Вы тут

Міхаіл Падольскі: і фельчар, і лекар, і дыягност


Для сям'і Марыі Андрэеўны Млынец вясковы медык — чалавек асаблівы: ён ужо нібы сваяк. Жанчына больш за 40 гадоў даглядае дачку — інваліда першай групы з дзяцінства, таму па дапамогу, параду, кансультацыю звяртаецца пастаянна. Кажа, што тэлефанаваць даводзілася нават у гадзіну ночы, у выхадныя, святочныя дні. «І ніколі ў яго голасе не адчуеш раздражнення, незадаволенасці з гэтай нагоды, што было б натуральна, — кажа жанчына. — Усе ж людзі маюць права на адпачынак. Але наш Міхайлавіч асаблівы, ён людзей любіць, спагаду мае, душу добрую. Мы ўсе яму жадаем здароўя».


Прадаўжальнік дынастыі

З Міхаілам Падольскім, фельчарам Ляхавіцкага ФАПа, што ў Драгічынскім раёне, сустракаемся на яго рабочым месцы. Аказваецца, і будынак ФАПа гістарычны, аж 1937 года пабудовы, але верай і праўдай служыць людзям да гэтай пары. Тут 45 гадоў адпрацавала маці Міхаіла Міхайлавіча, Галіна Мікалаеўна, так што ён працягнуў медыцынскую дынастыю, а цяпер і сын яго выбраў такую ж пачэсную прафесію, справа працягваецца. Праўда, эстафету на Ляхавіцкім ФАПе прыняў не ад маці — працаваў доўгі час у горадзе, у раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, нават спрабаваў сябе ў іншай галіне, далёкай ад медыцыны, але 12 гадоў таму прыняў рашэнне вярнуцца. І зараз гаворыць, што адчувае сябе камфортна, зразумеў, што тут на сваім месцы.

— Некалі ў маёй маці была непараўнальна большая зона абслугоўвання, сюды ўваходзілі Селішча, Вялікі Лес, Зарэчка, Хідры, яшчэ шэраг вёсак. У мяне толькі Ляхавічы і Кублік, таму яшчэ працую на палову стаўкі ў Папінскай амбулаторыі. Але асноўная работа — на ФАПе, да якога прыпісана 170 дарослых і 20 дзяцей. Большасць маіх пацыентаў пенсійнага ўзросту, з шэрагам хранічных захворванняў. Ці паверыце, іду па вуліцы часам і адчуваю, каму зараз дрэнна, да каго трэба зайсці. Гэта, відаць, работа падсвядомасці, ведаю гісторыю хваробы чалавека, яго стаўлення да лячэння, да жыцця. Ужо колькі разоў сябе правяраў: падумаю, што трэба зайсці менавіта сюды — заходжу, цікаўлюся самаадчуваннем. Умоўныя Марыя Іванаўна ці Міхаіл Пятровіч скардзяцца, што падскочыў ціск. Пачынаем разбірацца, аказваецца, хворы прапусціў абавязковы прыём лекаў, ціск падскочыў — адсюль пагаршэнне стану. Тэрмінова прымаем меры і выпраўляем сітуацыю. Даўно заўважыў заканамернасць: калі ходзіш па дамах, тлумачыш, пераконваеш, каб людзі строга прытрымліваліся схемы лячэння, то выклікаў становіцца на парадак менш, — разважае фельчар.

Паводле яго пераканання, высокі ціск стаў галоўным выклікам цяперашняга часу і вынікам неразумнага стаўлення чалавека да прыроды. Аб гэтым шмат разоў разважаў, супастаўляў факты, статыстычныя даныя, гутарыў са сваёй маці. Відавочна, што раней людзі не так пакутавалі ад ціску, як цяпер. Бо не было столькі ядахімікатаў у глебе, бытавой хіміі ў побыце, якая пасля ўжывання трапляе ў навакольнае асяроддзе і ўсё роўна ў тым ці іншым выглядзе вяртаецца да чалавека. Вось і даводзіцца з дапамогай лекаў падтрымліваць узровень артэрыяльнага ціску, каб жыць.

Па выкліку і без

Графік работы ў фельчара такі, што зранку ён працуе ў амбулаторыі, з 12 да 16 гадзін прымае хворых на ФАПе, а пасля 16 ходзіць па выкліках альбо наведвае пацыентаў у плане прафілактыкі. «Некаторыя выклікаюць па 3-4 разы на тыдзень, — расказвае Міхаіл Міхайлавіч. — І я разумею, што пенсіянеру часам хочацца пагаварыць. Выклікі, вядома, ігнараваць не будзеш. Часам дастаткова зайсці, пацікавіцца самаадчуваннем, нагадаць аб прыёме лекаў, і чалавек ужо задаволены».

Асаблівая катэгорыя яго падшэфных — інваліды, ляжачыя хворыя пасля інсультаў. Такіх зараз на ўчастку — двое. Да іх медык заходзіць і без выклікаў, каб наведаць, падтрымаць як самога пацыента, так і яго родных.

— У мяне ёсць на ўчастку чалавек, які пасля траўмы ўжо 20 гадоў не ходзіць, а жонка яго даглядае. За гэты час у іх вырас сын, ажаніўся. Ён хоць і інвалід, але не замкнуўся ў сабе, не азлобіўся, бо па жыцці моцны, аптыміст. І жонка яго заслугоўвае найлепшых слоў за свой подзвіг служэння мужу. У такую сям'ю прыемна заходзіць, калі трэба, скажам, правесці прафілактычны агляд, занесці рэцэпт на лекі.

Пра сваіх землякоў Міхаіл Міхайлавіч гаворыць з вялікай пашанай: «Людзі-працаўнікі. Чытаеш пра замежных пенсіянераў, як яны імкнуцца падарожнічаць, адпачываць пасля выхаду на пенсію. А нашы з лапатамі, кошыкамі ў агародах, працуюць, як тыя пчолкі. А яшчэ адказныя. Бывае, аб'яўляю, што прыязджае на планавы прыём вузкі спецыяліст ці перасоўная флюараграфія — абавязкова ўсе будуць у прызначаны час. Гэтак жа, як на прышчэпкі супраць ковіду ездзілі ў амбулаторыю. Усе прыйшлі, дружна заехалі, атрымалі вакцыну».

Старшыня Папінскага сельскага Савета Святлана Дышко сказала, што Міхаіл Падольскі вельмі актыўны і як сельскі дэпутат. Людзі прыходзяць на прыём, гавораць аб праблемах, патрэбах вёскі. Ён абавязкова ўзніме гэтыя пытанні на сесіі. Адным словам, ён за сваіх — гарой. Тым больш што зараз працуе ў сваёй вёсцы, дзе прайшло дзяцінства, дзе ўсе яго ведаюць.

Свой доктар

Пасля выхадных, здараецца, сыну найперш тэлефануе маці і гаворыць, да каго трэба зайсці ў першую чаргу. Выходзіць, што 89-гадовая Галіна Мікалаеўна выконвае ролю «дыспетчара» і прымае неадкладныя выклікі. Хоць жыве Міхаіл Міхайлавіч у горадзе, але ж у маці бывае часта, ёй па яе ўзросце трэба ўжо дапамагаць.

— Ну а выклікі здараюцца розныя. Бывае, трэба прымаць рашэнне за 10 секунд, — згадвае Міхаіл Падольскі. — Было такое аднойчы, калі ў чалавека з анкалагічным захворваннем пайшла алергічная рэакцыя на ўкус асы. Тады, — расказвае фельчар, — я за 30 секунд дабег да яго хаты, калоў гармоны і іншыя неабходныя прэпараты, паставіў кропельніцу, выклікаў тэрапеўта. Усё адбывалася літаральна за секунды: адной рукой трымаў вену, другой калоў. Потым прыехаў урач з амбулаторыі, чалавека выцягнулі, можна сказаць... Бывалі моцныя насавыя крывацёкі, калі дапамогу трэба аказваць хутка. Здараліся перадінфарктныя, перадінсультныя станы, калі горшы сцэнарый удавалася папярэдзіць. У кожнага медыка, відаць, розныя сітуацыі здараюцца, — разважае фельчар, — у нашай справе яшчэ вельмі важна быць псіхолагам, знайсці своечасова патрэбнае слова.

Тая ж Марыя Андрэеўна Млынец, якая ахвотна расказвала пра свайго фельчара, згадала самыя розныя выпадкі, калі Міхаіл Міхайлавіч прыходзіў на дапамогу: «Ён нават калі не зойдзе, то патэлефануе, пацікавіцца, як здароўе дачкі, — казала жанчына. — І прыходзіць жа да нас часта, рэцэпты льготныя прынясе, лекі, калі трэба. Асабліва калі гэтая навала пачалася — ковід, і мы спачатку баяліся нават лішні раз з хаты выходзіць. Менавіта ён параіў прышчэпкі рабіць, завёз нас у амбулаторыю, там атрымалі ўколы. Ды праз час дачка крыху ўсё роўна прыхварэла, я спалохалася, запанікавала. Але Міхайлавіч прыйшоў, лекі прызначыў, усё пакрысе прайшло. А яшчэ, ведаеце, у нас людзі кажуць, што ні разу яго дыягназ альбо ім прызначанае лячэнне не паправілі раённыя ці нават сталічныя ўрачы. Быў выпадак, жанчына з нашай вёскі паехала на кансультацыю ў Брэст. Там доктар у абласной паліклініцы пасля шэрагу абследаванняў пытае, што яна прымае. Калі паказала спіс, урач здзіўлена пацікавілася: «Хто вам прызначыў?». А як пачула, што фельчар, здзівілася, але прапанавала працягваць курс. Мне аднойчы паводле аналізаў параіў падлячыць ныркі, хоць я не адчувала ніякіх сімптомаў. Пасля курсу лекаў аналізы аказаліся добрыя. Выходзіць, што найгоршае мы папярэдзілі. Вось такі ў нас доктар. Свой».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Драгічынскі раён

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.