Вы тут

Жыў чалавекам


Не стала Серафіма Андраюка — аднаго з самых аўтарытэтных беларускіх крытыкаў і літаратуразнаўцаў, які 10 сакавіка адзначыў сваё 89-годдзе. Ураджэнец вёскі Градзялі, што на Беласточчыне, ён у 1945 годзе з бацькамі пераехаў у Бербашы Карэліцкага раёна. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выкладаў беларускую мову і літаратуру ў адной з сярэдніх школ на Старадарожчыне. У 1962 годзе паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі. Абараніў кандыдацкую дысертацыю, пятнаццаць гадоў працаваў у гэтай аўтарытэтнай навукова-даследчай установе. 


За пяро ўзяўся падчас настаўнічання. Аб тым, наколькі гэта быў ініцыятыўны педагог, шчыра зацікаўлены тым, каб далучаць вучняў да найлепшых набыткаў літаратуры, засведчылі яго першыя допісы, змешчаныя ў газеце «Літаратура і мастацтва»: «Каму верыць?» і «У хрэстаматыю — творы хрэстаматыйныя», адпаведна ў 1960 і 1961 гадах. Як крытык дэбютаваў трыма гадамі пазней, аналізуючы найлепшыя набыткі нацыянальнай літаратуры, узнімаючы праблемы яе развіцця і далейшага станаўлення. Не абыходзіў увагай усе празаічныя жанры, але найбольшую зацікаўленасць аддаваў раману. Дарэчы, і тэма кандыдацкай дысертацыі была прысвечана праблемам яго развіцця. 

З’явай у нацыянальнай крытыцы і літаратуразнаўстве сталі кнігі Серафіма Антонавіча «Жыццё. Літаратура. Героі», «Традыцыі і сучаснасць», «Вывяраючы жыццём», «Жыць чалавекам», «Чалавек на зямлі» і іншыя. Адзін з аўтараў «Истории белорусской советской литературы», «Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4 тамах. Актыўны ўдзел прымаў у выпуску серыі «Беларускі кнігазбор», складаючы асобныя тамы яе і пішучы да іх прадмовы, робячы каментарыі. Сведчанне яго пастаяннай зацікаўленасці літаратурным працэсам — публікацыі ў перыёдыцы, у тым ліку ў часопісе «Полымя», у якім ён з’яўляўся адным з самых актыўных аўтараў. За кнігу «Жыць чалавекам» быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя Івана Мележа. Яго арганізатарскі талент ярка раскрыўся падчас працы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура»: у 1981—1993 гадах — галоўны рэдактар, у 1993— 1996 гг. — дырэктар. 

У назвах кніг Серафіма Андраюка невыпадкова часта сустракаюцца ў розных варыянтах словы «чалавек», «жыццё». Ён быў перакананы, што «справы, учынкі, нават яго (чалавека. — А. М.) пачуцці і перажыванні — яны заўсёды закранаюць іншых людзей, г. зн. што той мікрасвет, у якім існуе чалавек, гэта не толькі свет яго, але і свет іншых, больш за тое, ён невідочна ўваходзіць ў вялікі свет жыцця наогул». Таму так важна быць і жыць чалавекам. Серафім Антонавіч такім быў і так жыў. А ўжо зыходныя з гэтага — і яго таленавітасць, і яго працавітасць. Ды і мужчынская абаяльнасць — таксама. Такім ён і застанецца ў памяці ўсіх, хто ведаў гэтага цудоўнага чалавека і пісьменніка.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.