Вы тут

Як ужыц­ца з су­се­дзя­мі?


Суседства ў прыватных дамах — не зусім тое ж самае, што суседства ў шматпавярхоўцы, дзе вы можаце жыць гадамі, не ведаючы суседзяў (або абмяжоўваючыся дзяжурным «здрасьце»). У прыватным сектары так не атрымаецца. Таму што дзеянні і звычкі суседзяў наўпрост адбіваюцца і на вашым жыцці.


І бывае, што адносіны паміж жыхарамі суседніх дамоў (плот у плот) перарастаюць у сур'ёзнае супрацьстаянне. У ход ідуць усе метады вядзення барацьбы, якія (часцей за ўсё) не супярэчаць закону, але здольныя сур'ёзна сапсаваць жыццё, прычым абодвум бакам канфлікту.

Сярод лістоў, якія прыходзяць у рэдакцыю, скаргі на суседзяў (па дачы або прыватным доме) складаюць значны працэнт зваротаў. Найбольш частыя прычыны супрацьстаяння — зямельныя (тэрытарыяльныя): не на месцы стаіць плот, блізка да ўчастка заяўніка сусед высадзіў дрэва або хмызнякі, што загароджваюць сонечнае святло; будаўнічыя: сусед паставіў лазню або хлеў са свайго боку плота, але ў непасрэднай блізкасці да чужых пабудоў ці градак; камунікацыйныя: шум з боку суседскага ўчастка, які не дае паўнавартасна адпачыць; і, нарэшце, «непадабенства характараў» (часцей за ўсё на гэта скардзяцца, калі суседзі «новыя» (суседні дом памяняў уладальнікаў), і пачаліся «баявыя дзеянні»)...

У межах закона

Перш за ўсё адзначым: выбіраючы з двух шляхоў — скандалы і лаянка або зварот у адпаведныя дзяржаўныя органы, спыніцца варта на другім варыянце. Калі вы перакананы, што сусед спецыяльна паставіў плот так, каб адхапіць ваш кавалак зямлі, варта падняць дакументы на ўчастак і запрасіць спецыялістаў для размежавання (калі вы маеце рацыю, а сусед не, экспертызу будзе аплачваць ён). Калі казаць аб насаджэннях або пабудовах на суседскім участку у непасрэднай блізкасці ад вашага ўчастка, тут таксама ёсць дакладныя заканадаўчыя абмежаванні. Адлегласць ад плота да дрэў, кустоў або пабудоў суседа меншая, чым устаноўлена па законе? Можна смела звяртацца ў адпаведныя дзяржаўныя інстанцыі.

Іншая справа, што ў многіх сітуацыях, якія ўзнікаюць паміж суседзямі ў прыватным сектары, няма адназначна тых, хто мае рацыю, і вінаватых. Кантралюючыя органы пры рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў на зварот, зразумела, праводзяць праверкі. Але вынікі гэтых праверак могуць не задаволіць тых, хто звярнуўся. У гэтым выпадку звяртацца ў дзяржаўныя органы і ў суд грамадзяне могуць неаднаразова. Праўда, варта ўлічваць і той факт, што зацяжны канфлікт з суседам ні да чога добрага не прыводзіць, бо жыць усё роўна прыйдзецца побач.

Жыццё каля склада

Але часам бывае, што сітуацыя здаецца бязвыхаднай...

Будучы ўладальнікам дома ў прыватным сектары, чалавек спадзяецца на цішыню і спакой. Асабліва калі гэта чалавек пажылы. Але здарылася так, што ўладальнікам дома, суседняга з домам Уладзіміра Мікалаевіча (па вуліцы Наватарскай у сталіцы), пасля смерці ранейшага гаспадара стаў яго сын Дзмітрый. І, з'яўляючыся саўладальнікам малога бізнесу па продажы аўтамабільных шын, ён адкрыў у старым бацькоўскім доме офіс і пабудаваў каля дома склад.

— Акно маёй спальні выходзіць наўпрост на гэты склад. Участачкі ў нас па 4,5 соткі, а не па 10—20, як за горадам. Грукат, шум, адгрузкі і загрузкі. Гэта вельмі перашкаджае жыць, — расказвае Уладзімір Мікалаевіч. — Разгрузкі ідуць па 2-3 гадзіны з самай раніцы. Потым пачынаюць развозіць шыны па гандлёвых пунктах на рынках.

Спачатку суседзі спрабавалі трываць, распавядае суразмоўца. Нават нягледзячы на тое, што летам, у спякоту, да нязручнасцяў далучаецца яшчэ і характэрны пах нагрэтай гумы, які адчуваецца на суседніх участках.

— І трывалі, пакуль сусед не акрыліўся, усё гэта не разраслося і не пайшла разгрузка фурамі. Усе, хто падпісалі нашу калектыўную скаргу, — людзі пенсійнага ўзросту. Па-першае, гэты яго бізнес пажылым людзям не дае спакойна адпачываць. А, па-другое, практычна ў кожным суседнім з участкам Дзмітрыя доме ёсць пенсіянеры па ўзросце, у тым ліку інваліды, з якімі жывуць унукі (або часта прыязджаюць да іх).

Хваляванне за бяспеку ўнукаў (бо дзеці могуць выбегчы з двара прыватнага дома на вуліцу і трапіць пад машыну), па словах суразмоўцы, — яшчэ адзін фактар, які паўплываў на рашэнне пенсіянераў пісаць скаргі і хадзіць па інстанцыях. «Па нашай вуліцы цяпер ездзяць грузавыя машыны. Часта яны стаяць па некалькі гадзін, перакрываючы вуліцу», — распавядае ён.

— Мы ўжо год пішам ва ўсе інстанцыі. Першы раз калектыўна звярнуліся 3 сакавіка 2021 года і з тых часоў займаемся гэтай абсалютна бытавой праблемай. Калі звярталіся першы раз са скаргай у Цэнтральны РАНС Мінска, думалі, што сітуацыя вельмі хутка вырашыцца на нашу карысць.

Але тут суседзі паспяшаліся з высновамі.

— У адміністрацыі Цэнтральнага раёна нам адказалі, што парушэнняў у сферы вядзення бізнесу і падатковага заканадаўства ў суседа няма. Ну, добра, калі, згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва», сусед можа мець офіс ва ўласным доме — няхай працуе. Але склад мы просім ліквідаваць. Калі б гэты склад быў афіцыйна зарэгістраваны як складское памяшканне, я б, напэўна, прадаваў свой дом і пераязджаў у іншае месца, — кажа пенсіянер. — Але гэта проста самабуд.

Адзіныя, да каго ў канцы мінулага года ўдалося дастукацца жыхарам вуліцы Наватарскай, — пракуратура, распавядаюць яны.

— Там да нас сапраўды паставіліся ўважліва, мы атрымалі заключэнне за подпісам пракурора раёна: «Парушэнне нормаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое выявілася ў ажыццяўленні дзейнасці па складзіраванні і захоўванні аўтамабільных і транспартных пакрышак, шумнай пагрузке і выгрузке шын адначасова з выкарыстаннем не па прызначэнні зямельнага ўчастка...» ад 18.10.21, — распавядае Уладзімір Мікалаевіч. — Кіраўніку адміністрацыі раёна пракуратурай было накіравана інфармацыйнае пісьмо аб неабходнасці прыняцця дадатковых мер. Таксама атрымалі мы адказ ад МНС — быў выяўлены факт парушэння супрацьпажарных нормаў. Але ў цэлым ніхто не хоча займацца гэтай праблемай. Вось і робіць сусед, што хоча, і пляваць яму на ўсё. Я яму кажу: «Пракуратура знайшла парушэнні ў тваёй дзейнасці». А ён у адказ: «Пішыце куды хочаце». І што нам рабіць? Прыйшла камісія выканкама: супрацоўнік МНС, прадстаўнікі санстанцыі, гарадской гаспадаркі, архітэктуры для праверкі аб'екта. Дык сусед іх на сваю тэрыторыю не пусціў. Патэлефанавалі яму. А ён: «Я ў Бабруйску, буду толькі ў канцы дня». А народ ходзіць на ўчастку, у доме святло гарыць — відаць, што людзі ёсць. Мы кажам: вунь жа людзі, хай адкрыюць, ён — не: «Без мяне камісію ніхто не пусціць».

Уладзімір Мікалаевіч і сам шмат гадоў займаўся бізнесам. Вырашыў пагутарыць з суседам як бізнесмен з бізнесменам.

— Прапаноўваў: давай куплю ў цябе гэты дом. Ты на гэтыя грошы купіш склад у прамысловым раёне, людзям перашкаджаць не будзеш. Не пагадзіўся. Быў бы бізнесмен, зрэагаваў бы на гэта прапанову. Тым больш крыўды ў яго на суседзяў быць не можа: мы з ім раней, да 2021 года, не перасякаліся, бізнесу яго не перашкаджалі. Трывалі вельмі доўга. Хадзілі, прасілі. Пакуль не зразумелі, што не мае сэнсу з ім размаўляць.

На чыім баку праўда?

— З пісьмовых адказаў на звароты заяўнікаў у дзяржаўныя органы відаць, што звароты разгледжаны належным чынам у адпаведнасці з патрабаваннямі дзеючага заканадаўства, а атрыманыя адказы з'яўляюцца абгрунтаванымі і матываванымі, — каментуе сітуацыю адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена ГРОНСКАЯ. — Пытанне ў частцы складавання аўтамабільных шын у гаражы разгледжана ў ходзе нарады, якая адбылася ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска з удзелам усіх зацікаўленых асоб, у тым ліку прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага санітарнага і пажарнага наглядаў, а таксама ІМПЗ. Паводле інфармацыі ДУ «Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Цэнтральнага раёна г. Мінска», пры правядзенні аглядаў тэрыторыя зямельнага ўчастка знаходзілася ў належным санітарным стане. Паводле інфармацыі ІМПЗ Цэнтральнага раёна г. Мінска, уласнік жылога дома, размешчанага на зямельным участку, знаходзіцца на ўліку ў інспекцыі ў якасці плацельшчыка падатку на нерухомасць і зямельнага падатку за карыстанне зямельным участкам. Па выніках праведзеных мерапрыемстваў спецыялістамі ІМПЗ парушэнняў заканадаўства не ўстаноўлена. Пасля праведзенай праверкі супрацоўнікамі Цэнтральнага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях уласніку гаспадарчай пабудовы, размешчанай на зямельным участку, выдадзена прадпісанне аб неабходнасці ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

У выпадку, калі ў пісьмовых адказах на звароты ўтрымліваюцца пастановы аб поўнай або частковай адмове ў задавальненні зваротаў, у такіх адказах указваецца парадак іх абскарджання, адзначыла адвакат.

— Аналіз дакументальных матэрыялаў, звязаных з разглядам калектыўнага звароту ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна г. Мінска, паказаў, што заяўнікам накіраваны абгрунтаваны і матываваны адказ, падпісаны намеснікам старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, а таксама растлумачана права на абскарджанне адказу ў судовым парадку. Права на абскарджанне атрыманага адказу ў судовым парадку заяўнікамі рэалізавана не было.

У далейшым заяўнікі неаднаразова звярталіся ў Цэнтральны раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Імі атрыманы адказы, дзе пазначана, што ў адрас уласніка накіравана прадпісанне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы, супрацьпажарных патрабаванняў тэхнічных нарматыўных актаў сістэмы супрацьпажарнага нармавання і стандартызацыі з указаннем тэрміну выканання. Таксама ў адпаведнасці з арт. 24.36 ч. 7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі) уласнік жылога дома прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Заяўнікі таксама рэалізавалі сваё права на зварот у пракуратуру. Копія звароту была накіравана ва УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска. Згодна з атрыманым адказам, у ходзе праверкі парушэнняў дзеючага адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства выяўлена не было, а далейшая праверка па калектыўнай заяве спынена.

— Аднак у далейшым, пасля паўторнага звароту ў пракуратуру Цэнтральнага раёна г. Мінска, пракуратурай раёна запатрабаваныя і вывучаныя матэрыялы праверкі па калектыўных зваротах з адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска, ІМПЗ, Цэнтральнага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ДУ «Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Цэнтральнага раёна г. Мінска». Пракуратурай раёна кіраўніку адміністрацыі раёна накіраваны інфармацыйны ліст аб неабходнасці прыняцця дадатковых мер па недапушчэнні выкарыстання ўласнікам зямельнага ўчастка ў парушэнне праектнай дакументацыі.

Заяўнікам дадзены абгрунтаваны і матываваны адказ, падпісаны кіраўніком адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска, ён утрымлівае таксама парадак абскарджання ў выпадку нязгоды — заяўнікі маюць права абскардзіць атрыманы адказ у Мінгарвыканкам.

— Адказ арганізацыі на зварот або рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці пасля абскарджання ў вышэйстаячую арганізацыю можа быць абскарджаны ў судзе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, — падкрэслівае адвакат Мінскай абласной калегіі адвакатаў Алена Гронская.

Такім чынам, сітуацыя яшчэ далёкая да развязкі. А пакуль жыхарам прыватных дамоў па вуліцы Наватарскай застаецца... працягваць пісаць скаргі і звароты.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.