Вы тут

Самыя запатрабаваныя і новыя бытавыя паслугі для беларусаў


Беларусы атрымліваюць 157 відаў бытавых паслуг, найбольш запатрабаваныя з якіх цырульніцкія, рамонт адзення, аўто, камп'ютараў, арэнда і пракат. Сёлета са спіса абавязковых паслуг выдаляць тое, што не карыстаецца попытам, а для суб'ектаў паслуг увядуць паведамляльны прынцып работы.


Падаражанне і дзяржпадтрымка

Амаль усе (97,6 %) бытавыя паслугі насельніцтву аказваюцца ў асноўным недзяржаўным сектарам: юрыдычнымі асобамі (33 %) і індывідуальнымі прадпрымальнікамі (66,8 %). Найбольш запатрабаваныя — цырульніцкія (18 %) і тэхабслугоўванне і рамонт аўто (15 %). На рамонт і выраб адзення і тэкстыльных вырабаў ды ўстаноўку і рамонт камп'ютараў, офісных машын і абсталявання прыходзіцца па 8 %. Доля паслуг арэнды і пракату складае 7 %, астатнія паслугі — 43 %.

— Колькасць суб'ектаў, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву, і саміх аб'ектаў такіх паслуг расце. На пачатак 2021-га ў краіне было 39,5 тысячы суб'ектаў і 30,4 тысячы аб'ектаў бытавога абслугоўвання, — прывёў лічбы Алег Васіленка, намеснік начальніка ўпраўлення сацыяльнай сферы і паслуг Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. — Пры гэтым павялічваецца і кошт паслуг. У лютым, напрыклад, рост цэн да студзеня склаў 1,14 %, а індэкс спажывецкіх цэн — 3,7 %. Апошні паказчык павялічыўся з-за росту тарыфаў на рытуальныя і фотапаслугі, а таксама павышэння цаны на індывідуальны пашыў і рамонт адзення. Гэта ў сваю чаргу абумоўлена падаражаннем матэрыялаў, арэнды, тарыфаў на электраэнергію і цеплазабеспячэнне.

Згодна з Указам Прэзідэнта № 143 «Аб падтрымцы эканомікі», прадугледжаны меры дзяржпадтрымкі, у тым ліку арганізацый, якія аказваюць бытавыя паслугі людзям. Гэта, прынамсі, адтэрміноўка, растэрміноўка, падатковы крэдыт на выплату арэнды за зямельны ўчастак, які знаходзіцца ў дзяржуласнасці. А таксама адтэрміноўка выканання абавязкаў па бягучых плацяжах за перыяды да 30 верасня 2020-га і з 1 студзеня да 30 чэрвеня 2021-га па арэнднай плаце за карыстанне гэтай маёмасцю і па пакрыцці пазыкадавальнікам расходаў, звязаных з утрыманнем і эксплуатацыяй гэтай маёмасці. Указам Прэзідэнта № 345 прадугледжана шмат ільгот для суб'ектаў гаспадарання, якія аказваюць паслугі на вёсцы. Гэта, напрыклад, вызваленне ад падатку на дабаўленую вартасць, падатку на зямлю і нерухомую маёмасць. Колькасць такіх суб'ектаў летась вырасла на 4,5 %, дадаў эксперт МАРГ.

Сацыяльны стандарт на вёсцы і выязное абслугоўванне

Найбольшым попытам у сялян карыстаюцца паслугі арэнды і пракату і цырульніцкія (па 10 %). На другім месцы (па 8%) — паслугі вырабу і рамонце адзення і тэкстыльных вырабаў, а таксама мыццё і прасаванне тэкстыльных і футравых вырабаў. На трэцім (7 %) — выраб і рамонт абутку і вырабаў са скуры.

— Сацыяльны стандарт па аказанні сельскім жыхарам 11 відаў бытавых паслуг выконваецца на 100 %. Гэта рамонт швейных вырабаў; абутку; мэблі; бытавых машын і прыбораў; рамонт і тэхабслугоўванне бытавой радыёэлектроннай апаратуры; прыём заказаў у пральню; хімчыстку; паслугі пракату; цырульняў; фотапаслугі; выраб рытуальных прылад, — адзначыў Алег Васіленка. — На пачатак 2022-га 1200 суб'ектаў ажыццяўляюць выязную форму абслугоўвання насельніцтва, то-бок, яны прывозяць свае паслугі людзям (па папярэдняй заяўцы) праз адсутнасць стацыянарнага аб'екта бытавога абслугоўвання.

Каб палепшыць фінансавае становішча ў сферы бытавога абслугоўвання беларусаў, у межах Дзяржпраграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» на 2021—2025 гг. прадугледжана закупка транспарту, запчастак да яго і рамонт. Для тэхнічнага пераўзбраення суб'ектаў запланавана набыццё абсталявання і запчастак да яго, а таксама адпаведны рамонт. Лічыцца, што ўсё гэта паспрыяе развіццю выязнога абслугоўвання. Летась з уласных сродкаў прадпрыемстваў на гэта планавалі накіраваць 1,67 млн рублёў, на справе ж патрацілі 5,15 млн. А вось з запланаваных бюджэтам 2,43 млн рублёў на рэалізацыю праграмы фактычна выдаткавалі 2,11 млн, удакладніў прадстаўнік МАРГ.

Лазеншчык, касметолаг, майстар педыкюру...

Для суб'ектаў, якія аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву, плануюць увесці паведамляльны прынцып дзейнасці. Гэта значыць, што чалавек зможа падаць у выканкам адно паведамленне і не рабіць больш ніякіх працэдур. Пакуль жа, каб ажыццяўляць бытавыя паслугі, суб'ект павінен быць у Рэестры бытавых паслуг. Каб у яго трапіць, трэба падаць заяву, дачакацца, пакуль яе разгледзяць, і атрымаць дазвол на аказанне бытавых паслуг.

Як сведчыць практыка, не ўсе паслугі сацыяльнага стандарту карыстаюцца попытам на вёсцы, таму вырашана аптымізаваць пералік абавязковых бытавых паслуг. Так, з існуючага спіса будуць выключаны рамонт мэблі, бытавых машын і прыбораў, рамонт і тэхабслугоўванне бытавой радыёэлектроннай апаратуры, фотапаслугі, пракат. Абодва праекты змен будуць сёлета прадстаўлены на разгляд ураду, паведаміў Алег Васіленка:

— Тым не менш, нават калі паслугі выключаць са стандарту, яны будуць аказвацца насельніцтву, калі на іх будзе заяўка. Летась МАРГ распрацаваў прафесійныя стандарты: лазеншчык, цырульнік, майстар манікюру, майстар педыкюру, касметолаг, якія зараз знаходзяцца на зацвярджэнні.

Спецыялісты МАРГ прааналізавалі дагаворы на аказанне паслуг па пракаце (шэрынгу) самакатаў, гіраскутараў, манаколаў і знайшлі шэраг парушэнняў, сярод якіх, напрыклад, патрабаванне пакінуць пашпарт, што забаронена правіламі бытавога абслугоўвання. Пакінуць свой водгук і меркаванне пра якасць абслугоўвання і выканання паслуг беларусы, дарэчы, могуць на партале «качество-услуг.бел», нагадаў спецыяліст.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».