Вы тут

ВІЧ — звычайная хвароба. Як трэба лячыцца для нармальнага жыцця?


Ці задаваліся вы пытаннем, як жывуць людзі з ВІЧ? «Як і кожны іншы чалавек. Толькі мы рэгулярна прымаем антырэтравірусную тэрапію, правяраемся ў свайго ўрача і пры кожным палавым кантакце выкарыстоўваем прэзерватывы», — адкажуць яны. Дзякуючы сучаснай медыцыне людзі з ВІЧ могуць мець здаровых дзяцей, а на сёння вядомыя чатыры выпадкі, калі людзі вылечыліся ад гэтай інфекцыі. Падрабязней пра спецыфіку хваробы расказаў Данііл Вайніловіч, які працуе кансультантам па ВІЧ і СНІД у Рэспубліканскім грамадскім аб'яднанні «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА».


ВІЧ уваходзіць у лік ІППШ-інфекцый, што перадаюцца палавым шляхам, у тым ліку і пры аральным сексе, праз агульныя секс-цацкі. Заражэнне вірусам прыводзіць да пагаршэння работы імуннай сістэмы, потым — да імунадэфіцыту. Імунная сістэма лічыцца дэфіцытнай, калі яна больш не можа выконваць сваю ролю ў змаганні з інфекцыямі і хваробамі. Сіндром набытага імунадэфіцыту ўзнікае на апошніх стадыях ВІЧ-інфекцыі.

Існуе тры шляхі перадачы ВІЧ. Гэта неабаронены палавы кантакт з ВІЧ-інфіцыраваным чалавекам; пераліванне заражанай крыві (у тым ліку агульнае выкарыстанне іголак, шпрыцаў, хірургічнага абсталявання ці іншых вострых прылад); ад маці да дзіцяці падчас цяжарнасці, родаў і кармлення грудзямі.

Акрамя трох шляхоў перадачы ВІЧ, апісаных вышэй, інфекцыя ніяк не перадаецца. Здароўе застаецца ў бяспецы, калі мы знаходзімся з ВІЧ-інфіцыраваным чалавекам у адным памяшканні, паціскаем яму руку, цалуемся ці карыстаемся агульным посудам.

Чалавеку для аховы свайго здароўя ад інфекцыі дастаткова карыстацца прэзерватывамі пры кожным палавым кантакце і пры вядзенні палавога жыцця штогод здаваць тэст на ВІЧ. Праверыцца ў Беларусі можна ў любой паліклінікцы, у многіх медыцынскіх лабараторыях за пэўную плату. Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя можа зрабіць гэта ананімна і бясплатна. Падлеткі могуць звяртацца ў цэнтры дружалюбныя да падлеткаў (ЦДП), колькасць якіх сёння складае каля 50 у Беларусі, і там таксама прайсці тэст ананімна і бясплатна.

Чалавеку з ВІЧ, каб адчуваць сябе здаровым, неабходна праходзіць антырэтравірусную тэрапію (АРВТ), як правіла, прымаць два і больш супрацьвірусныя прэпараты. Дзякуючы прыёму такой тэрапіі людзі з ВІЧ могуць весці нармальны спосаб жыцця. АРВТ дапамагае дасягнуць нулявой віруснай нагрузкі, дзякуючы чаму якасць і працягласць жыцця, здароўе і самаадчуванне інфіцыраванага чалавека нічым не адрозніваюцца ад такіх у здаровых людзей.

Гаворачы пра нараджэнне дзяцей, сёння можна пазбегнуць перадачы інфекцыі ад маці да дзіцяці, калі выконваць пэўныя ўмовы. Тут абавязковая кансультацыя з урачом, які індывідуальна суправаджае лячэнне па ВІЧ-інфекцыі, і з акушэрам-гінеколагам. Разам можна падабраць той спосаб зачацця, які мінімізуе рызыкі заражэння ў дзіцяці. На працягу цяжарнасці важна працягваць прымаць АРВТ і рэгулярна назірацца.

На сёння вядомыя чатыры выпадкі, калі людзі вылечыліся ад ВІЧ. Першы быў зарэгістраваны ў 2007 годзе ў Берліне, калі амерыканцу Цімаці Рэй Браўну зрабілі трансплантацыю ствалавых клетак для лячэння лейкеміі. Пасля трансплантацыі ён перастаў прымаць лекі, а яго тэсты на ВІЧ паказвалі адмоўны вынік. Пры гэтым Браўн таксама хварэў лейкеміяй і памёр ад анкалогіі ў 2020 годзе (у 54 гады). Такі ж выпадак адбыўся і ў 2020 годзе, англічанін Адам Касцільеха прайшоў такую ж працэдуру, што і Браўн, і пасля гэтага вірус не выяўляўся ў яго аналізах.

Гэтыя выпадкі даюць надзею чалавецтву аднойчы вылечыцца ад ВІЧ, аднак гэта вельмі дарагая, складаная і небяспечная працэдура, тым больш падабраць донара вельмі праблематычна. Альтэрнатыўны спосаб лячэння ВІЧ узнік у 2020 годзе. Жыхар Бразіліі, які вырашыў захаваць прыватнасць, праходзіў высокаактыўную АРВТ. Камбінацыя з шасці лекаў са строгім графікам прыёму дазволілі яму ў 2019 годзе спыніць медыкаментознае лячэнне, а праз год у яго арганізме не выявілі віруснай нагрузкі. Ён стаў першым чалавекам з працяглай рэмісіяй пасля ВІЧ дзякуючы лячэнню толькі супрацьвіруснымі прэпаратамі.

Вядома, што агульнасусветная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, у 2020 годзе склала 37,7 млн чалавек. У Беларусі на канец мінулага года было зарэгістравана 31 758 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі.

Ніка БАРЫСЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?