Вы тут

Яўген Каралёк — пераможца расійскіх спаборніцтваў


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Герой тыдня. Беларускі спартсмен Яўген Каралёк перамог на другім этапе ўсерасійскай шматдзённай велагонкі ў Сочы. Дыстанцыю ў 158,4 км ён пераадолеў за 3 гадзіны 22 хв. 11 сек. У агульным заліку «шматдзёнкі» пасля двух праведзеных этапаў беларус размяшчаецца на 10-й пазіцыі, уступаючы лідару Сяргею Фірсанаву з Расіі 45 сек.

Турнір тыдня. У Мінску прайшоў Міжнародны турнір па валейболе сярод дзяўчат да 19 гадоў з удзелам юніёрскіх зборных Беларусі і Расіі. У трэцім матчы беларускі ўступілі ў трох партыях — 13:25, 28:30, 15:25. У дзвюх папярэдніх сустрэчах расіянкі таксама аказаліся мацнейшымі, не аддаўшы дзяўчатам з Беларусі ніводнага сэта. Найлепшым гульцом турніру ў беларускай камандзе была прызнана Любоў Светнік.

Плануецца, што падобныя турніры для дзяўчат з удзелам зборных Беларусі U16 і U18, а таксама камандаў Расіі аналагічных узростаў будуць праводзіцца і далей.

Цытата тыдня. «Першы дзень кэмпа заўсёды крыху хвалюючы. Гэта пачатак нечага новага, першы крок алімпійскага цыкла. Для хлопцаў выклік у зборную — вялізная магчымасць і вялікі гонар. Сёння на зборы шмат новых асоб: гэта датычыцца не толькі хакеістаў, але і трэнерскага штаба. Мы хочам пашыраць межы, знайсці столькі маладых і таленавітых беларускіх гульцоў, колькі зможам, і павітаць іх у нацыянальнай камандзе. Абсалютна ўсе хакеісты, якія прысутнічаюць сёння ў зборнай, заслужылі гэты выклік. Мы хочам пазнаёміць іх з прафесійным узроўнем, і цяпер самы час для гэтага. Упэўнены, навучыцца шмат чаму трэба і трэнерскаму штабу. Цяперашні кэмп — добрая магчымасць пазнаёміцца і папрацаваць адзін з адным», — сказаў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Крэйг Вудкрафт, адкрываючы трэніровачны збор нацыянальнай каманды. Яго словы прыводзіць прэс-служба Беларускай федэрацыі хакея. Збор праходзіць у «Мінск-Арэне». Яго кульмінацыяй стануць таварыскія матчы са зборнай Расіі. Паядынкі адбудуцца 1 і 2 мая ў Туле.

А тым часам клуб «Дынама-Мінск» пакінулі чатыры легіянеры. Па дамове бакоў кантракты скасаваныя з Патрыкам Рыбарам, Мальцэ Стрэмвалем, Якубам Крэйчыкам і Лібарам Гудачкам. У рэгулярным сезоне 2021/2022 галкіпер Патрык Рыбар правёў 24 гульні, у якіх атрымаў 10 перамог. Мальцэ Стрэмваль згуляў за мінчан у 38 матчах чэмпіянату, дзе набраў 32 ачкі. Абаронца Якуб Крэйчык у форме «зуброў» правёў 30 матчаў, у якіх зарабіў 7 асістэнцкіх балаў. Нападаючы Лібар Гудачак далучыўся да клуба па ходзе сезона і ў шасці матчах набраў 4 ачкі.

Поспех тыдня. Найлепшым гульцом мужчынскага чэмпіянату Беларусі па валейболе прызнаны адзін з лідараў салігорскага «Шахцёра» Андрэй Марчанка. Яшчэ два прадстаўнікі чэмпіёна краіны атрымалі прызы ў сваіх гульнявых амплуа — Канстанцін Панасенка стаў найлепшым блакіруючым, а Аляксей Кураш — найлепшым сувязным 31-га нацыянальнага першынства. Максім Будзюхін з мінскага «Будаўніка» прызнаны найлепшым лібера, а Дзяніс Фазулаў з гомельскай «Энергіі» стаў найлепшым нападаючым турніру.

Валейбалісты салігорскага «Шахцёра» шосты раз запар сталі чэмпіёнамі Беларусі, перамогшы ў трэцім паядынку серыі за залатыя медалі мінскі «Будаўнік». Уладальнікамі бронзавых медалёў сталі валейбалісты гомельскай «Энергіі».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.