Вы тут

Сакрэты «кухні» фудблогінгу і абуджэння цікавасці да велікоднай фотаэстэтыкі


Пісанка а-ля бераг Мальдываў, тварожная пасха «Снікерс», велікодны куліч з морквы, вяндліны і сыру... Нетрадыцыйнае кулінарнае самавыяўленне на Вялікдзень выклікае усё большую цікавасць. Так, адно з самых любімых святаў сям’і, любові, добрых традыцый, прыгажосці, утульнасці і смачнай ежы ніколі не перастане натхняць аўтараў сучаснай творчай прасторы. Аб велікодным мастацтве ў беларускім фудблогінгу размаўляем з аўтарам кніг рэцэптаў, прафесійным кулінарным фотамастаком міжнароднага ўзроўню Ірынай Мелюх.


Велікодная творчасць, упэўнена мая суразмоўца, сёння, сапраўды, — трэнд. Асноўныя яе модныя хвалі — імкненне да натуральнага і экалагічнага. Гэта адбіваецца і на папулярных сёння тэкстурных аздабленнях. 

— Яйкі фарбуюць чаем матча і каркадэ, куркумой. Мне падабаецца фарбаваць яйкі ягадным адварам і сокам чырвонакачаннай капусты. Такія эксперыменты не страчваюць цікавасці, бо кожны раз яйкі выходзяць арыгінальнымі. Ты не ведаеш, якое адценне атрымаецца. Штучныя фарбавальнікі ў гэтай тэндэнцыі зусім адышлі, — падкрэслівае Ірына. 

Шмат гадоў запар яна загадзя рыхтуе мноства велікодных рэцэптаў для кулінарных гурманаў. 

— Асвоіла велікодную пасху з рознымі відамі шакаладу, куліч-крафін, панетоне і брыёш у выглядзе куліча, куліч з глазурай на жэлаціне. Папулярныя сёння шакаладныя і маркоўныя кулічы, кулічы з крэмам, несалодкія святочныя булкі з рознай начынкай, спецыямі і травамі, тварожныя пасхі «Снікерс» і «Цірамісу».

Некалькі гадоў таму Ірына ў якасці аўтара рэцэптаў і фудфатографа заявіла аб сабе ў вядомым кулінарным часопісе Russian Foodie. Сваю публікацыю беларуска прысвяціла якраз велікоднай выпечцы розных краін свету.

— Кожная мае нацыянальныя асаблівасці, але ў цэлым вельмі падобныя. Пераважна гэта багатае здобнае цеста і начынка з арэхаў, цукатаў, сухафруктаў. Напрыклад, казунак традыцыйна пякуць на Вялікдзень ў Балгарыі і Румыніі. Павіціна — нацыянальны харвацкі салодкі хлеб. Селмы — вядомыя шведскія булачкі з міндальнай начынкай і ўзбітымі вяршкамі, якія прынята есці перад Вялікім пастом, — адзначае Ірына.

Між тым, кажа, і традыцыйны велікодныя кулічы сёння адна з самых модных тэм міжнароднага кулінарнага блогінгу. Расце да іх цікавасць у заходніх краінах, хаця там увогуле пячы нашыя пасхі ў навінку. 

Асвоіць новыя віды святочнага печыва выклік нават для прафесійных кулінараў. Між тым творча перадаць велікодную эстэтыку — цікавая задача для самавыяўлення менавіта фудфатографаў. 

Менавіта праз кулінарную фатаграфію мая суразмоўца прайшла шлях самарэалізацыі і дайшла да самазанятасці. Яе гісторыя — прыклад таго, як мама дзвюх дачок у дэкрэтным водпуску, чалавек без спецыяльнай адукацыі змагла стаць запатрабаваным аўтарам кулінарнага фотамастацтва для часопісаў розных краін свету. 

— Па прафесіі я выкладчык замежнай мовы. Некалькі гадоў прапрацавала па спецыяльнасці ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, а пасля карпаратыўным выкладчыкам замежнай мовы ў IT-кампаніі. У дэкрэтным стала весці ўласны кулінарны блог — вучылася самастойна выпякаць ласункі, дзялілася сваім досведам з іншымі. Выкладала рэцэпты і рабіла фотаздымкі сваіх страў. Блог стаў папулярным, а да мяне выйшлі з прапановай напісаць кнігу аўтарскіх рэцэптаў. Я ж марыла развівацца менавіта як фудфатограф, — дзеліцца майстар.

Сёння для тых, хто хоча займацца фудфатаграфіяй — самыя шырокія магчымасці. У продажы, кажа, у тым ліку і на айчынным рынку, разнастайная атрыбутыка для стварэння кампазіцый.

— Посуд, сталовыя прыборы, сурвэткі і фартухі, шкло для сервіроўкі, розная кухонная бялізна, — скарб фудфатографа. Вельмі цяжка прыпыніцца і не папаўняць свае «фонды», — кажа Ірына і прызнаецца, што ахалодзіць пыл да набыцця новых прыгажосцяў майстра фудфота можа толькі цана.

Тыя фудфатографы, хто, як і яна, працуюць у класічнай манеры, абнаўляюць па жаданні добры посуд. Ёсць жа майстры, якія эксперыментуюць і з фонамі, і з посудам — часта вельмі дарагім, ручной работы. 

— Калі мне часам раяць таксама паспрабаваць ўнесці нешта ультрамоднае ў стыль маіх фота, я адмаўляюся. Мне падабаецца класіка, а не кароткатэрміновыя трэнды, — тлумачыць аўтар кулінарных фота.

Сёння Ірына не стварае свае работы пад пэўныя рэцэпты, а працуе па абраных тэмах. У іх аснове — кулінарная эстэтыка сезонаў прыроды, з багаццем іх дароў: ягад, фруктаў, гародніны. На фота, знятых у халодныя месяцы года, праз ядомыя кампазіцыі аўтар перадае утульнасць дому, пахі, смак, нават пачуццё чакання свята. Пытаюся: як фудфатограф стварае свае жывапісныя кулінарныя кампазіцыі?

— Ёсць аўтары, якія папярэдне перад здымкамі малююць эскізы, робяць нават макеты сваіх будучых работ. Я не рабіла так ніколі. Раблю усё на хвалі, як кажуць. Выкладаю прадметы і назіраю, ці сябруюць яны паміж сабой у аб’ектыў, — расказвае Ірына.

З вопытам работа над здымкамі ідзе хутчэй. Калі раней фота адной кампазіцыі магло заняць гадзіну, цяпер нават самыя на складаныя траціць пяць-дзесяць хвілін. Адметнасць кампазіцый Ірыны — мноства прыродных матэрыялаў і раслін. Асаблівая яе любоў да ядомых кветак. У кадры, калі дазваляе сезон, фудмастачка выкарыстоўвае садавіну і гародніну, што вырасціла на ўласным прысядзібным участку. 

— Працую над сваімі работамі выключна днём, — прызнаецца Ірына. — Штучнае асвятленне не выкарыстоўваю — толькі жывое святло. Гатую звечара ці на досвітку, а пасля бяруся за складанне кампазіцыі. Дапамагае ў рабоце, вядома, нагледжанасць. Адчуванню і перадачы колеру, святла, фактуры вучуся ў фотааўтараў па дызайне інтэр’ераў, вельмі люблю садовае фотамастацтва. 

Ірына адзначае, што сёння ў Беларусі пакуль няшмат аўтараў займаюцца менавіта кулінарнай фатаграфіяй. Паміж сабой усе яны знаёмыя.

На айчынным рынку ў гэтай сферы няма канкурэнцыі. Аўтары альбо рэалізуюць сябе ў фудфатаграфіі праз супрацоўніцтва з міжнароднымі фотаагенцтвамі, продажам работ на сток-пляцоўках фатаграфій — і гэта сапраўды цяжкая, адказная работа. Іншыя займаюцца для сябе, як хобі, альбо развіваюць свае кулінарныя блогі, якія манетызуюць праз рэкламныя праекты.

— Мне прафесійна рэалізаваць сябе ў творчасці дапамагае вялікая мэтанакіраванасць, — дзеліцца сваёй матывацыяй Ірына. — Штуршком да таго, каб паспрабаваць сябе ў нечым цікавым, стаў дэкрэт. Сёння, калі ў мяне ўжо двое дзяцей, а адно з іх яшчэ зусім малое, часам вельмі складана. Між тым шчаслівае мацярынства і магчымасць займацца любімай работай даюць упэўненасць, што не варта баяцца спрабаваць свае сілы ў нечым новым.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».