Вы тут

Навошта нам крытычнае мысленне і як яго развіваць?


Супраць каго накіраваны інфармацыйныя войны, каму яны выгадныя і як працуе іх механізм? Навошта нам крытычнае мысленне? І як яно дапамагае не паддавацца ўплыву інфармацыйных войнаў? Як развіць у сабе ўменне ацэньваць сітуацыю максімальна аб'ектыўна і прымаць правільнае рашэнне? Як не страціць крытычнае мысленне з узростам? Чаму нас так лёгка падмануць, кім бы мы ні былі: знакамітым вучоным ці дасведчаным чалавекам? Якія нашы недахопы і недасканаласці не даюць нам выйсці за звыклыя рамкі і чым шкодзіць шаблоннае мысленне? Пра гэта і іншае гутарым з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гарбанніджадам.


Фота: pixabay.com

— Доктар Гумен, чаму тэма інфармацыйных войнаў такая актуальная сёння?

— Мы жывём у той перыяд развіцця цывілізацый, калі пастаянна трапляем пад псіхалагічнае ўздзеянне розных інфармацыйных і ментальных войнаў, яны атакуюць нас з розных бакоў. Гэта адназначна можа мяняць наша жыццё і той кірунак, куды мы рухаемся. Яны атрымалі цяпер такое развіццё, што няма чалавека, які б з імі не сутыкаўся, гэта датычыцца літаральна кожнага.

— Хто вядзе інфармацыйныя войны? Каму яны выгадныя?

— Яны вядуцца няспешна, пастаянна і дыстанцыйна. І гэта дыстанцыйнае ўздзеянне, як паказвае практыка, прыходзіць з іншых краін, далёкіх ад месца жыхарства людзей, на якіх яно накіравана. Як правіла, інфармацыйныя і ментальныя войны вядуцца з боку больш развітых краін у адносінах тых, якія развіваюцца. Бясспрэчна, гэта затарможвае развіццё бяднейшых краін на карысць заможных. Не трэба быць вялікім дыпламатам ці палітыкам, каб зразумець, што без краін, якія развіваюцца, не можа быць развітых. Апошнія пастаянна імкнуцца вырашаць свае праблемы за чужы кошт. Мы ведаем, што адрозненне краін, якія развіваюцца, — гэта людзі і іх спосаб мыслення.

— І ці ёсць спосабы не паддацца такому ўплыву?

— Для таго, каб зразумець, як гэтаму супрацьстаяць, трэба ведаць, на якія ўчасткі галаўнога мозгу ідзе ўздзеянне і якія яго асаблівасці дазваляюць прымусіць нас рабіць тыя рэчы, якія напачатку здаюцца нам вельмі правільнымі, а пасля час паказвае, што яны былі памылковыя. Калі мы ў гэтым сабе прызнаемся, бывае ўжо позна, бо такія дзеянні часта маюць незваротны характар. Калі мы ў пэўнай афрыканскай краіне, дзе яшчэ няма рэлігіі, пачнём распаўсюджваць нейкае канкрэтнае веравызнанне, то наўрад ці яно зменіцца ў наступных пакаленняў.

Адзінае, што затарможвае ўздзеянне інфармацыйных войнаў, — крытычнае мысленне. Яно дазваляе перабудаваць ход нашых думак, асэнсаваць, што мы былі падманутыя, прычым часта самімі сабой.

Мадэляванне паводзін людзей было праведзена на малпах. У клетцы іх было 10, зверху вісеў банан і стаяла табурэтка. Было нескладана падняцца, сарваць банан і з'есці. Аднак кожны раз, калі малпа хацела залезці па банан, яе аблівалі халоднай вадой, што выклікала ў жывелы дыскамфорт. І праз нейкі час малпы спынілі спробы дастаць банан. Так ён і вісеў. У клетку дадавалі па адной новай малпе, якая не ведала, што там адбываецца. Натуральна, яна хацела залезці і сарваць банан, але суродзічы накідваліся на яе і пачыналі біць, і малпа спыняла свае спробы дастаць банан. З часам у клетцы змяніліся ўсе малпы: ні адну з іх раней не аблівалі вадой, але ніхто з іх не рабіў спробаў дастаць банан, бо ведаў, што чамусьці нельга яго браць. І такія ўстаноўкі змяняць дастаткова складана.

Таму калі вядуцца дыстанцыйныя ментальныя войны, то нават пасля змены пакалення нашчадкі будуць паўтараць тое, што рабілі папярэднікі, нават не ведаючы, чаму. Гэта мае дастаткова цяжкія наступствы для грамадства.

— Менавіта таму большая частка людзей павінна мець крытычнае мысленне?

— Гэта ўвогуле ўласцівасць чалавека будучыні. Згодна са справаздачай сусветнага эканамічнага форуму пра ўласцівасці, якія спатрэбяцца чалавецтву, на першым месцы знаходзіцца наяўнасць крытычнага мыслення. Любая цывілізаваная краіна павінна мець пераважную большаць людзей з крытычным мысленнем. Каб развівацца і рухацца наперад, людзі мусяць мець крытычнае мысленне, а не шаблонныя паводзіны. Бо з шаблоннымі паводзінамі мы топчамся на месцы, паўтараючы тое, што рабілі іншыя.

— Дык што ж такое крытычнае мысленне?

— Паводле такога аўтара, як Том Чатфілд, крытычнае мысленне — гэта ўменне ацаніць сітуацыю максімальна аб'ектыўна. Іншымі словамі, крытычнае мысленне — гэта здольнасць чалавека з дапамогай розных прыёмаў рабіць абгрунтаваныя высновы і прымаць узважанае рашэнне. Натуральна, з крытычным мысленнем ніхто не нарадзіўся, яго трэба развіваць. Яно не працуе пастаянна — 24/7, гэта ўсяго толькі інструмент, які мы павінны выкарыстоўваць, калі нам варта прымаць пэўныя рашэнні. Менавіта ў такія важныя моманты яно нам неабходна.

Увогуле, у 1910 годзе гэты тэрмін упершыню ўжыў амерыканскі філосаф і педагог Джон Дзьюі ў кнізе «Як мы мыслім». Раней крытычнае мысленне было прэрагатывай эліты. З-за яго людзей спальвалі на вогнішчы і рабілі ворагамі, бо яны нязручныя для сістэмы, у якой жылі. Чалавек з крытычным мысленнем не будзе слепа выконваць любы загад, перш чым нешта рабіць, ён узважыць за і супраць, будзе задаваць нязручныя пытанні. Цяпер жа крытычнае мысленне ператвараецца ў неад'емную частку якасцяў чалавека будучыні.

— Праз якія сродкі і каналы адбываюцца інфармацыйныя і ментальныя войны?

— Раней, калі не было хуткага абмену інфармацыяй, гэта рабілася з дапамогай кніг, публікацый. Але трэба было ўздзейнічаць на чалавека, каб ён чытаў пэўныя кнігі, газеты ці глядзеў адпаведныя каналы. Цяпер, калі ёсць сусветная інфармацыйная сістэма ці павуцінне, як называюць інтэрнэт, стала лягчэй. Каб паглядзець пэўную праграму на YouTubе, мы ўбачым мноства вокнаў — кожны раз нам прапануюць іншыя праграмы, рэкламу, карцінкі. Мы, скажам, хочам набыць пральную машыну і шукаем яе ў інтэрнэце, але за гэты час убачым мноства іншых аб'яў. Наша свядомасць іх паглынае і нейкім чынам пераконвае ў тым, што нам патрэбны і гэтыя тавары. Гэтыя тэхналогіі з кожным годам удасканальваюцца. Некалі папулярны 25 кадр — ужо штосьці старое як дыназаўр, сучасныя тэхналогіі дазваляюць больш масіравана ўздзейнічаць на нашу падсвядомасць і галаўны мозг.

— На каго разлічаны інфармацыйныя войны?

— На людзей розных узростаў, пачынаючы з дзіцячага да пажылога, характараў, узроўню адукаванасці, палітычных сімпатый і статусу ў грамадстве. На ўсіх гэтых людзей маюцца свае рычагі ўздзеяння і свае «кнопкі».

Інфармацыйныя войны прымяняліся стагоддзі таму. У свой час усіх апярэджвала Вялікабрытанія. Прыкладам таго, што яны могуць быць разлічаны на разумных людзей з высокім узроўнем інтэлекту стала нашумелая гісторыя чэрапа з падпіленым падбародкам, які прапаноўвалі як адсутнае звяно, што адрознівае чалавека ад малпы. Ён шмат гадоў знаходзіўся ў музеі навукі Вялікабрытаніі і яму была прысвечана бясконцая колькасць навуковых работ. І кожны раз, калі вучоныя хацелі яго вывучыць, ім давалі не арыгінал, а злепак. У выніку, калі дабраліся да сапраўднага чэрапа, аказалася, што ён падпілены. Было змарнавана столькі часу і сіл навукоўцаў, і калі б яны іх патрацілі на сапраўдныя праблемы чалавецтва, карысці было б нашмат больш.

У часы, калі Індыя была калоніяй Вялікабрытаніі, вядомая такая гісторыя: калі хлопец ударыў карову, якая разлеглася пасярод дарогі, і каб яе прагнаць і маглі праехаць машыны, пасол Вялікабрытаніі выйшаў з сваёй машыны і пачаў маліцца на гэту карову. Усе гэта ўбачылі, пачалі сварыцца на гэтага хлопца і таксама маліліся. Калі пасол вярнуўся ў сваю машыну, кіроўца спытаў: «Чаму вы так паступілі?» Ён адказаў: «Пакуль яны моляцца на гэту карову, мы можам імі кіраваць».

— З узростам мы можам страціць крытычнае мысленне?

— Мозг, як і мышцы, калі не трэніраваць, атрафіруецца. Калі мы на працягу жыцця атрымліваем новыя навыкі, напрыклад, вывучаем замежныя мовы, займаемся новымі відамі спорту, у нашым галаўным мозгу выбудоўваюцца новыя нейронныя сувязі, ён пастаянна працуе. Калі мы перастаем яго трэніраваць, не чытаем кніг, не павялічваем веды, мозг пачынае атрафіравацца, у нас пагаршаецца памяць. Вядомы факт, што людзі з разумовай работай жывуць даўжэй. Калі паглядзець на вучоных, якія ў сталым узросце атрымліваюць Нобелеўскую прэмію, яны істотна адрозніваюцца ад іншых старых. Гэта сведчыць пра тое, што разумовыя здольнасці і крэатыўнае мысленне можна захоўваць да глыбокай старасці. І тут многае залежыць ад нашага ладу жыцця.

Мозг так устроены, што ў маладосці чым больш мы атрымліваем навыкаў, вывучаем моў, тым большы робім запас нейронных сувязяў. І такая база, нават нягледзячы на тое, што з узростам нешта губляецца, будзе кампенсаваць страты. Калі з маладосці гэтага не рабіць, не развіваць інтэлект, то з узростам, паколькі назапашванні невялікія, інтэлект будзе аслабляцца.

— Чаму ж мы ўсё-такі паддаёмся часам на відавочныя фэйкі і правакацыі?

— Нашы паводзіны дастаткова разнастайныя, часам нават парадаксальныя. Чаму? Галаўны мозг пабудаваны так, каб з пункту погляду біялогіі мы выконвалі пэўную функцыю. І хуткасці нашага мыслення дастаткова высокія. Але не такія, як мы хацелі б. І каб павялічыць хуткасць, наша падсвядомасць працуе ярлыкамі. Калі мы бачым пару, якая выходзіць з нейкай адтуліны, спрацоўвае ярлык: гэта гарачае і датыкацца нельга. Насамрэч гэта можа быць і прахалодная пара, якая не апячэ.

Нашы парадаксальныя паводзіны праяўляюцца, калі мы ядзім востры перац чылі. Здаецца, што чалавек не павінен яго ўжываць: мы ж адчуваем пякоту, цякуць слёзы, і гэта выклікае дыскамфорт. Аднак ніхто не задае сабе пытанне: які кайф ад чылі? Замест яго можна ж узяць торцік і атрымаць задавальненне? Насамрэч у вострым чылі шмат вітаміну С і іншых карысных рэчываў, якія патрэбныя арганізму. І хоць вострая ежа — не самая здаровая, але пры неабходнасці арганізму варта атрымаць неабходнае з чылі. І калі чалавек яго ўжывае, мозг выпрацоўвае дафамін і ўзнагароджвае нас, мы адчуваем пачуццё шчасця. І такім чынам кампенсуем непрыемныя адчуванні.

Калі мы ўжываем сушаны перац чылі, мозг настроены на тое, каб пры паступленні вострай ежы выпрацоўваць гармоны шчасця. І мы любім вострую ежу, бо арганізм выпрацоўвае дафамін, хоць пры гэтым не атрымлівае тую колькасць карысных рэчываў, якія паступаюць са свежым перцам чылі. Аналагічны макет выкарыстоўваецца ў інфармацыйнай вайне: наш мозг успрымае лжывыя пасылы як сапраўдны «чылі» і вядзе чалавека ў тым напрамку, у якім патрэбна. Макет гэты штучны, але розніцу наш мозг не заўсёды ў сіле адчуць. І толькі крытычнае мысленне, калі яго развіваць, дапаможа разабрацца.

Калі мы бачым фота сакавітага лімона, у нас два шляхі. Першы: калі наш мозг успрымае гэта як сапраўдны лімон, і пачынае выдзяляцца сліна. А ёсць і іншы шлях: не расслабіцца і сказаць: «Чаму ў мяне цячэ сліна? Гэта ўсяго толькі карцінка, навошта сябе падманваць?» Крытычнае мысленне дае нам магчымасць не толькі не быць падманутымі збоку, але і самім сябе не падманваць.

— Чаму так адбываецца, што людзі вераць адной крыніцы інфармацыі і не ўспрымаюць іншыя, з супрацьлеглым пунктам погляду?

— Наш галаўны мозг не можа ўспрыняць тую вялікую колькасць інфармацыі, якая паступае, і гэта не трэба. У нас спрацоўвае своеасаблівы фільтр. Ён працуе двума спосабамі. Калі мы носім завушніцы, мы іх не адвуваем, бо праз нейкі час сігнал, што паступае, галаўны мозг блакіруе як абсалютна бескарысны. Іншая ўласцівасць нашага галаўнога мозгу ў тым, што ён прапускае толькі тую інфармацыю, у якую мы верым.

Калі размова ідзе пра інфармацыйную вайну, тут самае галоўнае — увайсці ў давер да чалавека, каб ён верыў у тое, што яму прыпадносяць. Тады галаўны мозг адштурхоўвае інфармацыю, якая супярэчыць, і больш засяроджаны на тым, у што верыць. Пры ўсёй павазе да рэлігіі, калі мы прымусім чалавека верыць у святую карову, то наўрад ці яму трэба расказваць пра карысныя ўласцівасці ялавічыны. У інфармацыйных войнах грамадства мусіць верыць пэўнаму інфармацыйнаму каналу, які і трансліруе патрэбны арганізатарам кантэнт.

— Як працуе механізм інфармацыйных войнаў?

— Сярод недахопаў і недасканаласцяў чалавека — пошук праблемы не ў сабе, а звонку. Гэта як згубіць ключ у цёмным пакоі, але ісці шукаць яго на вуліцу, бо там святлей. Нашы паводзіны часта прадыктаваны тым, што шчасце мы пачынаем шукаць у іншым месцы. Не ва ўсіх ёсць самакрытыка, а між іншым яе наяўнасць — адзін з крытэрыяў крытычнага мыслення. Спачатку шукаць праблему ў сабе, а не дзесьці.

Калі на факультэце, дзе ёсць пэўная колькасць двоечнікаў, замяніць дэкана, іх колькасць не зменшыцца. Гэтак жа, як і калі змяніць рэктара і нават міністра адукацыі. Калі возьмем на факультэт рэктара Оксфарда, нічога не зменіцца, і калі студэнтаў накіруем у Оксфард, яны таксама наўрад ці стануць выдатнікамі. Таму праблему заўсёды трэба шукаць у сабе. А калі з дапамогай інфармацыйных войнаў ствараецца такі рух, што праблема не ў вас, двоечніках, трэба абараняць вашы правы ў дэкана ці рэктара, двоечнікі з задавальненнем пойдуць за гэта, і да іх далучацца іншыя. У рэшце рэшт мы ўбачым хаос у гэтым універсітэце, але сутнасць з-за гэтага не зменіцца, не будзе развіцця ў лепшы бок. Гэта адна з методык стварэння рэвалюцый і хаосу ў розных краінах. Нам абаяцаюць, што шчасце недзе ў іншым месцы, давайце мы будзем яго дабівацца, і яно абавязкова ў вас будзе. Але практыка паказвае, што яно знаходзіцца ўнутры, а не звонку.

Інфармацыйныя войны накіраваны на тое, каб раз'яднаць людзей. Аднак калі ў бальніцы пакінуць толькі ўрачоў-прафесараў, гэта будзе самая горшая клініка, бо патрэбны санітары, медсёстры, прыбіральшчыкі, электрыкі, сантэхнікі. Можна для гэтага выкарыстоўваць працу прафесараў, але гэта тое ж самае, як залатым гадзіннікам забіваць цвікі. Каб сістэма функцыянавала паўнацэнна, патрэбны ўсе гэтыя людзі. І калі мы скажам прыбіральшчыкам: «А вы ведаеце, чаму вы не прафесар? Таму што ўшчамлялі вашы правы!» Зразумела, яны ніколі не будуць прафесарамі, але разбураць работу бальніцы. У гэтым стварэнні хаосу і шукаюць карысць арганізатары такіх войнаў, якія імкнуцца шмат злавіць у мутнай вадзе.

Таму сляпая вера і дагматызм ствараюць пэўныя рамкі нашага мыслення і не даюць нам выйсці за іх. Пры гэтым навука і наша жыццё не маюць граніц, а наша вера і рамкі не даюць развівацца і рухацца далей. І адна з мэт інфармацыйных войнаў — каб грамадства тапталася на адным месцы, а не рухалася наперад, у той час, калі канкурэнтная краіна развіваецца.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Не паддацца ўплыву

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.