Вы тут

Незабыццё, альбо Крыжы жыцця Міхаіла Савіцкага


Людзі-пакутнікі, з якіх пакрысе сыходзіць жыццё, ахвяры, якія праходзяць свой апошні шлях з думкай пра іншых, нечалавечая сіла, што дае надзею на ўратаванне... Калі прыглядзецца да работ Міхаіла Савіцкага — пачынаючы з яго твораў пра Другую сусветную вайну, — то ёсць дзіўнае адчуванне, што ён размаўляў з Богам. Магчыма, выпрабаванні, што выпалі на яго долю, нельга было прайсці без надзеі: няма таго, што не можа вытрымаць чалавек. І тое, пра што здагадваешся пры аглядзе яго трагічных твораў, дзе выяўлена перажытае асабіста мастаком, становіцца відавочным у работах, у якіх ён не хавае свайго хрысціянскага погляду, напрыклад, у біблейскай серыі «Запаведзі Блажэнства». Таму што зразумеў: «блажэнныя міратворцы...»


«Чыстыя сэрцам».

Прыхаванае стала відавочным. У дзевяностыя гады, калі знік уплыў адзіна правільнай кіруючай сілы, ужо можна было паказаць адкрыта сваё стаўленне да боскіх ісцін. Гуманіст ад пачатку, Савіцкі прыйшоў да гэтага натуральна, стварыўшы карціны, прысвечаныя зямному жыццю Ісуса Хрыста. Можна заўважыць, як яны пераклікаюцца з творамі мастакоў Рэнесансу — па сутнасці выяўленага, калі галоўная каштоўнасць — гэта чалавек, яго душа, якая павінна заставацца чыстай. Але гэтыя творы даюць магчымасць зразумець, наколькі цяжкі шлях да веры прайшоў сам мастак.

«Крыж надзеі».

Калі жыццё робіць настолькі круты паварот, што пазбаўляе надзеі, калі змрок спускаецца на зямлю праз бясконцыя трагедыі, а сэрца разрываецца пры разуменні таго, што гэта робяць самі людзі, здаецца, няма выйсця, якое можа намацаць чалавецтва. Акрамя веры ў тое, што ёсць найвышэйшая справядлівасць, якая можа здзейсніцца насуперак энергіі разбурэння. Усёмагутны Бог, ці бачыш ты, што нясе вайна?.. Магчыма, калі, юнаку Міхаілу смерць змянілі на зняволенне, калі спробы збегчы з канцлагера не мелі выніку, а пакуты выклікалі роспач, ён усё адно не пакідаў веры ў спагаду. Усёмагутны, ці бачыш ты, наколькі смяротны чалавек гатовы цягнуць свой крыж дзеля жыцця — зямнога ці вечнага?.. Але ж, Спагадлівы, пакуль у знясіленым целе гарыць агеньчык жыцця, ці не варта даць яму шанц?.. Ты ж казаў: «Блажэнныя тыя, хто плача, таму што знойдуць суцяшэнне».

«Аплакванне».

Сімвалы ўкрыжаванасці можна счытаць у творах пра жудасць канцлагераў. Пасля яны з'яўляюцца ў чарнобыльскім цыкле: новае пакутніцтва выпала на долю яго радзімы, што Міхаіл Савіцкі адчуваў вельмі востра, разумеючы наступствы. Вось у творы «Крыж надзеі» гэта сімвал невідавочны, але менавіта тут выконвае ролю ахоўніка. І зноў вера ў найвышэйшую спагаду прымусіла выяўляць, што наканаванасць і роспач здольныя зламаць анёльскія сілы, якія ахоўваюць нараджэнне новага жыцця. Ахінаюць іскрынкі жыцця і зноў прымушаюць верыць у выратаванне Беларусі.

«Цуд пра хлябы».

Шлях для яго Савіцкі ведаў. І нездарма ў цыкле «Запаведзі Блажэнства» яго героем становіцца вялікі Збаўца ўсіх людзей. «Хрыстос і яго крыж», «Нясенне крыжа», «Аплакванне» — работы, поўныя жалобы. Але дзеля чаго ўсё было? Нездарма. З верай у людзей. Дзеля іх. Таму ёсць надзея ў карціне «Іоў», радасцю прасякнуты твор «Чыстыя сэрцам», упэўненасцю — работа «Цуд пра хлябы». Цуд — тое, што мы можам наблізіць самі, калі адмаўляем злое. «Блажэнныя чыстыя сэрцам, таму што яны Бога ўбачаць»...

Цяжка нават уявіць тыя абставіны, якія зрабілі Міхаіла Савіцкага менавіта такім мастаком і прывялі яго да стварэння больш за двух дзясяткаў работ паводле сюжэтаў Старога і Новага запаветаў. Але ў чалавека заўсёды ёсць шанц зразумець вечныя запаветы без падыходу да той рысы, якая размяжоўвае небыццё і быццё. А выбар — за кожным.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».