Вы тут

Васілеўскі: Гродзенскаму раёну трэба даказваць сваю трываласць


Гэтымі днямі Яна Васілеўскага застаць у кабінеце складана. Яго маршрут іншы раз наогул непрадказальны. Зразумела: пара напружаная і складаная. Тут і пасяўная кампанія, і закладка кармавой базы, а яшчэ і санкцыі... У некаторых пытаннях патрэбна пэўная перабудова былых пазіцый. Але, здаецца, у кіраўніка раёна ёсць упэўненасць у трываласці АПК. Бо менавіта гэты сектар складае ядро дабрабыту.


— Гродзенскі раён — традыцыйны лідар у аграпрамысловым комплексе краіны. Не першы год раён даказвае, што аграрны сектар можа і павінен быць прыбытковым. Цяпер ідзе закладка новага ўраджаю. На што робіцца ўпор?

— Зараз галоўнае — закласці зерне, атрымаць хлеб. Так, пшаніца ў нас асаблівых сартоў. Праўда, апошнім часам мы разам з айчыннымі ўдзяляць надаваць увагу заходняй селекцыі. І ў многім прайгралі. Ураджайнасць паднялася, але ў мінулым годзе амаль 80 % трыцікале заходняй селекцыі загінула. А вось нашай выстаяла. І сёння мы ведаем, які сорт у нашых умовах лепшы. Упэўнена збіраем па 7-8 тон у сярэднім з гектара зерневых, а пшаніцы, азімага трыцікале 9-10 тон з гектара. І не з якіх-небудзь асобных палёў, гэта норма для раёна. І нават у складаны мінулы год пшаніца дала добры ўраджай. У гэтым годзе спадзяёмся, што ў сярэднім 7-7,5 тон зерневых павінны атрымаць. Для гэтага многае зроблена. Вельмі значную дапамогу мы атрымалі з боку дзяржавы. Маем магчымасць атрымаць льготныя крэдыты пад 3-4 працэнты гадавых, субсідыі. Ёсць запасы сродкаў абароны раслін.

Прэзідэнт нацэльвае атрымаць сёлета не менш чым 9 мільёнаў тон зерня. Гэта адна тона на чалавека. Гродзенскі раён кожны год збірае як мінімум 270—330 тысяч тон, атрымліваецца 5-6 тон на чалавека. Думаю, што і сёлета праграма будзе выканана, і Гродзенскі раён зробіць важкі ўнёсак у агульны каравай.

— Ці будзе карэкціравацца структура пасеваў?

— Зараз трэба думаць аб тым, як забяспечыць жывёлагадоўлю. Пакуль мы яшчэ жывём на запасах бялковых кармоў. Таму і вытворчасць малака на высокім узроўні. У некаторых гаспадарках надой ка карову перавышае 10-11 тысяч кілаграм малака ў год. А ў сярэднім па раёне гэты паказчык складае амаль 9 тысяч. Але такія высокія надоі немагчымы без соі і сланечнікавага шроту. А гэта экспартныя пазіцыі. Вядома, што атрымаць кармы з-за санкцый цяпер немагчыма. А на прадпрыемстве «Садружнасць» у Смаргоні цана на бялковыя кармы падскочыла амаль удвая. Таму пытанне з кармамі сапраўды вострае. У сувязі з гэтым прынялі рашэнне павялічыць пасяўныя плошчы пад гарох, бабы, сою, лубін. Гэтым зараз і займаемся. Другі год нарошчваем пасевы рапсу. Рапс — той самы бялок, які неабходны пры кармленні жывёлы.

— Гродзенскі раён — адзін з лідараў краіны па вытворчасці малака. Гэта трывалы экспартны патэнцыял раёна. Ці паўплываюць санкцыі на яго продаж?

— Сапраўды, самае галоўнае для нас — збыт прадукцыі. Мы сёння, напрыклад, атрымліваем па 800 літраў малака на чалавека. Самі выпіваем 200 літраў, а 600 трэба прадаць. Каму? Адпраўляем у Расію, Казахстан. У Кітай пайшло сухое малако. Быў нядрэнны рынак Еўрапейскага саюза, але ён закрыўся для нашай якаснай прадукцыі.

Думаеце, на Захадзе вось так адразу вырашылі санкцыі выставіць? Яны рыхтаваліся доўгі час. Бо немагчыма так хутка гэтыя санкцыі ўвесці. Значыць, рыхтаваліся задоўга да эканамічнай блакады. Хіба варта суседзям так жыць? Ім жа горш будзе. Мы выжывем і знойдзем, куды прадаць. Пройдзе час, і ўсе гэтыя непаразуменні, санкцыі сыдуць. Толькі шкада страчанага часу.

— Такім чынам, дагаворы з замежнымі фірмамі больш не працуюць?

— Дагаворы пакуль не скасаваныя, але па ім замежным фірмам забараняюць працаваць. Напрыклад, мы здаўна працуем з Польшчай па элітным насенні зерневых. Сёлета нам іх не прадалі. На дзяржаўных прадпрыемствах суседняй краіны адказалі, што не хочуць непрыемнасцяў. Але нічога. Мы купілі ў іншых краінах.

— Ян Янавіч, як удаецца трымаць удар ва ўмовах палітычных і эканамічных абмежаванняў з боку калектыўнага Захаду?

— Ідзе жорсткая барацьба за рынкі збыту, за сыравіну. Таму і Гродзенскаму раёну прыйдзецца трымаць сур'ёзны ўдар і даказваць справай сваю трываласць. Эканамічныя паказчыкі мінулага года задавальняюць. Раён атрымаў даволі высокі прыбытак. У мінулым годзе тэмпы росту інвестыцый былі самыя высокія за апошнія 15 гадоў. Трэба адзначыць, што гэта адзін з нямногіх раёнаў краіны, які не атрымлівае датацый дзяржавы. У нас толькі адно прадпрыемства стратнае, прыватная фірма. Усе астатнія спрацавалі з прыбыткам. Ніводнага разу не было пратэрміноўкі па выдачы зарплаты. Але зараз трэба думаць аб эканоміі.

— Якія прагнозы ў эканоміцы на сёлетні год?

— Пакуль гаварыць складана. Мы маем пэўны запас трываласці, але насцярожвае цэнавая палітыка. Возьмем для прыкладу нашу цяплічную гаспадарку. Яна даволі буйная. У мінулым годзе на ўгнаенні мы затрацілі 800 тысяч рублёў, а сёлета — ужо два мільёны. А аптовая цана засталася такой, як летась. Вырасла цана на паперу, адпаведна, стала дарагой і ўпакоўка. Да таго ж летась агурок быў уключаны ў спіс сацыяльна значных тавараў. Але ж гэта не мука, цукар альбо хлеб. У гэтым годзе, праўда, з гэтага спіска агуркі знялі.

Ці такі свежы прыклад. Сёння рэалізоўваецца дзяржаўная праграма «Дарогі Беларусі». Нам выдзелены сродкі па аналогіі з мінулым годам. Але за гэты час тона бітуму падскочыла ў два разы — з 880 рублёў да 1700. Адпаведна, будзе ў два разы менш пакладзена асфальту. Таму будзем рабіць там, дзе гэта тэрмінова і неабходна, дзе пражывае больш людзей.

Не буду хітрыць, бо праблемы існуюць, але мы павінны вырашаць іх самі. І тут вельмі важны фактар — унутраныя рэсурсы, у першую чаргу, арганізацыя працы, якая трымаецца на вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліне. Ну і самадысцыпліна павінна быць абавязкова. Усё астатняе ёсць: і розум, і вопыт, і тэхніка. Праўда, у нас вельмі шмат замежнай тэхнікі. Мы даўно падрыхтавалі яе да пасяўнога сезона, больш за 90 % тэхнікі ў рабочым стане. Ведаем, якія запчасткі патрэбны для некаторых імпартных машын і агрэгатаў. Працуем над гэтым.

— Адчуваецца, што вы ўпэўнены ў заўтрашнім дні. На чым гэта ўупэўненасць грунтуецца?

— Так. На сяле мы не пахіснёмся. Магчыма, могуць узнікнуць нейкія праблемы ў жывёлагадоўлі з-за бялку. Наш прэм'ер Раман Галоўчанка абмяркоўваў гэта пытанне з расійскім калегам Міхаілам Мішусціным. Расійскі прэм'ер-міністр паабяцаў, што Расія адгрузіць тое, што будзе патрэбна. Нам патрэбны расійскі бялок. У гэтым плане чакаем больш актыўных дзеянняў з боку прыватнага бізнесу. Бо дзяржаўным структурам гэта зрабіць цяжэй.

— Напрыканцы хачу запытаць аб геральдыцы раёна. Герб і флаг з'явіліся зусім нядаўна, у канцы 2020 года. Чаму цэнтральнай фігурай з'яўляецца зубр? Ён ужо ёсць на гербе Гродзенскай вобласці.

— На гербе вобласці выява зубра ў поўны рост, а ў нас — толькі галава са срэбнымі рагамі на фоне чырвонага шчыта. Такая ж эмблема і на сцяга. Сапраўды, доўгі час у нас не было сваёй раённай сімволікі. І толькі ў лістападзе 2020 года Прэзідэнтам падпісаны ўказ аб стварэнні герба і сцяга. Зубр, вядома ж, не выпадковы. У раёне жыве адна з самых вялікіх яго папуляцый у краіне. Спадзяёмся, што раён будзе такім жа магутным і моцным, як гэты лясны волат. Геральдычныя сімвалы распаўсюджваем у раёне, каб іх усе ведалі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Мікалая ЛАПІНА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.