Вы тут

Узровень беларускага балета цяпер будзе трымаць Ігар Колб


Ён вяртаецца — у якасці галоўнага балетмайстара тэатра. Наш чалавек: любіце і прымайце! Але айчынная публіка даўно яго прыняла — з самых першых спектакляў, калі юнаком ён пачаў выходзіць на сцэну Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, яшчэ нават не скончыўшы свайго навучання ў харэаграфічным вучылішчы ў Мінску. У тэатры ацанілі яго талент і далі магчымасць танцаваць асобныя партыі.


Мала каму з навучэнцаў так шчасціць. Але адным толькі шанцаваннем наўрад ці можна патлумачыць поспех, які суправаджаў кар’еру Ігара Колба, заслужанага артыста Расіі. Балет — гэта наогул не пра шанцаванне. Гэта выключна пра здольнасці памножаныя на 1000 дзякуючы ўпартасці і жаданню шмат працаваць, каб удасканальваць сваё майстэрства. А цяпер яго майстэрства — і прыклад, і стымул, і крыніца прафесіяналізму для беларускіх артыстаў.

Ужо хацелася такіх зменаў, каб прыйшла новая энергія, каб артысты атрымалі штуршок да развіцця. Вельмі часта гэта залежыць менавіта ад таго, хто бярэ на сябе адказнасць за творчы калектыў. Так, пару гадоў таму вярнуўся ў тэатр Валянцін Елізар’еў, які некалькі дзесяцігоддзяў трымаў высокую планку беларускага балета, ператварыўшы яго ў брэнд. Як мастацкі кіраўнік ён жадаў далейшага руху. А ў гэтым патрэбныя аднадумцы, здольныя яго забяспечыць. Тым больш, што пасада галоўнага балетмайстра была вольная некалькі месяцаў. Вяртанне Колба ў родны тэатр можна лічыць у нейкім сэнсе пераемнасцю, бо менавіта Юрый Траян, які ўзначальваў балетную трупу да лютага, калісьці моцна паўплываў на лёс юнака Ігара Колба, які нарадзіўся і захапіўся харэаграфіяй у Пінску. Мінск адкрыў яму магчымасць выхаду на вялікую сцэну, а ў 1996 годзе таленавіты танцоўшчык быў залічаны ў трупу славутага Марыінскага тэатра, дзе вельмі хутка стаў салістам.

Зігфрыд з «Лебядзінага возера», Крас са «Спартака», Альберт у «Жызэлі», Салор у «Баядэрцы», ён Апалон і Рамеа, ды ролі Прынца яму вельмі пасавалі ... Вельмі шмат роляў у класічных балетах выканаў Ігар Колб, але ж ён танцаваў і ў балетах Джорджа Баланчына, паспытаў і сучасную харэаграфію, дзе за ім былі, дарэчы, партыі ў балетах Раду Паклітару, вучня Валянціна Елізар’ева. Застаюцца і працуюць незаўважаныя сувязі паміж творчымі людзьмі, куды б іх не заносіў лёс. А Колбу выпала танцаваць у Рымскай оперы ды ў Венскай оперы ў балетах у рэдакцыі Рудольфа Нурэева. І ў Мінску не забывалі пра нашага артыста, нават калі ён не выступаў на радзіме. Але калі здаралася і выпадала магчымасць, усё ж прыязджаў, нават праводзіў майстар-класы ў сваім родным Пінску. А публіка заўсёды вітала яго як зорку. І гэта застанецца як факт у яго асабістай гісторыі. Бо пачынаючы новы этап жыцця пасля Марыінскага тэатра, ён запэўніў: «танец нікуды не сыдзе з мяне, як, зрэшты, і я з яго.»

Ён у росквіце сіл: як артыст рэалізаваўся, дасягнуў вышынь — і як чалавек пераходзіць на новы ўзровень, у лік асоб, здольных уплываць на балет праз тых, хто танцуе цяпер. Паспытаўшы выкладчыцкую працу ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, ды Акадэміі танца Барыса Эйфмана, Ігар Колб разумее, як працаваць з моладдзю, і варта чакаць, што зможа запаліць іх творчымі ідэямі. А моладзь наша навучылася шанаваць легендарных асоб балета і разумее значнасць прафесіяналізму. Ці трэба камусьці ў нашай трупе тлумачыць, хто такі Ігар Колб? Чалавек, які на ўласным прыкладзе даказаў, што мары здзяйсняюцца. За ім цяпер — мары і трупы, і аматараў беларускага балета. Прыгожыя мары, і цалкам рэальныя надзеі. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота bolshoibelarus.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.