Вы тут

Як зразумець літаратуру, не ведаючы адрасоў нараджэння мастацкіх твораў?


Што такое краязнаўства? Па-першае, — эканамічнае, палітычнае, гістарычнае і культурнае развіццё мікрараёна, вёскі, горада, гэта — «комплекс навуковых дысцыплін, якія адрозныя па зместу і прыватных метадах даследвання, але ў сваёй сукупнасці вядуць да навуковага і ўсебаковага пазнання края», а па-другое, гэта — «усебаковае вывучэнне ... нейкай пэўнай тэрыторыі, якое праводзіцца на навуковай аснове, пры гэтым аб’ектамі даследавання з’яўляюцца: сацыяльнае аблічча раёна, вобласці, прыродныя ўмовы і г.д.». Сродкі масавай інфармацыі, перш-наперш перыядычны друк, з’яўляюцца адной з важнейшых крыніц краязнаўчай інфармацыі. У свой час літаратуразнаўца М. Піксанаў заяўляў, што органы друку «утрымліваюць шмат дакладных дадзеных пра мясцовае культурнае жыццё».


Выразнае месца сярод дысцплін, якія адкрываюць гісторыю края, займае літаратурнае краязнаўства — «тая ж гісторыя літаратуры, але якая адрозніваецца асаблівым падборам матэрыяла, асаблівым аспектам яго разгляду». Дз.С. Ліхачоў адзначаў: «... зразумець літаратуру, не ведаючы мясцін, дзе яна нарадзілася, не меней цяжка, чым зразумець чужую думку, не ведаючы мовы, на якой яна выкладзена. Ні паэзія, ні літаратура не існуюць самі па сабе: яны вырастаюць на роднай глебе і могуць быць зразумелымі толькі ў сувязі з сваёй роднай краінай».

Перыядычныя выданні, асабліва спецыялізаваныя, вельмі ўважлівыя да праяў літаратурнага жыцця, праяў самой мастацкай літаратуры як шырокай культурнай з’явы. І праз гады пасля з’яўлення тых ці іншых твораў паэзіі, прозы, мастацкайпубліцыстыкі нельга абыйсціся без звароту да крыніц іх першых публікацый, крыніц першых згадак пра гэтыя творы. У складніку выданняў, якія найболей адказваюць на такія запыты гісторыі літаратуры, асаблівае месца належыць літаратурным ці літаратурна-мастацкім газетам і часопісам. Вялікую культурную значнасць для прэзентацыі нацыянальнай культуры заўсёды меў штотыдневік «Літаратура і мастацтва». Немагчыма ствараць партрэт жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры альбо проста вядомага пісьменніка, не карыстаючыся гэтай газетай. Выданне, якое прыходзіць да чытачоў Беларусі з 1932 года, сёння з’яўляецца газетай творчай інтэлігенцыі краіны. Заснавальнікамі газеты выступаюць Міністэрства інафармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюз пісьменнікаў Беларусі і РВУ «Выдавецкі дом «Звязда».

Многія публікацыі газеты адказваюць на пытанні, звязаныя з акалічнасцямі фарміравання мастацкага таленту тых ці іншых творцаў, акрэслена вылучаюць умовы, у якіх нараджаліся паэтычныя і празаічныя радкі. Краязнаўчы аспект шэрагу публікацый развівае ў чытачоў большую цікавасць да мастацкіх твораў, прымушае зазірнуць у творчую лабараторыю пісьменнікаў. Яркі прыклад такіх падыходаў, такога раскрыцця тэмы — у нарысе Галіны Дашкевіч «Ён — Палесся абраннік», прысвечаным паэту Уладзіміру Верамейчыку. Прадставіўшы чытачу пісьменніка-земляка, аўтар расказвае пра апошнія месяцы жыцця творцы. «Восенню 1999 года Уладзімір Міхайлавіч зноў трапіў у бальніцу. Ляжаў ужо не ў хірургіі, а ў кардыялагічным аддзяленні, — піша Г. Дашкевіч. — Мы з Тамарай Пятроўнай наведалі яго, не маглі нагаварыцца з ім. Аб чым толькі не гутарыў Уладзімір Міхайлавіч! Успамінаў сваіх сяброў па пяры: Рыгор Барадуліна, Еўдакію Лось, Генадзя Бураўкіна, многіх іншых. Ён праводзіў нас. Ішоў па доўгім бальнічным калідоры — высокі, прыгожы, упэўнены ў тым, што пераможа хваробу. На развітанне пацалаваў нас у шчокі далікатна, па-джэнтльменску, памахаў рукой. Гэта было наша апошняе развітанне з песняром Прыпяці, Палесся.

Пасля бальніцы Уладзімір Міхайлавіч патэлефанаваў, гаварыў, што цукар значна панізіўся і што вырашыў усур’ёз заняцца здароўем. Але не суджана было і памерці ў Мазыры. Памёр Уладзімір Верамейчык у Рэчыцы ў бальніцы 26 снежня 1999 года...». А далей ідзе расповяд пра апошнюю кнігу паэзіі У. Верамейчыка «Ліхаўня», пра аднайменную паэму, прысвечаную светлай памяці маці паэта — Соф’і Данілаўны Збароўскай, ураджэнкі вёскі Ліхаўня Нараўлянскага раёна. Так, той вёскі, якая знікла з твару зямлі ў выніку Чарнобыльскай катастрофы. «Я ў зоне ляжу:/ галава на пяску/ каля Брагіна/ Каля Хойнікаў сэрца/ ў засені хворых дубоў,/ Пад Нароўляю ногі/ ў Прыпяць бяссільна / апушчаны/ Ужо восем гадоў,/ ужо восем страшэнных гадоў...» (8) — нельга без хвалявання чытаць такія адкрытыя, пранізлівыя паэтычныя радкі Уладзіміра Верамейчыка.

Але ж звернемся да жыцця і творчасці класікаў беларускай літаратуры. Наколькі складанню іх творчых партрэтаў спрыяе літаратурна-краязнаўчая праблематыка на старонках газеты «Літаратура і мастацтва»? І ўвогуле, ці можна з дапамогай газетных выступленняў набыць больш шырокае ўяўленне пра беларускую літаратуру? Ці газеты і часопісы — у лепшым выпадку толькі зварот да сучаснага літаратурнага працэсу?

Многія літаратурна-краязнаўчыя публікацыі ў газеце самым цесным чынам спалучаны са школьнай праграмай, служаць сапраўднай крыніцай для вывучэння беларускай літаратуры ў межах школьнай праграмы.

Яркай праявай увагі да класічнакй літаратуры з’яўляецца нумар «Літаратуры і мастацтва» за 2 лістапада 2012 года, які пабачыў свет акурат у пярэдадзень 120-годдзя з дня нараджэння народнага песняра Беларусі. З 81 публікацыі, размешчанай на 24 газетных старонках фармата А 3, каля паловы прысвечана Якубу Коласу. Адкрываецца нумар словамі народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава: «Дарагі Колас! Я не бачыў цябе ніколі пры жыцці, але ты запаліў ва мне агеньчык хараства, і вечнае за гэта дзякуй!

Фота: БелТА

Дзякуй табе за маё кніжнае дзяцінства і за твой народны і вельмі чалавечы талент». У нумары раскрываюцца многія літаратуразнаўчыя і гісторыка-літаратурныя пытанні. Прыцягваюць увагу грунтоўныя артыкулы Т. Голуб, П. Васючэнкі, А. Трафімчыка, А. Лапіцкай і інш. Выдатнай падказкай аднаго адраса коласаўскіх мясцін у Беларусі з’яўляецца карэспандэнцыя В. Рагойшы «Яшчэ адзін любімы кут». «Толькі што я вярнуўся з майстэрні вядомага скульптара, народнага мастака Беларусі Івана Міско, — піша Вячаслаў Пятровіч. — Ён закончыў мемарыяльную шыльду Якубу Коласу, якая ў юбілейныя дні будзе ўсталявана ў Вільнюсе. Цяпер жа даводзіць да ладу другую — ужо не з бронзы, а з граніту — памятную дошку Песняру, са словамі: «У гэтым доме ў 1953 — 1956 гг. неаднаразова спыняўся народны паэт Беларусі Якуб Колас. Шыльда павінна з’явіцца на сцяне адной з хат у невялікай вёсцы Палачанка Валожынскага раёна...». І далей: «Як жа трапіў у Палачанку Якуб Колас? Аўтара “Новай зямлі” даволі часта бачылі на Ракаўшчыне з пачатку 1950-х гг. і да самай яго смерці ў жніўні 1956 г.». Даследчык расказвае пра гісторыі з паездак Якуба Коласа на Ракаўшчыну, у Палачанку і Бузуны, знаёмства паэта з кавалём Букіным і яго сям’ёй. В.Рагойшу ўдалося расшукаць сведку прыездаў, жыцця народнага песняра, пагутарыць з старым млынаром Фёдарам Мікалаевічам Юрынком. «Да яго сюды прыязджалі пісьменнікі. Помню Лужаніна, Калачынскага... Аднойчы застаўся на тыдні два. Тады яго тут наведаў Уладзімір Дубоўка — высокі, шыракаплечы, з доўгай барадой. Папрасіў у канцы майго агарода, каля рэчкі, паставіць палатку... атабарыўся ў ёй на ўвесь час, пакуль тут Колас быў. З Коласама яны хадзілі і гаварылі цэлымі днямі, пра што — не скажу, не чуў. А мне Дубоўка расказваў, што сын яго на вайне загінуў, што сам быў рэпрэсіраваны, вывезены ў Сібір больш як на дваццаць гадоў...».

Фота: Нацыянальная бібліятэка

У школьнай праграме за IX клас творчасці Я. Коласа адведзена 6 гадзін. Разглядаюцца вершы «Не бядуй!», «Беларусам», «Родныя вобразы», «Першы гром», паэма «Новая зямля» (раздзелы на выбар настаўніка), трылогія «На ростанях». Чаму б не падумаць, не паразважаць на тэму, што падштурхнула да сустрэчы ўжо па тым часе, лічы, класіка і паэта-пакутніка, які толькі што вярнуўся з сталінскага лагера?.. Газетная публікацыя падштурхоўвае да гэтага настаўніка, прымушае весці інтэлектуальны пошук. А для тых вучняў, якія жывуць на Ракаўшчыне, Валожыншчыне, гэтая карэспандэнцыя — яшчэ і для працягу краязнаўчагаі росшуку. Арыентуе ж праграма ў частцы «Асноўных патрабаванняў да ведаў, уменняў і літаратурнага развіцця вучняў IX класа» на падрыхтоўку дакладаў ці рэфератаў з выкарыстаннем літаратуразнаўчых крыніц. А тут — жывая краязнаўчая інфармацыя!.. Чаму б не выправіцца ў літаратурна-краязнаўчую экскурсію?!. Яе ўдзельнікам і кіраўніком мог бы стаць і сам доктар філалагічных навук В. П. Рагойша. На крайні выпадак — віртуальна. І не толькі ў звязку з карэспандэнцыяй у «Літаратуры і мастацтве», але і з падказкамі адмысловай краязнаўчай газеты «Ракаўскі шлях», якую ўжо на працягу некалькіх гадоў саматужна выдае вучоны.

У праграме за X клас на вывучэнне беларускай літаратуры адведзена 53 гадзіны. Беларуская літаратура першай трэці XX стагоддзя займае 17 гадзін. Беларуская літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны — 13 гадзін. Беларуская літаратура пасляваеннага часу (да сярэдзіны 1960-х гадоў) — 19 гадзін. Істотнае месца адведзена творчасці Уладзіміра Караткевіча (1930 — 1984). Чытаем у праграме: «Уладзімір Караткевіч. Аповесці » Дзікае паляванне караля Стаха" або «Чазенія»; раман «Каласы пад сярпом тваім» (кніга першая «Выйсце крыніц»; з другой кнігі «Сякера пры дрэве» — разделы I, II, VII, XII, XVII (6 гадзін).

«Дзікае паляванне караля Стаха». Канкрэтна-гістарычная аснова твора. Каларыт, атмасфера мінулай эпохім (80-я гады XIX ста.). Зварот пісьменніка да легенды пра караля Стаха Горскага (пач. XVII ст.), рамантычнае яе асэнсаванне. Асуджэнне сацыяльнага прыгнёту і ўціску. Роздум аб прызначэнні чалавека на зямлі, лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох. Праблемы дабра і зла, кахання, мужнасці і гераізму. Вобразы Андрэя Беларэцкага, Андрэя Свеціловіча і Надзеі Яноўскай. Асаблівасці кампазіцыі твора.

«Чазенія». Праблематыка аповесці. Вобразы Севярына Будрыса і Гражыны. Выяўленне характараў герояў у неардынарных абставінах. Мастацкая роля прыроды ў творы. Сэнс назвы аповесці. Жанр і кампазіцыя твора.

Раман «Каласы пад сярпом тваім». Гістарычная аснова рамана. Рэальныя гістарычныя асобы ў творы: Каліноўскі, Шаўчэнка, Серакоўскі, Манюшка, Дунін-Марцінкевіч. Паказ станаўлення характару будучага кіраўніка сялянскага паўстання Кастуся Каліноўскага. Духоўны воблік галоўнага героя рамана Алеся Загорскага. Прадстаўнікі дваранства ў рамане (Даніла Вежа-Загорскі, Хаданскія, Кроер). Дзеячы шляхецкага руху Яраслаў Раўбіч і Багдан Война. Стыхійны характар антыпрыгонніцкай барацьбы сялян. Паказ супярэчнасцей паміж дваранскімі рэвалюцыянерамі і кіраўніком сялянскага паўстання Корчакам. Грунтоўнасць гістарычнага мыслення аўтара. Праўдзівасць адлюстравання чалавечых характараў. Хараство кахання Алеся Загосркага і Майкі Раўбіч. Своеасаблівасць мастацкага стылю рамана. Дынамічнасць сюжэта. Сумяшчэнне рэалістычных і рамантычных мастацкіх абагульненняў, гістарычнага і гісторка-легендарнага ў творы. Месца і роля лірычных адступленняў і пейзажных малюнкаў. Вобразная сімволіка. Сувязь рамана з паэтыкай народных балад і легенд«.

Дастаткова шырокія і масштабныя задачы пастаўлены перад настаўнікам і вучнямі, калі мець на ўвазе, што засваенне ўсяго гэтага матэрыялу зойме толькі 6 гадзін. Магчыма, падказваючы вучню, што трэба прачытаць за час канікул у пярэдадзень навучальнага года, ёсць сэнс вылучыць і парады па знаёмству з дадатковым літаратурна-краязнаўчым матэрыялам. На крайні выпадак — настаўніку самому варта звярнуць увагу на такія публікацыі, у прыватнасці, газеты «Літаратура і мастацтва».

Прыкладам цікавага гісторыка-літаратурнага і літаратурна-краязнаўчага пошуку з’яўляецца публікацыя артыкула А. Вераб’я «Спадчына», прысвечанага сяброўству У. Караткевіча і Ю. Гальперына. Чытаем: «Ураджэнец Расіі , Ю. Гальперын у 1949 — 1954 гады вучыўся ў Мінску на будаўнічым факультэце Белаурскага політэхнічнага інстытута. З Уладзімірам Караткевічам , спачатку завочна, пазнаёміўся праз яго і сваіх сяброў Валянціна Краўца і Станіслава Карпенку, якія ў той час таксама вучыліся ў політэхнічным інстытуце...». І далей: «...думаецца, што У. Караткевіча і Ю. Гальперына ядналі глыбокая духоўнасць, высокая маральнасць і энцыклапедычныя веды. Лісты У. Караткевіча, адарасавныя сябру, яскрава пра гэта сведчаць». У свой час якраз Ю. Гальперын бараніў пісьменніка ад нападак аршанскай газеты «Ленінскі прызыў», якая ў 1957 годзе цкавала паэта за вершы. Сябар У. Караткевіча даслаў тады ў «Полымя» свой артыкул, які, на жаль, не быў надрукаваны. Расказваючы гісторыю пошукаў лістоў сябра і актыўнага карэспандэнта пісьменніка, А. Верабей зазначае, што, дзякуючы гэтым росшукам, удалося і знайсці 18 дагэтуль невядомых караткевічаўскіх паэтычных твораў. Артыкул даследчыка — яшчэ і напамін пра вартасці пошукавай працы, узор старанняў па ўзнаўленню памяці пра класіка. «Літаратура і мастацтва» толькі ў 2008 годзе яшчэ не аднойчы вернецца да жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча. Варта згадаць публікацыі Дзяніса Марціновіча «Перачытаем “Каласы...”?» у нумары за 19 красавіка 2008 г. і «Каханне ў выяўленні Уладзіміра Караткевіча» Ірыны Бажок у нумары ад 8 лютага 2008 г. Дарэчы, на працягу некалькіх нумароў у «Літаратуры і Мастацтве» друкаваўся цыкл публікацыяй Дзяніса Марціновіча пад агульнай назвай «Рэканструкцыя адносін. Уладзімір Караткевіч і Ніна Молева».

Фота: Нацыянальная бібліятэка

Аснову краязнаўчай тэматыкі на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» складаюць публікацыі, размешчаныя, як правіла, у тэматычным выпуску «Зямля пад белымі крыламі». Сімвалічна, што назвай такога развароту ў газеце сталі словы Уладзіміра Караткевіча, дакладней — назва яго нарыса, які спярша пабачыў свет асобным выданнем на украінскай мове ў 1972 годзе, а пасля — па-беларуску ў 1977 годзе, у дапоўненым і дапрацаваным выглядзе. Павага да каштоўнасцяў гістарычнай памяці, асэнсаванне месца народнай культуры ў патрыятычным выхаванні грамадства — асноўная тэматычная прастора, якую аглядаюць у сваіх матэрыялах журналісты «Літаратуры і мастацтва», яе пазаштатныя аўтары. З артыкуламі, карэспандэнцыямі, рэпартажамі, нарысамі ў раздзеле выдання «Зямля пад белымі крыламі», перыядычнасць якога складае 2 выпускі ў месяц — дзве паласы фармата А 3, выступалі і выступаюць Раіса Марчук, Анатоль Валахановіч, Анатоль Цітоў, Адам Мальдзіс, Сяргей Чыгрын, Ігар Пракаповіч і інш. Дасведчаныя краязнаўцы, гісторыкі, навукоўцы розных прафесій, спецыялісты ў галіне геральдыкі, тапанімікі, матэрыяльанй культуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — усе разам яны ствараюць атмасферу раскрыцця партрэта рэгіёнаў Беларусі з пунктаў гледжання гістарычнага, геаграфічнага, экалагічнага і ў значнай ступені літаратурнага краязнаўства. «Зямля пад белымі крыламі» — шырокая дзялянка, на якой разгляаецца спектр літаратурна-краязнаўчых тэм. Звернемся да назваў рубрык: «Культурная спадчына», «Чалавек і яго лёс», «Прызма часу», «Слова краязнаўцы», «Музейны унікат», «Памяць», «Праекты», «Пошукі і знаходкі», «Радзіннае», «Родны кут», «Імя ў гісторыі», «Далёкія і блізкія суродзічы», «Стасункі» і інш. Фактычная большасць з іх адапціравана пад краязнаўчую праблематыку, носіць выразную тэматычную афарбоўку. Літаральна пад усімі са згаданых рубрык з’яўляюцца матэрыялы літаратурна-краязнаўчага характару. А ў невялікіх па памеру нататках пад рубрыкай «Слова краязнаўцы» выступалі ў розны час тыя даследчыкі, хто займаўся і займаецца літаратурнай гісторыяй свайго края. Як прыклад — Уладзімір Дарагуж з Чэрвеня («... у былым маёнтку Капланцы ў 1886 годзе нарадзіўся Мікола Равінскі, які паклаў на музыку творы класікаў беларускай літаратуры: вершы Дубоўкі, Купалы, Дуніна-Марцінкевіча і Багдановіча»), Роза Шэрая з Вілейшчыны («У былым Вілейскім павеце нарадзіліся Янка Купала, Змітрок Бядуля, Леапольд Родзевіч, Уладзімір Дубоўка, Максім Танк. [...] Другая сусветная вайна прызвала ў шэрагі абаронцаў Айчыны паэтаў Алеся Дубровіча і Аркадзя Гейнэ, якія працавалі ў вілейскай газеце. Дзецьмі запомнілі ўсе жахі вайны ўраджэнцы раёна пісьменнікі Іван Лашутка, Уладзімір Папковіч, Уладзімір Дубовік»), А. Пяткевіч з Гродна, І. Ярашэвіч з Смілавіч Чэрвеньскага раёна і інш. Многія артыкулы — выразнае адлюстраванне ўласных літаратурна-краязнаўчых росшукаў таго ці іншага аўтара, а таксама — расповяд пра літаратурна-краязнаўчую работу ў школе. «Літаратура і мастацтва» 20 жніўня 2010 г. друкуе нарыс Ігара Пракаповіча «Пялёсткі з радзімы Уладзіміра Дубоўкі». Аўтар пачынае з таго, што існуюць розныя меркаванні наконт нараджэння паэта. У аўтабіяграфіі пісьменнік сцвярджае, што на свет Божы ён з’явіўся ў вёсцы Агароднікі. Старажылы з Пастаўшчыны сведчаць, што нарадзіўся творца ў Манькавічах. Краязнаўца ўносіць яснасць: месца нараджэння — Агароднікі, хата дзядулі і бабулі па бацькавай лініі. А сям’я паэта жыла ў Манькавічах, дзе бацька паэта працаваў на бровары. У якасці аргументаў І. Пракаповіч звяртаецца да ўспамінаў самога Уладзіміра Дубоўкі, цытуе яго творы, напісаныя на «манькаўскім» матэрыяле — у прыватнасці, апавяданні «Незапрошаныя візіцёры», «Пажар». Краязнаўца дадае да адкрытай інфармацыі сабраныя ім на Пастаўшчыне звесткі, расказвае пра гаспадароў маёнтка ў Манькавічах. 6 жніўня 2010 г. «Літаратура і мастацтва» расказвае пра літаратурны музей ў школе ў вёсцы Дастоева — карэспандэнцыя С. Грышкевіча «Быць годнымі класіка». Мясцовы настаўнік А. Бурак сабраў нямала матэрыялаў пра радзіму прашчураў класіка рускай літаратуры Ф. Дастаеўскага, вядзе кантактаванне з спадчыннікамі пісьменніка, даследчыкамі яго творчасці.

Сённяшнія тыражы літаратурна-мастацкай перыёдыкі (газеты «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман») сведчаць, што хутчэй за ўсё літаратурнае краязнаўства на старонках гэтых выданняў застаецца па-за ўвагай шырокага кола настаўнікаў. Большасць публікацый, звязаных з жыццём і творчасцю класікаў, наўрад ці вядомыя таму чытачу, якому, здавалася б, перш-наперш павінны былі адрасавацца. У такім разе памкненні многіх краязнаўцаў і гісторыкаў літаратуры з’яўляюцца марнымі, не дасягаюць сваёй мэты ў выхаванні гарманічнага развітага чытача беларускай мастацкай літаратуры. Несумненна, любыя заклікі на гэтую тэму наўрад ці змогуць нешта зрушыць з месца. Патрэбна сістэматычна аглядаць літаратурна-краязнаўчыя публікацыі ў болей шырокім масавым друку, у прыватнасці, у «Звяздзе», «СБ.Беларусь сегодня», «Настаўніцкай газеце». Свайго развіцця ў цэлым у нашай краіне патрабуе і краязнаўчая бібліяграфія. Прыкладам маглі б служыць некаторыя рэгіёны Расійскай Федэрацыі, дзе традыцыйна краязнаўчая літаратурная бібліяграфія знаходзіцца на высокім узроўні. Спрыяла гэтаму ў свой час і ўзнікшая дзякуючы М. К. Піксанаву ў першай чвэрці XX стагоддзя тэорыя «абласных культурных гнёздаў». І ў нас ёсць усе падставы для стварэння краязнаўчай бібліяграфіі мастацкай літаратуры. Такія паказальнікі спрыялі б сістэматызацыі знойдзеных звестак, удакладненню характара і месца нараджэня тых ці іншых творчых задум. Хіба для гісторыі літаратуры і нацыянальнай культуры не важна, хто стаў прататыпам герояў раманаў Івана Мележа «Людзі на балоце» альбо «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава? Тым болей, што вопыт стварэння краязнаўчай бібліяграфіі ёсць, ён рэалізаваны лакальна — напрыклад, на Інтэрнэт-сайтах раённых і абласных бібліятэк краіны.

Літаратурна-краязнаўчая праблематыка «Літаратуры і мастацтва», як і іншых рэспубліканскіх газет і часопісаў, — унікальная магчымасць спалучэння мясцовага матэрыялу з выкладаннем мастацкай літаратуры ў агульнаадукацыйнай школе. Поруч з пісьменніцкай газетай найболей актыўна над асвтяленнем літаратурнага краязнаўства працуюць такія выданні, як «Настаўніцкая газета», «Культура», часопісы «Маладосць», «Полымя». Знаёмства з іх старонкамі, збіранне архіва публікацый — выключны дапаможны матэрыял і для настаўніка, і для вучня. Між іншым, многія газетныя і часопісныя праекты маглі б прывесці да складання тэматычных краязнаўчых зборнікаў. Як у «Літаратуры і мастацтве» — «Зямля пад белымі крыламі», так па матэрыялах часопіса «Полымя» — «Наш край», газеты «Звязда» — «Ігуменскі тракт».

Чаго не стае літаратурна-краязнаўчай праблематыцы ў сучасным беларускім перыядычным друку? Найперш варта заўважыць, што распрацоўка многіх тэм магла б болей істотна суправаджацца зваротам да школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Па-другое, часам рэдакцыі газет і часопісаў даюць месца публікацыям другаразрадным, напісаным без уліку шматбаковага раскрыцця той ці іншай тэмы. Аўтары літаратурна-краязнаўчых карэспандэнцый, нарысаў, публікацый іншых жанраў, як правіла, у нязначнай ступені выкарыстоўваюць архіўныя крыніцы, даюць волю творчай фантазіі, займаюцца не заўсёды дакументальна падмацаванным версіфікатарствам тых ці іншых падзей. Сам характар праблематыкі патрабуе большай публіцыстычнай і даследчыцкай адказнасці за напісанае, выкладзенае ў матэрыяле. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

«Баграціён». Што вы ведаеце аб найбуйнейшай ваеннай аперацыі ў гісторыі? Тэст

У ходзе аперацыі савецкая армія разграміла групу армій «Цэнтр» Вермахта.