Вы тут

Які ўплыў мела эсперанта на беларускую культуру?


Жыццё Людвіга Лазара Заменгофа (1859–1917) звязана з беларускімі землямі: нарадзіўся ў Беластоку, у 1893–1897 гг. жыў у Гродне. У Варшаве выйшла кніга, якая зрабіла доктара-акуліста сусветна вядомым лінгвістам, — «Міжнародная мова» (1887), падпісаная псеўданімам Doktoro Esperanto. У перакладзе гэта азначае «доктар, які спадзяецца».


Ці зрабіла вынаходніцтва нейкае аздараўленчае ўздзеянне на грамадства ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя? Пра гэта можна спрачацца. Але не выклікае сумненняў, што прапанаванае доктарам Заменгофам стала важным чыннікам камунікацыі, а таксама вехавым этапам на шляху глабальнага спазнання і ўзаемаразумення.

Падхопленая рэвалюцыйнымі зменамі

У 1920–1930-х гг. у Савецкім Саюзе мова эсперанта атрымлівае новае жыццё — арганізацыйнае і творчае. Заснаваны Саюз эсперантыстаў савецкіх краін, перайменаваны потым у Саюз эсперантыстаў савецкіх рэспублік (СЭСР). У Маскве выходзіць шэраг перыядычных выданняў, прысвечаных пытанням тэорыі і практычнага прымянення міжнароднай мовы, яе распаўсюджвання: «Бюллетень Союза эсперантистов советских республик», «Известия ЦК СЭСР», «Международный язык», «Sur posteno» (= На посту) і інш. З’явілася асобная катэгорыя карэспандэнтаў — эсперкары, а эсперкарства стала ўспрымацца ў якасці сістэмна арганізаванага спосабу міжнароднай камунікацыі працоўных мас.

На старонках маскоўскіх выданняў часта змяшчалася інфармацыя пра эсперанцкі рух у БССР, якім былі ахоплены навучальныя ўстановы і вытворчыя прадпрыемствы ў розных гарадах рэспублікі. Адно з візуальных пацвярджэнняў таму — здымак, змешчаны ў «Бюллетени Союза эсперантистов...» (1927, № 9–10) з подпісам: «1-ы курс Польскага педагагічнага тэхнікума (у Мінску), які ў поўным складзе вывучае эсперанта пад кіраўніцтвам т. Далідовіча... Паводле патрабавання студэнтаў, эсперанта ўключана ў праграмы дысцыплін 1-га курса тэхнікума».

 

Сшытак з выразкамі і машынапіснымі тэкстамі «Blankrusio en eksterkanda gazetaro» (Беларусь у замежнай прэсе). 1925–1926 гг. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Такія мінскія аўтары, як Зміцер Снежка і Павел Кірушын, былі не проста частымі гасцямі маскоўскіх часопісаў, але і вялі рэй у справе методыкі арганізацыі эсперанцкага руху. Так, многія артыкулы З. Снежкі мелі востра палемічны характар, спараджалі дыскусіі: «Хворыя пытанні эсперкарства. (Аб эсперкарголадзе, аб рабоце labesko, аб “ухаживателях”, пачаткоўцах і аб тым, як не трэба з мухі рабіць слана)» («Известия ЦК СЭСР»; 1928, № 1–2); «Пад агонь бальшавіцкай крытыкі работу ячэек СЭСР» («Международный язык»; 1933, № 1); «Вучыцеся працаваць у беларускіх таварышаў» («МЯ»; 1933, № 5–6) і інш.

У БССР эсперанцкі рух падтрымліваўся на радыё і ў перыядычным друку. Асабліва шырока і паслядоўна — на старонках часопіса «Беларуская работніца і сялянка», газет «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска», «Чырвоная змена». Выдаваўся спецыяльны ПЭК-бюлетэнь «Soveta Blankrusio» (Савецкая Беларусь).

У матэрыялах аналітычнага характару неаднаразова закраналася праблема суаднесенасці штучнай мовы і нацыянальных традыцый, якія праходзілі сваю трансфармацыю ў час маштабнага сацыяльнага эксперымента. Адзін з ключавых тэзісаў, зробленых у ходзе рэтраспектыўнага аналізу, знаходзім у часопісе «Международный язык» (1933, № 4). Эсперанцкі рух «узнік у пачатку эпохі імперыялізму, як рух дробнай буржуазіі на заходніх шматнацыянальных ускраінах царскай Расіі (Польшча, Літва), як рух прадстаўнікоў прыгнечаных нацый, якія ідэалістычна шукалі выхад з бездані нацыянальнага прыгнечання, з небяспекі асіміляцыі, у супрацьпастаўленні мовам пануючых нацый, мовам “асімілятарам” нейтральнай па сваёй пабудове і дапаможнай, закліканай існаваць толькі побач з нацыянальнымі міжнароднай мовы» (Яфім Спірыдовіч).

З пралетарскім прывітаннем

Газета «Беларуская вёска» 7 лістапада 1927 года на першай старонцы змясціла факсіміле карэспандэнцыі «Мы ганарымся вашаю працаю!» (Прывітальны ліст, атрыманы да дзесяцігоддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі на мове эсперанта ад чэхаславацкіх рабочых арганізацый). Ніжэй быў пададзены пераклад на беларускую мову.

 

Факсіміле прывітальнага ліста на мове эсперанта ад працоўных г. Младэ (Чэхаславакія). Газета «Беларуская вёска», 7 лістапада 1927 г. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Дарагія таварышы!

Увесь пралетарскі свет успамінае той дзень, калі чырвоны пабедны сцяг пачаў калыхацца над Расіяй. З таго дня прайшло ўжо дзесяць год, і вы святкуеце гэты юбілей у ўпартасці да ўсіх ворагаў Савецкага Саюза.

Мы, чэхаславацкія пралетарыі, ганарымся вашаю працай і пасылаем для вашага свята свае прывітанні. Мы абяцаем вам, што мы заўсёды будзем першымі супроць усіх ворагаў, якія імкнуцца знішчыць Савецкі Саюз.

Ад імя ўсіх арганізацый, якія пад гэтым лістом падпісаліся, я пасылаю гэтае прывітанне з пажаданнем вялікіх поспехаў у вашай далейшай працы.

Гонар працы!

З пралетарскім прывітаннем Іозэф Надворка.

Пад лістом падпісаліся наступныя арганізацыі г. Младэ: Секцыя рабочыхметалістаў міжнароднага прафсаюза рабочых; Эканамічнае, газетнае і ашчаднае таварыства «Узаемадапамога»; Клуб веласіпедыстаў; Ячэйка камуністычнай партыі; Пралетарскі саюз фізкультуры. Цяпер гэты чэшскі горад, што знаходзіцца за 50 км на паўночны-ўсход ад Прагі, называецца Млада Баляслаў (Mladá Boleslav).

Газета «Савецкая Беларусь» 19 лістапада 1927 года апублікавала змястоўны артыкул, суправаджаны калектыўным здымкам, — «Замежныя эсперантысты ў Мінску». У ліку шаноўных гасцей былі рэдактар газеты і член кампартыі Швецыі Эйнар Адамсон, камандзір атрада чырвоных франтавікоў у Лейпцыгу Ота Беслер, старшыня Саюза рабочых-эсперантыстаў Германіі Гуга Гемпель, дырэктар-адміністратар SAT (Саюза рабочых-эсперантыстаў адзінага фронту) Рыхард Лерхнер.

Замежныя госці наведалі Беларускі дзяржаўны музей, бібліятэку, выстаўку нацменшасцей, рэдакцыі газет і некалькі заводаў. Найбольш урачысты эпізод адбыўся ў Аб’яднанай беларускай вайсковай школе імя ЦВК БССР. «Мой атрад, — кажа О. Беслер, — даручыў мне перадаць сапрыхільнай АБВШ фашыстоўскі сцяг, адбіты чырвонымі франтавікамі ў аднэй схватцы з фашыстамі. Мы перадаём яго, як сымбаль таго, што мы са сваім “жалезным кулаком” без аружжа змагаемся з фашыстамі. Фашысты ня ведаюць, дзе гэты сцяг. І калі даведаюцца, што іх сцяг у СССР, будуць вельмі абураны».

На службу сучаснай літаратуры

Сярод сусветна вядомых аўтараў — прыхільнікаў эсперанта былі Анры Барбюс, Жуль Верн, Леў Талстой, Максім Горкі, Канстанцін Паўстоўскі, Рамэн Ралан, Рабіндранат Тагор, Герберт Уэлс, Бернард Шоу і інш.

Сваё стаўленне да эсперанта выказалі на старонках часопіса «Международный язык» (1933, № 4) творцы, якія ў многім вызначалі аблічча нацыянальнага пісьменста Сінявокай. Іх словам папярэднічае артыкул «Беларускія пісьменнікі аб эсперанта» (аўтары З. Снежка, І. Элькінд), вытрыманы ў духу пралетарскай патрабавальнасці: «Сёння мы друкуем меркаванні некаторых беларускіх пісьменнікаў аб эсперанта. Гэтыя меркаванні паказваюць, што большасць пісьменнікаў — за эсперанта, але пакуль гэтыя “за” — толькі платанічныя выступленні ў той час, як беларускія эсперантысты паказалі шырокія магчымасці выкарыстання для беларускай літаратуры мовы эсперанта — беларускія пісьменнікі працягваюць платанічна апекавацца мовай <...>».

 

Выразка артыкула пра Якуба Коласа, надрукаванага ў газеце «Sennaciulo» (Парыж) 16 снежня 1926 г. З фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Самым нешматслоўным быў Янка Купала: «Лічу, што эсперанта карысная мова, якая дапамагае сувязі працоўных усяго свету».

Больш разгорнуты адказ даў Якуб Колас: «Мову эсперанта трэба падтрымліваць, як мілагучную, простую і лёгкую мову, як міжнародную для практычнага выкарыстання шматмільённымі масамі працоўных усіх нацыянальнасцей у справе ўзаемаразумення.

Для таго, каб гэтая мова заваявала сабе адпаведнае становішча і сапраўды стала сродкам міжнародных зносін сотняў мільёнаў працоўных, трэба дабіцца таго, каб яна знайшла сабе месца ў школах усіх народаў, як абавязковы прадмет навучання. Без гэтага ёй наўрад ці ўдасца мець тое значэнне, якое належыць ёй па праве».

Перад выказваннем Рыгора Кобеца пазначана: «З прадмовы да эсперанцкага перакладу “Гуты”». Паколькі тэкст перастворанай п’есы страчаны, словы пісьменніка маюць цікавасць як адзін з захаваных архіўных аскепкаў: «Добра, што ў нас ёсць магчымасць перадаваць нашу думку, нашы думы, надзеі на такой цудоўнай мове, як эсперанта. На мове, якая пранікае ва ўсе куточкі зямнога шара, якая заўсёды і ў любы час дасць магчымасць пралетарыям дакладна і ясна дзяліцца сваімі думкамі для наступлення на агульнага ворага і для стварэння свайго грамадства і сваёй культуры».

Адносна мовы эсперанта выказалі сваё стаўленне Алесь Кучар і Цішка Гартны, апошні — асабліва разгорнута і з ідэалагічна выверанымі акцэнтамі.

Некаторыя вершы народных паэтаў Беларусі загучалі на мове эсперанта дзякуючы перакладам Б. Берына (Benciono Berin). Для параўнання прывядзём першыя строфы твораў.

З верша Якуба Коласа «Не бядуй!» (1907): 

Не бядуй, што сонца нізка, 

Што прыходзіць нудны дзень, 

Не бядуй, што восень блізка 

І на дол кладзецца цень.

 

У перакладзе — «Ne malĝoju!»: 

 

Ne malĝoju, ke de l ´suno 

Maloftiĝas la aper´, 

Ke la ombro de aŭtuno 

Sombre kuŝas sur la ter´.

 

З вершаванага твора Янкі Купалы «А зязюлька кукавала...» (1921): 

 

Як на свет радзіўся Янка, 

Як заплакаў многа-мала, — 

Пела маці над калыскай, 

А зязюлька кукавала: 

Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!

Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!

 

У мастацкай інтэрпрэтацыі — «Sed la kukolet´ kukuis»: 

 

Kiam venis monden Janko, 

Kiam lia ploro tujis, 

Ĉe lulil´ patrino kantis 

Kaj la kukolet´ kukuis:

— Ku-ku, ku-ku, tempo flugu!

Dormu, kara! Ku-ku, ku-ku!

Тэма эсперанцкага руху ў Беларусі працягвае ўвагу даследчыкаў апошнім часам. Зроблены спробы новага прачытання візіту японскага пісьменніка эсперантыста Акіты Удзяку ў Мінск у 1928 годзе, дзейнасці Змітра Снежкі. Выяўлены і апублікаваны шэраг невядомых архіўных матэрыялаў. Геаграфія новых знаходак пазначаецца надзвычай абсяжная.

Мікола ТРУС, кандыдат філалагічных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».