Вы тут

Куды ўкласці свабодныя грошы? Тры правілы «банкіра-пачаткоўца»


Ёсць тры правілы планавання сямейнага бюджэту. Першае правіла гучыць так — «Заплаціце спачатку сабе». Справа ў тым, што фінансісты рэкамендуюць мінімум 10% ад штомесячнага даходу адкласці і не марнаваць іх ні пры якіх абставінах. Пажадана адразу ж адкладаць гэтыя грошы ў банк на безадзыўны дэпазіт. Гэта вашы зберажэнні, спакой, абарона і ўпэўненасць у будучыні.


Другое правіла заключаецца ў захаванні прыярытэтнасці выдаткаў. Трэба вызначыць, што для сям’і з’яўляецца важным, а што — другасным. Тут неабходна размеркаваць грошы спачатку на важныя і тэрміновыя выдаткі, а ўжо тое, што застанецца, — на няважныя і нетэрміновыя. Парадак дзеянняў наступны. Складаем спіс важнасці выдаткаў.

  • Грошы на рэгулярныя і абавязковыя выдаткі неабходна адразу адкласці асобна.
  • Адкладаем 5–10 % ад даходу на непрадбачаныя выдаткі.
  • У іншы стос адкладваем грошы на планавыя выдаткі.
  • Лічым рэшту. Размяркоўваем на нетэрміновыя і неабавязковыя выдаткі.

Трэцяе правіла самае складанае і патрабуе самакантролю, але навучыць кіраваць выдаткамі з дапамогай эканоміі і аптымізацыі выдаткаў. Апошняе прадугледжвае разумнае пераразмеркаванне расходаў па артыкулах з мінімальнымі стратамі ва ўзроўні і ладзе жыцця.

Парады ад рэгулятара

Нацбанк рэкамендуе некалькі спосабаў інвеставання грошай. Першы з іх (дзяржаўныя аблігацыі) лічыцца самым бяспечным, але і найменш прыбытковым. У складаны для эканомікі час працэнты па такіх каштоўных паперах сапраўды маленькія, таму зараз у насельніцтва яны попытам не карыстаюцца.

Наступным спосабам укладання нашых «кроўных» з’яўляюцца банкаўскія ўклады, дэпазіты, ашчадныя сертыфікаты, аблігацыі банкаў. Потым ідуць карпаратыўныя аблігацыі і апошнімі — акцыі прадпрыемстваў.

Калі грошай столькі, што можна купіць нерухомасць

Купля нерухомасці — адзін з самых выгадных і папулярных на сёння спосабаў памнажэння капіталу. Няма нічога больш прыемнага, чым мець у сваім горадзе дзве-тры кватэры і здаваць іх у арэнду. Штомесячны заробак ад гэтага дазволіць вам жыць калі не шыкоўна, то цалкам нармальна.

Дарэчы, купляць кватэры для інвеставання ў працэсе іх актыўнага патаннення не зусім правільна. Аднак, я трымаў бы руку на пульсе. Заўсёды трэба ўлавіць момант, калі час масавага патаннення ўжо прайшоў і пачынаецца зваротны працэс.

Да таго ж збіраемся разглядаць наш сярэднестатыстычны варыянт, па якім будзем укладваць не вельмі вялікую суму — блізкую ў эквіваленце да дзесяці тысяч долараў. У гэтым выпадку цалкам рэальна разглядаць банкаўскія ўклады.

Валюту зберажэнняў трэба выбіраць абдумана

Банкаўскія дэпазіты — доўгатэрміновы, але цалкам прымальны праект. Мы нічым не рызыкуем, таму што абсалютна ўсе беларускія банкі застрахаваныя на любы выпадак жыцця, і грошы змогуць вярнуцца да вас. Калі разглядаць сітуацыю з пазітыўнага боку, то вы будзеце мець стабільны, хоць і невялікі, прыбытак.

Як ні дзіўна, але памер даходу напрамую залежыць ад валюты, у якой збіраемся захоўваць нашы зберажэнні. Айчынныя эканамісты лічаць, што збіраць грошы можна ў любой валюце, якая падпарадкоўваецца эканамічным законам. Адгадаць, што будзе больш устойлівым: долар, еўра, рубель або швейцарскі франк, — цяпер вельмі складана. Іншыя фінансісты прыводзяць залатое правіла ўкладанняў: не класці ўсе яйкі ў адзін кошык. Рэкамендуецца 60 % укладаў трымаць у айчыннай валюце, па 20 % — у доларах і еўра.

Існуюць розныя прагнозы аб тым, што долар можа абрынуцца. Таму можна ўкласці грошы і ў долар, і еўра, а можна — і ў рублі. Можна паспрабаваць пашукаць і іншыя ўстойлівыя валюты. Напрыклад, у кітайскі юань. Дарэчы, адзін юань дзеліцца на 10 цзяа, якія, у сваю чаргу, дзеляцца на 10 фыняў.

Сёння мы назіраем чарговы працэс умацавання беларускага рубля. У свой час, калі долар на ажыятажы прадаваўся па 4 рублі, спецыялісты не раілі яго набываць па такім кошце і мелі рацыю. Сёння гэтая зялёная паперка вагаецца ў коштавым дыяпазоне ад 2,68 да 2,75 за долар і працягвае таннець. Таму цікавасць да дэпазітаў непасрэдна ў доларах расці не можа.

Ад сябе асабіста дадаў бы, што, калі вы не збіраецеся за мяжу, тады трэба выбіраць замежную валюту для інвестыцый, дзе самая маленькая маржа (розніца паміж купляй і продажам банкнот). У нашых беларускіх рэаліях гэта якраз долар. Але не варта забываць, што самыя вялікія працэнты па ўкладах менавіта ў рублёвых дэпазітах.

Ад 7 % да 25 % гадавых

Пасля таго як у нашай банкаўскай сістэме значна павялічылі стаўку рэфінансавання Нацбанка адразу амаль на тры пункты — да 12 % гадавых, камерцыйныя банкі сталі істотна павышаць даходнасць дэпазітаў у нацыянальнай валюце.

Нагадаю, што ўклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі — адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы — цалкам або часткова. Ужо за саму магчымасць у любы час пакарыстацца сваімі грашыма кліент банка расплачваецца паніжанымі працэнтамі.
Самы маленькі даход вы атрымаеце па адзыўным дэпазіце пры кароткіх тэрмінах захоўвання. За такія «кароткія» грошы банкі даюць ад 7 % да 10 % гадавых. Адзыўныя ўклады на больш працяглы перыяд (ад трох месяцаў да года) маюць большую прыбытковасць — ад 13 % да 16 % гадавых.

Найбольш распаўсюджаныя безадзыўныя ўклады прапануюцца тэрмінам ад трох месяцаў да двух гадоў. За такія ўмовы банкі гатовыя заплаціць уласнікам грошай ад 19 % да 22,5 % гадавых. А самыя выгадныя дэпазіты прадугледжваюць да 25 % гадавых за безадзыўны ўклад на тэрмін 7 месяцаў, праўда, без пралангацыі і без дадатковых узносаў. Гэты выгадны варыянт дэпазіту кліент можа заключыць з банкам толькі дыстанцыйна (праз сістэму інтэрнэт) пры наяўнасці банкаўскай карткі ў патэнцыйнага спажыўца.

І яшчэ. Фіксаваная стаўка працэнтнага даходу прапануецца банкамі на невялікія тэрміны карыстання грашыма (ад 45 сутак да 3 або 6 месяцаў). На больш працяглыя тэрміны дэпазітаў выкарыстоўваецца так званая пераменная стаўка. Гэта калі працэнты па дэпазіце змяняюцца ў залежнасці з карэкціроўкай стаўкі рэфінансавання Нацбанка. Падобна на тое, што камерцыйныя банкі разлічваюць, што сітуацыя з грашовымі патокамі ў нашай краіне на рынку наяўных фінансавых сродкаў у хуткім часе стабілізуецца.

Нават долары павінны прыносіць даход

Услед за стаўкай рэфінансавання банкі амаль што аўтаматычна павысілі і даходнасць укладаў у замежнай валюце.

Самы выгадны адзыўны дэпазіт у доларах тэрмінам на 6 месяцаў прадугледжвае 6,5 % гадавых. Аднак тут ёсць адно але. Стаўка тут плавае і не залежыць ад стаўкі рэфінансавання. Інакш кажучы, літаральна з наступнага месяца даходнасць па такім укладзе могуць значна панізіць. Калі вы вырашылі выбраць адзыўны ўклад, то лепш выбіраць з фіксаванай стаўкай. Ёсць такі дэпазіт з тэрмінам ад 3 месяцаў да 3 гадоў. Прыбытковасць складае ад 3,65 % да 6,95 %.

Акрамя таго, калі здымаеце грошы датэрмінова, працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, ніжэйшай за асноўную. Зараз умовы датэрміновага скасавання вельмі жорсткія. Дапусцім, ваш дэпазіт на пяць месяцаў, а грошы вы забралі ўжо праз месяц. У гэтым выпадку вам налічаць мінімальны даход. Прыкладна такая ж тэхналогія падліку працэнтаў і па рублёвых адзыўных дэпазітах, толькі першапачаткова стаўкі там вышэйшыя.

Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі пасля заканчэння таго тэрміну, які паказаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбныя важкія падставы. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды больш прывабныя і высокія.

Максімальная стаўка на безадзыўныя ўклады на адзін год цяпер роўная ад 7 да 8 % гадавых. Праўда, тут трэба ўважліва чытаць умовы, якія вам прапануюць. У самым канцы ўмоў можа быць дробненька так надрукавана, што праз паўгода на ўкладзе дзейнічае так званая плаваючая працэнтная стаўка.

Што датычыцца падаткаў, то з рублём мы маем невялікае паслабленне. Падаходны падатак (13 %) будзе ўтрымлівацца з даходаў, атрыманых у беларускіх рублях, тэрмінам менш за адзін год. Паляжалі вашы кроўныя рублі на рахунках год і адзін дзень — усё, ніякіх падаткаў з працэнтаў плаціць не трэба.

А з замежнай валютай усё складаней. Падатак прыйдзецца плаціць абавязкова, калі такія грошы праляжалі ў банку менш за два гады.

Не ўсе аблігацыі аднолькава бяспечныя

Укладваць свае грошы ў куплю каштоўных папер рызыкне не кожны. І справа нават не ў тым, што кампаніі сёння і знікаюць, і адраджаюцца з маланкавай хуткасцю. Праблема ў тым, каб вылічыць, якая кантора стане доўгажыхаром, а якая — матыльком-аднадзёнкай. Для гэтага патрабуюцца спецыяльныя веды, якіх у звычайнага чалавека проста няма.

Асабіста мне «гульня» ў аблігацыі лічыцца забаўнай справай, хоць і даволі рызыкоўнай. Выключэнне складаюць толькі дзяржаўныя аблігацыі і аблігацыі банкаў. Аднак даходнасць гэтых каштоўных папер цяпер даволі нізкая. Таму людзі з добрымі аб’ёмамі фінансавых сродкаў сёння хутчэй аддадуць свае назапашванні ў «дэпазітнае рэчышча».

Зараз у нашай краіне наладжана рэалізацыя карпаратыўных аблігацый. У «Беларусбанку» створана спецыяльнае прадпрыемства, якое гэтым займаецца. Да апошняга часу досыць бяспечнымі лічыліся каштоўныя паперы Беларускай чыгункі. Даход па гэтых аблігацыях, намінаваных у доларах, прадугледжваў 4,75 % гадавых. Дывідэнды па каштоўных паперах (паводле курсу ў беларускіх рублях) выплачваюцца адзін раз на тры месяцы.

Наогул, у «скарбонцы» арганізацыі гэтага банка зараз прадаецца мноства аблігацый розных прадпрыемстваў і фінансавых кампаній. Гэта і добра вядомыя фірмы, і структуры, якія былі створаны нядаўна. Доларавая прыбытковасць гэтых каштоўных папер вар’іруецца ад 6 % гадавых да 9 %. Літаральна днямі выпусціла аблігацыі адна вядомая гандлёвая сетка нашай краіны. Яна наогул абяцае 10 % гадавых у валюце.

Ёсць там і аблігацыі, намінаваныя ў еўра і беларускіх рублях. Дык вось, максімальная стаўка даходнасці аблігацый у айчыннай валюце роўная 27 % гадавых.

Трэба браць?

Сяргей КУРКАЧ

Фота: prokuratura.gov.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Калі крэдыт патрэбен як паветра. У гэтым пытанні шмат падводных камянёў

Зрабіць тэрміновы рамонт, купіць добры халадзільнік замест старога, набыць новую мэблю — планы, знаёмыя многім.

Культура

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Уладзімір Мазго: «Маладзечанскі фестываль натхніў мяне на стварэнне новых песень»

Калі проза — невычэрпная велічная рака, то паэзія — бурлівы неўтаймоўны вадаспад з безліччу гуллівых пырскаў-эмоцый.

Грамадства

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Ніна Іванова: «Менавіта грамадства павінна рабіць крокі насустрач»

Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі амаль стагоддзе займаецца папулярызацыяй духоўных і культурных здабыткаў.