Вы тут

Якія змены адбыліся ў праграме падтрымкі шматдзетных сем'яў у Беларусі


Сёння ў Беларусі пражывае больш за 118 тысяч шматдзетных сем'яў. Дзяржава аказвае ім падтрымку пры будаўніцтве жылля, атрыманні адукацыі і паслуг аховы здароўя, ёсць шэраг ільгот пры падаткаабкладанні, працаўладкаванні, сацыяльным абслугоўванні. Пра тое, што змянілася ў сацыяльнай падтрымцы шматдзетных сем'яў, расказалі спецыялісты.


Ад пастаноўкі на ўлік да будаўніцтва — не больш за год

Сёння ў Беларусі больш за 118 тысяч шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваецца трое і больш дзяцей да 18 гадоў. Пры гэтым улічваюцца не толькі родныя і ўсыноўленыя дзеці, але і падчарыцы і пасынкі, калі яны выхоўваюцца ў сям'і. У апошнія гады колькасць шматдзетных сем'яў у Беларусі кожны месяц прырастае. У сталіцы, напрыклад, жыве 16 386 шматдзетных сем'яў, у 20 з іх выхоўваецца 8 і больш дзетак. Самая вялікая шматдзетная сталічная сям'я выхоўвае 11 дзяцей. Пераважная колькасць шматдзетных сем'яў мае траіх дзяцей — больш за 85 тысяч, чацвярых — 15 тысяч, пяцярых — каля 4 тысяч. Самы «шматдзетны» рэгіён — Брэсцкая вобласць.

Адна з прыярытэтных задач дзяржавы на сёння — забяспечыць такія сем'і жыллём. Як нагадаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі — начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка, згодна з дырэктывай Прэзідэнта № 8, з 2021 года, атрымаць накіраванне на будаўніцтва жылля шматдзетныя сем'і павінны на працягу года з моманту іх пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І, як паказвае практыка, гэта патрабаванне выконваецца, за выключэннем сем'яў, якія самі адмовіліся ад будаўніцтва.

— Калі на 1 студзеня 2020 на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, знаходзілася 40 250 шматдзетных сем'яў, то на пачатак бягучага года іх было 38 948, — прыводзіць лічбы Аляксандр Аўраменка. — Здавалася б, розніца толькі ў дзвюх тысячах, але трэба ўлічваць: штогод па краіне на такі ўлік становіцца каля 12 тысяч шматдзетных сем'яў, што дае разуменне аб маштабе гэтага пытання.

У 2021 годзе ў краіне было забяспечана жыллём 12 192 сям'і (а гэта 130 % ад устаноўленага задання), накіравана на паляпшэнне жыллёвых умоў 12 952 (123 % ад задання). Сёлета заданне па накіраванні на паляпшэнне жыллёвых умоў складае 9675 сем'яў, забяспечыць жыллём мяркуецца 8734 сям'і. Па выніках 1 квартала гэтага года атрымалі накіраванне на будаўніцтва 2600 шматдзетных сем'яў, а забяспечана жыллём — 1659.

Як падкрэсліла начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Алена Лукашэвіч, галоўная задача дзяржаўных праграм — забяспечыць гнуткасць для вырашэння жыллёвых пытанняў, што і рэалізоўваецца ў сталіцы.

— Напэўна, за ўсе папярэднія гады шматдзетным сем'ям для вырашэння жыллёвых пытанняў не прапаноўвалася столькі варыянтаў, як цяпер. Гэта і долевае будаўніцтва жылля, і будаўніцтва ў катэджнай забудове, і набыццё кватэр, і атрыманне дзяржаўнага жылля бясплатна ў якасці сацыяльнага малазабяспечаным катэгорыям з ліку шматдзетных, і выдзяленне арэнднага жылля.

За два апошнія гады 5,5 тысячы сталічных шматдзетных сямей атрымалі магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы, пабудаваўшы кватэры, 428 сем'яў купілі гатовае жыллё, 38 сем'ям далі сацыяльнае жыллё. На сёння чарга шматдзетных сем'яў у Мінску складае каля 5,5 тысячы, з іх 3,5 тысячы ўжо накіраваны на паляпшэнне жыллёвых умоў.

— Умовы, прадугледжаныя дырэктывай № 8 аб накіраванні на будаўніцтва тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў на працягу года, у Мінгарвыканкаме выконваюцца, — заключыла Алена Лукашэвіч. — На сёння разнастайнасць форм і метадаў дазваляе нам задавольваць самыя розныя патрэбы і жаданні шматдзетных сем'яў. Улічваючы, што гэтыя пажаданні суправаджаюцца магутнай сацыяльнай дапамогай, а гэта льготныя крэдыты, субсідыі на пагашэнне крэдытаў, мацярынскі капітал і індэксацыя чэкаў «Жыллё». Такая дапамога з'яўляецца беспрэцэдэнтнай і садзейнічае вырашэнню дэмаграфічнай праблемы, бо стымулюе сем'і станавіцца шматдзетнымі. Штогод чарга ў Мінску прырастае на 1000—1300 шматдзетных сем'яў.

У гарады-спадарожнікі і малыя гарады

Як растлумачыла Алена Лукашэвіч, маюцца льготы ў сталіцы і для паляпшэння жыллёвых умоў маладых сем'яў. Для пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, не дзейнічае норма забяспечанасці ў менш за 10 м2. Маладыя сем'і складаюць каля 25 % агульнагарадской чаргі. Таксама ў сталічных жыхароў аказалася запатрабаванай праграма будаўніцтва ў гарадах-спадарожніках. За 2 апошнія гады 71 шматдзетная сям'я скарысталася такой магчымасцю.

З канца мінулага года ў жыллёвым заканадаўстве з'явілася яшчэ адна навела. Маладыя сем'і, як і шматдзетныя, могуць скарыстацца правам атрымаць дзяржпадтрымку пры будаўнітцтве жылля ў населеных пунктах, дзе менш за 20 тысяч насельніцтва.

— Каб доўга не стаяць у чарзе, сям'і дастаткова напісаць заяву, каб пабудавацца ў любым населеным пункце з насельніцтвам да 20 тысяч, — патлумачыў Аляксандр Аўраменка.

У Мінскай вобласці летась на паляпшэнне жыллёвых умоў накіравана 2,5 тысячы шматдзетных сем'яў (пры плане 2070). Гэта як будаўніцтва ў шматкватэрных жылых дамах, так і атрыманне зямельных участкаў для будаўніцтва індывідуальных дамоў, а таксама рэканструкцыя, набыццё, выдзяленне сацыяльнага жылля. Таксама ў Мінскай вобласці практыкуецца атрыманне арэнднага жылля. На 1 красавіка ў Мінскай вобласці на ўліку знаходзілася 8400 шматдзетных сем'яў, больш за 5 тысяч ужо накіравана на будаўніцтва.

Дапамогу атрымліваюць 425 тысяч дзяцей

Аб іншых мерах сацыяльнай падтрымкі расказала кансультант упраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Святлана Коваль. Падтрымка сем'ям з дзецьмі ажыццяўляецца ў выглядзе дапамог, сямейнага капіталу, дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве і рэканструкцыі жылля, сацыяльнага абслугоўвання сям'і, гарантый у сферы адукацыі, аховы здароўя, пенсійнага, працоўнага, падатковага і жыллёвага заканадаўства.

— Сістэма дзяржаўных дапамог пабудавана такім чынам, каб незалежна ад даходаў бацькоў, іх занятасці і іншых фактараў усе дзеці былі ахоплены дзяржаўнымі дапамогамі ў роўнай ступені, — адзначыла Святлана Коваль.

Нагадаем, штомесячная дапамога на першае дзіця да трох гадоў складае 540 рублёў, на другога і наступных — 617, на дзіця-інваліда да трох гадоў — 690 рублёў. Пры нараджэнні другога і наступных дзяцей сям'я атрымлівае дадатковую дапамогу на дзіця ад трох да 18 гадоў — на працягу трох гадоў, калі нараджаецца другое дзіця і маецца старэйшае дзіця — 765 рублёў у месяц. Аднаразовая дапамога з 1 лютага складае пры нараджэнні першага дзіцяці амаль тры тысячы рублёў, пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 4150 рублёў. Усяго маецца 11 відаў дзярждапамог на дзяцей.

— Сістэмай дзярждапамог у Беларусі ахоплена кожнае чацвёртае дзіця. На пачатак гэтага года 425 тысяч дзяцей былі забяспечаны дзяржаўнымі дапамогамі, прычым дзеці да трох гадоў — амаль на 100 %. Расходы на дзяржаўныя дапамогі летась склалі 2,7 мільярда рублёў, з іх больш за палову — на выплату дапамог па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, — расказала Святлана Коваль.

Дадатковыя выплаты ажыццяўляюцца пры нараджэнні двайнят і трайнят. На кожнае дзіця выплачваецца штомесяц па 600 рублёў.

Для шматдзетных сем'яў дзейнічае праграма сямейнага капіталу, уведзеная ў 2015 годзе. Святлана Коваль нагадала, што з 2015 да 2019 года выплата складала 10 тысяч долараў, з 2020 года яна даецца ў рублях. У 2020 годзе сямейны капітал складаў 22,5 тысячы, у 2021-м — 23,7 тысячы рублёў, з 2022 года — амаль 26 тысяч.

З 2015 года адкрыта больш за 112 тысяч дэпазітаў «Сямейны капітал», прычым штомесяц іх колькасць павялічваецца на 1200. За перыяд дзеяння праграмы на дэпазіты шматдзетных сем'яў залічана 825 мільёнаў долараў і 683 мільёны рублёў. З 2020 года з'явілася магчымасць выкарыстоўваць сямейны капітал адразу пасля адкрыцця рахунку на тры кірункі — жыллё, адукацыя і медыцына. Ужо прынята 50,5 тысячы рашэнняў аб датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу. Сем'і накіроўваюць гэтыя сродкі пераважна на паляпшэнне жыллёвых умоў — 86 % выпадкаў.

З 2022 года пашыраны напрамкі выкарыстання сямейнага капіталу па жыллі, адукацыі і ахове здароўя, таксама з'явіўся і новы кірунак. Цяпер сямейны капітал можна выкарыстоўваць на набыццё тавараў для сацыяльнай рэабілітацыі членаў сям'і з інваліднасцю па зроку ці апорна-рухальным апараце.

Алена КРАВЕЦ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.