Вы тут

Дафамінавыя гульні, або Чаму важна мець пачуццё самакрытычнасці


У пачатку студзеня ў Магілёве ад перадазіроўкі наркотыку памёр 37-гадовы мясцовы жыхар. Гэтаму папярэднічаў тэлефонны званок яго жонкі ў міліцыю і службу хуткай меддапамогі. Жанчына паведаміла, што яе муж «звар'яцеў» і прасіла дапамагчы. Тое, што спецыялісты ўбачылі на месцы, сапраўды было жахліва. У кватэры — разгром, а на целе мужчыны шматлікія парэзы ад разбітага шкла. Дапамагчы яму медыкі ўжо не змаглі, ён памёр, а вось жонка мела патрэбу ў тэрміновай шпіталізацыі. Спецыялісты ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці ўстановяць, што яна таксама ўжывала наркотык.


Аляксандр Баранаў добра ведае, якая пагроза хаваецца за яркай упакоўкай небяспечнага рэчыва.

Валасы з пахам метадону

— Па канфіскаваных з месца трагедыі прадметах было выяўлена, што ва ўсіх канфіскаваных вадкасцях (у шпрыцах, ампуле, ёмістасцях) утрымлівалася асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва, якое не выкарыстоўваецца ў медыцынскіх мэтах — альфа-PVP, — расказвае падрабязнасці той драматычнай гісторыі галоўны спецыяліст па рабоце са СМІ ўпраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — Менавіта яно, а не шматлікія парэзы, сталі прычынай смерці мужчыны, а дакладней вострае атручэнне псіхатропам. У смартфоне загінулага была знойдзена інфармацыя, якая сведчыла аб наведванні інтэрнэт-рэсурсаў па продажы наркатычных сродкаў і неаднаразовым набыцці небяспечных рэчываў.

Па факце Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта распачата крымінальная справа, праводзіцца следства. Справы па наркотыках, на жаль, не рэдкасць. Старшы эксперт упраўлення спецыяльных экспертыз упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Аляксандр Баранаў расказвае:

— Зараз самыя хадавыя дызайнерскія наркотыкі — альфа-PVP і мефедрон. Менавіта яны часцей за ўсё трапляюць да нас на даследаванне. Ад мяне патрабуецца ўстанавіць, ці ёсць наркотык або псіхатроп у сумесі. Абстрагавацца псіхалагічна бывае цяжка. Асабліва, калі ў пастанове аб прызначэнні экспертызы пазначаны прозвішчы зусім яшчэ маладых людзей, у якіх канфіскавалі наркотык. Сярод тых, хто трапіў у бяду, ёсць нават непаўналетнія. Іх асабліва шкада, бо яны ламаюць сваё жыццё ў самым яго пачатку.

Даказаць, што чалавек ужывае наркотык, сёння не праблема. Судовыя эксперты ўстанаўліваюць гэты факт нават па валасах. Рэчыва назапашваецца ў валасяных цыбульках, і гэта інфармацыя захоўваецца на працягу некалькіх месяцаў. Былі выпадкі, калі ў валасах выяўляліся адразу пяць наркотыкаў — трамадол, метадон, экстазі, какаін і кадэін.

Асцярожна: спартыўная хімія

На ўзбраенні судовых экспертаў — сучаснае абсталяванне і тэхналогіі. Храмата-мас-спектрометр можа аналізаваць адначасова некалькі дзясяткаў проб і вельмі хутка вызначаць, якія рэчывы яны ўтрымліваюць. Дызайнерскія наркотыкі асаблівыя тым, што ў іх малекулярнай структуры ёсць нязначныя змяненні. Устанавіць такі склад класічнымі метадамі няпроста. Але прыбор дапамагае вызначыць індывідуальныя рэчывы па іх спектрах.

Як спецыяліста Аляксандра Баранава турбуе яшчэ і так званая хімія для спартсменаў, якая ўжываецца для нарошчвання мышачнай масы. Эфіры тэстастэрону не падлягаюць дзяржкантролю, але тут ёсць свае падводныя камяні.

— Летась была канфіскавана вялікая партыя такіх прэпаратаў, — расказвае ён. — На каробцы было напісана «тэстаcтэрон цыпіянат», а ў выніку аказаўся тэстаcтэрон прапіянат. Гэта вельмі прынцыпова для спартсмена. Ён павінен ведаць на 100 %, што ўколвае: з гармонамі жарты дрэнныя. Таму магу параіць, перш чым ужываць спартыўныя дадаткі, прынесці іх на экспертызу, каб даведацца пра склад.

На ігле

Некалькі гадоў таму мы перажылі бум на так званыя спайсы — сінтэтычныя канабіноіды. Да таго, як высветлілася, якую яны нясуць небяспеку, спайсы прадаваліся у інтэрнэт-крамах пад выглядам курыльных сумесяў.

— Канабіноіды самі па сабе выклікаюць узбуджальны эфект, але больш мяккі ў адрозненне ад сінтэтычных, да якіх адносяцца спайсы, — тлумачыць намеснік начальніка ўпраўлення судова-псіхіятрычных экспертыз упраўлення Дзяржкамітэта судовых экспертыз па Магілёўскай вобласці Дзяніс Самусеў. — Пад іх уздзеяннем адбываліся злачынствы, самазабойствы. Галюцынагенныя эфекты ад іх настолькі выразныя, што людзі былі цалкам імі паглынутыя. Кантраляваць сябе ў такой абстаноўцы немагчыма. Можна выпасці з акна, здзейсніць наезд, нават забіць. У Мінску быў выпадак, калі мужчына пад уздзеяннем спайсаў убачыў сябе ў пячоры і адмахваўся факелам ад нейкай пачвары. А на самай справе ён зайшоў у кватэру суседкі і забіў яе. З той жа серыі выпадак, калі хлопец у мінскім метро ўявіў сябе птушкай і скокнуў праз агароджу на рэйкі. Немагчыма без уздрыгу ўспамінаць гомельскі выпадак, калі пад уздзеяннем наркатычных рэчываў кампанія выкалала вочы свайму таварышу і спрабавала засунуць яму ў вену ланцужок.

Дзяніс Самусеў раіць маладым людзям быць больш самакрытычнымі.

Здаецца, дастаткова ведаць гэтыя прыклады, каб жадання паказытаць нервы болей не ўзнікала. Але чалавек — істота ўпартая і непрадказальная. Рынак псіхаактыўных рэчываў вялікі, налічвае не адну сотню найменняў. І пастаянна абнаўляецца.

Трапіць пад негатыўны ўплыў можа любы, але прасцей гэта атрымліваецца ў моладзі. Нехта робіць гэта за кампанію, каб не быць белай варонай, нехта — каб абстрагавацца ад сямейных або школьных праблем, нехта — каб зняць трывогу або проста зазірнуць за зачыненыя дзверы.

— Сітуацыю для іх спрашчае тое, што гандаль забароненым сёння перамясціўся ў інтэрнэт, — канстатуе Дзяніс Самусеў. — Некаторыя прымаюць рэчывы для таго, каб не спаць або проста павысіць энергію. Адсутнасць сну, павышанае лібіда, пачашчанае сэрцабіццё — арганізм пускае ў ход усе свае рэзервы, працуе на знос. Але пакуль малады, гэтага не заўважаеш. Наадварот, як толькі ап'яненне праходзіць, хочацца зноў усё паўтарыць, ды яшчэ ў большай дозе. Бо ранейшай, каб злавіць «кайф», ужо не хапае.

Небяспечныя гульні

Нам увесь час чагосьці не хапае, мы кудысьці спяшаемся, баімся не паспець паспрабаваць. Спецыялісты тлумачаць гэта недахопам гармону радасці — дафаміну, кажуць, што ўсе мы дафамінавыя наркаманы. Толькі адны знаходзяць яго ў жыццесцвярджальных момантах — падарожжах, занятках спортам, выхаванні дзяцей, а іншыя ў заганных — спіртным, наркотыках, псіхатропах. Зразумела, што ніхто ў добрым здароўі і розуме не пагодзіцца стаць п'яніцам або наркаманам. Думаецца, я толькі крышачку паспрабую, а потым перакручу стрэлкі назад. Але не ў кожнага атрымліваецца. На думку суразмоўцы, перашкаджае адсутнасць пачуцця самакрытычнасці.

— Адной з прыкмет залежнасці з'яўляецца адсутнасць цікавасці да свайго стану, — кажа Дзяніс Самусеў. — Калі чалавек адчувае залежнасць, гэта вельмі добры прагноз. Ён хутчэй за ўсё зможа вярнуцца да нармальнага жыцця. Але часцей людзі адмаўляюць сваю залежнасць. Чалавек не заўважае, што становіцца алкаголікам, наркаманам, камп'ютарным гульцом. Наяўнасць залежнасці — адсутнасць кантролю над ужываннем. Калі няма ніякай розніцы, з кім піць, калі не ведаеш, колькі выпіў, няма сігналу — усё, хопіць, да дабра гэта не давядзе. Самая галоўная прыкмета, якая ўказвае на залежнасць, — сіндром адмены. Гэта калі пасля ўжывання алкаголю чалавек дзень не п'е і адчувае, што яго стан пагаршаецца: пачашчаецца сэрцабіццё, адчуваецца млоснасць, парушаецца сон, сняцца кашмары, павышаецца трывожнасць. Радасць жыцця вяртае толькі чарговая бутэлька. Гэта ўсё ўказвае на тое, што чалавеку трэба лячыцца. Сам ён хутчэй за ўсё не выйдзе з гэтага стану. Яму патрэбна дапамога спецыяліста. І — родных. У людзей, якія «апусціліся», мала чаго прывабнага, але іх блізкія павінны разумець, што без іх жывога ўдзелу ў лёсе няшчаснага вярнуць яго ў грамадства амаль немагчыма. І трэба праявіць максімум хрысціянскай любові і павагі, каб чалавек пачуў і зразумеў, што ён патрэбны.

Брудныя грошы

Наркотыкі — зло, яны метадычна разбураюць таго, хто іх ужывае, прыносяць гора ў сем'і. Наркаманаў па-чалавечы шкада, тых, хто прадае ім смерць, як ні дзіўна, таксама. Бо часцей за ўсё гэта маладыя людзі, жыццё якіх толькі пачынаецца. І шмат хто з іх проста не разумее, што рабіць грошы на чужым няшчасці бесчалавечна. Але няведанне (або неразуменне), як той казаў, не апраўданне.

— Калі размаўляеш з маладым чалавекам або дзяўчынай, якіх затрымалі за распаўсюджванне наркотыкаў, нельга ім не спачуваць у глыбіні душы, — прызнаецца Дзяніс Самусеў. — У пастку яны трапляюць таму, што жадаюць лёгкіх грошай. Але гэта самападман. Іх вельмі хутка выяўляюць і прыцягваюць да адказнасці. Нікому не раю так зарабляць грошы, бо гэта стапрацэнтная судзімасць. Пакаранне за распаўсюджванне наркотыкаў у нас дастаткова суровае. Для тых 18-19-гадовых хлопцаў і дзяўчат, якія яшчэ цалкам не сфарміраваліся як паўнавартасныя члены грамадства і не маюць трывалага ўяўлення, якімі каштоўнасцямі трэба жыць, турма не лепшае месца. А сярод іх ёсць вельмі таленавітыя і перспектыўныя маладыя людзі — з поспехамі ў вучобе, спорце, творчасці. Яны вучацца на праграмістаў, дызайнераў, лагістаў, але наркотыкі мяняюць іх жыццё на 180 градусаў. Ці каштуе гэта таго, каб застацца без будучыні?

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.