Вы тут

Рэспубліканскі працоўны праект «Аўтазаводзец» ахопіць летам каля 120 чалавек


Рэспубліканскі працоўны праект «Аўтазаводзец» ахопіць будучым летам каля 120 чалавек. Адпаведнае пагадненне заключылі ЦК БРСМ і кіраўніцтва Мінскага аўтамабільнага завода. 


Як расказаў журналісту «Звязды» другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр ПРОХАРАЎ, падрыхтоўка да трэцяга працоўнага семестра вядзецца круглы год. Так, у пачатку бягучага года быў праведзены рэспубліканскі семінар для наймальнікаў на базе ЗАТ «Атлант». І менавіта там былі дасягнутыя папярэднія дамоўленасці з Мінскім аўтамабільным заводам наконт рэалізацыі на базе прадпрыемства рэспубліканскага працоўнага праекта для моладзі. 

— Зыходзячы са стратэгіі развіцця нашай арганізацыі, мы сёння робім акцэнт менавіта на рэалізацыі рэспубліканскіх і абласных працоўных праектаў, — падкрэслівае Аляксандр Прохараў. — Рэспубліканскі праект павінен ахопліваць моладзь з розных рэгіёнаў краіны ( не менш як з чатырох абласцей). У чым сэнс? Маладыя людзі разам працуюць, пражываюць у адным месцы, для іх арганізуецца вялікая культурна-экскурсійная, грамадзянска-патрыятычная і спартыўная праграмы. Для абласных працоўных праектаў таксама абавязковая ўмова — гэта прыцягненне моладзі з розных раёнаў аднай вобласці. 

Як мы пераканаліся, менавіта рэспубліканскія працоўныя праекты даюць магутны штуршок для развіцця карпаратыўнай культуры і ўвогуле для развіцця студатрадаўскага руху ў Беларусі. Дарэчы, ў наступным годзе мы будзем адзначаць яго 60-годдзе. А ў верасні бягучага года дваццацігоддзе адзначыць грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», таму 2022 год для нас — вельмі адказны. 

Па словах Аляксандра Прохарава, з пачатку года праз штабы працоўных спраў былі працаўладкаваныя ўжо каля 3 тысяч маладых людзей: размова ідзе пра будаўнічыя, медыцынскія, сервісныя студатрады. Але асноўная колькасць моладзі будзе працаваць у складзе студатрадаў летам. Мы не гонімся за лічбамі, а працуем на якасць. 

У пачатку красавіка было падпісана пагадненне з ЗАТ «Атлант», на базе якога будзе працягнуты рэспубліканскі вытворчы праект. Наймальнік пашырае лінейку работ плюс прыме на працу больш маладых людзей, чым летась. Калі ў 2021 годзе на «Атланце» працавалі 232 маладых чалавека, то ў гэтым годзе іх будзе ўжо тры сотні. Зараз прапрацоўваецца пытанне аб рэалізацыі рэспубліканскага праекта і на Мінскім трактарным заводзе. Акрамя таго, хлопцаў і дзяўчат гатова прыняць Беларуская чыгунка. 

— Шмат станоўчых водгукаў мы атрымліваем у адрас нашых студатрадаўцаў ад наймальнікаў з Расіі, — кажа Аляксандр Прохараў. — Гэтым летам іх зноў чакаюць ва Усерасійскім дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Арляня» (каля 100 чалавек), у лагеры «Марская хваля» ў Краснадарскім краі (150 чалавек). Ёсць прапановы і на ўдзел у будаўнічых праектах у Расіі. 

Будаўнічы атрад «Дойліды» з Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта працаваў летась на Міжнароднай студэнцкай будоўлі «Кузбас-300» у расійскім Кемераве і стаў там найлепшым. Беларускія студэнты разам з расійскімі і казахскім будатрадамі ўдзельнічалі ва ўзвядзенні спартыўных і сацыяльных аб’ектаў капітальнага будаўніцтва Кузбаса. На міжнароднай будоўлі сабраліся 18 атрадаў і канкурэнцыя была вельмі сур’ёзная... Нашых хлопцаў зноў чакаюць у Кемераве. Плюс мы гатовы накіраваць туды і медыцынскі студатрад. 

Увогуле колькасць медыцынскіх студатрадаў будзе павялічвацца. Мы сустракаліся з кіраўніцтвам Міністэрства аховы здароўя нашай краіны і даведаліся, што ў медустановах ёсць патрэба ў малодшым і сярэднім медыцынскім персанале. 

У Аўстраўцы па-ранейшаму патрабуюцца рабочыя рукі на аб’ектах сацыяльнай інфраструктуры: на будаўніцтве аўтаваказала і лядовага палаца. 

Перад абласнымі камітэтамі БРСМ пастаўлена задача — арганізаваць не менш як адзін абласны працоўны праект. Ужо вядома што на ААТ «Гомсельмаш» будуць шчыраваць у рамках такога праекта 120 чалавек. 

Як заўважыў Аляксандр Прохараў, разам з міністэрствамі адукацыі, працы і сацыяльнай абароны і Рэспубліканскіі інстытутам прафесійнай адукацыі зараз прапрацоўваецца пытанне аб праходжанні кароткатэрміновых прафесійных курсаў з выдачай адпаведных пасведчанняў:

«Сёння ёсць запыт з боку моладзі — студэнты хочуць паралельна з вышэйшай адукацыі атрымаць яшчэ і рабочую спецыяльнасць. Але шэсць месяцаў для гэтага — вельмі шмат. Мы хацелі б, каб гэта былі менавіта кароткатэрміновыя курсы, якія, тым не менш, дазволяць маладым людзям атрымаць дадатковую рабочую спецыяльнасць, апынуцца падчас працы ў складзе студатрадаў на больш адказным участку працы і атрымаць больш высокі заробак».

Аляксандр Прохараў падкрэсліў, што сёння ніхто не гоніцца за лічбамі па ахопу моладзі працай у студатрадах. Галоўнае — якасць. Летам 2021 года быў рэалізаваны шэраг рэспубліканскіх маладзёжных працоўных праектаў, сярод якіх будаўнічы — «Горад маладосці» (Усебеларуская маладзёжная будоўля ў Астраўцы), сельскагаспадарчы — «Талачын» на базе Талачынскага кансервавага завода і вытворчы — «Атлант-2021». Апошні аб’яднаў 13 студэнцкіх вытворчых атрадаў. Маладыя людзі працавалі слесарамі-зборшчыкамі бытавой тэхнікі ў цэху зборкі халадзільнікаў у тры змены, пражывалі ў інтэрнаце Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Дарэчы, закрытае акцыянернае таварыства «Атлант» стала найлепшым у намінацыі «Пераходны сцяг найлепшай арганізацыі, якая прымае».

Статус абласной (гарадской) маладзёжнай будоўлі ў 2021 годзе атрымалі будаўніцтва шматфункцыянальнага медыцынскага цэнтра ў Брэсце, сярэдняй школы ў мікрараёне № 96 Гомеля, кардыятэрапеўтычнага корпуса на тэрыторыі Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, рэканструкцыя корпуса кадэцкага вучылішча ў Полацку і рэканструкцыя вуліцы Гагарына ў Віцебску, комплексу будынкаў Гарадской клінічнай бальніцы № 3 у Гродне.

За межы Беларусі ў мінулым годзе выехалі 247 чалавек у складзе 17 студатрадаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БРСМ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.