Вы тут

Жырмуны: Прывідны замак і анёльская калона ва ўладаннях Геркулеса


Вось нібыта праехалі тыя Жырмуны, шукаем іншы аб'ект... Дзе ён? Зноў у Жырмунах! Яшчэ далей ад'ехалі, да наступнага пункта маршруту — зноў пазначана, што Жырмуны!

Аказалася, сапраўды мястэчка двайное... Калісьці быў адзін вялікі маёнтак, потым раз'яднаўся... І двое Жырмунаў апынуліся нават па розныя бакі мяжы паміж раёнамі, Лідскім і Воранаўскім.


Два мястэчкі — адна назва, два дойліды — адно прозвішча

Першымі нас сустрэлі «воранаўскія» Жырмуны — магістраль прывяла. І вось першы пункт — цудоўны драўляны касцёл Адшукання Святога Крыжа. Збудаваны яшчэ ў 1789 годзе — вялікая рэдкасць, што драўляны помнік з такой даўніны захаваўся на Беларусі.

Традыцыйныя колеры для местачковай Беларусі: гарчычна-жоўты, брунатны, белыя калоны і аканіцы... Цікавая разьба. Над уваходам — медальён з выявай Маці Божай. У касцёле ідзе служба, да сценаў прыхіленыя ровары парафіянаў. Невялікая драўляная званіца, стары пашарэлы крыж... Утульна, шчыра... А будаваўся гэты касцёл на грошы ўладальніка Жырмунаў Станіслава Радзівіла і ягонай жонкі Караліны. Аўтар праекта — прыдворны радзівілаўскі архітэктар Ян Падчашынскі, персона даволі вядомая, вучань Лаўрына Гуцэвіча, які збудаваў у Вільні кафедральны касцёл.

Тут, у Жырмунах, адбылася важная падзея для Падчашынскага: 7 лістапада 1790 года нарадзіўся ягоны сын Караль. Яму пашчасціла ўзначаліць кафедру архітэктуры Віленскага ўніверсітэта, пакінуць вядомы падручнік «Пачаткі архітэктуры для акадэмічнай моладзі»... І, вядома, збудаваць шмат цікавага, накшталт палаца Булгакаў у Жылічах. Будаваў і ў Вільні... Дарэчы, там цяпер ёсць раён Жырмуны — дык вось, кажуць, спачатку так называлася вуліца, на якой Караль Падчашынскі здзяйсняў свае праекты, а менавіта сядзібу генерал-губернатара Аляксандра Рымскага-Корсакава... Дый ці не ў гонар радзімы дойліда назва і ўзнікла?

Не спяшаючыся, абыходзім касцёл, фатаграфуем высокія вузкія вокны, закругленыя наверсе, юбілейную шыльдачку, устаноўленую да двухсотгоддзя касцёла... Асцярожна, каб не перашкаджаць вернікам, заходзім унутр — хоць фатаграфаваць у час службы не наважваемся. Арган, які гучыць тут, старэйшы за касцёл, перанесены з ранейшага. Бо першы храм у Жырмунах з'явіўся яшчэ ў XV стагоддзі, пры тагачасных уладальніках Кучуках...

«У той жа дзень нас прымусіў, каб прыемную зведаў пасцель»

Не дзіва, бо мястэчка — не паверыце! — згадваецца ў германскім летапісе яшчэ ў пачатку XІІІ стагоддзя! А ў XVІ-м Жырмуны перайшлі да аднаго з найярчэйшых персанажаў нашай гісторыі, Юрыя Радзівіла па мянушцы Геркулес. Напэўна, многія з вас бачылі ягоны партрэт, які захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі: магутны барадаты вой у рыцарскіх латах. Геркулес, адно слова... Трыццаць выйграных бітваў, незвычайная фізічная сіла, варагаванне з каралевай Бонай, якая спачатку хацела заваяваць прыхільнасць уплывовага рыцара, ды была адпрэчаная... Нездарма ў той час адна за другой таямнічыя смерці здараліся ў родзе Радзівілаў. Сын Геркулеса, Радзівіл Руды, складзе магутны тандэм са стрыечным братам, Радзівілам Чорным, іх сястра, дачка Геркулеса Барбара стане жонкай польскага караля...

А вось Жырмуны сплывуць з радзівілаўскіх рук на стагоддзі... Вернуцца ў іх уладанне толькі ў пачатку XVІІІ-га, са шлюбам Барбары Завішанкі з Мікалаем Фаўстынам Радзівілам. Барбара была дачкой ваяводы менскага Завішы, які пакінуў цікавыя мемуары. Дзе сярод іншага апісвае, як Мікалай Фаўстын сватаўся да ягонай дачкі, і гэты эпізод сучаснага чалавека можа шакаваць: «Той бесперапынна налягаў на нас, каб мы аддалі дачку; нарэшце, на св. Барбару, прыехаў да нас на імяніны ў госці, у той жа дзень нас прымусіў, каб мы далі яму вячэру і на выкананне яго жаданняў дазволілі, каб прыемную зведаў пасцель, у прысутнасці бліжэйшых паноў-суседзяў; хоць усё гэта з вялікай сталася цяжкасцю, бо нам не хацелася так неспадзявана выдаваць замуж і спраўляць вяселле, але паколькі ўжо так здарылася, хай Бог ім благаславіць».

Вы зразумелі, што Мікалай Фаўстын дамогся права пазбавіць нявесту цнатлівасці ў прысутнасці паважаных сведкаў? Што ж, абрад удаўся... І вяселле, якое адбылося ў 1710-м, было такім пышным, што Завіша пакідае ў дзённіку запіс: «У час таго вяселля, сапсаваўшы страўнік, я прапакутаваў пяць дзён».

Барбара была ўлюбёнай дачкою і захавала прыхільнасць да бацькоў. Пасля смерці Завішы сабрала ягоныя прамовы і выдала кнігай пад назвай «Водгулле прыемных мелодый».

Але і Мікалай Радзівіл не памыліўся, калі так настойліва дамагаўся рукі Завішанкі. Пані аказалася з характарам: дапамагала мужу ў палітычных інтрыгах, а яшчэ нарадзіла яму пятнаццаць дзяцей.

Паветраны замак сёмага сына

Сёмым сынам быў Станіслаў, падкаморы Вялікага Княства Літоўскага... Вось яму і дасталіся Жырмуны. Хоць бацька Станіслава ў 1724 годзе выбіў для Жырмунаў у караля Аўгуста Моцнага, прыходу якога на трон спрыяў, Магдэбургскае права, але гэта не Нясвіж і не Слуцк... Дзе ўжо малодшаму сыну марыць пра магутныя ардынацыі, што належалі роду, пра Нясвіжскі палац, які заўсёды дастаецца старэйшым...

І Станіслаў вырашыў выправіць гэтае неправядлівае становішча. Каб паглядзець, чым скончыліся ягоныя амбіцыі, мы едзем у другія Жырмуны, «лідскія».

Дакладней, называліся яны раней фальварак Жырмункі. Дык вось, Станіслаў задумаў збудаваць тут палац не горшы, чым у Нясвіжы.

Між тым, наша дарога пераходзіць у старую брукаванку, машыну адчувальна трасе... І вось здаля мы бачым велічную браму. Сапраўдная трыумфальная арка... Толькі чым бліжэй пад'язджаем, тым жаласней яна выглядае, аб'едзеная часам і парушаная няўдзячнымі нашчадкамі. Яшчэ нядаўна ў гэтай брамы меўся другі паверх, разабралі... Наверсе брамы расце дрэва. Ад гербоў засталіся толькі сляды... Збоку — сцены афіцыны...

Афіцын, уласна кажучы, было дзве: у адной жылі самі Радзівілы, у другой — прыслуга. У наш час ацалелую афіцыну прыстасавалі пад школу... Цяпер гэта руіны.

Прабіраюся праз праломы ў сценах... Заўважаю цэглу з адбіткам босай нагі дарослага чалавека. Адразу ўспамінаецца апавяданне Змітрака Бядулі пра кабету, якая, каб зарабіць капейчыну для галодных дзяцей, пагадзілася на здзеклівую прапанову прайсці босай па распаленых цаглінах... Хоць, зразумела, гэтая цагліна, калі на яе наступалі, была яшчэ не абпаленай у печы. Дзвесце гадоў следу...

А шмат ад чаго тут і следу нямашака. Працытую даследаванне краязнаўца Лявона Лаўрэша, які перакладаў вопісы Лідскага дэканата 1784 г. і знайшоў дэталёвае апісанне Жырмунскага двара Радзівілаў: «Два двары: адзін мураваны палац, каля гэтага палаца мураваная афіцына, дзве іншыя драўляныя афіцыны атынкаваныя. Другі двор эканомскі, гаспадарскі з гумнамі, лядоўнямі, вазоўнямі, пад імі мураваныя склепы. Абора драўляная. Стайня фабрычная пры гумне, трошкі ў поле — ветраны млын, які не меле. Ідучы ад эканомскага двара, па правай руцэ статуя лідскага Рафала на мураваным слупе, па левай руцэ драўляныя кашары з мураванымі слупамі пастаўленыя для прыслугі і розных рамеснікаў. Тут жа пры кашарах знаходзіцца вялікая аўстэрыя з рознымі выгодамі, насупраць яе знаходзіцца драўлянае з мураванымі слупамі збожжасховішча, пад ім мураваныя склепы і лядоўня».

Што ж, калі азірнуцца, там-сям бачацца рэшткі цагляных муроў, камяні...

Але велічнага палаца, пра які марыў Станіслаў Радзівіл, тут і не паўстала. Хоць аўтарам праекта мусіў быць той самы Ян Падчашынскі. Напэўна, усё спынілася з-за смерці князя ў 1787 годзе. І невядома, якім планаваўся палац. Вядома толькі, што афіцына, у якой жылі князі, мела багатыя інтэр'еры і калекцыі мастацтва, а ў парку раслі грэцкія арэхі. Ну, хоць і сёмы сын, але ж Радзівіл... Ад Караліны Пацей ён меў пяцёра дзяцей і, вядома, не лічыў сябе горшым за старэйшых братоў.

Калона арханёла Рафала і куртызанка Джульета

А пакуль што едзем да згаданай у даследаванні Лявона Лаўрэша «статуі лідскага Рафала на мураваным слупе».

Магчыма, выбралі не самы зручны шлях, але на машыне ніяк не пад'едзеш. Давялося ісці праз лес, па краі поля, потым па барознах... І вось ён, цагляны аблуплены слуп з жалезным штыром наверсе. Кажуць, у мінулым стагоддзі там стаяла драўляная статуя — чалавек, які трымае скрыпку. Мясцовыя лічылі, што гэта Святы Ян Хрысціцель. Часта можна сустрэць, што паставілі збудаванне ў гонар Канстытуцыі 1791 года — тады шляхта адзін перад адным ставіла падобныя абеліскі ў сваіх уладаннях. Але паверым вопісу, цытаванаму вышэй, тым больш гэта не адзіная калона арханёла Рафаіла на Беларусі.

Дарэчы, поле, якім мы прастуем, называлася «полем пад Святым Янам».

Не так даўно бачыла відэа, як у Жырмунах аднаўлялі старажытны абрад «Пярэпыты» — гэта калі перш чым засылаць сватоў, высылалі куму-перапытчыцу да бацькоў нявесты. І калі пярэпыты былі ўдалымі, на браму вешалі ручнік.

Што ж, шмат у гісторыі залежыць ад абставін сямейнага жыцця персанажаў... Праўнучка Станіслава і Караліны Марыя Радзівіл прадала Жырмуны менавіта з-за тых абставін. Яе мужам быў вядомы егіптолаг, ураджэнец Валожына, высокі, рудабароды і вясёлы граф Міхал Тышкевіч. У сям'і нарадзілася два сыны і тры дачкі... І раптам Міхал сустракае ў Парыжы вядомую куртызанку з шэкспіраўскім імем Джульета... Дзеля яе пакідае жонку з дзецьмі, дамагаецца разводу... Скандальны шлюб адбыўся, Джульета ле Бо стала другой графіняй Тышкевіч, а Марыя прадае Жырмуны — ці каб грошай здабыць, ці каб пазбавіцца ад балючых успамінаў, і род Радзівілаў сыходзіць з біяграфіі мястэчка.

Мы з'язджаем з Жырмунаў таксама з рознымі адчуваннямі... Убачылі шмат прыгожага, зведалі яшчэ адну старонку беларускай гісторыі... Але крыўдна бачыць, што рэшткі тае гісторыі працягваюць разбурацца.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.