Вы тут

Карэспандэнты «Звязды» наведалі сем’і, якія знаходзяцца на кантролі міліцыі


Аб прафесіі міліцыянера Валерыя Зорка з самага дзяцінства ведала крыху больш за тое, што паказваюць у кінастужках: у органах унутраных спраў служыў і працягвае гэта рабіць яе бацька. Ён, ужо палкоўнік міліцыі, не настойваў, каб дачка працягнула дынастыю. Гэтае рашэнне Валерыя прыняла сама: пакуль атрымлівала вышэйшую юрыдычную адукацыю, падчас практыкі змагла паспрабаваць свае сілы і ў пракуратуры, і ў судзе. Аднак усё было не тым, чаму б яна хацела прысвяціць сваё жыццё.


Валерыя марыла аб афіцэрскіх пагонах і разам з тым хацела працаваць з дзецьмі. Такая прафесія для яе знайшлася ў органах унутраных спраў — вось ужо як пяць гадоў дзяўчына з’яўляецца ўчастковым інспектарам па справах непаўналетніх Маскоўскага РУУС Мінска.

Калі дзеці не шкадуюць бацькоў

Са старшым лейтэнантам міліцыі мы сустрэліся на апорным пункце яе ўчастка. Як прызнаецца Валерыя Зорка, у сваім кабінеце яна бывае ўсяго некалькі гадзін у дзень: прыходзіць сюды, каб папрацаваць з дакументамі і пагутарыць з дзецьмі, з якімі праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Увесь астатні час працуе на месцах. Выступае перад школьнікамі, наведвае сем’і, дзе выхоўваюцца дзеці, якія трапілі на кантроль інспекцыі. Нярэдка ў павышанай увазе праваахоўнікаў маюць патрэбу іх бацькі.

А яшчэ Валерыя, як і ўсе супрацоўнікі міліцыі, заступае ў нарады і ідзе патруляваць гарадскія вуліцы, забяспечвае правапарадак падчас святочных урачыстасцяў і масавых гулянняў, удзельнічае ў пошукавых мерапрыемствах, галоўнымі фігурантамі якіх выступаюць непаўналетнія, якія пражываюць на яе ўчастку. На цяперашні момант Валерыя Зорка адказвае за 24 сям’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З дзецьмі, якія ў іх выхоўваюцца, старшы лейтэнант міліцыі ўзаемадзейнічае як на сваім апорным пункце, так і па-за яго межамі. Акрамя таго, інспектар рэгулярна наведвае гэтыя сем’і. Днямі карэспандэнты «Звязды» напрасіліся да яе ў памочнікі.

Па першым адрасе, куды мы завіталі, пражывае мама з пяццю дзецьмі. Валерыя загадзя папярэдзіла: пяць гадоў, якія яна працуе інспектарам, сям’я кантралюецца інспекцыяй па справах непаўналетніх. «Усіх дзяцей выхоўвае адна маці, аліментаў не атрымлівае, — уводзіць у курс справы супрацоўнік міліцыі. — Жанчына не п’е, працуе, але яе заробку не хапае, каб забяспечыць сям’ю нават самым неабходным. З-за таго, што шмат часу праводзіць на рабоце, маці не ў стане пракантраляваць паводзіны сваіх дзяцей у вольны ад вучобы час».

У поле зроку міліцыі за ўжыванне алкагольных напояў знаходзіўся яе старэйшы сын, які ўжо паўналетні. Цяпер на кантролі — сярэдні сын, які здзейсніў дробнае хуліганства. А не так даўно была заўважана на крадзяжы яшчэ і малодшая дачка, якая скрала ў сяброўкі грошы і гульні. «Ёсць сем’і, да якіх ставішся са спачуваннем, — заўважае Валерыя Зорка. — У гэтай сям’і вельмі складаная сітуацыя. Яшчэ і дзеці не шкадуюць сваю маці».

Нас сустрэла сама гаспадыня. Расказала, што пазнаёмілася з інспектарам, калі яе сярэдні сын вучыўся яшчэ ў пачатковых класах. «Ён з маленства ў мяне хуліган: любіць памахаць кулакамі, — расказвае жанчына. — Бацька рана памёр, хлопчык стаў агрэсіўны, вось і пачаў вымяшчаць злосць на іншых. Цяпер, праўда, менш: заняты ў патрыятычным лагеры, секцыях».

У кватэры, дзе жыве сям’я, даволі сціпла, затое парадак. Жыллёвай плошчы таксама хапае. Чаму да яе сям’і такая ўвага, гаспадыня добра разумее. «Заробак у мяне невялікі: тое, што зарабіла, у той жа дзень аддала ў краме: дзеці кожны дзень есці хочуць, — кажа шматдзетная маці. — Нягледзячы на тое, што працую з раніцы да вечара, часта не па сілах мне заплаціць нават за камунальныя паслугі».

Выправіць сітуацыю яшчэ не позна

Пакуль накіроўваемся ў наступную сям’ю, Валерыя Зорка тлумачыць: калі дзіця здзейсніла злачынства або правапарушэнне, але яшчэ не дасягнула ўзросту адказнасці, то апошняя ўскладваецца на бацькоў. «Ставіцца пытанне аб тым, што бацькі не выканалі абавязкі па выхаванні свайго дзіцяці, у выніку чаго яно здзейсніла супрацьпраўнае дзеянне, — удакладняе супрацоўнік міліцыі. — Калі на падставе характарыстыкі з установы адукацыі мы зможам даказаць, што бацькі ўдзельнічаюць у выхаванні дзіцяці, цікавяцца яго жыццём у школе, адэкватна рэагуюць на ўсе заўвагі, усяляк спрабуюць паўплываць на паводзіны свайго нашчадка, то мы маем права пратакол не складаць. У такім выпадку штрафных санкцый атрымаецца пазбегнуць, аднак усё роўна ў дачыненні да малалетняга правапарушальніка будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа. Становішча гэтай маці, якая адна выхоўвае пяцярых дзяцей, калі мы выпішам штраф, яшчэ больш пагоршыцца. Да кожнай сям’і трэба падыходзіць з разуменнем».

Дарэчы, у абавязкі ўчастковага інспектара ўваходзіць не толькі наведваць такія сем’і, а таксама праводзіць з імі прафілактычныя гутаркі. Займаецца яна і арганізацыяй вольнага часу сваіх падапечных.

— Толькі за апошні месяц мы правялі для дзяцей турнір па футболе, настольным тэнісе, дартсе, вадзілі іх катацца на каньках у школу алімпійскага рэзерву па фігурным катанні, — расказвае інспектар па справах непаўналетніх. — Спрабуем не толькі словам, але і справай уцягваць дзяцей у канкрэтную дзейнасць. Паказваем гэтым, што ў жыцці ёсць вельмі шмат цікавых заняткаў, на якія можна патраціць свой час, не парушаючы пры гэтым заканадаўства.

Пераступіўшы парог наступнай кватэры, куды мы прыйшлі з інспектарам, злавіла сябе на думцы, што нешчаслівай гэтую сям’ю язык не павернецца назваць. Прыгожая, дагледжаная кватэра з сучасным рамонтам, салідны мужчына, які нас сустракае, — што магло здарыцца, каб гэтая сям’я трапіла ў поле зроку кампентэнтных органаў?

Як высветлілася, у гаспадароў — тры сыны. Адзін ужо дарослы, ажаніўся. Разам з жонкай пасяліўся ў бацькоў: у вялікай кватэры, па словах гаспадароў, усім месца хопіць. Так некаторы час і было, пакуль у сям’і не здарылася няшчасце. У сына і яго жонкі зніклі грошы. Сума немалая (восем тысяч долараў), маладыя звярнуліся ў міліцыю. Яны нават і падумаць не маглі, што злодзеем аказаўся не хтосьці чужы, які пранік у кватэру і скраў усе зберажэнні, а малодшы брат пацярпелага. Пакуль апошні выявіў прапажу, грошы ўжо былі патрачаны. За іх падлетак набыў веласіпед, карміў сябе і сяброў у рэстаранах, катаўся на таксі.

А, між іншым, малалетняму злодзею — 15 гадоў. Згодна з заканадаўствам, ён асабіста нясе адказнасць за зробленае. Падлетак мог правесці два гады ў месцах не вельмі аддаленых, аднак з улікам узросту і іншых абставін мера стрымання была зменена на два гады хатняга арышту. З таго часу ў гэтай кватэры супрацоўнікі міліцыі, а таксама настаўнікі — частыя госці. З сямі вечара і да шасці раніцы хлопец абавязаны знаходзіцца дома. Падчас выхадных і святочных дзён яму ўвогуле нельга пакідаць месца жыхарства. Акурат гэта і кантралююць кампетэнтныя органы.

Бацька падлетка нават у самым жудасным сне не мог уявіць, што такое можа здарыцца ў яго сям’і. Больш за тое, сапсаваліся ўзаемаадносіны са старэйшым сынам і яго жонкай, якія вымушаны былі з’ехаць з кватэры. «У тым, што здарылася, безумоўна, ёсць і мая віна, — прызнаецца гаспадар. — Дваіх сыноў выхавалі, праблем ніякіх не было, думалі, што і з апошнім іх не будзе. Больш часу праводзілі на рабоце, менш увагі ўдзялялі малодшаму сыну, які яшчэ і атрымліваў усё, што хацеў. Вось чым гэта скончылася».

Бацька не губляе надзеі: яшчэ можна выправіць сітуацыю. Цяпер падключае яго да сваёй работы, ускладвае на сына некаторыя хатнія абавязкі, кантралюе кожны яго крок: добра разумее, што за парушэнне і правапарадку, і рэжыму нашчадку свеціць ужо рэальнае пазбаўленне волі.

Парушаюць закон не толькі хлопцы

Пакуль ідзём па іншым адрасе, спрабую разабрацца, як у забяспечанай, прыстойнай, поўнай сям’і магло здарыцца такое няшчасце.

— Гэта стэрэатып, што на ўліку ў інспекцыі стаяць дзеці з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — акцэнтуе ўвагу ўчастковы інспектар. — Ёсць дзеці і забяспечаных сем’яў, дзе бацькі не злоўжываюць алкаголем. З-за таго, што яны вельмі занятыя кар’ерай і, адпаведна, не маюць часу займацца выхаваннем дзяцей, узнікаюць праблемы. Забяспечваючы дзіця ўсім неабходным, бацькі забываюцца, што не гэта самае галоўнае.

А яшчэ дзеці ідуць на злачынства не толькі з-за недахопу любові і ўвагі з боку бацькоў, але і з-за таго, што нічым не занятыя ў вольны час. «Вядома, сярод тых, хто трапіў на кантроль міліцыі, ёсць і поўнасцю арганізаваныя дзеці, якія наведваюць гурткі, секцыі, факультатывы, — расказвае супрацоўнік міліцыі. — А ёсць тыя, якім нічога не трэба. Іх нават складана ўгаварыць наведаць пэўную экскурсію ці спартыўнае мерапрыемства. Спрабуеш да кожнага знайсці падыход, але ўсе дзеці розныя. Адны з лёгкасцю ідуць на кантакт, з іншых жа слова лішняга не выцягнеш».

А ёсць і такія, хто сам тэлефануе і прапаноўвае інспектару сустрэцца, каб нешта абмеркаваць. «Я не проста расказваю аб тым, што піва піць нельга, — заўважае старшы лейтэнант міліцыі. — Мы абмяркоўваем канкрэтныя прыклады, прыводжу сітуацыі, якія адбыліся на тэрыторыі нашага раёна. Многія дзеці давяраюць мне нешта вельмі асабістае. У мяне была дзяўчынка, якой ужо споўнілася 18 гадоў. Паведаміла ёй, што прыходзіць на ўчастак больш не трэба, але яна выказала жаданне яшчэ раз сустрэцца са мной, каб пагутарыць. Нехта ўспрымае нашы гутаркі для ўзбагачэння сваіх ведаў, іншыя — адразу ў штыкі, нават слухаць нічога не хочуць».

Большасць падлеткаў, у дачыненні да якіх праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, трапілі на кантроль праваахоўнікаў за ўжыванне алкагольных напояў або за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, крадзяжы. Многія з іх паходзяць на працягу года на прафілактычныя мерапрыемствы, усё зразумеюць і наўрад ці калі яшчэ трапяць у поле зроку міліцыі. А ёсць дзеці, па якіх адразу відаць, што іх лёс складзецца няпроста. І, як паказвае практыка, пасля дасягнення 18-гадовага ўзросту з уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх яны пераходзяць на ўлік крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

— Раней часцей парушалі закон хлопцы, цяпер — прыкладна аднолькава, — адзначае ўчастковы інспектар. — Часам дзяўчаты такое «выдадуць», што нават ад хлопцаў падобнага не чакаеш. Хлопцы — гэта, як правіла, хуліганы: могуць і пабіцца, і піва папіць, і скрасці што-небудзь. Думаюць, што самыя разумныя і хітрыя, забываючы пры гэтым, што цяпер нават у самай простай краме ёсць камеры відэаназірання.

З непаўналетнім, які здзяйсняе адміністрацыйнае правапарушэнне, інспекцыя праводзіць работу на працягу года. Калі падлетак стабільны, адэкватны, не прадбачыцца, што знаходзіцца ў зоне рызыкі здзяйснення паўторных правапарушэнняў або злачынстваў, ён здымаецца з уліку. Калі відаць, што здзейсненае правапарушэнне ў дзіцяці далёка не апошняе і за гэты перыяд ён яшчэ раз парушыў заканадаўства, супрацоўнікі міліцыі працягваюць з ім узаемадзейнічаць значна даўжэй.

Праблемы —  з-за недахопу ўвагі

Мы каля пад’езда дома, дзе жыве сям’я, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дамафон сігналізуе аб тым, што можна ўвайсці: гаспадары нават не спыталіся, што за нечаканыя госці да іх завіталі. Як расказвае Валерыя, тут выхоўваюцца тры дачкі. Маці і бацька злоўжываюць алкаголем. Цяпер у іх — апошняе папярэджанне. Іначай дзяўчат, малодшая з якіх ходзіць у дзіцячы садок, забяруць.

Нас сустракае бацька. Мужчына цвярозы. Гаспадыні дома няма: як патлумачыў муж, пайшла ўладкоўвацца на работу. Па яго словах, і ён узяўся за розум: кінуў піць і неўзабаве вернецца да работы.

— Калісьці гэта была вельмі забяспечаная сям’я, якая за свае сродкі набыла чатырохпакаёвую кватэру ў Мінску, — расказвае інспектар. — Потым бізнес прагарэў, бацькі пачалі запіваць. У выніку ад былой раскошы амаль нічога не засталося. Цяпер карміць сям’ю вымушаны іх дарослы сын.

Вялікую ўвагу інспектар па справах непаўналетніх удзяляе і прафілактыцы наркаманіі і распаўсюджванню асабліва небяспечных рэчываў. Інспектар вядзе работу і з тымі, хто спажывае наркотыкі. Тых, хто зарабляе на гэтым грошы, на ўліку ў інспекцыі няма. Справа ў тым, што з таго моманту, калі дзяцей з наркотыкамі затрымалі, яны знаходзяцца пад вартай — дахаты іх ужо ніхто не адпусціць: крымінальная адказнасць за распаўсюджванне наркотыкаў, псіхатропных рэчываў наступае з 14-гадовага ўзросту.

— Большасць падлеткаў, якія трапляюць у поле зроку міліцыі за распаўсюджванне наркотыкаў, выхоўваецца ў прыстойных сем’ях, — падкрэслівае Валерыя Зорка. — Гэта яшчэ раз пацвярджае, што ў зоне рызыкі — не тыя сем’і, дзе бацькі п’юць, а тыя, дзе, незалежна ад дастатку і ладу жыцця дарослых, не ўдзяляецца ўвага дзецям: калі бацькі не з’яўляюцца сябрамі свайму дзіцяці, не спрабуюць унікнуць у яго праблемы, не знаёмяцца з яго атачэннем. Бываюць сітуацыі, калі дзіця сыходзіць з дома, мы пачынаем яго шукаць. Некаторыя бацькі не могуць нам дапамагчы, бо нават не ведаюць, дзе жывуць сябры ўласнага дзіцяці!

...Усяго тры візіты ў сем’і. Для мяне, чалавека, які па родзе сваёй дзейнасці таксама сустракаецца з рознымі людзьмі, — псіхалагічна няпроста, вельмі эмацыянальна. Цяжка ўсвядоміць, як такое магло адбыцца ў сем’ях, дзе раней усё было добра. Валерыя, у адрозненне ад мяне, не шукае прычыны. Яна думае, як дапамагчы гэтым людзям, у першую чаргу дзецям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Калі атрымліваецца, яшчэ раз пераконваецца ў тым, што выбрала правільную прафесію і недарэмна працягвае афіцэрскую дынастыю.

Вераніка КАНЮТА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».