Вы тут

Церабуты — літаратурная вёска Пухавіцкага раёна


Невялікая зараз вёсачка — Церабуты. Пухавіцкі край. Не так далёка да Асіповіччыны. Хаця яшчэ 100 гадоў назад гэта паселішча, размешчанае за 5 км ад чыгуначнай станцыі Талька, налічвала 136 двароў і 974 жыхароў. Яшчэ ў 1888 годзе тут была заснавана царкоўнапрыходская школа. Тут, ля ракі Свіслач, — унікальныя па прыгажосці мясціны. Стромкія берагі, сімпатычныя лугавыя дываны з красак травы і кветак. Невыпадкова яны і прыцягвалі ўвагу мастакоў. Ваколіцы вёскі — на палотнішчах жывапісца Віталя Цвіркі. А да яго на лецішча прыязджалі і маладзейшыя калегі. Давялося чуць пра гэтыя паездкі ад мастака-аніматара Алега Белавусава. 


Фота: pixabay.com

Тут, у Церабутах, са сваімі сем’ямі летавалі многія пісьменнікі. І не толькі ў 1930 — 1940-ыя, але і ў пазнейшыя гады. Адзін з многіх — Георгій Папоў. 

Узнавіць даўнюю памяць пра Церабуты дапаможа дзённік пісьменніка, які захоўваецца ў архіве сям’і літаратара. Пазнаёміцца з «пухавіцкімі» старонкамі дзённіка дазволіла дачка Георгія Лявонцьевіча — драматург і празаік Алена Георгіеўна Папова, аўтар п’ес, раманаў, публікацый у беларускіх часопісах «Нёман», «Полымя», «Маладосць», расійскіх выданнях — «Новый мир», «Дружба народов», «Знамя», пісьменніца, чыя творчасць добра вядомая ў розных краінах Еўропы...

Але спачатку давайце пазнаёмімся з самім Георгіем Паповым. Нарадзіўся ён у 1918 годзе ў Алтайскім краі. Закончыў фельдшарскую школу. Працаваў загадчыкам медпунтка. Праз некаторы час заняўся журналістыкай. У час Вялікай Айчыннай вайны — ваенны медык на Калінінскім, Заходнім і іншых франтах. З 1946 года — ваенны журналіст. З 1950 — у газеце Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины». У 1956 — 1959-я гады працаваў у газеце «Калгасная праўда» (сённяшняя «Сельская газета»). З 1959 г. — у часопісе «Нёман». У 1966 — 1978 гады — намеснік галоўнага рэдактара. Першы зборнік апавяданняў — «В родном полку» — выйшаў у 1956 годзе ў Маскве. Георгій Папоў — аўтар кніг аповесцяў і апавяданняў «Половодье» (1958), «Клок сена» (1965), «Гуси-лебеди» (1968), «За тридевять планет» (1976), «Поездка в Тростёну» (1977), «Память» (1978), «Низкий поклон» (1981), «Первое лето» (1985), «На том, на волжском берегу» (1986), «На дороге» (1989). Памёр Георгій Лявонцьевіч у 1995 годзе. 

Адкрываем першую старонку шматстаронкавых дзённікавых запісаў: «Адпачынак у тым годзе я праводзіў у вёсцы Церабуты, што на Свіслачы..." Адносна «таго» года. Запісы ў дзённіку пачынаюцца з сакавіка 1963 года. І звязаны яны са станаўленнем, развіццём часопіса «Нёман». Дзённік нават выглядае цэласнай, з адной сюжэтнай лініяй, кнігай. Але ж у рэдакцыю Георгій Папоў прыйшоў у 1959, таму, відаць, і канкрэтным, датаваным, пачынаючы з 24 сакавіка 1963 года, запісам папярэднічае нарыс-успамін. Ён быў напісаны ў 1980-я — на пачатку 1990-х гадоў, калі Георгій Папоў рыхтаваў дзённік да друку. Атрымліваецца, што разам з пісьменнікам мы вяртаемся ў 1959 год, у пухавіцкія Церабуты. Якімі яны запомніліся Георгію Лявонцьевічу?..» ...Амаль кожны дзень мы з жонкай і дзецьмі купаліся і лавілі рыбу, кожны дзень хадзілі ў бярозавы гай за суніцамі.

Зараз Свіслач заўважна збяднела. А тады, трыццаць гадоў назад, у ёй вадзілася процьма рыбы. З вечара паставіш донкі, раніцай пойдзеш праверыць, — глядзіш, патрапілі на кручок пара шчучак, два-тры сомікі, некалькі галаўнёў.

Добры быў і бярозавы гай, усцелены ягадамі, поўны грыбоў. Суніц было столькі, што трохлітровы бідон мы назбірвалі жартам. 

І вось аднойчы пад вечар, калі мы ўсёй сям’ёю вярталіся з паўнюткім бідонам з бярэзніка, паштальён прама на дарозе, якая перасякала жытнёвае поле, уручыў мне тэлеграму: «Прыязджай тэрмінова важнай справе Бур’ян».

Так, у ваколіцах Церабут, Георгія Лявонцьевіча шукаў новы клопат. Яшчэ напярэдадні пісьменнік Барыс Бур’ян у Мінску размаўляў з Паповым адносна працы адказным сакратаром у «Советской Отчизне» (так спярша называўся «Нёман»). І ўсё ж тэлеграма была нечаканасцю.

«У той вечар мы з жонкай доўга гулялі па ціхіх палявых дарогах, — чытаем запісы Г. Папова, — абмяркоўваючы, як нам быць, ехаць ці не ехаць. Ехаць — значыць, пагаджацца, не ехаць — адмаўляцца, — трэцяга было не дадзена...» І далей чытаем: «Раніцай мы ўсёй сям’ёю пешшу адправіліся на станцыю Талька — да яе ад Церабут рукою падаць, — і паспелі якраз да ранішняга цягніка. 

У той жа дзень я сустрэўся з Бур’янам, а Бур’ян адразу пацягнуў мяне да тагачаснага галоўнага рэдактара альманаха Яўгена Васілёнка...»

Да тэмы Церабутаў пісьменнік яшчэ вернецца ў сваім дзённіку. «На лецішчы ў Церабутах. Чацвёртае лета. 

Гаспадыня Саша, жонка Аляксандра Архіпавіча, былога старшыні калгаса, гаворыць ласкава-пявучым голасам:

— Ён у мяне такі зайдросны, — гэта пра мужа».

Сам па нараджэнню вясковец, Георгій Лявонцьевіч уважліва прыглядаўся да побыту, вобразу жыцця калгаснікаў у Церабутах. Відавочна, нешта і занатоўваў адразу, углядаючыся ў вясковае жыццё. Вось што піша Папоў пра гаспадыню лецішча: » У пакоі ў яе процьма ўсялякіх карцінак: побач з «Трыма асілкамі» і «Алёнкай» — вышытыя гладдзю ружы і папугай сярод такіх самых руж, на сцяне — пісаны маслам, «дыван» — возера не возера, а штосьці кшталту возера, халупа пад чарапіцай, жоўты месяц, два лебядзі цягнуць лодку, у якой, патанаючы ў кветках, сядзяць дзве дзяўчыны. Трэцяя дапамагае лебядзям, трымаючы ў руках тонкае вясло. Яшчэ дзве дзяўчыны (адна стаіць, другая ці то сядзіць на мастках, ці то стаіць ледзьве ці не па пояс у вадзе) чакаюць, калі лодка падплыве.

Адным словам, той яшчэ «дыван»! А ў шафе — выдатныя посцілкі і дыван — таксама выдатны — сваёй, ручной работы. Паслаць і павесіць Саша саромеецаа — засмяюць у вёсцы, таму што гэта сваё, гэта не моднае..."

Чытаем у гісторыка-дакументальнай хроніцы Пухавіцкага раёна «Памяць»: «Посцілкі ткаліся з ільну, воўны, пазней — з бавоўны, сінтэтычных нітак фабрычнай вытворчасці. Пашыраны чатырохнітовыя з нескладаным малюнкам, клятчатыя. Посцілкі маюць характэрны геаметрычны раслінны арнамент. Посцілкі, выкананаыя М.П. Вераскоўскай, найбольш характэрныя для нашай мясцовасці. 

Са з’яўленнем разнастайных фарбавальнікаў каляровая гама посцілак вельмі пашырылася. Іншы раз у адной посцілцы налічвалася каля пяці і болей колераў. Вядомы ў нас таксама і браныя, і шматрамізныя посцілкі. 

У побыце шырока выкарыстоўваліся „дываны“. Найбольш распаўсюджаная іх тэхніка — пераборнае аднабаковае ткацтва. Па льняной аснове ткалі шэрсцю (Е.Н. Марозава і К. І. Гарэльчык)».

Такога ўзроўню майстрых яшчэ заспеў на Пухавіччыне і пісьменнік Георгій Папоў. Церабуты — легендарнае паселішча для вывучэння літаратурна-мастацкай гісторыі Пухавіцкага края. З вёскай звязаны жыццёвыя сцежкі-дарожкі мастацтвазнаўца Антона Уса, паэта Міхася Чарота, празаіка Сымона Баранавых. І яшчэ — празаіка і перакладчыка Георгія Папова, яго дачкі драматурга і празаіка Алены Паповай. Вядомыя Церабуты і празаіку Сяргею Рублеўскаму, які зараз жыве і працуе ў Віцебску. Словам, сапраўды літаратурная вёска... 

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.