Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


Выпаленая полымем

Выяўлена сямейная грабніца з дзясяткамі мумій

Археолагі падчас раскопак у горадзе Асуан у Егіпце знайшлі сямейную грабніцу з 30 муміямі. Навукоўцы датуюць узрост знаходкі ў дзве тысячы гадоў, паведаміў партал Lіve scіence.

Пахаванне знойдзена ў выпаленым агнём будынку. Сярод мумій — целы дарослых рознага ўзросту, дзяцей і нованароджанага. На думку археолагаў, у грабніцы адна сям'я хавала сваіх памерлых на працягу пакаленняў, якія ахопліваюць пталемееўскі і рымскі перыяды (з першага стагоддзя да нашай эры да другога ці трэцяга стагоддзя нашай эры).

Па словах егіптолага, прафесара егіпецкай археалогіі ў Міланскім універсітэце Патрыцыі П'ячэнціні, новая грабніца — адна з больш чым 300, нядаўна выяўленых вакол маўзалея Ага-хана, збудавання з ружовага граніту, пабудаванага на вяршыні невялікага ўзгорка ўздоўж Ніла.

Аднак калі большасць іншых грабніц знойдзена пад зямлёй, то гэта размешчана ў пабудаванай у скале структуры, якая выкарыстоўвалася як месца для прынашэння ахвяр. П'ячэнціні і яе каманда выявілі сляды агню на сценах. Унутры будынка знаходзіліся косткі жывёл, рэшткі раслін і сталы для ахвярапрынашэнняў. Унізе лесвіцы, якая вядзе да ўваходу ў грабніцу, зробленую ў скале, навукоўцы знайшлі пабітую вазу для прынашэнняў, у якой заставалася маленькая садавіна.


На поўныя грудзі

Карэйскія дызайнеры стварылі металічныя лёгкія

Група паўднёвакарэйскіх дызайнераў са студый BKІD і Moon&Jeon распрацавала канцэпцыю металічнага лёгкага з эфектыўнасцю ў разы вышэйшай, чым у лёгкіх млекакормячых. Пра гэта паведамляецца на сайце BKІD.

Прылада, распрацаваная дызайнерамі, атрымала назву Super Lung. Яна выкарыстоўвае водарасці для стварэння аднабаковага струменя паветра праз дыхальны орган. Гэты струмень падзяляе органы ўдыху і выдыху, дзякуючы чаму вуглякіслы газ замяшчаецца кіслародам значна больш эфектыўна.

Аўтары канцэпцыі заяўляюць аб павышэнні эфектыўнасці на 300 працэнтаў у параўнанні з сапраўднымі лёгкімі млекакормячых. У той жа час такі прынцып работы змяншае рызыку заражэння вірусамі.

На распрацоўку канцэпцыі дызайнераў натхніла думка аб тым, што форма дыхальнай сістэмы млекакормячых, якая патрабуе ўдыху і выдыху, робіць нас больш уразлівымі для распаўсюджвання захворванняў, асабліва падчас пандэміі.

Работу паказалі на выставе Moon&Jeon, прысвечанай раману Уільяма Морыса «Весткі ніадкуль». Мэтай выставы было паставіць пытанне аб будучыні чалавецтва, выкарыстоўваючы мастацтва як сродак.


Селен для мозгу

Ёсць спосаб вярнуць назад узроставую страту памяці

Даследчыкі ў галіне неўралогіі з аўстралійскага Універсітэта Квінсленда прыйшлі да высновы, што селен — мінерал, які змяшчаецца ў бразільскіх арэхах, мясе, морапрадуктах і натуральназерневым хлебе, — здольны вярнуць назад узроставую страту памяці. Пра гэта паведамляе выданне ScіenceDіrect.

Па словах спецыялістаў, таксама селен спрыяе хутчэйшаму аднаўленню мозгу пасля інсульту. У ходзе даследавання навукоўцы правялі эксперымент на пажылых мышах. Жывёлам пачалі рэгулярна даваць дабаўкі з селенам. Неўзабаве высветлілася, што ў мозгу паддоследных узмацнілася выпрацоўка новых нейронаў, іх кагнітыўныя здольнасці сталі паступова паляпшацца, нягледзячы на старэчы ўзрост.

Акрамя гэтага, навукоўцы ацанілі ўплыў селену на памяць, увагу і навучальнасць мышэй, якія перанеслі інсульт. Вынікі гэтага даследавання таксама аказаліся абнадзейлівымі.

«Маладыя мышы сапраўды добра спраўляюцца з тэстамі для праверкі памяці і навучальнасці, але пасля інсульту яны ўжо не могуць гэта рабіць. Аднак, калі мы сталі даваць мышам, якія перанеслі інсульт, дабаўкі селену, іх кагнітыўныя здольнасці пачалі аднаўляцца», — заявіла доктар Тара Уокер, вядучы аўтар даследавання.

Па меркаванні навукоўцаў, іх адкрыццё дапаможа знайсці новыя спосабы паляпшэння разумовых здольнасцяў пажылых людзей. Разам з тым яны не раяць ужываць дабаўкі з селенам без неабходнасці і кансультацыі са спецыялістам. Апошнія папярэдзілі, што лішак гэтага рэчыва ў арганізме можа быць вельмі шкодны.


Прыкласці казурку

Шымпанзэ навучыліся лячыць адзін аднаго

Навукоўцы ўпершыню зафіксавалі такі спосаб узаемадапамогі ў гэтых прыматаў. Даследчыкі сталі сведкамі некалькіх выпадкаў, калі шымпанзэ ловяць казурак і наносяць іх на раны — і не толькі свае. Пра гэта паведамляе CNN.

Навукоўцы неаднаразова заўважалі такія паводзіны ў супольнасці з 45 шымпанзэ ў нацыянальным парку ў Габоне ў рамках праекта Ozouga Chіmpanzee. Вядома, што мядзведзі, сланы і нават пчолы займаюцца самалячэннем ад паразітаў і хвароб. Але вось выпадкаў, калі жывёла наносіць лекі на рану іншага, раней ніколі не назіралася.

Першапачаткова адкрыццё было зроблена, калі валанцёрка праекта назірала за ўзаемадзеяннем маці-шымпанзэ Сьюзан і яе сына Сіі ў 2019 годзе. У Сіі была траўмаваная ступня, і Сьюзан, падобна, лячыла яе. Праз некаторы час сітуацыя паўтарылася.

На працягу наступнага года даследнікі ўважліва назіралі і здымалі на відэа ўсіх шымпанзэ з прыкметамі траўмаў. Яны зафіксавалі, як 22 шымпанзэ прыкладвалі казурак да ўласных ран. Каманда каталагізавала 76 выпадкаў лячэння ран, у тым ліку як дапамогу іншым асобінам, за 15 месяцаў — з лістапада 2019 года да лютага 2021 года.

Пры гэтым жывёлы выкарыстоўвалі перацёртых злоўленых у паветры казурак. Даследчыкі хочуць ідэнтыфікаваць гэтых казурак, каб пазнаць, ці валодаюць яны якімі-небудзь фармацэўтычнымі ўласцівасцямі.

Характэрна, што такую дапамогу шымпанзэ аказвалі і нероднасным асобінам са сваёй групы. Клопат аб іншых — прасацыяльныя паводзіны, накіраваныя на дапамогу іншым. Гэта нячаста назіраецца ў жывёл, адзначаюць даследчыкі. Згодна з новым даследаваннем, такія паводзіны могуць быць прыкметай таго, што шымпанзэ могуць праяўляць нешта накшталт эмпатыі ў людзей.


Таблеткі ціску

Выяўлены небяспечны эфект парацэтамолу

Працяглы яго прыём можа павысіць рызыку сардэчных захворванняў і інсультаў. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Эдынбургскага ўніверсітэта, перадае часопіс Cіrculatіon.

У даследаванні прынялі ўдзел 110 чалавек, у анамнезе якіх быў зафіксаваны высокі крывяны ціск. Адной частцы добраахвотнікаў на працягу двух тыдняў чатыры разы на дзень давалі парацэтамол, другой — плацэба.

Так, вучоныя ўстанавілі павышэнне артэрыяльнага ціску ў сярэднім сярод удзельнікаў даследавання. Паводле спецыялістаў, рэгулярнае ўжыванне парацэтамолу можа прыкладна на 20 працэнтаў павялічыць верагоднасць захворванняў сэрца.

Пры гэтым пасля таго, як добраахвотнікі спынілі прыём прэпарату, іх ціск вярнуўся да ранейшых паказчыкаў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.