Вы тут

На Гомельшчыне рэалізаваны знакавы праект лесаперапрацоўчай прамысловасці краіны


У Гомельскім раёне адкрыты новы пелетны завод — на сёння самы магутны з падобных вытворчасцяў у краіне. Яго будаўніцтва — чарговы этап выканання даручэння Прэзідэнта па забеспячэнні поўнай перапрацоўкі драўняных рэсурсаў унутры краіны.


Праектная магутнасць новай вытворчасці Гомельскага доследнага лясгаса — звыш 20 тысяч тон паліўных гранул на год. Завод дае магчымасць прадпрыемству забяспечыць поўны цыкл дрэваапрацоўкі і вырабляць прадукт самай высокай якасці, запатрабаваны на знешніх рынках.

Узвядзенне прадпрыемства па выпуску паліўных гранул у Гомельскім раёне паблізу пасёлка Калініна пачалося ў жніўні 2021 года. Пабудавалі пелетны завод у рэкордныя тэрміны: на яго будаўніцтва спатрэбілася менш як год. Плошча новага аб'екта — каля 1,6 гектара, а яго «сэрца» — будынак цэха па вытворчасці пелет з самым сучасным абсталяваннем. У новую вытворчасць укладзена каля 10 мільёнаў долараў: уласных сродкаў Гомельскага доследнага лясгаса і крэдытныя рэсурсы.

Вядома, што працуе вытворчасць кругласутачна ў аўтаматычным рэжыме. У змену яго абслугоўваць чатыры чалавекі — два аператары і столькі ж кіроўцаў пагрузчыкаў. Увогуле ж на новай вытворчасці створана 20 рабочых месцаў для высокакваліфікаваных спецыялістаў. На сёння пелетны завод пад Гомелем — самая магутная з аналагічных вытворчасцяў у краіне.

— Унікальнасць праекта яшчэ і ў тым, што з магутнасці 3,5 тон у гадзіну ёсць магчымасць выйсці на 5 тон. Плануем на гэтую лічбу выйсці ўжо сёлета, так мы зможам атрымліваць звыш 30 тысяч тон прадукцыі штогод, — падчас цырымоніі адкрыцця новай вытворчасці адзначыў дырэктар Гомельскага доследнага лясгаса Ігар Дзягцярык.

Удзел у адкрыцці новага знакавага аб'екта лесаперапрацоўчай прамысловасці ўзялі старшыня аблвыканкама Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук.

— Вытворчасць экапаліва — перспектыўны кірунак, таму што такая прадукцыя рэнтабельная. Паводле ацэнак аналітыкаў, штогадовы аб'ём спажывання пелет у свеце перавышае 40 мільёнаў тон. З кожным годам гэты паказчык павялічваецца прыкладна на 1,5 мільёна тон. Напрыклад, Японія заявіла аб намеры павялічыць да 2030 года аб'ёмы спажывання пелет у 10 разоў, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама Іван Крупко.

У прывітальным слове да калектыву прадпрыемства губернатар адзначыў, што рэалізаваны ў Гомельскім раёне праект — сапраўды новая, высокатэхналагічная і высокарэнтабельная вытворчасць, якая адчувальна павялічыць валютную выручку вобласці, забяспечыць прадукцыяй унутраны і знешнія рынкі.

Кіраўнік рэгіёна нагадаў, што сёння на Гомельшчыне ўжо на трох дзеючых пелетных заводах вырабляецца 69 тысяч тон паліўных гранул у год. Значная частка прадукцыі пастаўляецца на экспарт, што толькі летась прынесла 5 мільёнаў долараў дадатковага прыбытку.

— Новая вытворчасць дазволіць яшчэ больш пашырыць магчымасці рэгіёна, — выказаў упэўненасць яго кіраўнік. — Жадаю вам найхутчэйшага выхаду на поўную магутнасць, усім нам — міру і дабра, далейшай паспяховай работы на карысць Радзімы. У добры шлях! — пажадаў прысутным Іван Крупко.

Падчас знаёмства з новай вытворчасцю памочнік Прэзідэнта-інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук звярнуў увагу супрацоўнікаў лясгаса на тое, што развіццё перспектыўнай пелетнай вытворчасці ў рэгіёне патрабуе і пастаяннай увагі да лясных рэсурсаў.

— Сёння важна не толькі ствараць сучасныя вытворчасці, але і вырошчваць новыя лясы, якія будуць забяспечваць іх сыравінай, — падкрэсліў інспектар па Гомельскай вобласці. — Цяпер неабходна больш актыўна ўключаць у лясную гаспадарку нізкабальныя землі, якія неэфектыўныя ў сельгасвытворчасці.

Дарэчы, адразу ж пасля завяршэння ўрачыстага адкрыцця пелетнай вытворчасці ўдзельнікі мерапрыемства адправіліся на адну з дзялянак Гомельскага вопытнага лясгаса, каб высадзіць саджанцы маладога лесу. Старшыня аблвыканкама Іван Крупко і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рагашчук узялі ўдзел у закладцы незвычайнай плантацыі лясных культур.

— На новай плантацыі мы пасадзілі лес, які хутка аднаўляецца. У будучым ён стане сыравінай для нашых дрэваперапрацоўчых прадпрыемстваў у лесагаспадарчых арганізацыях, — падзяліўся губернатар. — У рэгіёне важна паглядзець усе землі. Ёсць прадукцыйныя, ёсць непрадукцыйныя. Неабходна вызначыць тыя, што застануцца для сельскагаспадарчага прызначэння. На землях жа з нізкім балам — ніжэйшым за 14 — будуць лясы. Плантацыі культур, якія ствараюцца ў раёнах, дазволяць атрымаць вытворчы лес.

Кіраўнік рэгіёна таксама звярнуў увагу журналістаў, што сёння на Гомельшчыне стаіць задача наладзіць вытворчасці па глыбокай перапрацоўцы драўняных рэсурсаў на ўсіх тэрыторыях. Асаблівая ўвага ў гэтым плане таксама да раёнаў, якія аднаўляюцца пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Плануецца, што падобныя пелетныя заводы будуць пабудаваныя таксама ў Чачэрскім і Рэчыцкім раёнах. Перспектыўны дадзены вытворчы кірунак і для лясгасаў Кармянскага, Веткаўскага, Хойніцкага, Нараўлянскага раёнаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота БелТА

Загаловак у газеце: Рухавік лясной вытворчасці

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.