Вы тут

У Віцебскім раёне прапануюць прайсціся сцежкамі самага высокага чалавека ў свеце


Віцебшчына вядома за сваімі межамі не толькі блакітнай сеткай азёр і рачушак, але і знакамітымі землякамі. Сярод іх — Фёдар Махноў, рост якога складаў 2 метра 85 сантыметраў. Па шэрагу звестак — самы высокі чалавек на Зямлі.


Фёдар нарадзіўся ў вёсцы Касцюкі Віцебскага раёна, спачаткку нічым не выбіваўся сярод дзятвы, а пасля пачаў так хутка расці, што ў 12 гадоў яго рост пераваліў за два метры. Валодаў велікан і надзвычайнай сілай: адной рукой мог гнуць падковы і распрашляць іх, закручваць у вузел жалезныя пруты, мог запрэгчыся замест каня і цягнуць калёсы. Але характар меў добры і вясёлы, любіў граць на гармоніку. У 1898 годзе незвычайнага хлопца заўважыў уладальнік нямецкага цырку Отто Біліндэр, ён запрасіў Фёдара на гастролі. Каронным нумарам асілка было падняцце драўлянай платформы, на якой граў аркестр з трох чалавек. 

Махноў быў добра вядомым у свеце: сустракаўся з прэзідэнтам ЗША, быў на прыёме ў англійскай каралевы і Папы Рымскага. Пасля шматлікіх гастроляў ён вярнуўся на радзіму ў Касцюкі, ажаніўся з вясковай настаўніцай Ефрасінняй Лебедзевай (рост яе быў амаль 2 метры), у сям’і нарадзілася пяцёра дзетак. Тады рост Фёдара Андрэевіча складаў 2 метра 85 сантыметраў, важыў больш за 180 кілаграмаў, даўжыня далоні і нагі — 32 і 51 сантыметры. Памёр у 34 гады, а месца, дзе жыў гэты выключны чалавек назвалі «Веліканавым хутарам». 

Жыццёвы шлях віцебскага асілка захоўваецца ў многіх музеях Віцебскага раёна, а ў Старым Сяле ў экспазіцыі прадстаўлены сапраўдныя рэшткі яго ложка. З мэтай папулярызыцыі брэнда Ф. Махнова райвыканкам сумесна з раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, мясцовымі ўладамі, прадпрыемствамі, установамі і грамадскімі арганізацыямі распрацоўваюць турыстычны праект «Сцежка волата» — гэта маршрут, які праходзіць праз месцы, звязаныя з дзейнасцю велікана. У межах яго добраўпарадкоўваюць населеныя пункты, праводзіцца рамонт аўтадарог, распрацоўваюцца турыстычна-пазнавальныя пешыя і роварныя маршруты, праводзіцца вялікая інфармацыйная работа. Плануецца абсталяваць кемпінгавыя зоны адпачынку, а для атрымання поўнай інфармацыі аб гістарычных аб’ектах і элементах прыроднага ландшафту на шляху ствараюць Qr-коды і сайт, з дапамогай якога прайсці па слядах Махнова змогуць замежныя турысты. У месцы броду праз рэчку Заронаўку, на якой волат працаваў пасля заканчэння цыркавой дзейнасці, плануецца пабудаваць мост, а яшчэ разынкай праекта стане адноўлены аўтэнтычны вадзяны млын, але стварэнне малых архітэктурных форм патрабуюць значных фінансавых і энергетычных укладанняў. 

У мэтах захавання прыроднай разнастайнасці раёна, павелічэння папуляцыі птушак, асаблівае месца ў праекце займае добраўпарадкаванне месцаў гнездавання. Стваральнікі сцежкі ўпэўненыя, што назіранне за птушкамі стане незвычайнай часткай маршруту, бо эка-адпачынак даўно карыстаецца папулярнасцю. Адказнасць за добраўпарадкаванне хатак на дрэвах ускладзена на ДЛГУ «Віцебскі лясгас», першыя крокі зроблены — вучні Старасельскай школы размясцілі самаробныя птушыныя домікі па маршруце в. Старое Сяло — в. Ламы — в. Пабядзіншчына.

У чэрвені бягучага года ў Віцебскім раёне пройдзе IV фестываль вулічнага мастацтва «Волаты Прыдзвіння», які сёлета набыў статус абласнога. Гэта свята збірае цыркавых артыстаў, асілкаў і мастацкія калектывы, а яшчэ два гады запар зоркай фестывалю, прысвечанага Фёдару Махнову, станавіўся яго стрыечны праўнук Якаў Мартынаў. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота з адкрытых крыніц.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».