Вы тут

Імя Героя Савецкага Саюза Собалева - Акцябрскай школе


Акцябрскай сярэдняй школе Віцебскага раёна прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Ільі Паўлавіча Собалева. Цяпер на будынку ўстановы размешчаны мурал з яго партрэтам.


Рэха Вялікай Айчыннай вайны пякучым болем адгукаецца ў сэрцы кожнага беларуса. Гэта памяць ніколі не павінна быць перайначанай, сцёртай са старонак нашай гісторыі. З мэтай увекавечвання подзвігу савецкага народа ў гады вайны сёння паркам, вуліцам і знакавым сацыяльным аб’ектам надаюць імёны выбітных палкаводцаў і камісараў. На гэтым тыдні Акцябрская школа стала дзявятай у Віцебскім раёне, якая ўдастоена гэтага ганаровага звання, у вобласці 43 установы адукацыі носяць імёны герояў-землякоў.

Старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў адзначыў, што прысваенню імя школе папярэднічала вялікая даследчая праца, якую вялі педагогі разам з вучнямі. Гэта складаная, але вельмі важная работа нашчадкаў Перамогі — значны ўклад у зберажэнне гістарычнай памяці і патрыятычнае выхаванне грамадства. І Віцебскі раён з’яўляецца лідарам у гэтай справе. Уладзімір Уладзіміравіч уручыў дырэктару школы Юліі Цярэшчанцы пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі.

Знакава, што замест традыцыйнай мармуровай дошкі на будынку з’явіўся мурал з выявай Івана Собалева. Гэта работа мясцовага мастака Ільдара Сафіна, яго дзеці навучаюцца ў Акцябрскай школе і сам аўтар партрэта захацеў пакінуць будучаму пакаленню сваю творчасць. Падзяку ад раённага Савета дэпутатаў Сафіну ўручыў старшыня Віктар Дарожкін. 

Іван Собалеў нарадзіўся 11 лістапада 1907 г. у вёсцы Шапуры. Пасля заканчэння Сялюцкай сямігодкі працаваў у Віцебску на інструментальным заводзе. У 1931 г. скончыў Ленінградскае ваенна-інжынернае вучылішча і атрымаў прызначэнне на службу ў Кіеў. З першых дзён Вялікай Айчыннай знаходзіўся на фронце, камандаваў 19-м асобным матарызаваным пантонна-маставым батальёнам 7-й Гвардзейскай Арміі; забяспечваў арганізацыю перапраў і фарсіраванне войскамі водных рубяжоў ад Сталінграда да Берліна і Прагі. Быў цяжка паранены. Асабліва вызначыўся падпалкоўнік Собалеў у верасні 1943 пры фарсіраванні Дняпра ў Днепрапятроўскай вобласці.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 26 кастрычніка 1943 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм яму прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Акрамя двух ордэнаў Леніна і медалі «Залатая Зорка», на грудзях нашага земляка зіхацелі тры ордэны Чырвонага Сцяга, Ордэны Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені, два ордэны Чырвонай Зоркі. Пасля вайны Іван Пашлавіч уздымаў гаспадарку ў Віцебску.

Да знакавай падзеі было прымеркавана адкрыццё музейнага пакоя, прысвечанага гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў школе: тут прадстаўлены экспазіцыі «У баях пад Віцебскам», «Палітыка генацыду ў гады вайны», «Вызваленне Віцебскага раёна 1943-1944 гг.» , імправізаваная партызанская зямлянка — цяпер урокі гісторыі мясцовых вучняў будуць праходзіць з антуражам тых часоў. Гэтая выстава стваралася на аснове Музея народнай славы, які працаваў ва ўстанове ў прошлым стагоддзі і пакінуў каштоўныя экспанаты: лісты з фронту, перапіску з роднымі пахаваных на мемарыяле ў Шапурах байцоў.

На мерапрыемстве ў ліку гасцей прысутнічала нявестка Івана Паўлавіча Собалева Вера Міхайлаўна. Яна пайшла замуж за адзінага сына Героя, калі ён ужо пайшоў з жыцця, але па ўспамінах мужа Генадзя ведае, што гэта быў моцны духам і адказны чалавек. Такім ён застаўся ва ўспамінах сяброў і калег, у нашай гісторыі. І жыве цяпер у памяці ўдзячных патомкаў.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота рэдакцыі «Жыццё Прыдзвіння»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».