Вы тут

Дэпутат Горваль: Многія жанчыны дадуць фору мужчынам ва ўладзе


Упершыню героем рубрыкі «Плеяда маладых» стала дзяўчына. Маладая, сціплая, далікатная, у той жа час моцная, упэўненая ў сабе, яна ставіць мэты і імкнецца да іх. Член Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Святлана Горваль — адна з самых маладых дэпутатаў сёмага склікання. Да яе прыслухоўваюцца старэйшыя калегі, давяраюць распрацоўку законапраектаў і права прадстаўляць краіну на міжнародных парламенцкіх пляцоўках. Сустрэліся мы з ёй не ў дэпутацкім кабінеце, а ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, дзе Святлана Горваль атрымлівае другую вышэйшую адукацю. З-за занятасці парламентарый не змагла знайсці іншага часу для інтэрв'ю, акрамя раніцы напярэдадні заняткаў. Тым не менш, размова атрымалася шчырай і адкрытай, яна дае магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адной гісторыяй плённага імкнення маладых беларусаў да сваёй мары.


Святлана Горваль (злева) з калегай-дэпутатам Марынай Лянчэўскай.

— Ваш прафесійны шлях з самага пачатку быў звязаны з гандлем. У адным з інтэрв'ю вы дзяліліся, што маці адгаворвала ад работы ў гэтай сферы. Чаму не паслухаліся?

— Я яшчэ ў сёмым класе вызначылася, што буду эканамістам. Маці актыўна падтрымлівала выбар гэтай спецыяльнасці. Я вучылася ў класе з эканамічным ухілам, і ў старшай школе мы ездзілі раз на тыдзень займацца ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Гэта давала льготу пры паступленні ў дадзеную ВНУ. У апошні дзень падачы заявы я перадумала — паехала паступаць у Гродна. Пасля адной з паездак туды гэты горад мяне скарыў, таму я вырашыла вучыцца там.

Выбар эканамічнай спецыяльнасці маці падтрымала, а вось шлях пасля вучобы ў гандлёвую сферу — не. Яна ўсё жыццё працавала ў грамадскім харчаванні, бачыла, якая цяжкая гэтая работа, і казала: «Выбірай што заўгодна, але толькі не гандаль». Пасля ўніверсітэта я трапіла ва універмаг «Нёман» — не паслухала маці і пачала развівацца як спецыяліст у гандлёвай галіне.

— Вы нарадзіліся ў Валожыне. Вучыліся ў Гродне, але на дэпутацкую пасаду прыйшлі з Віцебска? Як так атрымалася?

— Пасля ўніверсітэта я засталася ў Гродне. Будавала сваю кар'еру ў гандлёвым доме «Нёман». За пяць гадоў вырасла ад спецыяліста да начальніка аддзела. Тады мне прапанавалі пераехаць у Віцебск на пасаду намесніка дырэктара ўнівермага. Гэта была магчымасць кар'ернага росту. Мне было толькі 26 гадоў, я не была замужам, у мяне не было дзяцей, таму нічога не стрымлівала. Адмовіцца ад такога шанцу немагчыма — вольная птушка магла сабе дазволіць змяніць горад. Такім чынам пераехала ў Віцебск і праз паўгода ўжо ўзначаліла гандлёвы дом «Віцебск». У першы час у калектыва была насцярожанасць: зразумела, я ў два разы маладзейшая за многіх, а ў адміністрацыйным корпусе ўвогуле самая маладая. Потым усе прывыклі, мне ўдалося выбудаваць добрую камунікацыю з супрацоўнікамі. Атрымліваецца, што нарадзілася на Міншчыне, вучылася ў Гродне, працавала ў Віцебску. Бацькі заўсёды сумавалі і пыталіся: «Калі ты ўжо будзеш у Мінску?» Калі атрымала дэпутацкую пасаду, сказала ім: «Ваша мара спраўдзілася».

— «Віцебск» — адзін з найбуйнейшых універмагаў рэгіёна. Чаму такую салідную пасаду вырашылі змяніць на дэпутацтва?

— У мяне ёсць такая асаблівасць — я вельмі люблю працаваць з людзьмі, мне цікава кіраваць персаналам. Перад парламентам працавала год у абласным Савеце дэпутатаў. Гэта была свайго роду школа. Мець зносіны з выбаршчыкамі — складаная справа. У мяне была невялікая акруга, дзе я рабіла першыя крокі, імкнулася зразумець, што магу зрабіць для жыхароў, як дапамагчы. Я гутарыла з калектывамі прадпрыемстваў прамысловасці, устаноў адукацыі, спартыўных аб'ектаў. Мне было цікава, якімі праблемамі яны жывуць. Зразумела, што няважна, чым займаецца арганізацыя, работнікаў непакоіць адно і тое ж — рабочы дзень, заробкі, асабістыя сямейныя пытанні. Калі я працавала ў абласным Савеце дэпутатаў, была там самай маладой. Мне здавалася, што гэта ўжо дасягненне. Наконт работы ў парламенце, меркавала, што мне яшчэ рана туды, і задумвалася толькі пра восьмае скліканне. Многія выбаршчыкі казалі, што мне неабходна ісці ў парламент. Таму гэта быў іх пасыл, і я вырашыла паспрабаваць. Ці складана было пакінуць пасаду? Так, я перажывала. Гэта мой шлях, мая школа жыцця, таму з любоўю адношуся да ўнівермага, наведваю яго. Але адкрыла шмат радаснага ў сваёй новай рабоце.

— Якія радасці ў дэпутата парламента?

— Вельмі вялікі аб'ём інфармацыі — гэта складана, але цікава. Тут абсалютна іншая работа. У цябе няма ў падпарадкаванні людзей, ты сам сабе кіраўнік і сам арганізоўваеш працэс. Калі ты прывык, што твае падначаленыя праводзяць аналітычную работу, даюць гатовую інфармацыю для прыняцця рашэння, то ў парламенце ты павінен гэты вялікі агляд рабіць самастойна. Спачатку было складана зразумець працэс заканатворчасці: якім чынам ён арганізаваны, як працуюць камісіі. Але веды толькі ў дапамогу. Калі ты навучаешся, атрымліваеш задавальненне.

Мне падабаецца ладзіць кантакты на міжнародных пляцоўках. Я ўзначальваю маладзёжную дэлегацыю па лініі ММПА СНД ад Беларусі, выступаю з дакладамі, ініцыятывамі. Цяпер мы займаемся развіццём і прасоўваннем маладзжнага турызму ў краінах Садружнасці. Калі я пачала паглыбляцца, зразумела, што мы не аддаём увагі такому кірунку. У нас няма дакладнага разумення, чым адрозніваецца турызм для моладзі. Такога паняцця няма ў законах. Я хачу гэтае пытанне прапрацаваць з міністэрствамі, БРСМ. У нас шмат выдатных месцаў у краіне, але мы вельмі традыцыйна падыходзім да іх наведвання, рэкламы. Вось такі кірунак работы для сябе адкрыла. Хоць раней ім ніколі не займаліся. То-бок, мая работа дапамагае рабіць адкрыцці, развівацца ў новых кірунках на прафесійнай аснове.

— Памятаеце сваё першае пасяджэнне ў Авальнай зале?

— Так, на адкрыцці сесіі кожны выбіраў членства ў камісіі, блізкай яму. Я выступала ў падтрымку кандыдатуры старшыні Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы. Яе ўзначальвае былы мэр Віцебска Віктар Нікалайкін. Мяне запрашалі ў гэту камісію, бо пытанні гандлю ў яе кампетэнцыі. Я адмовілася і выбрала эканамічную палітыку: хацела паглыбіцца ў рэальны сектар эканомікі.


Іншыя матэрыяла рубрыкі «Плеяда маладых»:


— Існуе стэрэатып, што жанчыне складана прабіцца ў палітыцы. У нашай краіне засталося меркаванне, што ўлада — не жаночая справа?

— Такога ўжо даўно няма. У нас шмат дзяржслужачых-жанчын, і іх колькасць павялічваецца. Гэта правільна, на мой погляд. Псіхалогія мужчыны і жанчыны адрозніваецца. Рашэнні мы прымаем па-рознаму. Ёсць пэўныя сферы, дзе кіраўнікі толькі жанчыны. Напрыклад, у гандлі сёння мужчыны-кіраўнікі — нешта незвычайнае. З савецкіх часоў было прынята, што жанчыны лепш разбіраюцца ў гандлі, бо яны асноўныя спажыўцы. Цяпер мне здаецца, што многія жанчыны дадуць фору мужчынам ва ўладзе. Прырода нас стварыла больш трывалымі. Мы гатовыя да складанасцяў.

— Калі рыхтавалася да нашай размовы, спрабавала знайсці вашы акаунты ў разнастайных сацсетках. Вы ёсць у некаторых рэсурсах, але назваць вас актыўным карыстальнікам складана. Чаму вам гэта нецікава: імкняцеся ахоўваць сваё асабістае жыццё, ці банальна не хапае часу?

— Гэтае скліканне дэпутатаў вельмі адрозніваецца ад мінулага менавіта сваёй актыўнасцю ў сацыяльных сетках. Апошняе датычыцца не толькі маладых парламентарыяў, але і старэйшага пакалення. Я бачу, як калегі выкарыстоўваюць Іnstagram, Facebook, дэманструюць сваё асабістае жыццё, прафесійную дзейнасць. Хтосьці і Telegram-каналы вядзе.

Скажу шчыра, што ніколі не была актыўным карыстальнікам сацсетак. Я там выкладвала некаторыя фота, бо гэта быў канал зносін з сябрамі, былымі аднакласнікамі і аднагрупнікамі. Калі выбіралася дэпутатам, хацела весці старонку ў Facebook. Для гэтага мне неабходны быў памочнік, які б займаўся гэтым штодзённа. У мяне не атрымалася яго знайсці. Я прыхільнік таго, што ў сацсетках неабходна выказваць сваё меркаванне па падзеях у краіне, у свеце. Я не была гатовая тады гэта рабіць, бо не было вопыту ў такіх пытаннях. Я зрабіла паўзу. Мне хацелася б весці акаўнт неяк асабліва, нестандартна, крэатыўна. Пакуль не ведаю, як тое зрабіць. Да таго ж не хачу дэманстраваць сваё асабістае жыццё. 2020 год паказаў, колькі нядобразычліўцаў ёсць толькі таму, што ты маеш пэўную пасаду і займаешся дзяржаўнай дзейнасцю.

— Нашы дэпутаты-жанчыны вельмі элегантныя. Яны трапна падбіраюць дзелавыя вобразы. Вы таксама вылучаецеся сваім стылем. Як выбіраеце свой рабочы гардэроб? Ці бывалі выпадкі, калі на пасяджэннях у дам былі падобныя касцюмы?

— Ведаеце, мужчыны наконт гэтага ніколі пакутаваць не будуць. Нават калі прыйдуць у аднолькавым з кімсьці касцюме, не заўважаць. Яны, як правіла, выбіраць чорныя ці цёмна-сінія гарнітуры, у іх могуць быць аднолькавыя гальштукі ці белыя кашулі. Для нас, жанчын, гэта трагедыя, як у штодзённым жыцці, так і ў Авальнай зале.

Я вельмі спакойна стаўлюся да выбару адзення, давяраю нашым айчынным вытворцам. У мяне стандартная фігура, таму мой памер мне садзіцца без праблем — не прыходзіцца падганяць адзенне. У мяне ёсць любімыя брэнды — адзін з іх брэсцкі Burvіn. Я ўвогуле люблю брэсцкіх вытворцаў адзення. У іх вялікая колькасць дзелавых касцюмаў з элементамі сучаснага стылю. Яшчэ па рабоце ў магазіне актыўна супрацоўнічала з імі. Часам мой стыль бывае не зусім строгім. Ёсць у мяне і яркія касцюмы. Але я заўсёды аддаю перавагу цікаваму па колеры абутку. У мяне можа быць чорная сукенка, але адмысловыя туфлі — чырвоныя, ружовыя, жоўтыя ці сінія. Калі ў мяне яркая сукенка, абутак будзе больш сціплы. Са стылем мне ніхто не дапамагае, падбіраю сама. Але кампліменты ў свой адрас чую часта.

Але я не люблю хадзіць па магазінах. Гандлёвы пункт ацэньваю не як спажывец, а як кіраўнік. Забываю, па што я прыйшла, і пачынаю шукаць плюсы і мінусы, даваць нейкія парады. Хаджу рэдка, але трапна — адразу сабе купляю некалькі пар абутку, касцюмаў, каб закрыць пытанне надоўга. Калі я працавала ва ўнівермагу, усё сабе купляла там. Цяпер адносіны да такіх гандлёвых дамоў розныя. Некаторыя называюць іх савецкімі магазінамі, але я лічу гэта выдатнай формай. Ва ўніверсальным магазіне можаш купіць усё — ад іголкі да посуду.

— Многія дэпутаты-жанчыны на сустрэчах на высокіх абцасах. Гэта элемент дзелавога этыкету ці жаночая звычка?

— Як звычайныя жанчыны разумеем, што ў дзелавым касцюме на абцасах будзеш выглядаць больш элегантнай, ногі здаюцца даўжэйшымі. Але ёсць тыя, хто носіць абутак на нізкіх абцасах. Усё залежыць ад канкрэтнай жанчыны.

— Як правіла, калі чалавек шмат часу праводзіць на рабоце, сябрамі становяцца калегі. У вас ёсць блізкія сябры сярод дэпутатаў?

— Больш цесна дэпутаты кантактуюць у сваіх профільных камісіях. Таму з імі асабліва сяброўскія адносіны. Плюс сябрую з суседзямі па кабінеце, членамі маёй камісіі Анатолем Насеням і Галінай Лагуновай. З імі можам разам на сняданак схадзіць, за кубкам кавы абмеркаваць і рабочыя, і жыццёвыя пытанні. Таксама ў дэпутатаў ёсць падзел па рэгіёнах, дзе ў рамках сваёй дэпутацыі віншуем адзін аднаго з днём нараджэння, кантактуем, калі нейкае няшчасце здарылася, дапамагаем. Ёсць шмат мерапрыемстваў у вобласці, якія мы праводзім разам. У мяне ёсць шэраг калег, што былі ў шостым скліканні і працуюць цяпер. Напрыклад, Аксана Гайдук. Добрыя адносіны з Марынай Лянчэўскай.

— Зразумела, часу з-за цеснага графіка на сябе амаль не застаецца. Але калі ўдаецца знайсці хвілінку на справу для душы, што вы выбераце?

— Сёння, калі ёсць вольны час, займаюся вучобай ці чытаю літаратуру па рабоце. Але ў мяне заўсёды была мара скончыць мастацкую школу, я нядрэнна малюю. У старэйшых класах я займалася ў Доме піянераў маляваннем. Педагог убачыла ў мяне талент і прапанавала паступаць у гэтым кірунку. Я натхнілася, забылася пра сваю эканоміку. Размовы з мамай мяне вярнулі ў рэальнасць, але мара засталася. Калі скончу вучобу ў Акадэміі кіравання, верагодна, запішуся на нейкія курсы па маляванні.

— Ці ўдаецца ўдзяляць увагу сям'і?

— Безумоўна, у мяне ёсць муж, сямігадовая дачка. Пакуль у мяне адно дзіця, але я вельмі спадзяюся, што з'явяцца яшчэ. Многія жанчыны кажуць, што на першым месцы павінна быць сям'я. Так, быць мамай — вялікае шчасце, але я б не змагла быць толькі мамай ці жонкай. Мне неабходная актыўная грамадская, прафесійная дзейнасць. Я на працягу гадоў вучылася гэта сумяшчаць. Я стала мамай, будучы кіраўніком прадпрыемства, нават у дэкрэтны водпуск не хадзіла. Да дня родаў была на рабоце. Усе хваляваліся, што нараджу на рабочым месцы. Я казала: «Нараджаць я буду ў выхадны дзень». Так і атрымалася — дачка з'явілася восьмага сакавіка. Пасля я была дома толькі два месяцы, і то працавала дыстанцыйна. Было складана, але мы, жанчыны, вынослівыя, з усім можам справіцца.

Марыя ДАДАЛКА

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».