Вы тут

Прэзідэнт: Закон, нормы закона жалезабетонна павінны выконвацца ўсімі


Тэма чарговай нарады, якая па словах кіраўніка краіны, наспявала даўно — забеспячэнне законнасці і правапарадку. Важнасць пытанняў падкрэслівае і склад удзельнікаў — кіраўнікі дзяржорганаў, губернатары, пракуроры абласцей, супрацоўнікі Следчага камітэту, Міністэрства ўнутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях. У фокусе пытанні крымінагеннай абстаноўкі, супрацьдзеяння экстрэмізму і абароту наркотыкаў, папярэджанне гібелі на пажарах, прафілактыка правапарушэнняў сярод непаўналетніх.


«У такім складзе і па гэтым пытанні мы збіраемся ўпершыню, паколькі пасля прэзідэнцкіх выбараў адбылася ратацыя кіраўнікоў праваахоўнага блока і іншых дзяржаўных органаў. Асабліва падкрэслю: стан законнасці і правапарадку — гэта не толькі ўзровень крымінагеннай абстаноўкі ў краіне, але і захаванне законаў ва ўсіх сферах жыцця нашага грамадства», — сказаў Прэзідэнт.

Вучыцца жыць па законе

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што напярэдадні рэферэндума неаднойчы падкрэсліваў: беларусам неабходна навучыцца жыць па законе, а не па дырэктывах, указах і настаўленнях Прэзідэнта.

«Закон, нормы закона жалезабетонна павінны выконвацца ўсімі», — дадаў ён.

Па яго словах, калі браць «сухія» лічбы рэгістрацыі злачынстваў, то сітуацыя выглядае нядрэнна і мае станоўчыя тэндэнцыі. А менавіта: за дзесяць гадоў колькасць злачынных замахаў скарацілася ў паўтара раза, а з 2007 года — больш чым у два разы, да 87 тысяч злачынстваў. Узровень злачыннасці ў рэспубліцы ніжэйшы, чым у сярэднім па краінах СНД. Істотна зменшылася колькасць грамадзян, якія загінулі ад незаконных замахаў на 40 працэнтаў.

Разам з тым агульная пазітыўная дынаміка — не падстава для самазаспакаення, акцэнтуе кіраўнік краіны.

«У мінулым годзе меліся фактары, якія ўзмацняюць адмоўныя тэндэнцыі, на што хацеў бы звярнуць увагу. Пры гэтым адзначу, нам патрэбны не імгненныя меры рэагавання, не абарона вузкаведамасных інтарэсаў па прынцыпе перакладання адказнасці “з хворай галавы на здаровую”, не справаздачы аб “палачна-галачных” паказчыках, а рэальная зладжаная праца дзяржаўных органаў. Таму на нараду запрошаныя не толькі людзі ў пагонах, але і цывільныя — міністры, губернатары. Размова ідзе пра зладжаную работу», — заявіў Прэзідэнт.

Ён расказаў, што выказацца на нарадзе павінны ўсе, а не толькі генеральны пракурор як галоўны адказны за дакладнае выкананне заканадаўства.

«Мы хочам паглядзець наперад, як будзем жыць і працаваць, адзначыць недахопы, крытычна паглядзець на нашу работу. Таму запрошаны і губернатары, і асобныя міністры, і прэм’ер-міністр. Яны, канешне, ж выкажуць свае прэтэнзіі да сілавога блоку і што яшчэ ў гэтых умовах нам неабходна для развіцця незалежнай дзяржавы», — адзначыў Прэзідэнт. 

Яшчэ адно актуальные пытанне — супрацьдзеяння тэрарыстычнай і экстрэмісцкай пагрозам. 

«Гэтага больш, чым калі-небудзь у іншыя гады. Мяне цікавіць, як забяспечваецца прынцып непазбежнасці адказнасці, а таксама якія меры плануюць прыняць МУС з іншымі дзяржаўнымі органамі для раскрыцця і папярэджання такіх злачынстваў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На парадку дня стаяць пытанні забеспячэння бяспекі чыгункі, супрацьдзеяння кібератакам і інфармацыйнага процістаяння, акцэнтуе Прэзідэнт. Насцярожвае яго сітуацыя з незаконным абаротам наркотыкаў. 

«Зноў адзначаецца тэндэнцыя павелічэння ўвазных наркотыкаў і псіхатропаў, нізкая эфектыўнасць выяўлення буйных распаўсюджвальнікаў і арганізатараў наркабізнесу. У мінулым годзе значна ўзрасла колькасць асоб, якія памерлі ад перадазіровак. Расце колькасць непаўналетніх, якія ўцягваюцца ў злачынную дзейнасць. Востра стаяць пытанні арганізацыі навучальнага і выхаваўчага працэсаў, занятасці дзяцей па-за школай», — пералічыў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна праблема, абмеркаваная на нарадзе, — гібель грамадзян ад знешніх прычын. Паводле Прэзідэнта, у 2021 годзе адбыўся рост смяротнасці на пажарах і ад утапленняў. 

«У той жа час колькасць смерцяў ад названых прычын (1155) на трэць перавышае колькасць асоб, якія загінулі ад злачынстваў. Я калі знаёмлюся з гэтымі лічбамі, думаю, як мы перажываем наконт таго, што ў нас не дай Божа, нехто загіне, абараняючы нашу Айчыну. Амаль 1200 загінула: з’япну ўтоплі ці спалілі хату, курачы ў ложку.

У асноўным такія прычыны гібелі. Тут ніхто не хвалюецца. Быццам бы ўсё нармальна. 1200! У афганскай вайне за год столькі не гінула», — абураецца Прэзідэнт.

На яго думку, гэтыя факты відавочна сведчаць аб недапрацоўцы мясцовых органаў улады і іншых суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў.

Пазітыўная карціна з шэрагам негатыва

Перадумовай для нарады стаў даклад кіраўніку краіны генеральнага пракурора Андрэй Шведа ў канцы снежня. Тады і ўзнікла ідэя арганізаваць такую вялікую сустрэчу з прадстаўнікамі праваахоўнага блоку і падрабязным аналізам праблем у сферы выканання законаў. Таму першым дакладаў на нарадзе менавіта генеральны пракурор. Ён запэўніў, што ў краіне забяспечана стабільная грамадска-палітычная абстаноўка, законнасць і парадак. Аднак, за агульнай пазітыўнай карцінай ёсць шэраг негатыўных з’яў, сказаў выступоўца.

«Асабліва непакоіць, што да гэтага часу не ўстаноўлены ўсе вінаватыя ў прычыненні цялесных пашкоджанняў супрацоўнікам міліцыі, дыверсіях на аб’ектах транспарту, падпале будынкаў і іншых дзёрзкіх злачынствах. Не менш востра стаіць праблема барацьбы са злачынствамі экстрэмісцкага кірунку ў інтэрнэт-прасторы. Менавіта дэструктыўная дзейнасць у інтэрнэце ў сучасных умовах мае сапраўдную пагрозу», — канстатаваў Андрэй Швед.

Па яго словах, асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на рызыку здзяўснення дыверсій і актаў тэрарызму на аб’ектах транспарту. Са жніўня 2020 года ўзбуджана 121 крымінальная справа па фактах прывядзення ў нягоднасць шляхоў зносін, сродкаў сігналізацыі, сувязі.

Непакоіць генпракурора сітуацыя з барацьбой з незаконным абаротам наркотыкаў, з уцягваннем у гэты працэс непаўналетніх. Апошнія некалькі год эфектыўнасць работы ў гэтым кірунку, паводле яго, стала інэртнай.

«Кіраўніком краіны неаднойчы падкрэслівалася неабходнасць барацьбы з каналамі пастаўкі наркотыкаў у краіну, а не раздзьмуванне статыстыкі за кошт прыцягнення да адказнасці шараговых збытчыкаў. Разам з тым карэннага пералому ў гэтым пытанні не адбылося. Да крымінальнай адказнасці як і раней прыцягваюцца ў асноўным збытчыкі — нізавыя звенні»,— падкрэсліў Андрэй Швед.

Актуальнасць мае праблема гібелі людзей ад знешніх прычын. Летась аб полымя і на вадзе загінула на трэць больш грамадзян, чым ад усіх іншых злачынстваў. Па словах генпракурора, такая тэндэнцыя назіраецца і сёлета, што сведчыць пра недапрацоўку пажарнага нагляду і мясцовых улад.

Прааналізавала ведамства пытанні падлеткавых злачынстваў. Сярод негатыўных тэндэнцый тут — рост ліку суіцыдальных спроб, надзённасць набываюць праблемы сэксуальнага гвалту ў дачыненні да дзяцей, сямейнага гвалту, прыцягвання непаўналетніх да наркараспаўсюджвання.

Назіраецца нізкі працэс спагнання сродкаў у кошт пагашэння страт за злачынствы. «Правапарушальнікі павінны бюджэту больш за 300 мільёнаў рублёў, а фактычна з іх спагнана каля 11 мільёнаў. Пагадзіцеся, у сённяшніх умовах дзяржава не можа дазволіць сабя дараваць такія даўгі», — акцэнтаваў Андрэй Швед.

Сістэмная, штодзённая, удумлівая работа

Прэзідэнт адразу задаў крытычны тон размове і настроіў дакладчыкаў з шэрагу міністраў казаць пра недахопы ў рабоце, а не даваць справаздачу аб гераічных дасягненнях. Тым больш, зазначыў кіраўнік краіны, ад нядаўна прызначаных, амбіцыёзных міністраў, такіх як Іван Кубракоў, Вадзім Сіняўскі і Андрэй Іванец ён хоча бачыць працу на перспектыву — значэнне мае толькі вынік.

Іван Кубракоў, міністр унутраных спраў далажыў, што з-за павелічэння колькасці смерцяў ад перадазіровак наркотыкамі, прыцягнення непаўналетніх да абароту забароненых рэчываў міліцыя актывізавала сваю дзейнасць.

«Рэаліі такія, што большая частка збыту наркарытычных сродкаў перамясцілася ў ценевы сегмент сеткі Інтэрнэт. У гэтай сувязі мы перафарматавалі службу наркакантролю. У яе структуры стварылі падраздзяленне аналітычнай разведкі, якая сканцэнтравана на прыпыненні дзейнасці Інтэрнет-магазінаў, што распаўсюджваюць наркотыкі», — абвясціў міністр.

Па яго словах, МУС з мэтай прафілактыкі нарказлачынстваў сярод падлеткаў выкарыстоўвае мэсанджары, відэаролікі, клубы па ваенна-патрыятычным выхаванні.

«Гэта значыць, ударым патрыятычным выхаваннем і пляцоўкамі па наркотыках? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — У мяне такія размовы, што мы гераічна змагаемся, „не пракацяць“. Я хачу, каб вы гэта разумелі. Вы што забыліся, што ў 2020 годзе было? Ці тут тры чвэрці людзей сядзіць, што рады 2020 году і хочуць паўтарэння пройдзенага? Запомніце, гэта не атрымаецца. У мяне дастаткова сіл, сродкаў, хлопцаў, што стануць побач, і мы знясём галаву любому, хто хоча парушыць мір і спакой у нашай краіне. Можа хтосьці хоча паваяваць, як тое сёння на Украіне? Дык гэта той шлях бязглуздасці, бюракратызму і непрыняцца мер».

Прэзідэнт дадае: сілавыя ведамствы быццам бы самазаспакоіліся. Ён просіць не спакушацца, што ў нас усё добра і ціха.

«Бо прыйдзем да таго, ад чаго сышлі ў 2020 годзе. Я недарма вас сабраў на такую нараду. Пасля гэтай нарады запыт будзе жорсткі. Мы ўзмацнім ролю пракуратуры і іншых органаў. Неабходна сістэмная, штодзённая. удумлівая работа», — падкрэсліў кіраўнік краіны.

Карыстаючыся магчымасцю, ён расказаў пра крымінальныя схемы крадзяжу мяса, якія хаваюць пад падзеж жывёлы.

«Нядаўна мне міністр сельскай гаспадаркі дакладае, як гераічна змагаюцца з падзяжом жывёлы. Пачалі разбірацца ў Гомельскай вобласці, а там і падзяжу хапае, ды і злачынства на злачынстве. Спісалі на падзеж — скралі мяса, вывезлі некуды, прадалі, — абураецца Прэзідэнт. — А ў выніку барацьбы падзеж ската павялічыўся ў нас. Так што мы далей будзем на гэта глядзець? Людзі галадаюць, харчаванне нарасхват, вымушаны цэны падымаць, каб не вывезлі ўсё. А ў нас у губернатараў усё нармальна — сядзяць героямі».

Вадзім Сіняўскі, міністр па надзвычайных сітуацыях далажыў аб прафілактычнай рабоце ведамства па папярэджанні пажараў і мерах, якія прымаюцца для іх мінімізацыя. Сярод іх — стварэнне вытворчасці цыгарэт з паніжанай узгаральнай здольнасцю.

«Для гэтага вядзецца практычная прапрацоўка гэтага пытання, вывучаюцца тэхнічныя магчымасці нашых тытунёвых прадпрыемстваў і эканоміка вытворчасці», — працягнуў кіраўнік МНС.

Прэзідэнт крытычна выказаўся наконт дакладу міністра. «Вы абдумваеце, ці то цыгарэты мяняць, ці то сценавыя панэлі. Я вас прасіў як новага чалавека, якога я прызначыў з боку, не з МНС, маладога, разумнага, перспектыўнага генерала, каб прыйшлі і свежым вокам убачылі недахопы і як будзем іх выкараняць, як будзем прасоўвацца. Усё добра... Але людзі гінуць усё больш і больш», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў, што ад новага міністра адукацыі Андрэя Іванца ён чакае «сапраўднага перавароту» ў сферы, бо ўсе працэсы ў грамадстве пачынаюцца з моладзі.

«Павычышчайце гэтых разгільдзяяў, якія прыходзяць у школу як да станка. Прыйшоў, урок даў і сышоў. Неабходна працаваць так, як са мной працавалі настаўнікі — з раніцы да ночы і цанілі гэту работу. Бардак поўны. Кажуць: „Плюну на школу і пайду на іншую работу“. Дзе губернатары, старшыні гарвыканкамаў? Чаму не наладзілі сістэму, каб кожны баяўся страціць сваё працоўнае месца? Я гатовы да прыняцця любых рашэнняў. Амаль да вяртання да савецкай сістэмы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія выжывуць толькі дзякуючы жалезнай дысцыпліне, у адваротным выпадку нас будуць толькі выкарыстоўваць.

Андрэй Іванец расказаў, што для прафілактычнай работы проціпраўных дзеянняў арганізаваны нефармальныя сустрэчы студэнцтва з выкладчыкамі, кіраўнікамі сферы адукацыі. Для аховы дзяцей ад рознага чыну гвату функцыянуе Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, створаныя крызісныя цэнтры педагогаў-псіхолагаў ва ўсіх рэгіёнах. Прымаюцца меры для забеспячэння дзяцей збалансаваным харчаваннем у школах і дашкольных установах. На асаблівым кантролі міністэрства, сказаў яго кіраўнік, знаходзіцца функцыянаванне на тэрыторыі краіны школ, дзе вядзецца навучанне не на дзяржаўных мовах.

«Тут вашы даручэнні выконваюцца. Рашэнні прынятыя. У дзвюх школах навучанне будзе ісці на рускай мове. Адна школа будзе рэарганізавана шляхам далучэння да беларускамоўнай. Яшчэ ў адной дзеці будуць пераведзеныя ў іншыя ўстановы адукацыі. То бок з 1 верасня не будзе ні адной школы, дзе вядзецца навучанне не на дзяржаўнай мове», — падсумаваў міністр.

Прэзідэнт у сваю чаргу дадаў, што чакае ад новага міністра сур’ёзнай перабудовы сістэмы адукацыі, перад усім у школе.

Выступіў з дакладам і старшыня КДБ Іван Тэртэль. У яго Прэзідэнт запытаў, ці няма самазаспакоенасці ва ўрадзе, у губернатараў, у кіраўнікоў працоўных калектываў.

«Як у нас губернатары, можа яны там ужо цінай зараслі? Што тады будзем рабіць? Што ў нас адбываецца ў працоўных калектывах? Гэта галоўная пагроза — эканоміка і стан працоўных калектываў. Гэта важна. Іван Станіслававіч, не расслабляйцеся. Вы больш, чым іншыя, разумееце, і на месцах бываючы, бачыце сваіх падначаленых і іх на гэта арыентуйце. Нам неабходна ўтрымаць краіну», — сказаў кіраўніку КДБ Прэзідэнт.

Падсумоўваючы нараду, ён параіў прысутным пасля сабрацца ў сваіх ведамствах з падначаленым.

«Падумайце, як будзем жыць далей. Не самазаспакойвайцеся. Нам не дазволяць гэта зрабіць, і мы чарговы раз будзем не гатовы. Гэтага я як Прэзідэнт дапусціць не магу», — рэзюмаваў сустрэчу Аляксандр Лукашэнка.

Марыя ДАДАЛКА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.