Вы тут

Якую літаратурную крытыку чакалі пісьменнікі ў ранейшы час?


Хто вінаваты ў тым, што няма добрых твораў у мастацкай літаратуры? Чаму час не нараджае сваіх Шамякіных і Макаёнкаў? Што мяшае паступальнаму, вертыкальнаму руху ў прозе і паэзіі? Чаму няма добрых кніг як асновы для кінадраматургіі?.. Пытанні такога плана часцей носяць рытарычны характар. А часам знаходзяцца і адказы на іх. Як правіла, у фармаце пошуку вінаватых. Тады высвятляецца, што шмат ў чым вінаватая і літаратурна-мастацкая крытыка. Ці хутчэй — яе адсутнасць... 


З сённяшнім часам усё зразумела. Відавочна, іншага адказу, іншай пастаноўкі пытання і быць не можа. Па тых прычынах, што ўсё ніжэйшай становіцца планка крытычных рэцэнзій, што рэдкай з’явай сталі кніжныя навінкі не толькі ў галіне літаратурнай крытыкі, але і літаратуразнаўства таксама... Ды і ўвогуле ранейшага імпэту, ранейшых жаданняў займацца крытыкай не дужа відаць у пісьменніцкім асяроддзі. Уражанне такое, што такую «істоту», як крытыка, час, агульная сённяшняя атмасфера проста раструшчылі, звялі ўшчэнт... 

Фота: БелТА

Хацелася б да ўвагі чытачоў прывесці адзін дакумент, які «нарадзіўся» болей паўвека назад — у канцылярыі ЦК Кампартыі Беларусі ён зарэгістраваны 25 лютага 1972 года... Назва: «Мерапрыемствы Саюза пісьменнікаў БССР па выкананню Пастановы ЦК КПСС “Аб літаратурна-мастацкай крытыцы” ад 21 студзеня 1972 г.» Подпіс — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Максім Танк. Дарэчы, пра што ішла размова ў партыйнай пастанове? У ёй адзначалася, што партыйныя камітэты, установы культуры, творчыя саюзы, органы друку накіроўваюць актыўныя намаганні для рэалізацыі рашэнняў XXIV з’езда пра павышэнне ўзроўня літаратурна-мастацкай крытыкі. Задачы крытыкі абмяркоўваліся на розных мерапрыемствах у творчых саюзах — на з’ездах, пленумах, сходах. Як адзначалася пасля ў розных справаздачах, у газетах і часопісах болей пачалі друкаваць змястоўных артыкулаў, «прасякнутых клопатам пра далейшае развіццё мастацтва сацыялістычнага рэалізма» (часопіс «Вопросы литературы»). У пастанове акрэслена звярталася ўвага на тое, што стан крытыкі пакуль што не адказвае ў поўнай меры патрабаванням, якія вызначаюцца роллю мастацкай культуры ў камуністычным будаўніцтве. 

Трэба прыгадаць, які гэта быў час у гісторыі савецкай літаратуры... Паўсюль грымела слава Аляксандра Салжаніцына. Праз некаторы час адбудзецца яго ад’езд з Савецкага Саюза. На 1970 год творы апальнага пісьменнніка былі выдадзены ў 28 краінах свету. Салжаніцыну прысуджана Нобелеўская прэмія ў галіне літаратуры. За мяжою выйшаў Збор твораў Аляксандра Ісаевіча ў шасці тамах. У чэрвені 1971 года ў Парыжы надрукаваны яго раман «Жнівень Чатырнаццатага», у якім асабліва выявіліся праваслаўна-патрыятычныя погляды аўтара. Дарэчы, у 1971 годзе да чытача прыйшла і чарговая аповесць «парушальніка спакою» Васіля Быкава — «Абеліск». У 1971 годзе Алесь Адамовіч напісаў «Хатынскую аповесць». Праўда, «Дружба народов» надрукавла яе ў 1972-м — у дзевятым нумары... 

І зусім невыпадковымі падаюцца словы, якія гучалі на Пятым з’ездзе Саюза пісьменнікаў СССР у 1971 годзе: «З асаблівай вастрынёю, як заўсёды, стаіць на павестцы дня нашага пісьменніцкага мастацтва пытанне пра ідэйна-мастацкую якасць вашых твораў, пра сапраўдную пісьменніцкую працу і сілу рэвалюцыйнай ідэялогіі!..»

У Пастанове ЦК студзеня 1972 года была звернута ўвага на недастаткова глыбокі аналіз працэсаў развіцця савецкай літаратуры і мастацтва, узаемаўзбагачэння і збліжэння культур сацыялістычных нацый. Многія артыкулы, агляды, рэцэнзіі, на погляд аўтараў пастановы, адрозніваюцца невысокім філасофскім і эстэтычным узроўнем, сведчаць пра няздольнасць суадносіць з’явы мастацтва з жыццём. Да гэтага часу, падкрэслівалася ў выключна важным дакуменце, у крытыцы выяўляюцца прымірэнчае стаўленне да ідэйных і мастацкіх хібаў, суб’ектывізм, сяброўскія і групавыя прыхільнасці. Часам друкуюцца і такія матэрыялы, у якіх даецца непраўдзівая карціна гісторыі савецкага і дарэвалюцыйнага мастацтва, перадузята ацэньваюцца асобныя мастакі і творы. Крытыка ўсё яшчэ недастаткова актыўная і паслядоўная ў сцвярджэнні рэвалюцыйных, гуманістычных ідэалаў мастацтва сацыялістычнага рэалізма, у выкрыцці рэакцыйнай сутнасці буржуазнай «масавай культуры» і дэкадэнцкіх плыняў, у барацьбе з рознага рода немарскісцкімі поглядамі на літаратуру і мастацтва, рэвізіянісцкімі эстэтычнымі канцэпцыямі. Гаварылася і пра тое, што партыйныя камітэты, міністэрствы і ведамствы, творчы ясаюзы яшчэ не забяспечваюць патрэбнага кантролю за крытыка-бібліяграфічнай дзейнасцю падведамасных органаў друку, выдавецтваў, адпаведных рэдакцый тэлебачання і радыё, слаба выкарыстоўваюць сродкі масавай інфармацыі для мэтанакіраванага ідэйна-эстэтычнага выхавання працоўных, для прапаганды лепшых дасягненняў шматнацыянальнага савецкага мастацтва. У пастанове падкрэслена, што рэдакцыі шэрагу газет і часопісаў не заўсёды патрабавальныя да ідэйна-тэарэтычнага ўзроўню крытычных артыкулаў. 

... Максім Танк пачаў з галоўнага: «Наша родная Камуснітычная партыя разглядае літаратурна-мастацкую крытыку як важны сродак далейшага развіцця савецкай многанацыянальнай культуры, павышэння ідэйна-мастацкага ўзроўню літаратуры і мастацтва, іх ролі ў камуністычным выхаванні мас». І дакладвае пра тое, што ў ажыццяўленне Пастановы ЦК КПСС «Аб літаратурна-мастацкай крытыцы» Саюз пісьменнікаў БССР правёў у лютым 1972 г. Пленум Праўлення СП БССР з парадкам дня: «Стан беларускай літаратурнай крытыкі». З дакладам выступіў намеснік старшыні Праўлення СП БССР Іван Паўлавіч Мележ. Размова, відавочна, адбылася грунтоўная, самая што ні ёсць сур’ёзная. Але ж мы пра ліст Максіма Танка і пра тое, што ён імкнуўся як найхутчэй далажыць у вышэйшую рэспубліканскую інстанцыю... 

Фота: БелТА

" ...Грунтуючыся на на рашэннях Пленума, прэзідыум Праўлення СП БССР лічыць неабходным ажыццявіць у будучым наступныя мерапрыемствы:

1. Сумесна з інстытутам літаратуры АН БССР імя Я. Купалы правесці тэарэтычную канферэнцыю аб метадалагічных асновах і прынцыпах савецкай крытыкі. 

2. Аказаць дзейсную дапамогу ў распрацоўцы гісторыі беларускай савецкай крытыкі, якая распачата ў інстытуце літаратуры АН БССР імя Я. Купалы. 

3. Рэкамендаваць секцыі крытыцы СП БССР праводзіць сходы па выніках літаратурнага года; рэгулярна наладжваць абмеркаванне актуальных творчых праблем, заслухоўваць справаздачы асобных крытыкаў аб сваёй рабоце. Сістэматычна абмяркоўваць літаратуразнаўчыя і крытычныя работы, што выходзяць у рэспубліканскіх выдавецтвах. 

4. Абавязаць друкаваныя органы СП БССР — часопісы і газету «ЛіМ» — палепшыць работу аддзелаў крытыкі і бібліяграфіі, дабівацца павышэння ідэйна-эстэтычнага ўзроўню публікуемых матэрыялаў, умацоўваць аддзелы кваліфікаванымі кадрамі, ствараць няштатны актыў з ліку маладых таленавітых крытыкаў. 

Звярнуць увагу на неабходнасць рэгулярнай публікацыі аглядных і праблемных артыкулаў, прысвечаных творам на сучасную тэму, актуальным пытанням тэорыі сацыялістычнага рэалізму. 

Пры часопісах арганізаваць «Круглы стол» крытыкаў для абмеркавання самых надзённых пытанняў (так, як гэта робяць «Вопросы литературы» альбо «Дружба народов»). Друкаваць агляды па прозе, паэзіі, крытыцы. 

5. Лічыць ненармальным становішча, што ў рэдакцыі часопіса «Маладосць» адсутнічае аддзел крытыкі і бібліяграфіі. Абавязаць рэдкалегію часопіса ўвайсці з хадайніцтвам у вышэйшыя інстанцыі аб устанаўленні двух штатных адзінак для гэтага аддзела: загадчыка і літсупрацоўніка. 

6. Прасіць Дзяржаўны Камітэт СМ БССР па друку выдаваць штогадовы зборнік лепшых крытычных артыкулаў; перавыдаць у 5-ці тамах «Гісторыю беларускай літаратуры»; выпусціць у свет у адным томе «Гісторыю беларускай літаратурнай крытыкі». Планаваць выданне штогодніх калектыўных зборнікаў крытычных прац па важнейшых праблемах і пытаннях развіцця нашай літаратуры; шырэй практыкаваць выданне твораў лепшых беларускіх крытыкаў..." Прапаноў даволі шмат, але, нават калі і браць у разлік пэўную, запатрабаваную часам ідэалагічную стылістыку 1970-х, усе яны па сутнасці. За кожнай з іх фактычна стаіць жывая справа... 

І далей — з ліста Максіма Танка: «7. Прасіць Цэнтральны Камітэт КП Беларусі устанавіць Дзяржаўную прэмію БССР па крытыцы і назваць яе імем Максіма Багдановіча, першага выдатнага беларускага крытыка. 

7. Пашыраць і паглыбляць дзелавыя кантакты крытыкаў з рэспублкіанскімі газетамі, часопісамі, з тэлебачаннем і радыё. 

8. Звярнуць увагу крытыкаў на неабходнасць распрацоўкі рэкамендацый па пытаннях вывучэння беларускай літаратуры ў школах, дапамагаць удасканальваць школьныя праграмы, удзельнічаць у складанні і напісанні новых дапаможнікаў і падручнікаў па літаратуры, ствараць літаратуразнаўчыя і крытычныя кнігі, разлічаныя на школьнікаў і педагогаў. 

9. Абавязаць Бюро прапаганды мастацкай літаратуры шырэй прыцягваць крытыкаў для выступленняў на літаратурных вечарах і чытацкіх канферэнцыях, запрашаць іх для паездак па рэспубліцы з чытаннем лекцый і дакладаў. 

10. Прадстаўляць крытыкам творчыя камандзіроўкі для вывучэння жыцця і напісання крытычных прац па важнейшых праблемах развіцця літаратуры. На творчыя семінары маладых літаратараў шырэй запрашаць пачынаючых крытыкаў і рэцэнзентаў. 

11. Прасіць Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР з новага навучальнага ўвесці на апошнім курсе факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна спецыялізацыю ў галіне літаратурна-мастацкай крытыкі. 

Лічыць неабходным на філалагічным факультэце БДУ імя У. І. Леніна арганізаваць пры кафедры беларускай літаратуры спецсемінар па крытыцы са студэнтаў усіх курсаў філфака ў колькасці 15-20 чалавек. 

Прасіць Міністэрства наладзіць абмен студэнтамі філалагічнага факкультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна з універсітэтамі іншых саюзных рэспублік для грунтоўнага вывучэння нацыянальных літаратур братніх народаў». 

Вялікая праграма для дзеяння. Штосьці з задуманага, запланаванага, агучанага было і зроблена. Нешта, нягледзячы на ўвесь высокі накал узнятых пытанняў, засталося толькі ў планах... І далёка не адзін толькі Саюз пісьменнікаў у гэтым вінаваты. У любым выпадку ліст старшыні творчай арганізацыі ў ЦК Кампартыі нагадаў: шмат што з ранейшых задум усё ж можна было б і ў наым часе ўзяць на ўзбраенне. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Абеліскі параненай зямлі. Не зарасце лясная сцяжына

Абеліскі параненай зямлі. Не зарасце лясная сцяжына

Нямала помнікаў ахвярам вайны стаіць у лясах, на ўзбочынах, на месцы былых вёсак. Іх даглядаюць, пра іх клапоцяцца.

Культура

Алесь Мойскі: сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр

Алесь Мойскі: сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр

Сцэнарыі — яго работа, літаратурная творчасць — пакуль хобі, а «Жывое слова» — яго тэатр.

Грамадства

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Каманда «Доктар Хаусс» з Магілёва стала чэмпіёнам Вышэйшай лігі КВЗ-2022

Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.​