Вы тут

Вялікая справа для талакі


Беларускі космас, маю на ўвазе ўклад, — цэлая энцыклапедыя жыцця. Маўляў, яўрэі жывуць па сваіх правілах і ні кроку ў бок. А беларусы? У беларусаў таксама свая праграма была. Працавалі рупліва, адпачывалі зычліва — і на ўсё час мелі. Але жыццё — не камп'ютарны шутар. Ідзе не па загадзя напісаным сцэнарыі. І калі была патрэбная дапамога, яе не выклікалі па кароткіх тэлефонных нумарах. На дапамогу запрашалі сваіх родзічаў, суседзяў, знаёмых. То была грамада. Дапамагчы бульбу сабраць ці то хату злажыць, кабанчыка засмажыць... Талакой. І ці не адсюль і геаграфічная назва пайшла — Талачын? Увогуле, там і сёння людзі спагадлівыя ды чулыя. Ці то з-за кліматычных умоў — холад кампенсуюць увагай адзін да аднаго, ці то з-за колішніх бяды, нястачы і галечы — галоўных спадарожнікаў арыйскіх «вызваліцеляў» і яшчэ больш жорсткіх іх прыхвасняў — дырленвангераў прыбалтыйскага разліву.


Беларускія «сібіракі» насамрэч вельмі дружныя. А што, палешукі не такія? Там свайго Талачына няма, а вось ахвотныя дапамагчы заўжды знойдуцца. Адрозна размаўляюць на захадзе краіны. Але дапамагчы заўсёды гатовыя. Што ні вёска — сваё найменне ў талакі. Сэнс жа аднолькавы. Так што талака сапраўды дзяржаўнага ўзроўню, яшчэ да савецкіх часоў, — звычайная справа для беларусаў. Усе памятаюць класічную сцэну — дыялог герояў фільма «Народжаныя рэвалюцыяй» пра суботнік. Стары добры фільм. А хто прыгадае, як літаратурны герой «На ростанях» абудзіў грамадскую самасвядомасць? Калі яны грэблю будавалі. То нават не суботнік, цэлы месячнік атрымаўся. І ў людзей з'явілася дарога ў свет.

А колькі паркаў ды ўладкаваных мясцін з'явілася за гады суботнікаў дзяржаўнага ўзроўню? Талакой беларусы і Нацыянальную бібліятэку будавалі, і Мінск-арэну. То ў сталіцы. У кожным жа абласным цэнтры і ў невялікім мястэчку знойдзецца свой летапіс такіх добрых спраў. Застаюцца фотаздымкі і прыемныя ўражанні. Я, напрыклад, памятаю, як з калегамі некалі лясных прыгажунь садзілі. Елкі, сосны, піхты... А па праспекце Пераможцаў дрэвы разам з кіраўніцтвам Адміністрацыі Прэзідэнта высаджвалі. Як хораша.

Цімбілдынг, карпаратыўны сход — ой, колькі навамодных слоўцаў ужываем! Ды талака гэта, талака. І вось у мяне пытанне: чаму тыя, хто на словах за беларускасць, заклікалі адмовіцца ад справы продкаў? Перад святамі трэба прыбрацца. Само сабой — у кватэры ці хаце. А на вуліцы смецце што, гастарбайтарам пакінем? Вядома, не. Беларусь нездарма называюць адной з самых чыстых краін.

Дарэчы, талака-суботнік — гэта ж яшчэ і справа выхавання моладзі. Да работы «танчыкамі» не прывучыш. Таму вельмі важна, каб моладзь шчыравала ў Хатыні, каля маленькіх абеліскаў з вялікай гісторыяй, у сталічных парках, іншых памятных мясцінах (напрыклад, каля помніка Марату Казею). У такім выпадку і штрых-код не патрэбны, каб узнікла цікавасць да таго альбо іншага месца. Тады дзеці, нібыта тыя птушаняты ўвесну, шчабечуць на свежым паветры і ў дарослых даведваюцца тое, пра што ў тэлеграм-каналах не прачытаюць і ў «цік-токах» не знойдуць. Гэта яшчэ і сацыяльная адказнасць, і звычка да чысціні.

Але некаму тая чысціня на вуліцах нашай краіны замінае жыць. Таму тыя, хто крычаў, што мы за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага, далі параду беларусам не прыходзіць на суботнік. Ну, забыцца на правілы продкаў. Гэта нават не альтэрнатыва, гэта нездаровае стаўленне да нармальнай традыцыі. Ці то так рэжым ускалыхнуць хацелі, ці то крызіс жанру ў барацьбітоў за іншаземныя інтарэсы. Вы б там, «галасы Эўропы», хоць бы проста на свежае паветра выйшлі, а то зусім захварэеце.

Калі зыходзіць з іх логікі, то наступная парада — увогуле не прыбірацца. А што? Хоць так запэцкаць краіну. Сваёй прысутнасцю тут. Брудныя навіны і фэйкі ў інтэрнэт-прасторы нараджалі і распаўсюджвалі не ў творчых прасторах, у сваіх неахайных лакацыях. Памятаеце гэтыя відэа ад ГУБАЗіКа? І гэтыя людзі быццам разбіраліся ў мудрагелістых пытаннях палітыкі. Яны ведалі, куды нам ісці. Вы спачатку ў сваіх рэчах разбярыцеся.

Такім людзям ніякія суботнікі не патрэбныя. Яны сядзяць у інтэрнэце і разам з віртуальнай прасторай забруджваюць месца, дзе жывуць, потым — вуліцы нашых гарадоў ды паркі, трапна заўважыла ў сваім акаўнце адна жанчына. У суботніку ўдзельнічаюць звычайна тыя, хто не пакідае пасля сябе смецця. І такіх у краіне насамрэч шмат. Нездарма ж мы Белая Русь.

Краіна выйшла на суботнік. Бо беларусы любяць чысціню. І здаецца, ужо навучыліся жыць сваім розумам. А што да заклікаў збеглых «аўтарытэтаў», то яны ўжо не дзейнічаюць. Ганарару не будзе. Замежныя спонсары, напэўна, правядуць свой суботнік — чыстку раздутага штату барацьбітоў з Беларуссю. Грошы трэба на новыя «джавеліны». А што датычыцца суботніка для палітычных эмігрантаў, то адмыйце лепш свае душы. Мо тады лягчэй будзе.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.