Вы тут

Здам казу ў арэнду! А ўпрыдачу — курак


Днямі знаёмая даслала мне фота сімпатычнага міні-куратніка з нясушкамі. Маўляў, глядзі, як геніяльна. Людзі здаюць курачак разам з дамком на лета ў арэнду. Можа, возьмеш сабе? Будуць на сняданак свежыя рознакаляровыя яйкі, бо нясушкі ў гаспадыні няпростыя, пародзістыя. «Куры для мяне — драбнавата, — аджартавалася я. — Вось калі б казу!» — «А што ты смяешся, чула, што коз у нас таксама пачалі браць напракат, кажуць, што паслуга карыстаецца папулярнасцю ў дачнікаў». Пасля гэтай размовы я вырашыла пашукаць у інтэрнэце гаспадыньку, якая гатова здаць казу ў арэнду. У выніку знайшла толькі адну аб'яву: «Прадаю ці здаю ў арэнду на лета дзве козачкі-першакоткі змешанных парод, бязрогія прыгажунькі, 1,5-2 літры малака ў дзень». І адразу ж патэлефанавала, каб даведацца ўсе падрабязнасці.


Гэтую козачку можна арандаваць на лета хоць сёння.

Пенка і Мілка шукаюць дом на лета

— Добры вечар, вось думаю ўзяць казу ў арэнду. Распавядзіце, калі ласка, падрабязней пра вашых прыгажунек.

— У мяне ёсць дзве козачкі — Пенка і Мілка. Можаце выбраць любую, — з задавальненнем адгукаецца на маю просьбу гаспадыня Святлана. — Козачкам толькі год, маладзенькія. Сказаць, што яны вельмі малочная і раздоеныя, дык не. Казляняты яшчэ іх смокчуць. Калі будзеце браць, дык я ўжо іх і адсадзіла б. Казінае малачко смачнае, карыснае, без паху. Паўтара літра дакладна будзеце мець у дзень. Каза каштуе 250 рублёў. Звычайна людзі аддаюць усю суму. А потым, калі жывёла ім ужо не патрэбная (хтосьці бярэ на тры месяцы, хтосьці — на чатыры), прывозяць мне яе назад, і я вяртаю рэшту. Месяц арэнды каштуе 50 рублёў. Вось і атрымліваецца: калі возьмеце казу за 250 рублёў і прывезяце яе мне праз 3 месяцы, то я вам вярну 100 рублёў.

— А чым яе трэба карміць?

— Я даю раніцай 250—300 грам аўса ці казінага камбікорму. І пакуль козачка есць, яе можна спакойна падаіць. І вечарам — таксама крыху аўса, сена і ці свежаскошанай травы. Галоўнае, каб яна была не мокрая. Ды наогул козы ўсёедныя. Моркву прарадзіў, салата перарасла, радыска патрэскалася, кабачкамі завальваешся, яблыкаў нападала і гніюць... Куды ўсё гэта? Вядома, козачцы. Калі сена няма, можна, калі гуляеце, заадно і венікаў наламаць: з лазы, кляновыя. І дрэва абнаўляецца, і каза сытая.

— Але ж у мяне ніколі не было казы, я нават даіць яе не ўмею... Ці зможаце навучыць?

— Канечне, я вам усё пакажу. Калі прыедзеце, мы жывём недалёка ад Мінска, можаце яе самі падаіць пры мне. Там наогул няма нічога складанага. Козы вельмі паслухмяныя, ручныя, стаяць спакойна, нават прывязваць не трэба. Думаю, у вас праблем не будзе, справіцеся. Самае галоўнае, каб адказна ставіліся, даілі ў адзін і той жа час: раніцай і ўвечары. Гэта важна. Ну, і старайцеся добра даіць, да апошняй кропелькі, каб не заставалася малака, бо застоі ў вымені потым правакуюць з'яўленне розных бактэрый.

Так выглядаюць перанасныя куратнікі.

— А дзе ўтрымліваць казу, напэўна ж, патрэбна нейкае памяшканне?

— Уцепленага нічога не трэба. Ім хапае на лета і навесу. Добра было б зрабіць загончык, каб яна магла там гуляць, бо козы грызуць дрэвы, кусты, у градкі могуць залезці. Калі адзін раз трапіла, то ўсё, не адвадзіш. Будзе імкнуцца нават праз сетку. Альбо можна навязваць на полі. Летась сям'я ў мяне брала казу ў арэнду, дык яны агарод не садзяць, таму яна ў іх наогул жыла ў двары, яе ніхто не прывязваў.

— А як вам прыйшла ідэя здаваць коз у арэнду?

— Дачнікі самі мяне прасілі: «А можна нам толькі на лета?» Таму я ўжо так і пішу ў аб'яве: «Прадам альбо здам у арэнду». У мяне ёсць старая каза, 5 гадоў ёй ужо — нам на сям'ю хапае. А вось маладзенькіх козачак куды дзяваць? Яны ж нараджаюцца штогод, па 2-3. Таму прыходзіцца распрадаваць ці здаваць у арэнду. Людзі бяруць казу напракат, як правіла, дзеля дзяцей. Была ў мяне адна пажылая пара. Яны ўсё лета жывуць на дачы. Да іх прывозяць унукаў на канікулы з Мінска. Адна дзяўчынка — алергік. Спачатку яны набывалі для яе казінае малако ў мясцовай гаспадыні. А потым нехта ім параіў, што будзе больш выгадна ўзяць жывёлу ў арэнду. Так у іх двары пасялілася козачка. Дзеці рвалі ёй траву, насілі венікі з галінак, бралі з сабой на прагулку ў лес, яна бегала за імі як сабачка. Увосень яны вярталіся ў горад, таму прывозілі мне казу назад. А ўлетку зноў бралі. Акрамя таго, ёсць людзі, якія арандуюць казу для бабулі, якая зімуе ў горадзе, а як пацяплее, вяртаецца ў сваю родную хату.

— Практыка здачы коз у арэнду вельмі распаўсюджана за мяжой. У адным з чатаў сустрэла каментарый абуранага гаспадара. «Летась дачнікі папрасілі казу ў арэнду для малака. Пайшоў насустрач. Неяк прыйшоў паглядзець, як яны спраўляюцца, — ледзь прытомнасць не страціў. Стаіць каза, прывязана да плота на спёцы, а побач міска з бульбянымі ачысткамі». Ну ён пасварыўся з імі і забраў казу. Розныя людзі — рознае стаўленне да жывёлы, тым больш не сваёй... Не баіцеся давяраць сваіх козачак незнаёмым?

— Дык людзі ў мяне адказна падыходзілі. Дзякуй богу, нармальных вярталі. Заўсёды кажу: калі будуць пытанні, я на сувязі, тэлефануйце. А што там можна сапсаваць? Толькі вымя запусціць, калі не падаіць. Але ж яна будзе мекаць, хвалявацца, клікаць вас. Як жа не падысці і не падаіць казу?

— А можна ўзяць у арэнду казу з казлянятамі?

— Дык яны ж вам не дадуць малака ніколькі сабраць. У мяне цяпер першакоткі, я з іх наогул малака не бачу. Усё казляняты выпіваюць, ходзяць і смокчуць. Шмат людзей тэлефануе, распытваюць, як і вы. Але глядзець пакуль не прыязджалі. Можа, вырашаюць, што лягчэй проста пайсці і купіць малако, калі ў вёсцы ёсць козы ў кагосьці. І да мяне прыходзяць, пытаюцца пра малако. Але я продажам не займаюся. Гадую казу для сваёй сям'і. А вось сястра мая, у яе таксама козы, прадае малако, тварог, сыры варыць. У яе цэлы бізнес. Людзі ў нас у акрузе бяруць за казінае малако ад 5 да 7 рублёў за літр. Кілаграм казінага сыру каштуе 36—40 рублёў. Я лічу, што браць казу ў арэнду выгадна. Гэта абыдзецца вам танней, чым бы вы плацілі за казінае малако. Ну, самі лічыце: за 50 рублёў вы купіце ўсяго 10 літровых слоікаў, а то і менш. За месяц з арандаванай казы надоіце значна больш малака. Але ж варта ўлічваць, што яе яшчэ трэба карміць. Падумайце, парайцеся. Я заўсёды людзям кажу, што, перш чым браць адказнасць за жывёлу, трэба разлічваць свае сілы. Догляд казы, як ні круці, вымагае дадатковага часу. Раніцай пакарміць-папаіць, падаіць, потым павесці навязаць. Вечарам зноў: прывесці, папаіць-пакарміць, падаіць. Ну, і дома трэба быць штодзень, ужо нікуды ў госці з начоўкай не ад'едзеш.

Яйкі бываюць не толькі карычневыя і белыя, але і так званыя велікодныя. Іх колер залежыць, як правіла, ад пароды курэй.

Пасля гэтай размовы ўвечары жартам прапанавала мужу ўзяць казу ў арэнду. Той толькі пасмяяўся: «Ага, прыйдзецца тады суседку прасіць не толькі котку карміць, але і казу даіць». Бо мы зусім не дамаседы, часта ад'язджаем на некалькі дзён.

Свежыя яйкі да сняданку

Жывучы ў вёсцы, ужо не першы год назіраю, што дачнікі, прыязджаючы на лецішча, купляюць малако ды яйкі ў мясцовых жыхароў. Але часам ахвотных больш, чым тых самых яек. Прадпрымальныя людзі знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі. Нядаўна ў сацсетках пабачыла, што адна наша беларуская гаспадынька, якая вырошчвае курачак сабе на радасць, вырашыла здаваць нясушак напракат. Тым, хто хоча паспрабаваць сябе ў вясковай гаспадарцы альбо проста жадае глядзець на прыгожае. Яна толькі нядаўна агучыла сваю ідэю і вывучае попыт на гэтую з'яву, таму пакуль не гатова расказваць пра свой праект. Але, калі ўсё атрымаецца, з радасцю падзеліцца досведам. Скажу адно: людзі цікавяцца прапановай (відаць па каментарыях пад публікацыяй у «Інстаграме»), задаюць пытанні: «Колькі яек будзем мець? А як быць, калі захварэюць? Ці можна выпускаць курэй з доміка? Чым карміць нясушак?» Усе рэкамендацыі сваім кліентам гаспадыня дасць пры сустрэчы.

У некаторых краінах, у прыватнасці ў Германіі, Амерыцы, Вялікабрытаніі, Канадзе, актыўна развіваецца бізнес па арэндзе курэй. Дарэчы, попыт на нясушак істотна ўзрос падчас пандэміі. Фермер рыхтуе ўсё неабходнае, каб можна было адразу гэтым карыстацца (а не думаць, з чаго пачаць). У прыватнасці, сам дастаўляе міні-птушкаферму разам з кормам на ўчастак арандатара. Кліент на працягу абгаворанага часу — мінімум 2 тыдні — два разы на дзень корміць-поіць курэй, перыядычна перасоўвае куратнік на свежую траўку і збірае свежыя яйкі (адна птушка можа знесці каля 5 яечак на тыдзень). А потым вяртае нясушак гаспадару. Калі хтосьці захоча выкупіць іх назусім, калі ласка. Курэй па восені можна пакінуць сабе — для зімняга баршча.

У невялічкай нямецкай вёсачцы, дзе я ў студэнцкія часы амаль месяц жыла разам з іншымі валанцёрамі, быў фермер, які разводзіў курэй. Дык вось ён некалькі нясушак у камплекце з мініяцюрным перасоўным куратнікам здаваў у арэнду дзіцячаму садку. Мне падаецца, гэты досвед варты пераймання. Бо дзеці вучыліся даглядаць птушку — кармілі і паілі. Акрамя таго, што ім змалку прывіваецца дабрыня і адказнасць, яны яшчэ маюць нагляднае ўяўленне, адкуль бяруцца яйкі на іх стале.

Насамрэч ідэя здаваць свойскіх жывёл у арэнду далёка не новая. У савецкія часы, напрыклад, можна было арандаваць карову ў калгаса. Памятаеце, як у мульціку «Канікулы ў Прастаквашыне» Шарык кажа: «Карова ў нас чыя? Дзяржаўная! Мы ж яе напракат узялі». Вось і атрымліваецца, што ўзяць напракат можна не толькі машыну, дзіцячую каляску, вясельную сукенку, карову, казу ды курыцу, а ўсё, што заўгодна. Напрыклад, у Германіі прадпрымальнікі здаюць у арэнду трусоў, пчол і нават сабак. Прадстаўляюць на нейкі час людзям сваіх гадаванцаў і нямецкія прытулкі для жывёл. Але ў іх іншая мэта — знайсці пастаяннага гаспадара для бяздомных коцікаў ды сабачак. Узяць жывую істоту напракат — значна больш гуманна, чым здаваць у прытулак праз некалькі тыдняў пасля пакупкі. Лепш паспрабаваць пажыць з жывёлай часова і зразумець, падыходзіць яна вам наогул ці не.

Амерыканская ж фірма пайшла далей і прапанавала гэтай вясной сваім кліентам незвычайную паслугу — куранят напракат. Гэта звязана з тым, што на Вялікдзень у многіх краінах прынята дарыць усё з выявамі ці ў выглядзе жоўтых камячкоў: паштоўкі, плюшавыя цацкі, дэкаратыўныя свечкі, шакаладныя фігуркі. Мая ж сястра, якая ўжо даўно жыве ў Амерыцы, распавядала, што ў іх свойскіх жывёл часта арандуюць для фотасесій, прывозяць курэй, коз, гусей і нават парсючкоў на дзіцячыя дні нараджэння. Дзецям — забава, а фермерам — прыбытак. Праўда, вялікі ён будзе ці малы, залежыць ад аб'ёмаў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

Сяргей Лебедзеў: Дзяржавы СНД выступаюць за зацвярджэнне справядлівага шматпалярнага светаўладкавання

8 снежня споўнілася 32 гады з дня ўтварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Спорт

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

Галоўны дырэктар Дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5» распавёў «Звяздзе», чым жыве «спартыўны холдынг»

«Галоўная задача „Беларусь 5“ — паказваць беларускаму гледачу беларускі спорт».