюзы руйнаваліся менавіта з-за таго, што людзі больш часу аддавалі прафесіі, а не блізкім. Кожны выбірае сваё. Мяне запрашалі працаваць за мяжу, аднак я выбраў застацца дома. Можа, і добра, калі ты прачынаешся раніцай, а за акном — мора, сонца, але не толькі гэта фарміруе наша быццё. Значна важней, якія людзі побач, менталітэт... Мне камфортна працаваць тут, і не трэба імкнуцца скокнуць вышэй за галаву, каб цябе заўважылі. Наадварот, я працую так, каб да мяне прыходзілі і прапаноўвалі супрацоўніцтва. У кожнага свой выбар і праўда.

— Вы з сямі гадоў пачалі іграць на гітары... Ці даваў нейкі бонус ваш артыстызм у кампаніі аднагодкаў?

— Дзяцінства — гэта дзяцінства. І мне тады не хапала бязладнага баўлення часу на вуліцы, свабоды. Замест гэтага я сядзеў дома і займаўся музыкай. Хаця і іграць на гітары, і вучыць урокі мне не вельмі падабалася. Таму мог гадзінамі сядзець і глядзець у вакно, дзе іншыя дзеці гулялі ў футбол ці каталіся на веласпіедах. Я зараз не кажу пра тое, што дзяцей павінна выхоўваць вуліца. Проста калі ёсць сумеснае баўленне часу, то сацыялізацыя праходзіць больш гладка. Мне не хапала зносін з іншымі дзецьмі. Трэба было дзень за днём адшліфоўваць майстэрства. Што да нашай кампаніі сяброў, то там гітара, можа, і была бонусам, аднак усё ж тады больш цікавіліся спортам. З'явілася хваля відэафільмаў, і ўсе пачалі захапляцца ўсходнімі адзінаборствамі. Я быў далёкі ад такіх інтарэсаў. Хаця зараз мне падабаюцца розныя актыўнасці. Любім са старэйшым сынам на веласіпедах паганяць.

— Ведаю, што служба ў арміі змяніла ваш творчы лёс. А які жыццёвы вопыт вы там спасціглі?

— Цябе вырываюць са звыклых умоў, і ў арміі ты ўжо жывеш па іншым распарадку. У мяне, напрыклад, не было вопыту пражывання ў інтэрнаце, а там у адным пакоі побач жыве яшчэ 60 чалавек. Складана ў тым ліку і псіхалагічна. Плюс, што такое вайсковая часць? Гэта калі адны спяць, а іншыя служаць. Ты разумееш, што не на курорт трапіў. Значыць, павінен вытрымліваць усё, рабіць што скажуць, а не тое, што хочаш. Такая вось прышчэпка для дарослага жыцця. Я вярнуўся з арміі іншым чалавекам: змяніўся светапогляд, іншымі сталі прыярытэты. І гэта прывяло да жыцця, якое маю цяпер.

«Зерне вырасце ў нешта вялікае...»

— Пра сустрэчу з жонкай вы неяк сказалі: «Мы пазнаёміліся на афішы». Хто каго першым прыкмеціў?

— Ёсць добрае выказванне: «так гістарычна склалася». Мы супрацоўнічалі разам на нейкіх канцэртах, хоць я яшчэ быў студэнтам Акадэміі музыкі, а Наталля тады ўжо працавала пасля яе заканчэння. Сустракацца сталі пасля адной паездкі на прыроду ў агульнай кампаніі сяброў. Відаць, нешта «шчоўкнула».

— На што здольны мужчына, калі па-сапраўднаму закаханы?

— У яго змяняюцца прыярытэты. Сямейны мужчына ўсё выбудоўвае з пазіцыі таго, што ён мае адказнасць за родных яму людзей. І свае жаданні, надзеі ты разглядаеш праз прызму таго, як яны адаб'юцца на тваёй сям'і. Нават нейкія элементарныя рэчы, як, напрыклад, вольны час, падстройваеш пад патрэбы блізкіх. Аднак любая творчая прафесія патрабуе пэўнай долі адасобленасці. Музыкант, мастак, артыст нешта робіць не на сцэне, а ў перыяд, пакуль рыхтуецца да свайго выхаду на яе.

— Вось ёсць прафесія, ёсць побыт. І за дваццаць з лішнім гадоў сумеснага жыцця вы змяняецеся, пачуцці становяцца іншымі. Як усё ж падтрымліваць агонь у сямейным вогнішчы?

— Варта помніць, што сямейнае жыццё — гэта чарада кампрамісаў. Не бывае ўніверсальных людзей, якія ва ўсім добрыя. У кожнага свае недахопы і добрыя якасці. І я не выключэнне. Проста знаходзіцца той чалавек, які прымае цябе з усімі тваімі мінусамі, і вы застаяцеся разам.

— Творчая рэўнасць здаралася ў вашым сямейным саюзе?

— У мяне дакладна ніколі яе не было. Я спяваю, Наталля іграе на раялі. Кожны з нас вельмі сур'ёзна ставіцца да сваёй дзейнасці і прайшоў уласны няпросты шлях у музыцы. Наогул праца музыканта не такая святочная, як можа здавацца публіцы, калі яе ацэньваюць толькі па прыхільніках, букетах кветак і гучных авацыях. Гледачу часта здаецца, быццам усё проста і лёгка. Можа, тое і ёсць сведчаннем, што мы ўсё робім правільна, але ад гэтага наша прафесія не становіцца лёгкай. Таму нам з жонкай няма часу глядзець навокал. Разам з тым мы назіраем адзін за адным, аналізуем, абмяркоўваем нейкія моманты, дзелімся ўражаннямі. Аднак калі мы з Наталляй рабілі сумесныя канцэртныя праграмы, то там не раз іскры ляцелі.

— Як вы пераключаецеся са сцэнічнага на рэальнае жыццё?

— Калі выходзіш на паклон і бачыш захапленне публікі, разумееш, што ўсё не дарэмна. Аддача гледачоў запускае той самы механізм аднаўлення энергіі артыста. Ёсць і дакладнае размежаванне паміж сцэнай і рэальным жыццём, але механізм псіхалагічнага запавольвання ў мяне спрацоўвае вельмі складана. Нас, артыстаў, вучаць уключацца ў спектакль на раз, а выключацца так не атрымліваецца. Таму потым вельмі няпроста. Асабліва калі цяжкія спектаклі. Пасля іх некалькі дзён ходзіш як цень і не спіш начамі. Сіл няма ні на што, хоць, зноў жа, глядач гэта наўрад ці зразумее. Вось, напрыклад, калі чалавек пойдзе ў лес і проста пакрычыць там пару хвілін на мяжы магчымасцяў, ці адчуе стомленасць? Мы ж на мяжы магчымасцяў працуем гадзінамі.

— Вы сваю прафесію выбралі часткова праз супраціўленне і маючы наглядны прыклад бацькоў. Тое, што і вашы сыны шукаюць сябе ў творчасці, вас радуе?

— Безумоўна, толькі я разумею, як няпроста быць чалавекам творчай прафесіі. Але яна дае раскошу ў тым сэнсе, што ты ўпускаеш у сябе багаты свет музыкі, і гэтага табе ўжо можа быць дастаткова, каб адчуваць сябе шчаслівым і спакойным. Неяк у адной піяністкі, якая перажыла лагеры смерці, спыталі, што дапамагло ён выжыць у такіх абставінах. Яна адказала: няўжо можна зламаць чалавека, у жыцці якога ёсць Бах? Свет музыкі, мастацтва настолькі бязмежны, што нават калі ў табе застаецца хоць зерне ад яго, то і яно вырасце ў нешта вялікае. А калі ўвогуле аддаешся гэтаму, то становішся самадастатковым.

— Наколькі моцна змяніў вас бацькоўскі вопыт?

— З кожным з сыноў я пражываю сапраўды розны вопыт. Да нараджэння Макара я ўвогуле не ведаў, як быць бацькам. І я не прыхільнік таго, што на чужым вопыце можна ў гэтым сэнсе нешта спасцігнуць. Так ужо з часам на нешта не звяртаеш увагі, у іншым месцы пачынаеш, наадварот, занадта непакоіцца. Часам бываеш да дзяцей больш патрабавальны, але забываеш, што іх жыццёвы досвед яшчэ нашмат меншы за твой. Каму з маіх сыноў у гэтым больш пашчасціла ці наадварот, нават не бяруся аналізаваць. Я проста часам пытаюся ў сябе, ці ўсё раблю правільна. Бо сям'я — той асяродак, дзе дзіця развіваецца і мысліць, выбудоўваючы сябе. Але мае самаедства і самакапанне таксама дадаюць новых фарбаў у паўсядзённасць.

— А што ў першую чаргу хочацца данесці дзецям перад іх выхадам у дарослае жыццё?

— З дзяцінства тлумачу сынам, што значыць быць дарослым. У нашым жыцці ёсць забароны. Нават у краме некаторыя тавары дзецям не прададуць да пэўнага ўзросту. Чаму? Бо настане час, і ты ўжо будзеш разумець, чаму для цябе яно было пад забаронай. І вось калі саспявае такі ўнутраны цэнзар, тады людзі і становяцца дарослымі. Плюс яшчэ адзін момант адносна вучобы. Калі чалавек у дзяцінстве робіць тое, што яму хочацца, то ў дарослым жыцці будзе рабіць тое, што яму скажуць. І наадварот: прыслухоўваючыся да таго, што табе раяць у дзяцінстве, у дарослым жыцці зможаце займацца тым, да чаго душа ляжыць.

Алена ДРАПКО

Фота з архіва Уладзіміра Громава

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.