Вы тут

Разломы Блізкага Усходу. Чаму арабскія манархіі кінулі ЗША?


Блізкі Усход, Азія і Турцыя аддаюць перавагу Расіі і не давяраюць ЗША і Захаду з-за іх крывадушнасці. Пра гэта паведаміў The Economіst. «У многіх краінах Блізкага Усходу, а таксама ў Турцыі заклапочанасць Захаду ўкраінскім суверэнітэтам лічаць крывадушнасцю і праявай своекарыслівасці, асабліва ў святле амерыканскай вайны ў Іраку і натаўскіх бамбардзіровак Лівіі ў 2011 годзе, калі быў забіты Муамар Кадафі», — заўважыў брытанскі часопіс. Таму для гэтых краін у адзінстве з Захадам больш мінусаў, чым плюсаў. Выданне адзначае, што Еўропа аказала цёплы прыём бежанцам з Украіны і гэта кантрастуе са стаўленнем да бежанцаў з Сірыі. З-за гэтага арабскія краіны абураныя і лічаць, што Еўропа паводзіць сябе двудушна. Адным з маркераў супрацьстаяння стаў поўнамаштабны крызіс у сувязях паміж Злучанымі Штатамі і арабскімі нафтавымі манархіямі. Адносіны ЗША з Саудаўскай Аравіяй і ААЭ дасягнулі гістарычнага мінімуму. Чаму арабскія манархіі разышліся са Штатамі?


Фота: pexels.com

Тэктанічныя зрухі

Як сказаў Лоўрэнс Аравійскі, араба нельга купіць — яго можна толькі арандаваць. Гэтая трапная фраза цалкам адлюстроўвае спецыфіку ўзаемадзеяння Злучаных Штатаў з манархіямі Персідскага заліва, і перш за ўсё з уплывовымі з іх — Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі і Каралеўствам Саудаўская Аравія. І ўзнікае адчуванне, што гэтая «арэнда» зараз заканчваецца, адзначыў vz.ru.

Так, у Эміраты з візітам прыляцеў Башар Асад — некалі, на думку Захаду і Заліва, нелегітымны дыктатар сірыйскага рэжыму. Цяпер гэта цалкам сабе рэспектабельны прэзідэнт Сірыі, якому з усмешкай ціснуў рукі дэ-факта кіраўнік ААЭ, а фармальна пакуль спадчынны прынц Махамед аль-Нахаян. Дарэчы, як заявіў Асад падчас свайго візіту ў Іран, «пасля паражэння ЗША ў Афганістане і асабліва на фоне падзей вакол Украіны стала відавочна, што ЗША і НАТА не могуць ніяк паўплываць на тое, што адбываецца ў свеце». У сувязі з гэтым ён адзначыў, што «краіны рэгіёна шукаюць новыя саюзы, каб замяніць падтрымку з боку амерыканцаў».

Саудаўская Аравія пайшла яшчэ далей па антыамерыканскай дарожцы. У сярэдзіне сакавіка стала вядома, што Махамед бін Салман (кронпрынц КСА і таксама дэ-факта кіраўнік найбуйнейшага арабскага каралеўства і адной з галоўных нафтаздабываючых краін планеты) вядзе перагаворы з кітайцамі аб продажы ім «чорнага золата» за юані. Калі гэта адбудзецца, то падзея стане прамым парушэннем пагаднення, дасягнутага паміж Эр-Рыядам і Вашынгтонам у 1974 годзе, калі саўдыты абяцалі прадаваць нафту выключна ў доларах, а амерыканцы ў адказ давалі каралеўству гарантыі бяспекі. На сёння амаль 80 працэнтаў глабальнага гандлю нафтай ідзе ў доларах, і эксперты расцэньваюць патэнцыйную здзелку як найсур'ёзнейшы ўдар па доларавым гандлі. Бо КНР закупляе чвэрць саудаўскай нафты і з'яўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнёрам каралеўства.

Адносіны Эр-Рыяда з Вашынгтонам, мабыць, яшчэ ніколі не былі такімі халоднымі, як цяпер, а з Пекінам яны паляпшаюцца з кожным днём. На тое, што ва ўмоўным Багдадзе не ўсё спакойна, звярнулі ўвагу і ў Вашынгтоне, заўважыў еxpert.ru. Не выключана, што змены, якія наспяваюць, перастануць быць «сакрэтам полішынеля» ўжо ў маі, калі ў Эр-Рыяд з афіцыйным візітам збіраецца прыехаць cтаршыня КНР Сі Цзіньпін. Пасля перагавораў паміж кіраўніцтвам КСА і КНР стане відавочна, што на Блізкім Усходзе адбываюцца насамрэч тэктанічныя геапалітычныя разломы і што рэгіянальныя партнёры ЗША зараз энергічна будуюць адносіны як у галіне эканомікі, так і ў сферы бяспекі з іншымі краінамі і ў першую чаргу з Кітаем і Расіяй.

А пагаварыць?

Саудаўская Аравія запрасіла кітайскага прэзідэнта Сі Цзіньпіна ў Эр-Рыяд з відавочнай мэтай — палепшыць сувязі з КНР на фоне напружаных адносін з ЗША. Гэтая паездка будзе вылучацца сярод рэгулярных рабочых візітаў. Пра яе важнасць сведчыць, дарэчы, нават тое, што Сі ўпершыню за 2,5 года пакіне Кітай. Wall Street Journal (WSJ) піша, спасылаючыся на свае крыніцы, што саўдыты плануюць узнавіць атмасферу візіту Дональда Трампа ў Эр-Рыяд у 2017-м. Тая паездка Трампа была, дарэчы, яго першай у рангу прэзідэнта ЗША.

«Кронпрынц і Сі — блізкія сябры, — цытуе WSJ аднаго з высокапастаўленых аравійскіх чыноўнікаў. — Абодва разумеюць, што ва ўмацаванні сувязяў паміж краінамі ёсць вялікі патэнцыял. Яны купляюць у нас нафту, а мы ў іх — зброю». Але галоўнае, што дазваляе выказаць здагадку наконт вельмі важных наступстваў візіту Сі ў Эр-Рыяд, — гэта, вядома, геапалітычная абстаноўка ў Азіі ў цэлым. Калі ў двух словах, то ЗША ў апошнія гады аддаюць стратэгічнаму рэгіёну ўсё больш увагі і рэсурсаў, але пры гэтым сутыкаюцца з Расіяй і Кітаем, якія таксама спрабуюць пашырыць і ўзмацніць свой уплыў як на ўсім кантыненце, так і на Блізкім Усходзе ў прыватнасці. Прычым усё гэта адбываецца на фоне відавочнага паслаблення ЗША. Нядзіўна, што рэгіянальныя партнёры Вашынгтона, самым блізкім з якіх шмат гадоў і была Саудаўская Аравія, зараз актыўна ствараюць новыя саюзы і заключаюць новыя пагадненні.

Аб сур'ёзным пагаршэнні адносін паміж ЗША і КСА, якое абвастрылася ў мінулым годзе, добра вядома. З апошніх прыкладаў можна прывесці неаднаразовыя і беспаспяховыя спробы амерыканцаў на самым высокім узроўні, у тым ліку прэзідэнта Байдэна, угаварыць саўдытаў хутчэй, чым прадугледжана пагадненнем АПЕК+, павялічваць здабычу нафты. Дарэчы, Эр-Рыяд у гэтым падтрымаў і іх найбліжэйшы саюзнік ААЭ, яшчэ адзін блізкі партнёр ЗША. Ужо адно тое, што Абу-Дабі ўстрымаўся пры галасаванні на Асамблеі ААН па рэзалюцыі, якая асуджае Расію за падзеі ва Украіне, дазваляе казаць, што Эміраты таксама моцна незадаволены Вашынгтонам.

Адносіны паміж КСА і ЗША сапсаваліся з прыходам у Белы дом Джо Байдэна. Трамп з саўдытамі сябраваў. Ён падтрымаў каралеўства ў канфлікце з Катарам, выйшаў з ядзернай здзелкі з Іранам, супраць якой пярэчылі ў Эр-Рыядзе, і падтрымаў кронпрынца Махамеда бен Салмана, якога абвінавачвалі ў забойстве апазіцыйнага журналіста Хашогі. З Байдэнам усё інакш. Пасля змены ўлады ЗША перасталі падтрымліваць КСА ў вайне з хусітамі ў Емене, а Байдэн адкрыта абвінаваціў кронпрынца ў забойстве Хашогі. Да таго ж яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі ён называў Саудаўскую Аравію дзяржавай-ізгоем. У Эр-Рыядзе так моцна пакрыўдзіліся на амерыканскага прэзідэнта, што Махамед бен Салман нават адмовіўся размаўляць з ім па тэлефоне.

Уплыў растае

Умацоўвае свае пазіцыі Расія. Яна актыўна выцясняе ЗША на Блізкім Усходзе, амерыканскі ўплыў у рэгіёне «растае на вачах». Да такой высновы прыйшло ганконгскае выданне Asіa Tіmes. Складанасці ў адносінах Штатаў з Блізкім Усходам асабліва яўна выявіліся з пачаткам расійскай ваеннай спецаперацыі ва Украіне. Адмова амерыканскіх саюзнікаў уводзіць абмежаванні супраць Расіі адлюстроўвае як нежаданне гэтых краін супрацьстаяць Маскве, якая прыкметна ўзмацніла свой уплыў у рэгіёне, так і іх уласную незадаволенасць Вашынгтонам.

Не прапануючы сваім саюзнікам на Блізкім Усходзе нічога новага, адміністрацыя Байдэна рызыкуе ўбачыць, як яны працягнуць аддаляцца ўсё далей і далей ад Вашынгтона, рэзюмуе выданне.

Раней амерыканскае выданне The Wall Street Journal прыйшло да высновы, што Расія займае месца ЗША на Блізкім Усходзе. Колішнія саюзнікі афіцыйнага Вашынгтона — Саудаўская Аравія, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты і Ізраіль — пераарыентуюцца на Маскву з-за правальнай палітыкі адміністрацыі ЗША ў рэгіёне і «здзіманага» ўплыву краіны. У прыватнасці, ААЭ ўстрымаліся ад галасавання па рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН, якая асуджае Расію. Ізраіль таксама імкнецца пазбегнуць супрацьстаяння з Расіяй, зазначае The Wall Street Journal.

Прафесар Абдулхалек Абдула, вядомы палітолаг, назваў крызіс адносін паміж Эр-Рыядам і Вашынгтонам найгоршым за паўстагоддзя. У сваім артыкуле для ліванскай штодзённай газеты Annahar ён сцвярджае, што «адміністрацыя Байдэна, магчыма, знаходзіцца на мяжы страты рэгіянальнага партнёра, які становіцца ўсё больш упэўненым у сабе і мае значную рэгіянальную і глабальную прысутнасць, якая ўсё больш пашыраецца». Па меркаванні эксперта, відавочна: «Амерыка ўжо не з'яўляецца адзінай звышдзяржавай у свеце, што заахвоціла таксама ААЭ і іншыя краіны дыверсіфікаваць партнёраў».

Аглядальнік Халід аль-Джаўсі ў сваім артыкуле для брытанскай газеты Raі Al Youm канстатаваў, што саўдыты вырашылі далучыцца да саюза Расіі і КНР. «Ібн Салман, магчыма, вырашыў адвярнуцца ад Амерыкі, якая была стратэгічным саюзнікам Саудаўскай Аравіі на працягу 80 гадоў, і далучыцца да новага расійска-кітайскага альянсу, што сігналізуе аб радыкальных зменах не толькі ў рэгіёне Персідскага заліва, але і на ўсім Блізкім Усходзе», — адзначыў Халід аль-Джаўсі. Ён лічыць, што лідары краін Персідскага заліва прыходзяць да разумення, што ўплыў ЗША ў свеце імкліва змяншаецца, а Масквы і Пекіна — узрастае.

Час Еўразіі

На працягу апошніх гадоў назіраліся ваганні і ў амерыкана-ізраільскіх адносінах. Намаганні Байдэна па аднаўленні здзелкі з Іранам у спалучэнні з папярэджаннямі ЗША адносна пашырэння ізраільскіх паселішчаў на Заходнім беразе ракі Іардан зноў ускладнілі амерыкана-ізраільскія адносіны. А ўзрослы ўплыў Расіі на Сірыю і Іран прымусіў Ізраіль быць асцярожным адносна абвінавачанняў у адрас Крамля.

Байдэн халаднавата паставіўся і да аднаўлення адносін паміж ЗША і Егіптам, якім з 2014 года кіруе прэзідэнт Абдул-Фаттах Ас-Сісі. Хоць ЗША і працягваюць ваенную падтрымку Каіра, у студзені яны замарозілі 130 мільёнаў долараў ваеннай дапамогі, звязаўшы гэты крок з апасеннямі адносна захавання ў краіне правоў чалавека.

Відавочная дэградацыя адносін паміж ЗША і Турцыяй на працягу апошніх дзесяці гадоў. Прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган сутыкнуўся з амерыканскай крытыкай адносна сваёй унутранай палітыкі, тады як мноства жыхароў Турцыі абвінавачваюць ЗША ў спробе перавароту, якая адбылася ў 2016 годзе з мэтай зрушэння Эрдагана. У адказ афіцыйны Стамбул умацаваў эканамічныя адносіны з Масквой з дапамогай энергетычных здзелак, павелічэння гандлю і турпатоку. Расія з'яўляецца галоўным імпарцёрам для Турцыі, а іх эканамічныя адносіны працягваюць паляпшацца.

На думку эксперта Станіслава Тарасава, ЗША падарвалі свой аўтарытэт на Блізкім Усходзе. Цяпер у такіх краінах, як Лівія, Сірыя і Ірак, пачынае набіраць моц антыамерыканізм. Таксама назіраюцца праблемы ў адносінах паміж Вашынгтонам і Анкарой. «Давер падарваны. Стварыць адзіны антыамерыканскі фронт спрабуе Іран, але ён кіруецца сваімі ідэалагічнымі меркаваннямі — шыізмам. Ёсць спроба Ізраіля сабраць вакол сябе семіцкія дзяржавы», — цытуе аналітыка выданне polіtexpert.net.

Увесь разнамасны Блізкі Усход сыходзіцца ў адзінай антыамерыканскай пазіцыі, лічыць Станіслаў Тарасаў. І гэта яднае краіны гэтага рэгіёна. Уплыў Вашынгтона моцна аслаб. Апошні раз такое адбывалася адразу пасля Другой сусветнай вайны.

Тым часам стала вядома, што Еўразійскі эканамічны саюз пачынае вывучэнне магчымасці стварэння зоны свабоднага гандлю з ААЭ. Аб гэтым заявіла БелТА афіцыйны прадстаўнік ЕЭК Ія Малкіна. «Прапанова Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў пачаць перагаворы па заключэнні ўсёабдымнага пагаднення аб эканамічным партнёрстве паступіла ў кастрычніку 2021 года, — нагадала Ія Малкіна. — Камісія сумесна з краінамі ЕАЭС дэталёва яго разгледзела. Вынікам разгляду стала гатоўнасць да сумеснага з Арабскімі Эміратамі вывучэння. Умовы гандлю — гэта ўстаноўленая ў ЕАЭС практыка».

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Без штампа ў пашпарце: падводныя камяні «свабоднага» шлюбу

Жанчыны ўступаюць у першы шлюб у 26,3 года, мужчыны — 28,6.

Калейдаскоп

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

Дзмітрый Рабаў: У ліпені чакаем ідэальнае беларускае лета!

У ліпені, як і належыць экватару года, прагназуецца самы цёплы перыяд сезона.