Вы тут

Вольга Уэльская: Шчасце не залежыць ад прадуктаў у халадзільніку


Наша сённяшняя гераіня — мама і менеджар першай беларускай міжнароднай фотамадэлі з ДЦП Ангеліны Уэльскай (сцэнічны псеўданім — Angel of Wales (Анёл Уэльскі). Дыягназ дзіцячы цэрэбральны параліч Ангеліне паставілі, калі ёй было паўгодзіка. Наступства радавой траўмы кардынальна змяніла планы яе 22-гадовай мамы. Замест таго, каб будаваць уласную кар'еру, стаць музыкантам і кампазітарам, Вольга дзень за днём змагалася за месца пад сонцам для сваёй дачкі. Вазіла яе на рэабілітацыйныя працэдуры, на заняткі з лагапедам. Нават дабілася таго, каб Ангеліна хадзіла ў звычайную школу. (І бегала туды практычна пасля кожнага ўрока, каб дапамагчы дачушцы перайсці з аднаго класа ў іншы. Кабінеты знаходзіліся на розных паверхах, а ў школе не было ліфта.) Падтрымлівала дачку ва ўсім: ад паступлення ва ўніверсітэт і магістратуру да жадання стаць фотамадэллю і актрысай. Як гэта — паставіць на ногі асаблівую дзяўчынку і пры гэтым не страціць сябе? Пра гэта і не толькі наша шчырая гутарка з Вольгай УЭЛЬСКАЙ.


Летась Ангеліна атрымала прэмію Aurora Awards у Маскве ў намінацыі «Мода без межаў».

Пра Бога, выкінутую каляску і Мікалая Карачанцава

Слова «інвалід» мы з Ангелінай ніколі не ўжываем. Бо яно асацыіруецца з хваробай, безнадзейнасцю. Дачка ж, наадварот, паказвае, што фізічныя абмежаванні не перашкода, каб стаць паспяховай і нават знакамітай. Ангеліна не лічыць сябе хворай. Кажа «я асаблівая», «з разыначкай». Хвароба — гэта калі чалавек альбо вылечваецца, альбо памірае. Усё астатняе — лад жыцця.

Я не лічу сваю дачку «чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі». Тое, як Ангеліна ходзіць, гаворыць — не абмежаванне, а тое, што яе адрознівае ад усіх астатніх. Таму прапаноўваем памяняць тэрміналогію на больш карэктную. Замест «чалавек з абмежаванымі магчымасцямі» казаць «чалавек з адрознымі магчымасцямі». Бо, калі разабрацца, абсалютна ў кожнага з нас магчымасці абмежаваныя. Як Ангеліна кажа: «Толькі Бог мае неабмежаваныя магчымасці».

Мы з Ангелінай не заўсёднікі паліклінік, стараемся бываць там толькі па крайняй неабходнасці. Вядзём спартыўны лад жыцця, які і дапамагае менш наведваць падобныя ўстановы. Трэнажорная зала, басейн, працяглыя пешыя прагулкі без каляскі. Нас не трэба гнаць палкай на стадыён, бо абедзвюм спорт прыносіць задавальненне.

Я ніколі не бачыла перашкод для дачкі на шляху да яе мары. Проста трэба не баяцца ісці супраць стэрэатыпаў і адкінуць усе страхі. Бо мара надае сілы жыць і ставіць на ногі. Як паказвае наш досвед, у прамым сэнсе слова. У 17 гадоў Ангеліна вырашыла ўстаць з каляскі. І ўстала.

10 гадоў таму мы пачалі ўкараняць у сваё жыццё пазітыўнае мысленне. Давалі сабе ўстаноўкі, што праз паўгода Ангеліна пачне хадзіць, выкінулі інвалідную каляску. Прайшоў час — хадзіць самастойна, без падтрымкі, у дачкі так і не атрымалася. У выніку мы зноў вяртаемся да каляскі. І ў жыцці Ангеліны яна так ці інакш будзе прысутнічаць. Бо якраз каляска дае ёй больш магчымасцяў. Яна сама з пультам кіравання можа паехаць, куды ёй трэба, пераадолець парог і ўгару ўзабрацца самастойна. Аказалася, пазітыўнае мысленне — гэта вялікая шкода, яно вельмі псуе псіхіку чалавека, даводзіць да дэпрэсіі. Лепш быць рэалістам з адэкватнай доляй аптымізму. І тады ты будзеш правільна рэагаваць на крайне цяжкую сітуацыю і зможаш знайсці правільнае рашэнне.

Я заўсёды ставілася да Ангеліны як да звычайнага дзіцяці. І яна мне за гэта ўдзячна, не раз пра гэта казала. У нас з дачкой сяброўскія, партнёрскія адносіны. Мы вельмі шмат размаўляем пра жыццё, пра ўладкаванне свету. Ангеліна — цікавая суразмоўца. Яна шмат чытае і вельмі любіць даведвацца штосьці новае. Я вельмі цаню меркаванне Ангеліны, прыслухоўваюся да яго. Каб сфарміраваць даверлівыя адносіны, трэба размаўляць з дзецьмі, прычым абавязкова на роўных.

Апошнія 30 гадоў свайго жыцця я прысвяціла дачцэ. Але гэта не значыць, што мяне няма. Я не ставіла крыж на сабе, на сваім развіцці. Самарэалізавалася як менеджар Ангеліны. Гэта для мяне стала новай спецыяльнасцю. У 2003 годзе напісала песню «Да дачкі», якую прысвяціла Ангеліне, для Іны Афанасьевай. Мы з дачкой нават зняліся ў кліпе. Для мяне як для невядомага кампазітара ў той час гэта цудоўны вынік. Акрамя таго, я напісала некалькі песень і адвезла іх у офісы Ірыны Оціевай, Алы Пугачовай і Мікалая Карачанцава. З усіх адгукнуўся толькі Мікалай Пятровіч. Яму спадабаліся мае работы. Ён не паправіў ніводнага слова, ніводнай ноты. Дамовіліся, што неўзабаве я прыеду ў Маскву і мы запішам песню, але, на жаль, ён трапіў у аварыю. Такі лёс у песні. Але тое, што народнаму артысту спадабалася мая работа — лічу сваім асабістым дасягненнем. Яшчэ я напісала музыку і словы для афіцыйнага гімна Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. І хто ведае, па вялікім рахунку, да чаго я яшчэ прыйду…

Фо­та з ся­мей­на­га ар­хі­ва сям'і Уэль­скіх.

Пра кіслародную маску, чорную ікру і лёгкасць на душы

Многіх бацькоў хвалюе: «Што будзе з маім дзіцем, калі мяне не стане?». Я ў сабе не культывую гэты страх. Ангеліна — самадастатковы чалавек. Яна прыстасаваная да жыцця. Для яе, канешне, не да канца створаны бытавыя ўмовы, каб яна была абсалютна незалежнай. Мы жывём на трэцім паверсе і ў нас няма ліфта, таму Ангеліна не можа выйсці з дому без дапамогі. Не паўсюль створана безбар'ернае асяроддзе, пандусы. Але я ўпэўнена, што гэта пытанне вырашыцца, свет развіваецца, сітуацыя, хоць павольна, але мяняецца. У нашай краіне пакрысе адыходзяць ад устаноў інтэрнатнага тыпу, з'яўляецца суправаджальнае пражыванне.

Любую няўдачу стараемся ўспрымаць спакойна, без панікі. Спрабуем зразумець, чаму так адбылося. Аналізуем, прымаем і ідзём далей. Калі такіх бязвыхадных сітуацый назапашваецца шмат — а ў нашым жыцці і такое бывала, асабліва апошнім часам, зачыніліся дзверы і іх немагчыма прабіць нават лбом — я разумею, што нам проста патрэбна адпачыць. Нічога не робім, нікому не пішам і не тэлефануем, пераключаемся на нешта іншае. Лішні раз у басейн сходзім, лішні раз пагуляем, капучына ў кавярні пап'ём. Як кажуць, не можаш змяніць сітуацыю — змяні стаўленне да яе. У кожнага чалавека свой лёс, які закладваецца пры нараджэнні. І абысці выпрабаванні не атрымаецца — ты павінен іх пражыць, прыняць, пераасэнсаваць. І ў ідэале вырасці, стаць мудрэйшым. Мы з Ангелінай шмат чытаем, у тым ліку кнігі па псіхалогіі і філасофіі. Яны дапамагаюць правільна ставіцца да многіх рэчаў у жыцці.

Іншы раз успамінаем маю маладосць і дзяцінства Ангеліны. Нягледзячы на праблемы са здароўем, бясконцае безграшоўе, мы былі вельмі шчаслівыя. Здавалася б, Воля, якое шчасце, у цябе дзіця не ходзіць? Ангеліна вывела аксіёму: шчасце — гэта калі лёгка на душы. І я з ёй цалкам згодная. І гэта не залежыць ад таго, колькі ў цябе грошай у кашальку ў гэты момант, якія ў цябе прадукты ў халадзільніку. Іх можа наогул не быць. Чалавек можа лыжкамі есці чорную ікру, але быць няшчасным, бо няма лёгкасці на душы.

Жанчыне, якая нарадзіла асаблівае дзіця, лепш доўга не плакаць, бо ад слёз паміраюць. Трэба супакоіцца, прыняць сітуацыю і жыць далей. З халоднай галавой верагодна можна будзе знайсці сферу дзейнасці для сябе і для свайго дзіцяці. Можа, нават прыдумаць нешта ўнікальнае, чаго не існуе. Потым у гэтым развіцца і дабіцца поспеху. Чаму і не? Чалавек цікавы сваімі асаблівасцямі, таму адрозныя магчымасці могуць стаць «разыначкай». Але гэта ўсё робіцца ў стане спакою. У дэпрэсіі і паніцы нічога не атрымаецца.

Шкадаваць сябе — апошняя справа. І дзіця таксама. Спачуваць — спачувайце. Шкадаваць не трэба. Шкадаванне вельмі шкодзіць, расхалоджвае.

Найлепшае, што бацькі могуць зрабіць для асаблівага дзіцяці, — сачыць за сваім здароўем. Як у самалёце кажуць: надзеньце кіслародную маску спачатку сабе, а толькі пасля малечы. Пра сябе забываць ні ў якім разе нельга.

Мы з мужам разышліся, як і большасць сем'яў у такой сітуацыі. Але я ведаю мужчын, якія засталіся ў сям'і. І, наадварот, мама сышла, а тата адзін шмат гадоў выходжвае дачку з цяжкай формай ДЦП. Я не трымаю крыўду на тату Ангеліны. Крыўда раз'ядае чалавека знутры. У мяне і так праблем хапае. Калі я буду кожны дзень крыўдзіцца на яго, у што ж я ператвару ўласнае жыццё? Не варта заганяць сябе ў тупік, пастаянна азірацца назад. Трэба глядзець наперад.

Пра вясельную сукенку, зяця і «Місіс-бікіні 50+»

Калі толькі пачыналі займацца мадэлінгам, даводзілася плысці супраць цячэння. Нам дапамагалі арганізоўваць фотасесіі, прадстаўлялі строі, рабілі макіяж. Але, адчувалася, у душы ніхто не верыў, што Ангеліна адбудзецца як прафесійная мадэль. Думалі, дзяўчынцы захацелася пафатаграфавацца, ну, няхай пацешыцца. Ангеліна ж вельмі мэтанакіраваная, плюс да таго абажае вучыцца. Яна самастойна засвоіла сістэму Станіслаўскага (тэорыю сцэнічнага мастацтва, метад акцёрскай тэхнікі). Я ёй прыносіла кнігі з Нацыянальнай бібліятэкі, яна іх чытала, канспектавала і рэпеціравала перад люстэркам. Бо мадэль — гэта яшчэ і актрыса, якая павінна ўмець ужыцца ў любы вобраз.

Папулярызацыя Ангеліны як мадэлі — псіхічнае выратаванне для многіх. Дачка дагэтуль атрымлівае вялізную колькасць паведамленняў у сацыяльных сетках ад зусім незнаёмых людзей з розных краін. Яе прыклад служыць штуршком для многіх, яны пачынаюць верыць у сябе, марыць, штосьці рабіць. Некаторыя былі на мяжы самагубства, але, гледзячы на Ангеліну, ім захацелася жыць. Спецыяльнай мэты натхняць людзей мы не ставілі. Гэта атрымалася само сабой. Мы проста рабілі тое, што нам падабаецца.

Сацыяльныя сеткі першапачаткова прыдумалі ў дапамогу людзям з асаблівасцямі — каб яны мелі магчымасць кантактаваць, працаваць. Але ж бачыце, як імі захапіліся ўсе астатнія. Калі ў Беларусі раптам заблакіравалі б сацсеткі — была б трагедыя для Ангеліны. Гэта не проста выкласці фота, напісаць пост, як для многіх блогераў, звычайных людзей. Для чалавека з асаблівасцямі гэта цэлы свет, яго жыццё, работа.

Дачка знялася ў расійскім серыяле «А снег кружыць». Калі рэжысёр Уладзімір Тумаеў даведаўся яе гісторыю, перапісаў сцэнарый так, што Ангеліна сыграла саму сябе. Адзіная выдумка — у яе гераіні, Ангеліны Кудрашовай, першай фотамадэлі з ДЦП — ёсць муж і дзіця. Пасля здымак у серыяле сталі тэлефанаваць знаёмыя і віншаваць мяне з зяцем. Пры гэтым здзіўлена пыталіся, калі Ангеліна паспела нарадзіць. Дарэчы, дачка, як і гераіня серыяла, хоча стаць жонкай і маці. І нават нядаўна прыняла ўдзел у незвычайнай фотасесіі: здымалася ў вясельнай сукенцы. Тым самым хацела паказаць, што жаданне дзяўчыны з адрознымі магчымасцямі выйсці замуж — гэта нармальнае праяўленне сваёй сексуальнасці.

Зараз Ангеліна піша мастацкую кнігу. Сюжэт часткова заснаваны на яе біяграфіі. Гэта цалкам яе займае. Акрамя таго, яна чытае кнігі па сцэнарным майстэрстве, ёй цікава напісанне сцэнарыяў для кіно і тэатра. Бо зараз у сувязі з падзеямі ў свеце знайсці нейкія праекты ў сферы моды, на жаль, практычна нерэальна. А сядзець склаўшы рукі мы не прывыклі.

Знешнасць цесна звязаная з унутраным зместам. Прыгажосць, не падмацаваная інтэлектам, пустая. Не так даўно я скончыла чытаць «Гісторыю прыгажосці» і «Гісторыю выродлівасці» Умбэрта Эка. Што цікава, кніга пра выродлівасць значна большая па таўшчыні. Аказваецца, пісьменнікі і мастакі ў даўнія часы чэрпалі натхненне не столькі з прыгажосці, колькі з болю, жудасных падзей, драматызму, трагізму, выродлівасці. Гэта мяне ўразіла. У гэтых кнігах вельмі шмат цікавага пра стаўленне жанчыны да сябе самой. Раю іх пачытаць асабліва тым, хто камплексуе з-за сваёй знешнасці. Прачытаўшы, вам наўрад ці захочацца класціся пад нож пластычнага хірурга.

Ангеліна лічыць, што па подыуму можна не толькі хадзіць. У свой час яна нават напісала сцэнарый мадэльнага тэатралізаванага шоу. Там мадэлі «з разыначкай», як яна называе сябе, могуць нават лётаць. Я мару, каб Ангеліна паўдзельнічала ў паказах Vіctorіa's Secret (славуты брэнд ніжняй бялізны. — Аўт.). У яе цудоўная фігура і прыроджанае пачуццё такту. Яна ўмее падаць сябе ў такога роду фота- і відэаздымках, не пераходзіць мяжу пошласці, што вельмі важна.

Доўгі час я выконваю ў сям'і функцыю мужчыны. Гэта, на жаль, зрабіла мяне больш грубай, чэрствай. Іншы раз мной можна падавіцца. Таму, каб згадаць пра сваю жаноцкасць, хацела б паспрабаваць паўдзельнічаць у конкурсе прыгажосці «Місіс-бікіні 50+». Гэта будзе вельмі смелы ўчынак з майго боку, тым больш у такім узросце. Але я хачу зрабіць сабе такі выклік. А чаму не? Нягледзячы ні на што, я яшчэ добра выглядаю. Можа, гэта зматывуе іншых мам, якім таксама даводзіцца вырашаць зусім не жаночыя праблемы. Нагадае ім, што, нягледзячы на абставіны і ўзрост, трэба ўсё ж такі заставацца жанчынай, прыгожай і прыцягальнай.

Даведка

Ангеліна Уэльская — удзельніца модных міжнародных праектаў (фіналістка конкурсу «Міс Свету на калясцы — 2017», уладальніца прэміі Aurora Awards — 2021 у Маскве ў намінацыі «Мода без межаў», дэфіліравала пры мінімальнай падтрымцы па подыуме ў купальніку падчас італьянскага моднага паказу). Па адукацыі Ангеліна — магістр мастацтвазнаўства, тэатразнаўца, культуролаг-менеджар. Скончыла завочна Універсітэт культуры і мастацтваў, магістратуру Акадэміі мастацтваў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».